Вы тут

У НАН Беларусі дадзены старт 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі


На лядовы кантынент адправяцца 11 чалавек пад кіраўніцтвам нязменнага кіраўніка ўсіх беларускіх антарктычных экспедыцый Аляксея ГАЙДАШОВА. У складзе экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах), БДУ (Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы) і іншых арганізацый краіны. 


У камандзе — як вопытныя спецыялісты, якія ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (восем чалавек), так і трое навічкоў: Аляксей Гайдашоў — начальнік экспедыцыі; Аляксей Хаткевіч — начальнік сезоннай палявой базы; Уладзімір Несцяровіч — спецыяліст, механік; Ягор Корзун — біёлаг-эколаг; Сяргей Люты — вядучы спецыяліст, загадчык вытворчасцю харчавання; Ігар Аляксееў — навуковы супрацоўнік (фізіка атмасферы); Сяргей Пунінскі — урач-хірург; Аляксандр Абатурын — электрык, спецыяліст па сродках УКХ і КВ-сувязі; Юрый Падшывалаў — навуковы супрацоўнік, метэаролаг; Мікалай Зінькевіч — праграміст і Артур Івашка — інжынер. 

Членаў экспедыцыі чакае нялёгкая шматмесячная работа ўдалечыні ад Радзімы па нарошчванні будаўніцтва ўласнага дома на берагах Антарктыкі — Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя», а таксама па правядзенні навуковых даследаванняў у рамках новай дзяржаўнай праграмы па вывучэнні Антарктыкі.

Як падкрэсліў першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей ЧЫЖЫК, асноўная мэта цяперашняй экспедыцыі — атрыманне новых значных навуковых вынікаў: «Нашымі навукоўцамі ўжо атрыманы важныя вынікі ў галіне даследавання Антарктычнага кантынента. Гэта адкрыццё новых для навукі відаў бесхрыбтовых і ацэнка іх прамысловых запасаў; стварэнне эталоннай калекцыі імхоў і лішайнікаў, якая з’яўляецца навуковым аб’ектам — Нацыянальным здабыткам Рэспублікі Беларусь; абгрунтаванне перспектыў раёна размяшчэння Беларускай антарктычнай станцыі на карысныя выкапні; стварэнне базавага апаратурнага комплексу для эксперыментальнай дыстанцыйнай наземнай і спадарожнікавай сістэмы маніторынгу атмасферы і снежнай паверхні; стварэнне радыёметрычнай сістэмы, якая ўключана ў глабальную радыёметрычную сетку AERONET. І гэта не поўны пералік дасягненняў, якія атрыманы нашымі вучонымі падчас знаходжання на паўднёвым полюсе Зямлі». 

Аднак, як падкрэсліў Сяргей Чыжык, у час экспедыцыі неабходна прыкласці яшчэ нямала сіл, каб вынікі даследаванняў у Антарктыцы мелі значнасць для ўсёй краіны. «Патрабуецца арганізацыя новых даследаванняў унікальнага біялагічнага патэнцыялу Антарктыкі для выяўлення найбольш актыўных ферментаў, якія можна было б выкарыстаць у мэтах распрацоўкі новых відаў лекавых прэпаратаў шырокага спектра дзеяння (проціпухлінных, супраць гіпертаніі і іншых.). Па пошуку і вывучэнні ўнікальных геалагічных аб’ектаў і карысных выкапняў, новых даных аб будове зямной кары БАС і іншых», — адзначыў Сяргей Чыжык.

Для таго, каб канчаткова замацавацца на ледзяным кантыненце, толькі мець сваю палярную станцыю там ужо недастаткова. З боку міжнародных арганізацый узрастаюць патрабаванні да навуковых вынікаў, атрыманых падчас экспедыцый. Прычым патрабуюцца публікацыі ў сурёзных міжнародных выданнях.

Па словах начальніка 14- й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксея Гайдашова, запланаваная экспедыцыя будзе найбольш ёмістая па навуковых напрамках. «Акрамя шасці асноўных напрамкаў, якія ўвайшлі ў праграму навуковых даследаванняў, кожны супрацоўнік мае свае навуковыя заданні», — адзначыў ён.

Ужо ў пятніцу, 19 лістапада 2021 года, члены 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі авіяцыйным шляхам адправяцца ў Кейптаўн. Пасля двухтыднёвага каранціну таксама авіяцыйным шляхам іх даставяць да месца базіравання ў Антарктыду. Са снежня 2021 года па май 2022 года будуць праведзены шырокія навуковыя даследаванні і асноўныя работы па ўзвядзенні другой чаргі Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя». Вяртанне ў Беларусь плануецца ў канцы красавіка — маі 2022 года.

Даведка: 

Адлік навейшай гісторыі палярных даследаванняў у гісторыі суверэннай Беларусі вядзецца з 2006 года. У 2013 годзе ўрад, Нацыянальная акадэмія навук і Мінпрыроды па ўзгадненні з Мінфінам зацвердзілі план будаўніцтва Беларускай антарктычнай станцыі. Два гады распрацоўвалася дакументацыя, вяліся падрыхтоўчыя работы. І ў 2015–2016 гадах пачалося ўзвядзенне першай яе чаргі. 13-я экспедыцыя, якая вярнулася дамоў у маі бягучага года, завяршыла фарміраванне першай чаргі інфраструктуры Беларускай антарктычнай станцыі. Яна ўключае модуль кіравання сувязі і навігацыі са службова-жылой секцыяй (там размешчаны метэаралагічнае бюро, навігацыйнае абсталяванне, апаратура для сувязі як па Антарктыдзе, так і з Вялікай зямлёй, авіяцыяй і марскімі суднамі). Другі аб’ект — васьмісекцыйны лабараторна-жылы модуль. У ім размяшчаюцца навуковыя лабараторыі, жылыя памяшканні, тэхналагічны модуль кантролю за электраэнергіяй, санітарна-гігіенічная секцыя з душавымі, пральнымі машынамі, секцыя-саўна з пакоем адпачынку, амбулаторыя-медпункт з сучасным кантрольна-дыягнастычным, фізіятэрапеўтычным абсталяваннем. І яшчэ адна секцыя — аперацыйна-хірургічны блок, уладкаваны па самых сучасных патрабаваннях медыцынскага абслугоўвання. Абсталяванне дазваляе ў выпадку неабходнасці праводзіць нават складаныя хірургічныя ўмяшанні.

Створаная інфраструктура каля гары Вячэрняя дазваляе цяпер планаваць у найбліжэйшыя гады пашырэнне навуковай дзейнасці і пераход Беларускай антарктычнай станцыі ў рэжым круглагадовай работы, у тым ліку з прыцягненнем замежных навукоўцаў.

Актыўная навуковая і экспедыцыйная дзейнасць у Антарктыцы дала падставу падаць заяўку аб прадастаўленні Беларусі статусу кансультатыўнага боку Дагавора аб Антарктыцы. Дадзенае пытанне плануецца разгледзець на пасяджэнні 54-й сесіі кансультацыйнай нарады Дагавора па Антарктыцы ў 2022 годзе ў Берліне.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота НАН

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».