Вы тут

Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняў зварот аб сітуацыі з бежанцамі на мяжы


Творчыя людзі, якія асабліва эмацыйна ўспрымаюць рэчаіснасць, не могуць заставацца ўбаку ад той гуманітарнай катастрофы, што разварочваецца на беларуска-польскай мяжы. Саюз пісьменннікаў Беларусі прыняў зварот да творчай інтэлігенцыі заходніх краін, заклікаючы іх сказаць сваё важкае слова аб гэтай сітуацыі. 


ЗВАРОТ
Саюза пісьменнікаў Беларусі да творчай інтэлігенцыі краін
Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі

На працягу восені мяжа паміж Беларуссю і краінамі Еўрасаюза стала зонай найвышэйшага сацыяльнага напружання ў Еўропе. Тысячы бежанцаў з розных краін спрабуюць пранікнуць у ЕС, абмінаючы афіцыйныя пункты пераходу, некаторым з іх гэта ўдалося. Многія, у тым ліку жанчыны і малалетнія дзеці, працягваюць знаходзіцца на мяжы, начуюць у лясах у палатках, а то і на голай зямлі, мёрзнуць, хварэюць.

Мы з трывогай назіраем, што ў заявах заходніх палітыкаў адзіным вінаватым мігранцкага крызісу абрана дзеючая ўлада Рэспублікі Беларусь, перыядычна ярлык «памагатага» навешваецца на Расію.

Паважаныя калегі! Мы заклікаем вас удумліва падысці да сітуацыі, асэнсаваць яе лагічна, не паддаючыся ўплыву прапагандысцкіх лозунгаў, паглыбіцца ў корань праблемы.

У выніку сумесных баявых аперацый у рэгіёне Персідскага заліву армій ЗША, Польшчы і іншых дзяржаў НАТА колькасць ахвяр сярод іракскага насельніцтва ацэньваецца ў многія сотні тысяч чалавек, што значна больш, чым пацярпелых ад звержанага рэжыму Садама Хусэйна, уключаючы курдаў.

Акупіраваўшы Ірак, разбурыўшы яго, сілы заходняй кааліцыі не забяспечылі элементарнага парадку на захопленай тэрыторыі. Мясцовыя жыхары, нават якія ваявалі на баку НАТА ў надзеі на свабоду і дэмакратыю, кінуты на волю лёсу. У Іраку яны грамадзяне другога гатунку, падвяргаюцца ціску.

Дзякуючы намаганням калектыўнага Захаду, Ірак, як і Афганістан, па-ранейшаму з’яўляюцца аднымі з самых гарачых кропак планеты, дзе людзі прыніжаны ў правах, не выконваецца асноўнае іх права — права на жыццё.

Цяпер ад наступстваў ваеннай авантуры НАТА пакутуем мы, беларусы. Даведзеныя да адчаю ўцекачы шукаюць любы шлях, каб патрапіць у ЕС дзеля «шчаслівага жыцця», дзе іх дзеці не будуць гінуць пад кулямі і бомбамі.

Абвінавачванні Беларусі ў «гібрыднай вайне» супраць ЕС з дапамогай мігрантаў смехатворныя. Наша дзяржава скарысталася правам змякчэння візавага рэжыму для стымулявання ўязнога турызму, пераадольваючы эканамічныя наступствы ад уведзеных супраць нашай краіны санкцый Еўрасаюза. Закрыццё заходніх паветраных межаў Беларусі да апублікавання хаця б прамежкавага дакладу аб выніках расследавання інцыдэнту з рэйсам Афіны-Вільнюс вымусіла авіякампанію «Белавія» пераарыентавацца на ўсходні напрамак, уключаючы прыём авіярэйсаў з Азіі, прычым беларускія самалёты не абслугоўваюць маршруты, адкуль прыбываюць абяздоленыя людзі.

Палітыка Еўрасаюза па заахвочванню прыёму бежанцаў, у тым ліку нелегальных мігрантаў, спалучаная з поўнай адсутнасцю элементарных механізмаў транзіту праз дзяржавы, якія адмаўляюцца прымаць перасяленцаў, прынамсі, як Польшча, і прывяла да крызісу на мяжы. Польскія ўлады дэманстратыўна ігнаруюць законы ЕС, якія абавязваюць прымаць мігрантаў.

Яшчэ больш крывадушнай выглядае палітыка Германіі, чый канцлер Ангела Меркель першай праявіла ініцыятыву аб запрашэнні бежанцаў у Еўрасаюз, але цяпер, напрыканцы палітычнай кар’еры, яна прапануе аказаць дапамогу Польшчы войскамі на падставе ўмацавання мяжы Еўрасаюза.
Вышэйшай праявай цынізму лічым агучаную ідэю арганізаваць пастаянную гуманітарную дапамогу курдскім уцекачам на нейтральнай паласе польскай мяжы. Замест таго, каб арганізаваць гуманітарны калідор і прыняць няшчасных, хаця б у межах адобраных у ЕС квот, палітыкі Еўрасаюза спрабуюць ператварыць навалы людзей у доўгачасовы намётавы лагер, дзе людзі правядуць зіму!

А ў дачыненні да Беларусі, больш за іншых пацярпелай ад мігрантскага крызісу, Міністэрства замежных спраў Германіі пагражае новымі санкцыямі. Беларусы выдатна памятаюць нямецкія «санкцыі» 1941 — 1945 гг.. Мы выстаялі, хаця трэць нашага насельніцтва загінула. Мы не забыліся пра гэта і просім не забывацца і вас.

Беларускія і расійскія дыпламаты зрабілі ўсё магчымае, каб прыняць канструктыўныя меры для вырашэння сітуацыі, але бачнага выніку не назіраецца. Наадварот, адбываецца эскалацыя канфлікту, да мяжы падцягваюцца новыя баявыя часткі, у тым ліку з цяжкай зброяй для поўнамаштабнай вайны, а не для памежна-паліцэйскіх акцый.

У гэтых умовах Саюз пісьменнікаў Беларусі звяртаецца да калег-пісьменнікаў, да ўсіх сумленных людзей на Зямлі, зрабіць усё магчымае, каб паўплываць на нацыянальныя ўрады і схіліць іх да прыняцця ўзважаных рашэнняў, прасякнутых гуманізмам і чалавечнасцю.
Пакуль гэта не зроблена, кожны дзень знаходжання мігрантаў ля мяжы пагражае новымі смерцямі, і яны на сумленні ўсіх, хто мог змяніць ход падзей, але палічыў за лепшае застацца ў баку.

Грамадская арганізацыя «Саюз пісьменнікаў Беларусі»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».