Вы тут

Храмы маёй радзімы. Рэчыцкі раён, вёска Шоўкавічы


Аднойчы закарцела прачытаць Біблію. Узброіўся алоўкам ды цярпеннем і пачаў спакваля араць друкаванае поле. Неўзабаве адчуў, што мая ралля сама сабой засяваецца адборным зернем слоў. За два гады няспешнага чытва мой нататнік напоўніўся жыццёвымі афарызмамі. Яны адлежваліся ў памяці, шавялілі душу. І я ўзяўся расшыфраваць біблейскія павучанні. Так з'явіліся мае малітвы, якія пайшлі да людзей асобнай кнігай «Памілуй і ўзвысь».


Вёска Сведскае, Рэчыцкі раён. Дзесьці тут стаяла Ільінская царква.

Мае малітвы

Цяпер прызнаюся ў двух цікаўных момантах.

Аднойчы сеў пісаць, а слоў няма. І думкі як бы закончыліся. І настрой згубіўся. І нейкая скруха падвярнулася. Мільганула думка: «Трэба ставіць кропку і болей не складаць малітвы». Падлічыў напісаныя. О, Госпад! Іх трыццаць тры, як сыну Божаму гадоў. Нехта ж падаў мне сігнал, што далей пісаць нельга!

А перад гэтым быў выпадак. Іду на возера, каб адпачыць ад творчых мук. Перад тым як закінуць вуду, прамовіў услых: «Божа, дай пяць рыбін!..» І пусціў паплавок на хвалі. Праз некалькі хвілін выцягваю ладную, серабрыстую плотку. Другі раз закідваю — новая ўдача. От і няпраўду казалі рыбакі, што сёння няклёўны дзень. Далей пайшло яшчэ спрытней. На кручку затрапятала трэцяя, чацвёртая, пятая рыбіна. У азарце закідваю вуду зноў. У тое ж самае месца. І раптам — зачэп і абрыў лескі. От, браток, прасіў пяць, дык чаго ж не ўтаймуеш прагнасць?

І я паверыў. Эпіграф да маіх душэўных споведзяў стаўся да месца: «Чалавек павінен верыць ці шукаць веру, інакш ён пусты чалавек». Гэты запавет пакінуў нам геній мастацкага слова Антон Паўлавіч Чэхаў.

Мае малітвы ў дапоўненай рэальнасці, якая змешчана ў кнізе, чытаюць заслужаныя артысты Беларусі Валерый Анісенка і Леанід Улашчанка. Я ж, каб не быць галаслоўным, хачу даверыць чытачам першую малітву. Эпіграф да яе ўзяты са Святога Евангелля паводле Мацвея, раздзел 11, пункт 8: «Прыйдзіце да мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і я супакою вас». Цяпер мой тэкст:

Святы Божа, моцны

і несмяротны!

З гадамі ўсё выразней чую

Твой поклічны голас,

усё даверлівей раблю крок

да спазнання вечнасці.

І пачынаю адчуваць малітву.

Яна — мой голас любові.

Яна аднаўляе маё сэрца,

скарачае шлях

паміж зямлёй і небам.

Адчуваю:

Станаўлюся не рабом Тваім,

а паслухмяным дзіцем.

Крыху маёй дабрыні,

крыху маёй надзеі,

крыху маёй любові,

памножаныя на тваю ласку,

робяць мяне чалавекам.

Я паверыў:

лепш спадзявацца і верыць,

каяцца і маліцца,

чым заставацца ў роспачы.

Паслухмянасць Табе —

наша выратаванне.

Яна — праведнасць,

якая ніколі не апаганьваецца.

Яна — святло,

якое ніколі не тухне.

Яна — мудрасць,

якая ніколі не падводзіць.

Яна — крыніца,

якая ніколі не высыхае.

Да Цябе іду я.

стомлены, грэшны, пакутны.

Супакой мяне, Божа.

Амін.

Маё пранікненне ў біблейскія тэксты натхніла, надало веры напісаць для дзяцей пазнавальную кнігу «Як Бог стварыў свет». Тыражом у пяцьдзясят тысяч экзэмпляраў яна ўміг разляцелася па сем'ях, якія выхоўвалі спадчыннікаў.

