Вы тут

Якімі кнігамі папоўніць хатнюю бібліятэку ў 2022 годзе ад «Звязды»


Новы год прынясе новыя праекты і галіне кнігавыдавецкай справы. Некаторыя навінкі ад Выдавецкага дома «Звязда» мы анансуем ужо зараз.


Фота: pixabay.com

У 2022 годзе ў краіне два важкія юбілеі — 140-годдзе з дня нараджэння народных песняроў Беларусі — Якуба Коласа і Янкі Купалы. Разам з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы «Звязда» працуе над падрыхтоўкай да выдання альбома «Янка Купала: галерэя фотаздымкаў». Мяркуецца і выданне кнігі, укладзенай кандыдатам сацыялагічных навук, вядомым коласазнаўцам Васілінай Міцкевіч, — «Любіць і помніць» Данілы Міцкевіча, «Пад бацькоўскім дахам» Міхася Міцкевіча. Пад адной вокладкай — успаміны абодвух сыноў Якуба Коласа. Раней гэтыя кнігі выходзілі паасобку і даўно разышліся. Ніводнага асобніка іх не сустрэнеш нават у букіністычных крамах. Так што абодва выданні ад «Звязды» ў юбілейны для класікаў год — яшчэ і магчымасць правесці пэўныя мерапрыемствы, звярнуцца праз кнігі да жыцця і творчасці Я. Купалы, Я. Коласа. Дарэчы, выдавецкі дом абяцае яшчэ адзін юбілейны падарунак. Пабачыць свет паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка» з ілюстрацыямі, якія выкананы адным славутым мастаком у 1970-я гг. і зараз захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Несумненна, увагу чытачоў павінна прыцягнуць кніга Алега Судлянкова «Гісторыя беларускіх кніжных знакаў XVІ—XX стагоддзяў». Не вельмі часта ў Беларусі выдаюцца кнігі па бібліяфільстве і тым болей — па кніжных знаках, экслібрысах. Раней раздзелы з кнігі дасведчаны мінскі калекцыянер, бібліяфіл Алег Судлянкоў друкаваў у часопісе «Нёман».

Па традыцыі Выдавецкі дом «Звязда» ўважлівы да сучаснай мастацкай літаратуры, асабліва да дзіцячай. Павінна прыйсці да чытача ў 2022 годзе казачная аповесць Маргарыты Латышкевіч Том і дырыжаблік». ...Над чароўным горадам Котсвілем плывуць палнеры і дырыжаблі. А жыхары горада рыхтуюцца да Вялікай Выставы. Маленькія кацяняты Муры і Том чакаюць свайго тату, капітана самага цудоўнага з усіх дырыжабляў, дамоў. Але тата затрымліваецца. Што ж сталася з камандай паветранага судна? І якое дачыненне да гэтага мае егіпецкая зала Вялікай Выставы? Далучыцеся да Коткінсаў у іх даследаванні — і сутыкніцеся са старажытнымі чарамі з далёкіх краін! Гэта — кароткая анатацыя новага твора Маргарыты Латышкевіч. Адрасавана кніга дзецям малодшага школьнага ўзросту. Юныя чытачы добра ведаюць пісьменніка Генадзя Аўласенку. Яго казкі ці казачныя аповесці заўсёды прыцягваюць увагу. Кнігі Г. Аўласенкі падоўгу не залежваюцца ў кнігарнях ці на складах кніжных выдавецтваў. Новае выданне яго твораў — зборнік тапанімічных казак «Таямніцы назваў». Што ж такое тапанімічныя казкі? Тапаніміка — гэта навука, якая вывучае паходжанне геаграфічных назваў (тапонімаў), населеных пунктаў, рэчак, лясоў, балот, азёр. І многія беларускія казкі (легенды і паданні — таксама) носяць менавіта тапанімічны характар, бо патлумачваюць паходжанне назвы. Напрыклад, легенда аб асілку Менеску, які быццам бы даў назву Мінску, легенда аб Машэку, чыя магіла (магіла льва) і дала назву Магілёву. Казкі з новай кнігі Генадзя Аўласенкі — творы, у якіх аўтар паспрабаваў адказаць на пытанні, чаму той ці іншы населены пункт Пухавіччыны (ёсць такі куточак на Міншчыне) мае такую назву. Вядома ж, усе гэтыя казкі — фантазія аўтара і нічога больш, але ў выдавецтве ўпэўнены, што, прачытаўшы «Таямніцы назваў», юныя чытачы ўсур'ёз зацікавяцца гістарычнай спадчынай роднага краю, магчыма, выправяцца ў сваё тапанімічнае, краязнаўчае падарожжа.

У 2022 годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» пабачыць свет і кніга Міколы Маляўкі «Радаводнае дрэва». У падзагалоўку выдання: «Кніга пра творчых людзей — продкаў і сучаснікаў». Ягор Конеў прапанаваў казку «Дамавічкі Шушык і Жуля». А Павел Гушынец — кнігу «Казкі для Вяснушкі». Міхась Пазнякоў падрыхтаваў зборнік загадак на беларуска-рускія амонімы «Дзіўныя «блізняты». Яшчэ юным чытачам адрасаваны кнігі Жанны Міус, Сяргея Давідовіча, Маргарыты Помаз, Таццяны Дашкевіч, Аляксея Шаўцова, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Ніны Галіноўскай, Віктара Кудлачова і іншых аўтараў.

Звяртаецца выдавецтва і да перавыдання даўно знаёмых твораў. У прыватнасці, пабачыць свет рыбацкая паэма Кастуся Кірэенкі «Вандроўнае шчасце».

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.