Вы тут

Урач Аляксей Часнойць: камбустыялогія патрабуе трапяткога стаўлення да пацыента


За ходам лячэння Ромы Кагадоўскага,12-гадовага хлопчыка, які вынес з ахопленага полымем дома на руках свайго двухгадовага брата, некалькі месяцаў сачыла амаль уся краіна. Менавіта тады многія беларусы даведаліся аб існаванні Рэспубліканскага апёкавага цэнтра і пачулі пра такіх урачоў, як камбустыёлагі. Падрабязней пра дзейнасць камбустыялагічнай службы Беларусі, унікальнасць сваёй прафесіі (у краіне толькі 50 такіх спецыялістаў) і мару айчынных камбустыёлагаў расказаў дэкан хірургічнага факультэта Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА), галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага апёкавага цэнтра, кандыдат медыцынскіх навук Аляксей ЧАСНОЙЦЬ.


— Нямногія ведаюць пра такую галіну медыцыны, як камбустыялогія. Раскажыце, чым займаюцца ўрачы-камбустыёлагі?

— Вы маеце рацыю, як самастойная спецыяльнасць камбустыялогія — навука аб лячэнні апёкаў — нарадзілася ў маштабах хірургіі зусім нядаўна. Падставай для гэтага сталі наступствы атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі ў жніўні 1945 года.

У напружаны пасляваенны час верагоднасць прымянення ядзернай зброі стварала ўмовы для бурнага развіцця апёкавай службы ва ўсім свеце. Савецкі Саюз не быў выключэннем. У 1946 годзе было створана першае ў СССР спецыялізаванае апёкавае аддзяленне на базе Інстытута хуткай дапамогі пад кіраўніцтвам прафесара Іўсціна Джанелідзэ. Так пачалася гісторыя новага напрамку ў айчыннай медыцыне. Праз два дзесяцігоддзі, у 1968 годзе, было адкрыта першае апёкавае аддзяленне на 40 ложкаў у Беларусі. Яно базіравалася ў хірургічнай клініцы 3-й гарадской клінічнай бальніцы. З часам аддзяленне вырасла ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр, які аказвае арганізацыйную, метадычную і практычную дапамогу медыкам розных лячэбных устаноў. У 2018 годзе мы адсвяткавалі 70-годдзе апёкавай службы Рэспублікі Беларусь і 50-годдзе Рэспубліканскага апёкавага цэнтра.

— Як у Беларусі стаць камбустыёлагам? Колькі ў нашай краіне спецыялістаў, якія працуюць у гэтай галіне медыцыны? У якіх установах аховы здароўя яны практыкуюць?

— У 2005 годзе ўпершыню была ўведзена пасада ўрача-камбустыёлага-хірурга. Ён займаецца лячэннем апёкаў, ран іншага паходжання, якія патрабуюць пластычнага закрыцця, і іх наступстваў (кантрактур, дэфармацый, паталагічных рубцоў). Да гэтага моманту лячэннем гэтых захворванняў займаліся хірургі і траўматолагі. Наша спецыяльнасць вельмі вузкая і нешматлікая, у каріне ўсяго толькі 50 урачоў-камбустыёлагаў-хірургаў. Усе яны працуюць у Рэспубліканскім апёкавым цэнтры і абласных апёкавых аддзяленнях.

Каб працаваць камбустыёлагам, трэба скончыць медыцынскі ўніверсітэт, стаць хірургам, прайсці перападрыхтоўку ці клінічную ардынатуру па спецыяльнасці «Камбустыялогія».

Аднак скажу вам адназначна, што ў нашай спецыяльнасці выпадковых спецыялістаў няма. Людзі альбо ўлюбляюцца ў сваю працу і застаюцца ў ёй на ўсё жыццё, альбо збягаюць у хуткім часе. Напэўна, як ніякая іншая хірургічная спецыяльнасць, камбустыялогія патрабуе максімальна чалавечнага, трапяткога стаўлення да пацыента, да кожнага сантыметра яго скуры. Такая дзейнасць накладае цяжкую фізічную і маральную нагрузку на кожнага медыцынскага работніка, які ўдзельнічае ў лячэнні апаленага чалавека.

— Колькі цяжкіх пацыентаў паступаюць у год з апёкамі ў бальніцы? Якога характару траўмы сустракаюцца часцей за ўсё?