Францыск Скарына пісаў, што ў Бібліі схавана мудрасць, як моц у дарагім камені, як золата ў зямлі, як зерне ў арэху. І я пастараўся адкрыць гэты скарб сваім даверлівым чытачам. Раскошныя малюнкі да кнігі зрабіў выбітны мастак Уладзімір Пашчасцеў. І я сам найперш наталіўся духоўнай ежай, як казаў святы Іаан Залатавуст, якая ўпрыгожвае розум і робіць душу моцнай, цвёрдай, мудрай. Па-новаму, свежа і глыбока, адгукнуліся ў памяці малюнкі майго дзяцінства.

Абразок з бацькоўскага дому

Прыгадаў, як адразу пасля вызвалення нашых Шоўкавічаў нехта з вяскоўцаў прывёз на кані барадатага, вусатага, даўгагрывага папа. Нас, пацанву, сабралі ў хаце векавухі Кулачэнчыхі. І той страшнаваты вернік заспяваў перад намі. Голас маладзецкі, звонкі. Мы крыху супакоіліся, даверыліся яму. А ён раптам абмачыў у вадзе сваю мяцёлачку і пачаў пырскаць на нас. Спяваў свае прыгаворкі, каб раслі здаровымі, паслухмянымі.

З таго дня мы лічыліся хрышчонымі, далучанымі да нейкіх тайнаў нябёсаў. Мама радавалася за мяне. Падвяла да покуці і паказала, як трэба вітацца з Хрыстом. На іконцы намаляваны хлопчык, мо аднагодак мой. Вочы ў яго вялікія, ясныя, твар светлы. Апрануты ў маечку. Падтрымлівае левай рукой на каленях мілага паслухмянца — баранчыка, а ў правай трымае драўляны крыжык, перавязаны блакітнай стужачкай. Вакол галавы таго хлопчыка — жоўты арэол, як бы сонейка агарнула яго, сагравае і лашчыць.

Пазней даведаўся пра гісторыю хатняга абраза. Мама мая Марыя з ім прыйшла ў замужжа да бацькі Сцяпана. У новай хаце іконка займела свой ганаровы кут у святліцы. Перад ёй кідалі крыж на сябе бацькі, сёстры Ліда, Клава, Люба, браты Пеця і Коля. А калі я нарадзіўся, усе разам сабраліся і перахрысціліся перад Хрыстосікам з баранчыкам, каб яны, святыя, памагалі мне расці.

Цяпер разумею адзін бацькаў учынак.

Калі нашу вёску збіраліся паліць, партызан на кані праскочыў галопам па вуліцы і папярэдзіў: «Ратуйцеся!.. Ідзе карны атрад!..» І паказваў рукой у бок Хаўруснага, куды трэба ўцякаць. Там лес, балота — зручная схованка.

Мама ўхапіла мяне малога. Астатнім дзецям загадала чапляцца за яе падол. Усе разам пабеглі ў ратавальню. А бацька зняў іконку, ухапіў чыгунок бульбы з печы і даёнку.

Цяпер тая іконка — мая дамашняя рэліквія. Яна — побач з фатаграфіямі мамы і бацькі. Я іх называю святымі людзьмі і напісаў пра іх свае мо самыя лепшыя кнігі «Мама. Малітва сына», «Бацька. Лісты на неба». Гэта і мае споведзі перад тымі, хто запаліў свечку жыцця, і маё шчырае прызнанне ў любові, і мая падзяка за выхаванне, навуку ды за іх ціхія малітвы за нас, шасцярых спадчыннікаў.

Царква ў Сведскім

У нашых Шоўкавічах ніколі не было аніякага храма. І суседнія вёскі Вузнаж, Задзірэеўка, Восаў, Шупейкі, Баравікі, Чарнейкі — без малітоўняў. Гэта ўжо ў Рэчыцы, за сорак кіламетраў ад нашай хаты, стаяла мураваная Саборная Успенская царква. Там былі і касцёл, і сінагога, і малітоўныя дамы, і царкоўнапрыходская школа. Гэта на той час, калі мае бацькі хадзілі басанож ды калі звілі сваё сямейнае гняздо Ліпскіх-Янушэўскіх.

