Вы тут

Жыццё Міхаіла Рысіча: сын «ворага народа», партыйны работнік, ліквідатар


Сын «ворага народа», перадавы токар, партыйны работнік, ліквідатар... Для адной біяграфіі, згадзіцеся, мнагавата. Але жыццё Міхаіла Рыгоравіча Рысіча арганічна ўвабрала і пераплавіла ўсе гэтыя іпастасі.


Нарадзіўся Міхаіл паблізу ад Жытоміра, у сяле двароў на 50. Па нашых мерках — ладная вёска, па ўкраінскіх — амаль што хутар. Вось за два кіламетры — дык там ужо тыповае стэпавае паселішча двароў на 300, з царквой... У яе на Вялікдзень бабуля вадзіла ўнукаў.

Міхаіла — чарговага — маці нараджала ў 1941-м, у зямлянцы. Яе выкапалі для засцярогі: на мазанцы падчас абстрэлу магла загарэцца салома.

Пры акупацыі ўслед за ваеннымі ў сяло наехалі немцы-каланісты, іх пасялілі ў найлепшыя дамы, а сем'і мясцовых перакінулі ў Днепрапятроўскую вобласць. Бацька Міхаіла Рыгор Рысіч чалавекам быў пісьменным: у калгасе працаваў бухгалтарам. З дзяцінства ў яго не згіналася нага, таму на фронт не ўзялі. А нямецкі баўэр вырашыў скарыстацца вопытам мясцовага спецыяліста — паставіў «учотчыкам».

У 1946-м за гэта яго пасадзілі на восем гадоў. Бацька адбыў іх ад званка да званка. Дзеці «ворага народа» ў гэты час страшна галадалі і цяжка працавалі. Першынец, Грыша, з 13 гадоў быў афіцыйна залічаны ў штат калгаса.

...Школу Міхаіл закончыў у 1958-м. Два гады, як патрабавалася, адпрацаваў у мясцовым калгасе. Кіраваў параконкай, вазіў жанчын на жытомірскі базар, каб маглі ўтаргаваць якую капейчыну і купіць крамнага.

Жонак, нібы згаварыўшыся, браты Рысічы знайшлі па месцы службы: старэйшы асеў у Ліепаі. Туды ж, у Латвію, са сваёй Марусяй, якую сустрэў у Паставах, падаўся і Міхаіл: уладкаваўся на завод па рамонце падводных лодак і караблёў, атрымаў найвышэйшы разрад токара-станочніка, стаў сакратаром партарганізацыі (пасада нявызваленая) красаваўся на дошцы гонару... Так было і, здавалася, будзе...

На кадравую вайсковую службу ён трапіў выпадкова. У 1970-я гады ў Савецкай Арміі не хапала палітработнікаў ніжэйшага звяна — іх бралі з рэзерву. Вось і Міхаіла выклікалі ў ваенкамат, сказалі: «Мы вас атэстуем як лейтэнанта запасу. Але трэба падвучыцца».

Так ён трапіў на курсы палітработнікаў, праз год атрымаў чырвоны дыплом і першае накіраванне — у горад Гвардзейскі. З гэтага пачалася нялёгкая афіцэрская служба з пастаяннымі пераездамі (усяго іх было 15) з захаду на ўсход і назад, на захад. «Я не насіў бы пагонаў, калі б бацька сапраўды быў ворагам, — гаворыць Міхаіл Рыгоравіч і ўспамінае, што іх, ваенных, ніхто нідзе асабліва не чакаў. «З бауламі, з чамаданамі прыязджаем, напрыклад, на Камчатку ў пасёлак Данілаўка. Дзеці малыя. Жывём спярша ў гасцініцы, потым нам выдзяляюць палову дома. Не ведаю, хто ў ім жыў да нас, але ложкі давялося ставіць пасярод пакоя — падалей ад клапоў».

Увесь быт трымаўся на Марыі Іосіфаўне. «Гэта яна, — згадвае Міхаіл Рыгоравіч, — прыбярэцца, рэчы па месцах раскладзе, есці нагатуе — і дом як дом... Старэйшая дачка ў першы клас пайшла ў той Данілаўцы.

Зімы там цікавыя: снег — аж блакітны, маразы градусаў 15—20, а ўжо буры... Як завые, як замяце... На вуліцу выйдзеш — хіба «пень» са снегу тырчыць: верхавіна ад слупа электраліній... Парок з-пад снегу — там будынак КПП. Дзверы ўсе ўнутр адчыняюцца, інакш проста не адчыніш. Кагосьці няма на пастраенні — значыць, засыпала. Пасылалі салдат адкопваць. Неяк дывізіён не паспеў вярнуцца з вучэнняў — разам з тэхнікай замяло і людзей. Знайшлі па рацыі, адкопвалі бульдозерамі, як і вуліцы...»

У Рысічаў захаваўся здымак сына ў такой вось снежнай траншэі з расцяжкай-лозунгам «Да здравствует 1 Мая!»