— Штогод з апёкамі ў медустановы звяртаецца каля 30 000 чалавек. Каля 6000 пацыентаў з іх праходзяць стацыянарнае лячэнне ў апёкавых аддзяленнях. Прыкладна 400 пацыентаў у сувязі з цяжарам атрыманай траўмы паступаюць у рэанімацыйныя аддзяленні. Без малога траціна з іх — дзеці. У дарослых найбольш часта сустракаюцца апёкі агнём і гарачымі вадкасцямі, у дзяцей (асабліва да пяці гадоў) — апёкі гарачымі вадкасцямі.

Асноўнай прычынай большасці апёкаў з'яўляецца неасцярожнасць, глупства ці парушэнне элементарных правілаў бяспекі. Асабліва гэта датычыцца маленькіх дзяцей.

— Вы ўваходзілі ў групу дактароў, якая лячыла цяжка пацярпелых падлеткаў Рому Кагадоўскага і Вадзіма Пальчанку. За працу некаторыя медыкі атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды, вы, у прыватнасці, медаль Францыска Скарыны. Раскажыце, чаму гэтыя гісторыі лячэння сталі прыкладамі асаблівага прафесіяналізму айчынных камбустыёлагаў?

— Кожны выпадак цяжкай апёкавай траўмы патрабуе ад нас як ад прафесіяналаў сваёй справы поўнай аддачы. А калі размова ідзе аб лячэнні дзіцяці, ступень адказнасці ўзрастае ў разы. У сваёй практыцы штогод мы сутыкаемся з 3-4 выпадкамі цяжкай апёкавай траўмы ў дзяцей. Вядома, выпадак Рамана для нас быў унікальны не толькі з медыцынскага пункту гледжання, але і з маральнага, эмацыянальнага боку. Рэдкі выпадак, калі чалавек, тым больш дзіця, цаной свайго здароўя ратуе бліжняга. Такіх жа рашучых дзеянняў чакала ўся краіна ад нас. Вядома, мы кожны дзень прыкладаем усе намаганні па выратаванні жыццяў і здароўя пацыентаў незалежна ад ступені ўвагі да нашай службы. Але ў гэтым выпадку мы разумелі, што на коне стаіць «твар» не толькі нашай спецыяльнасці, але і медыцыны ў цэлым. У лячэнні і Рамана, і Вадзіма мы спрацавалі «на ўра» — прафесійна, зладжана як адзінае цэлае. Высокія ўзнагароды з рук кіраўніка дзяржавы сталі знакам прызнання прафесіяналізму не толькі калектыву Рэспубліканскага апёкавага цэнтра, але і кожнага медыцынскага работніка, які прыняў удзел у лячэнні. Гэта падзея, бясспрэчна, знакавая для нашай службы.

— Камбустыялогія — досыць маладая галіна медыцыны. Але, напэўна, некаторыя краіны маюць перадавы вопыт у гэтай сферы. Як вы можаце ацаніць узровень прафесіяналізму нашых камбустыёлагаў у параўнанні са спецыялістамі іншых краін?

— Скажу вам шчыра, мне як галоўнаму камбустыёлагу Міністэрства аховы здароўя і кіраўніку Рэспубліканскага апёкавага цэнтра не сорамна ні за ўзровень развіцця нашай апёкавай службы, ні за прафесіяналізм сваіх калег, ні за аснашчэнне нашых апёкавых аддзяленняў. Пабываўшы на вядучых кангрэсах краін Еўропы і СНД, мы разумеем: нашы веды і ўменні не горшыя, а ў некаторых момантах нават лепшыя. Вядома, як любыя спецыялісты мы сутыкаемся з пытаннямі састарвання абсталявання і тэхналогій, але дзякуючы падтрымцы Міністэрства аховы здароўя гэтыя пытанні вырашаюцца своечасова. Цяпер ведамства праводзіць закупку найбольш сучаснага абсталявання для забеспячэння Рэспубліканскага апёкавага цэнтра. З гэтай мэтай набываюцца сучасныя дэрматомы на акумулятарах (апараты для збору непашкоджанай скуры пацыента для наступнай трансплантацыі), апараты вакуумнай тэрапіі ран, унікальны СО2-лазер для лячэння пасляапёкавых рубцоў і дэфармацый, УГД — апарат экспертнага класа, хірургічны інструментарый для выканання рэканструктыўна-пластычных аперацый і расходныя матэрыялы для ўнікальнага гідрахірургічнага і ўльтрагукавога скальпеля, аналізатар газаў крыві і найбольш неабходнае абсталяванне для аддзялення рэанімацыі.