Мае архіўныя раскопкі ўсё-ткі абнадзеілі, што царкоўны прыход існаваў у вёсцы Святое, Сведскае. А гэта ж, калі перайсці балотную нашу рэчачку Стоўпінку, ды адолець па кладках чарнейкаўскі алёс, ды выйсці на сенажаць, дзе бруіцца рэчачка Сведзь, прыток Бярэзіны, то каля яе берагоў і знойдзем Сведскае. Гэту вёску мо і назвалі так свята, што ў ёй была царква? Малельня называлася Ільінскай царквой, у ёй ушаноўваўся абраз святога прарока Ільі. Апякункай царквы была горвальская памешчыца Марыя Халадоўская. Усе гэтыя звесткі датычацца канца дзевятнаццатага стагоддзя, калі нарадзіўся мой бацька Сцяпан. І я маю права верыць, што яго хрысцілі ў той лясной вёсцы, у тым драўляным храме.

Дзе маму хрысцілі, адкуль у яе іконка з маленькім Хрыстосікам — тайна неразгаданая. Але святыня пры мне, і яна сагравае душу. Надае веры ў тое, што ў маіх Шоўкавічах, у яго чароўным лясным наваколлі жыве сам Бог. Як жа яму не бываць у гэтым памесці, калі тут вырасла Шоўкаўская дубрава, што ахоўваецца дзяржавай. У нас самыя духмяныя кветкі і травы. Тут самыя працавітыя людзі і пчолы. Над вёскай — самыя зіхатлівыя зоркі, а ў поўню можна на пясчанай вуліцы адшукаць згубленую ўдзень іголку.

Дзе гэта мясціна?

Не шукайце маіх Шоўкавічаў у старых друкаваных радках, на самых вялікіх картах. Яна — у царстве туманоў, лясоў, балот. І пасяліцца тут маглі толькі смелыя, мазольныя, улюбёныя ў прыроду ды ў саміх сябе, у свой адвечны радавод людзі. Назва маёй вёскі рэдкая, можа, адзіная на ўсё Палессе. Ад чаго, ад каго яе іменне?

Кажуць, жыў тут некалі Мамэрт. Людзі яго панам назвалі. А ён служыў стражнікам у панскім лясніцтве. Ездзіў на брычцы. Бачыўся і знаўся з панамі. Ездзіў па адным лесе з імі, дык для цёмных людзей гэтага даволі, каб лічыць і яго панам, бо сам ён зямлі не араў, сенажаці не касіў, а трымаў парабкаў. Але самае галоўнае — насіў той Мамэрт лапці з шоўкавымі аборамі. Дык вось, кажуць, ад тых шоўкаўных абораў і пайшла назва вёскі.

А я болей давяраю вось гэтай легендзе. На нашых палетках, адваяваных ад бароў і дуброў, вельмі радзіў лён. Як цвіў, здаецца, сінія азярыны гайдаліся хвалямі ледзь не да саменькіх хат. Нібыта Шоўкавічы тады пазіралі ў сусвет вялізнымі блакітнымі вачыма. І шоўкаўцы спадзяваліся, што ўсе, хто гойсаў той парой па Млечным Шляху, Бог і анёлы бачаць іх адкрытыя, добрыя вочы. Таму з асаблівай пяшчотай даглядалі льняныя палеткі. Пасля шчыравалі, каб давесці да ладу ўраджай.

У Шоўкавічах.

Магчыма, было так: прабіліся нашы льнаробы праз царства туманоў на рэчыцкі ці шацілкаўскі рынак, каб абмяняць лён на соль, свечкі, цвікі, а там сустрэўся шчыры гандляр, не стрымаў свайго захаплення: «Дык у вас жа не лён — шоўк!» І закупіў увесь тавар. А пасля чутка пайшла пра майстроў, пачалі цікавіцца: «Дзе тыя шоўкаўцы?.. Калі зноў прывязуць свой шоўкавы лён?..»

