Вы тут

Як беларускія медыкі прыходзяць на дапамогу бежанцам


Людзі, якія трапілі ў пагранічную пастку, здаецца, гатовы вытрымаць многае, каб дабіцца сваёй мэты і трапіць у Еўрасаюз. Але цяжкія ўмовы, хваляванні апошніх дзён не маглі не адбіцца на іх здароўі. Гродзенскія ўрачы неаднойчы прымалі такіх пацыентаў.


Фота: grodnonews

У іх ліку апынулася і 27-гадовая бежанка з Ірака. Пацыентка з граніцы паступіла ў Гродзенскі абласны перынатальны цэнтр у даволі складаным стане. Беларускія пагранічнікі знайшлі яе каля пункта пропуску Бераставіца, адтуль даставілі ў раённую бальніцу, дзе паставілі дыягназ — унутрыўтробная гібель плода. Паколькі выпадак лічыцца цяжкім, жанчыну перавезлі ў Гродна. Як паведамі ў Гродзенскім перынатальным цэнтры, дзіця было даношаным, але нарадзілася нежывым.

У нейкі момант жанчына перастала адчуваць, што яно рухаецца, а потым наогул пачала страчваць прытомнасць. Дзякуючы таму, што яе своечасова даставілі ў медыцынскую ўстанову, яна выжыла, але згубіла дзіця.

Як пазней стала вядома, на граніцы ў яе заставаліся муж, бацькі і трое іншых дзяцей. Пацыентка прасіла даведацца, дзе яны зараз знаходзяцца, каб вярнуцца да іх. Пры выпісцы супрацоўнікі перынатальнага цэнтра забяспечылі жанчыну цёплай вопраткай.

Пасля лячэння з абласной дзіцячай клінічнай бальніцы выпісана 12-гадовая дзяўчынка, якую таксама даставілі з граніцы. Яна паступіла са скаргамі на боль у жываце. Яе суправаджала 20-гадовая сястра. Напачатку былі падазрэнні на апендыцыт, таму яе накіравалі ў хірургічнае аддзяленне. Але праведзены пашыраны комплекс дыягностыкі не выявіў захворвання, пры якім патрэбна спецыялізаваная медыцынская дапамога. Проста дзяўчынка не вытрымала тых умоў, у якіх вымушана была знаходзіцца. Магчыма, яна проста была знясіленая, галодная. Таму акрамя правядзення дыягностыкі абодвух сясцёр накармілі і абагрэлі. І хаця старэйшая сястра не магла па ўзросце быць пацыентам бальніцы, іх вырашылі не разлучаць і дазволілі ёй застацца. Пасля некалькіх дзён бежанак выпісалі.

У складаным становішчы апынуўся яшчэ адзін пацыент з беларуска-польскай граніцы. На гэты раз за дапамогай звярнуўся бацька васьмігадовага хлопчыка-інваліда. Яго сыну пасля аўтамабільнай аварыі ампутавалі абедзве нагі да калена, хлопчык ходзіць на пратэзах. Але апошнім часам у яго ўзніклі цяжкасці пры хадзьбе. Гэта прымусіла бацьку звярнуцца па дапамогу да беларускіх урачоў. У лагер бежанцаў была выклікана спецыялізаваная брыгада на чале з дырэктарам Гродзенскага філіяла Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўляльнага цэнтра Валерыем Віткоўскім.

— Калі мы прыехалі на месца, стала відавочна, што патрэбна больш дасканала разабрацца ў сітуацыі, і прапанавалі паехаць у нашу майстэрню. Бацька пагадзіўся. Пры дэталёвым абследаванні было ўстаноўлена, што зламаўся каленны вузел. Магчыма, хлопчык упаў альбо доўга хадзіў па няроўнай паверхні. Такім чынам, каленны модуль значна знасіўся, — расказаў Валерый Віткоўскі.

Праз перакладчыка бежанцы расказалі, што кожныя восем месяцаў павінны мяняць пратэзы, бо хлопчык расце. Але калі гэта зноў адбудзецца — невядома. Хлопчыку цяжка хадзіць яшчэ і з-за пашкоджання існуючага пратэза. У майстэрні пратэз аднавілі — замянілі зламаны вузел, падрэгулявалі тое, што было патрэбна. Пацыент і яго бацька засталіся задаволеныя дапамогай медыкаў.

Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Мінздрава Аляксей Шчарбінскі, галоўнае медыцынскае ведамства краіны гарантуе своечасовае аказанне дапамогі ўсім грамадзянам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі. «Мінздраў гарантуе аказанне дапамогі — незалежна ад нацыянальнасці, прыналежнасці да рэлігійнай канфесіі, полу і ўзросту», — паведамляе тэлеграм-канал «Афіцыйны Мінздраў».

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».