Вы тут

Баскетбалісткі — зноў пераможцы


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем, чым запомніўся чарговы спартыўны тыдзень.


Гераіні тыдня. Баскетбалісткі зборнай Беларусі другі раз перамаглі на старце адборачнага турніру жаночага чэмпіянату Еўропы 2023 года. У першым туры спаборніцтваў у кваліфікацыйнай групе І беларускі абыгралі каманду Чэхіі ў Празе. Вынік сустрэчы — 66:60. Затым на пляцоўцы мінскага Палаца спорту беларускія баскетбалісткі перамаглі каманду Нідэрландаў — 83:72. Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Настасся Верамеенка, якая набрала 23 балы пры 13 падборах і дзвюх выніковых перадачах. У актыве Марыі Паповай — 21 бал, у Аляксандры Тарасавай — 13 балаў.

Ліцэнзіі тыдня. Беларуская канькабежка Ганна Ніфантава, выступаючы на этапе Кубка свету ў Польшчы, заваявала алімпійскую ліцэнзію. На алімпійскай спрынтарскай дыстанцыі 500 м яна выступала ў групе А. У другім забегу яна паказала вынік 37,96 сек., заняла чацвёртае месца і выканала кваліфікацыйны нарматыў на Гульні ў Пекін.

Чатыры алімпійскія ліцэнзіі на Гульні ў Пекін заваявалі і беларускія лыжнікі. Такім чынам, на Алімпіядзе 2022 змогуць выступіць дзве жанчыны і два мужчыны. Квоты размеркаваліся паводле рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FІS).

Узнагароды тыдня. Беларускія самбісты занялі трэцяе месца ў камандным заліку чэмпіянату свету, які завяршыўся ва Узбекістане. На іх рахунку восем узнагарод. Чатырохразовай чэмпіёнкай свету стала Святлана Цімашэнка, якая выступае ў вагавой катэгорыі 80 кг. Перамогі святкавалі Анфіса Капаева (50 кг) і Таццяна Мацко (59 кг).

«Бронзай» папоўнілі скарбонку зборнай Беларусі ў спартыўным раздзеле Марыя Кандрацьева (звыш 80 кг) і Уладзіслаў Саяпін (71 кг). Акрамя таго, узнагароду аналагічнай якасці ў баявым раздзеле заваяваў Яўген Міхно (64 кг). Бронзавыя медалі выйграла Марына Жарская (54 кг), а ў мужчын у спартыўным самба на трэцюю прыступку п'едэстала ўзышоў Павел Гладкіх (64 кг).

Няўдача тыдня. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі буйным паражэннем завяршылі адборачны турнір чэмпіянату свету 2022 года. У сваім апошнім паядынку кваліфікацыйнай групы Е падапечныя Георгія Кандрацьева ўступілі ў Кардыфе камандзе Уэльса з вынікам 1:5.

Зборная Беларусі дома абыграла каманду Эстоніі — 4:2, а затым на выездзе ўступіла ёй — 0:2. Беларусы пацярпелі паражэнне ад футбалістаў Бельгіі — 0:8 (у гасцях) і 0:1 (дома) і Чэхіі — 0:1 (у гасцях) і 0:2 (дома).

Становішча каманд у групе Е зараз такое: Бельгія — 19 ачкоў (7 матчаў), Уэльс — 14 (7), Чэхія — 11 (7), Эстонія — 4 (7), Беларусь — 3 (8).

Цытата тыдня. «У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца дзіцячаму спорту. Скачкі на лыжах з трампліна — адзін з самых папулярных зімовых відаў. Я бачу вялізны ўзаемны патэнцыял. FІS будзе і надалей аказваць усебаковую дапамогу і прыкладзе максімум намаганняў для развіцця скачкоў на лыжах з трампліна ў вашай краіне. Мяне асабліва ўразілі «Раўбічы», гэта комплекс з вялікім патэнцыялам для развіцця», — сказаў Сандра Перціле, дырэктар спаборніцтваў FІS (Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту) па скачках з трампліна падчас свайго візіту ў Беларусь. Сандра Перціле правёў нарады з кіраўніцтвам НАК Беларусі, Міністэрства спорту і турызму, Беларускага лыжнага саюза, на якіх абмяркоўваліся пытанні развіцця скачкоў на лыжах з трампліна і адпаведнай інфраструктуры ў нашай краіне.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.