Вось і нарадзілася назва паселішча — Шоўкавічы. Яно вядомае з васямнаццатага стагоддзя. Пачыналася з аднадворнікаў. А ў маім дзяцінстве тут гудзеў чалавечы вулей — болей за дзве сотні жыхароў. Вайна разбурыла вясёлы «вулей». Вёску карнікі спалілі да попелу. Дзесяць жыхароў загінулі, а дваццаць пяць маладых, здаровых хлопцаў не вярнуліся з фронту. Усё радзей і радзей спраўляліся тут вяселлі, хрэсьбіны. А ўсё часцей і часцей шоўкаўцы перасяляліся на пагост, дзе сосны і дубы нашэптваюць ім вечны супакой.

Вясковыя могілкі

Адчыняю брамку. Гнятлівая, даўкая цішыня цісне на вушы і сэрца. Ад яе пяршыць у горле. Бачу: многія крыжы падгнілі, паабвальваліся. На іх — сівы мох. Па кім захоўваюць памяць?

Іду паміж строя магілак... Раман з жонкай... Ясіха з мужам... Ігнась і Матрэна — брат і сястра... Іван Новікаў з дачкой... Паўлік з бацькам... Чатыры сястры ўпокат — Анэта, Раіна, Каця, Жэня... Дзед Сцяпан з жонкай, дачкой, унукам Шурыкам...

Стаю пад дубам, прыгадваю кожнага. Божа, пад плітамі закапаны чалавечыя гісторыі, цэлая бібліятэка. І ніхто ўжо не прачытае іх. Крыўдна!

Недзе за шатамі дрэў, высока ў небе гудзе самалёт. Ды раптам капае дождж. Плача рэдкімі кроплямі. Пасля лінуў тонкімі струменьчыкамі.

Дождж на могілках. Упершыню бачу, як мыюцца, прыхарошваюцца шоўкаўцы. Капаюць дажджынкі на фарфоравыя партрэты. Расцякаюцца па тварах. Э-э, ды гэта ж яны не мыюцца, а плачуць. Правёў рукой па сваім твары — вільгота і на мне. Толькі не халодная, а спякотная...

Дык вось жа зразумеў на той сустрэчы з шоўкаўцамі, што ўсе яны былі і вернікамі, і святарамі адначасна. Яны, як самую дарагую свечачку, перадавалі з душы ў душу прыгажосць свайго Божага куточка, дабрыню сваіх сэрцаў і міласць да ўсіх жывых. Каб бераглі сваю зямельку, не гублялі памяці пра бацькоў, якія далі жыццё, пра ўсіх шоўкаўцаў, якія верна служылі Божым запаветам.

Атрымліваецца, што мой храм збудаваны ў самой душы. Я малюся ў ім, калі бачу ўзыход новага дня. Я спавядаюся ў ім за кожны пражыты дзянёчак. І за ўсё ўдзячны Маме, Бацьку, сваім шоўкаўцам і Шоўкавічам, якія — жывая вада для мяне, мора духоўнага багацця. Усе разам яны высвяцілі для мяне жыццёвую зорку, па якой звяраю свой шлях на зямлі.

Ні мае бацькі, ні ўсе шоўкаўцы не хадзілі ў храм, не адбівалі паклоны ў царкве. Але я адчуваў іхнія ўнутраныя, маўклівыя малітвы. Можа б, і нам часцей звяртацца да найчысцейшай Маці Божай, а ў яе вобразе ўяўляць і сваю Маму як анёла-ахоўніка, як заступніцу нашу. Звяртаймася да нябёсаў не толькі ў горы, бядзе, смутку, але і ў радасцях, пры ўсялякіх удачах. Шчаслівей даваць, чым браць. Дык навучымся, людзі, шчыра аддаваць сваю дабрыню, ласку, спагаду, міласэрнасць. Усё, што аддаваў, тое і тваё. Хай жа кожны з нас робіць толькі добрыя справы. Навучымся цешыцца з тымі, хто радуецца, і плакаць з тымі, хто плача. Мацуйма сябе ў веры, надзеі, любові.

Кастрычнік 2021 г.

Уладзімір ЛІПСКІ

Загаловак у газеце: Мой храм збудаваны ў душы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.