Праз тры гады (на Далёкім Усходзе афіцэраў болей не трымалі) зампаліта роты Рысіча перакідваюць на Каўказ... З Кутаісі — на турэцкую мяжу.

...Летам 1986-га Міхаіл Рыгоравіч апынуўся ва Украіне. У яго спецпалку радыяцыйна-хімічнай абароны была тэхніка і амаль тысяча чалавек пад камандаваннем кадравых афіцэраў, звольненых раней у запас.

Усім ліквідатарам было за сорак. Тое, што на рэактар не пасылалі моладзь, Рысіч лічыць «адказнымі адносінамі ўлады»: людзей усё ж бераглі. Ваенныя ведалі, што адбылася сур'ёзная катастрофа, яны разумелі шкоду апраменьвання. І не іх віна, што інфармацыю хавалі ад цывільнага насельніцтва... (Газета «Звязда», праўда, паведаміла «пра некаторую ўцечку радыеактыўных рэчываў».)

Май і першыя месяцы лета сталі там перыядам разгубленасці і бязладдзя, бо толкам ніхто не разумеў, што можна рабіць, а што ні ў якім разе нельга. Акадэмік Легасаў не змог даказаць кіраўніцтву кампартыі, што здарылася не лакальная катастрофа, а трагедыя сусветнага маштабу. Для яго гэта абярнулася асабістай трагедыяй.

Полк Рысіча стаяў у Іванкаўскім раёне, за 30 кіламетраў ад зоны. Штаб быў камандным пунктам па ліквідацыі наступстваў катастрофы. Зборныя домікі ставілі прама ў полі. Рэзервісты працавалі вахтавым метадам: сёння адна рота, заўтра — другая.

Кожны з ліквідатараў насіў з сабой спецыяльны прыбор — накапляльнік радыяцыі. Дазіметрыст хадзіў з такім жа прыборам і таблічкай, дзе запісваў паказчыкі. Начмед штодзень правяраў, хто колькі рэнтгенаў атрымаў. Дзе «фаніла» зямля, яе зразалі і адпраўлялі ў спецыяльны магільнік. У ямы скідвалі адпрацаваную тэхніку і залівалі бетонам. Асфальтавыя дарогі чысцілі хімічнымі растворамі... Наколькі ўсё небяспечна, зразумелі потым, а тады...

Быў выпадак: два салдацікі схадзілі ў самаволку, ноччу пакаталіся на чужой «Волзе». Узялі ад яе смяротную дозу і скарацечна згаслі ад прамянёвай хваробы... Каб зразумець маштаб катастрофы і той небяспекі, якая пагражала людзям, дастаткова адной лічбы: на даху чацвёртага рэактара было да тысячы рэнтгенаў. Там знаходзіўся графіт, выкінуты ўзрывам, з нутра рэактара.

Расказвае Міхаіл Рыгоравіч: «На даху стаялі тэлекамеры. Ліквідатара апраналі ў свінцовае адзенне, паказвалі манітор: «Бачыш кавалак графіту? А вунь там лапата...»

Дарма ліквідатары спадзяваліся на японскую тэхніку: электроніка літаральна згарала. Уся нагрузка лягла на плечы людзей. На пярэднім краі былі добраахвотнікі. Як яны выяўляліся? Усё было проста: мужчын, прызваных на паўгода, пасля экстрэмальнага пад'ёму на дах адпускалі дамоў, выдзяляючы немалую суму прэміяльных. (Каб хапіла, як я разумею, і на пахаванне, і на помнік.)

Свінцовыя пласціны былі самаробнымі і прыкрывалі грудзі і спіну, як латы. На галаве такая ж каска-шалом. Больш чым адзін раз выкарыстоўваць іх было нельга, бо самі пачыналі «фаніць», як той рэактар.

Камандзір спецпалка Сцяпанаў знаходзіўся ў Прыпяці больш чым год. Пра яго далейшы лёс звестак няма. Падпалкоўнік Рысіч прабыў тры месяцы. За верасень, кастрычнік, лістапад ён назапасіў 35 адзінак, а 25, атрыманых аднаразова, згодна са Статутам сухапутных войскаў, — доза смяротная.

Яшчэ з поўначы афіцэр напісаў рапарт у Міністэрства абароны з просьбай перавесці яго ў Беларускую акругу (патрабаваўся догляд хвораму цесцю). Два апошнія гады адслужыў у мотастралковым палку Гродзенскай дывізіі, што стаяў у Мар'інай Горцы. Прайшоў праграму выдалення стронцыю і цэзію ў санаторыях, якія спачатку былі бясплатныя.

У 2004 годзе Міхаіл Рыгоравіч перабраўся на радзіму жонкі — у курортны пасёлак Нарач. Адчувае сябе кепска, не слухаюцца ногі, а ў лес хадзіць бы і хадзіць... Нарачанскі край — беларускі рай: ні табе чыгункі, ні выхлапных газаў, ні прамысловасці. Для ліквідатара экалогія — рэч істотная...

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

г. Мінск

Загаловак у газеце: Жыццё, багатае на падзеі...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.