За апошнія гады спецыялістамі цэнтра ўкаранёныя ў практыку высокатэхналагічныя метады комплекснага лячэння пацыентаў з апёкамі скуранога покрыва і іх наступствамі з прымяненнем сучасных прынцыпаў актыўнай хірургічнай тактыкі, тэхналогій вакуумнага і ўльтрагукавога лячэння апёкавых ран. Урачамі-камбустыёлагамі-хірургамі асвоены ўсе віды высокатэхналагічных рэканструктыўна-пластычных аперацый у пацыентаў з пасляапёкавымі контрактурамі, дэфармацыямі і паталагічнымі рубцамі.

— Якія перспектывы ў камбустыялагічнай службы Беларусі?

— Што да перспектыў, то хацелася б адзначыць, што ўвесь калектыў апёкавай службы не стаіць на месцы, мы пастаянна вучымся, удасканальваемся, наведваем вядучыя навукова-практычныя канферэнцыі і кангрэсы па нашым напрамку, а потым укараняем новыя веды і тэхналогіі ў клінічную практыку. У нас ёсць адна вялікая мара, да якой ідзём. Сусветны досвед работы апёкавых цэнтраў сведчыць, што мэтазгодна размяшчаць апёкавыя аддзяленні ў асобным корпусе шматпрофільнага стацыянара. Сёння вядуцца работы па праектаванні асобнага корпуса Рэспубліканскага апёкавага цэнтра, які будзе адпавядаць усім сучасным сусветным стандартам для такіх устаноў. Гэта дасць магчымасць рацыянальна размясціць службы цэнтра, больш эканомна расходаваць матэрыяльныя рэсурсы, больш эфектыўна каардынаваць работу медыцынскага і тэхнічнага персаналу, што ў канчатковым выніку павысіць якасць і рэзультатыўнасць аказання медыцынскай дапамогі. Вельмі спадзяёмся, што хутка наша мара спраўдзіцца.

— Дайце нашым чытачам прафесійныя парады: што рабіць пры атрыманні апёку?

— Напэўна, кожны чалавек хоць бы раз у жыцці сутыкаўся з апёкамі: выліваў на сябе гарбату ці каву, дакранаўся да гарачага праса ці каструлі. Здавалася б, нічога страшнага, і за тыдзень-другі ўсё загойвалася. Аднак так бывае не заўсёды. Часам апёкі не баляць і не выклікаюць асаблівага дыскамфорту. Прычынай адсутнасці болю можа з'яўляецца гібель нервовых канчаткаў, размешчаных у скуры. Гэта кажа нам пра глыбокае паражэнне, якое патрабуе ў большасці выпадкаў хірургічнага лячэння.

Мы, як ні дзіўна, заўсёды радуемся, калі апёкавыя раны балючыя. Гэта сведчыць аб павярхоўным пашкоджанні скуры, якая ў выпадку правільнага лячэння зажыве самастойна. Ацаніць плошчу і глыбіню апёкавых ран, прызначыць правільнае лячэнне можа толькі спецыяліст з досведам у дадзенай спецыяльнасці. Таму асноўная рэкамендацыя ад усяго нашага калектыву — своечасовы зварот па медыцынскую дапамогу. Бо часам невялікія па плошчы і глыбіні апёкавыя раны, асабліва ў дзяцей і пажылых, могуць прывесці да развіцця апёкавага шоку, інфекцыйных ускладненняў і нават смяротнага зыходу. Беражыце сябе, а ў выпадку атрымання апёкавай траўмы даверце сваё здароўе прафесіяналам.


Хацелася б, карыстаючыся выпадкам, звярнуцца да маладых бацькоў, бо малыя — асноўныя пацыенты нашага дзіцячага апёкавага аддзялення. Бацькі, не піце гарачую гарбату з дзіцем на руках, не пакідайце чайнік, кубак на краі стала або блізкіх канфорках кухонных пліт — гэта «лёгкая здабыча» кожнага дапытлівага малога. Дастаткова кубка гарачай кавы ці гарбаты, разлітях па неасцярожнасці на дзіця, каб малое атрымала апёкі да 50 % ад агульнай паверхні цела. Беражыце сябе і сваіх маленькіх дзетак.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Ягор Макарэвіч: Маладзёжны парламент — магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял

Ягор Макарэвіч: Маладзёжны парламент — магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял

Узначальвае яго выпускнік Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, юрыст-пачатковец Ягору Макарэвічу.

Грамадства

Стратэгія развіцця Міханавіцкага сельсавета: карбонавая ферма і новы культурны цэнтр

Стратэгія развіцця Міханавіцкага сельсавета: карбонавая ферма і новы культурны цэнтр

Ёсць праекты, якія не патрабуюць укладанняў сродкаў, а толькі ўвагі і настойлівасці.