Вы тут

Якія паўнамоцтвы будуць мець участковыя з новым заканадаўствам аб гвалце


Участковы інспектар — сёння адна з самых народных прафесій. І так было заўсёды: згадаць хаця б таго ж Аніськіна з вядомай кінастужкі. Яны не расследуюць злачынствы, рэдка калі ўдзельнічаюць у гучных затрыманнях, аднак, як правіла, менавіта да гэтых людзей звяртаюцца ў першую чаргу, калі прыйшла бяда.


У вырашэнні якіх праблем дапамагаюць грамадзянам участковыя, дзе схавацца ад хатняга гвалту і што неўзабаве аблегчыць працу інспектарам, напярэдадні Дня ўтварэння службы ўчастковых інспектараў міліцыі расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік міліцыі Сяргей КРАСУЦКІ.

— Сяргей Мікалаевіч, участковыя інспектары — найбольш адкрытыя прадстаўнікі міліцыі. Ці шмат задач стаіць перад імі?

— Участковы — фігура шматзадачная. У першую чаргу гэта работа з людзьмі ў жылым сектары. Калі нешта адбываецца на адміністрацыйным участку інспектара, участковы — першы супрацоўнік, які выбывае на месца здарэння. Задзейнічаны ўчастковыя і на ахове грамадскага парадку. Гэта і пастаянная работа з тымі, хто стаіць на прафілактычным уліку ў міліцыі. Інспектар рэагуе на звароты людзей. Я заўсёды кажу: калі не ведаеце, куды звярнуцца са сваім пытаннем, падыдзіце да ўчастковага. Ён вызначыць, ці патрэбна дапамога праваахоўнікаў, або накіруе ў адпаведную інстанцыю. Мы вызначылі адзіны дзень, калі ўсе ўчастковыя нашай краіны ажыццяўляюць прыём грамадзян: па серадах з 10.00 да 13.00 (для сельскіх участковых), з 17.00 да 20.00 (для гарадскіх).

— Функцыі ўчастковага інспектара, на першы погляд, павінен выконваць чалавек з пэўным жыццёвым вопытам. А ці давяраеце гэты адказны ўчастак работы ўчарашнім выпускнікам Акадэміі МУС?

— Сярод участковых інспектараў у прынцыпе няшмат супрацоўнікаў, хто заканчваў Акадэмію МУС. У большасці яны прыйшлі да нас з грамадзянскіх ВНУ. Сярод супрацоўнікаў — і тыя, хто ўжо адолеў пэўны шлях у міліцыі. Напрыклад, у патрульна-паставой службе. Маладыя людзі атрымліваюць вопыт у працэсе сваёй службовай дзейнасці. Я прайшоў такі ж шлях, у пэўны час скончыўшы грамадзянскую ВНУ. Вось ужо 25 гадоў маё жыццё звязана з міліцыяй.

— Ці памяняліся з таго часу праблемы, вырашэннем якіх займаецца ўчастковы інспектар?

— Якія праблемы былі, такія і засталіся. Наша грамадства глабальна не памянялася. Першая праблема — п'янства, з-за якога адбываецца большасць правапарушэнняў і злачынстваў, сямейных няшчасцяў. Другая праблема, якая таксама выходзіць з п'янства, — сямейна-бытавыя канфлікты. Гэта дзве болевыя кропкі для ўчастковага інспектара міліцыі. І спадзявацца на тое, што яны знікнуць з нашага грамадства, не варта.

— Асабліва шмат злачынстваў апошнім часам звязана з хатнім гвалтам. Ці ў кампетэнцыі ўчастковага іх папярэдзіць?

— Сёння мы называем гэтую праблему гвалтам у сям'і. Раней падчас сямейнага канфлікту мы забіралі правапарушальніка ў міліцыю, давалі яму штраф або садзілі на суткі. Чалавек вяртаўся дахаты — і сітуацыя паўтаралася. Сёння мы карыстаемся не толькі рычагамі ўздзеяння адміністрацыйнага заканадаўства, але можам і развесці бакі канфлікту на пэўны тэрмін, каб людзі да 30 сутак не мелі зносінаў паміж сабой. Калі пацярпелы хоча ацаніць сваю сітуацыю, то ў кожным раёне створаны прытулак, куды чалавек можа сысці, каб вырашыць пэўныя праблемы, а таксама прыняць рашэнне аб далейшым сумесным пражыванні. Сёння створана шмат рычагоў не толькі каб прымяніць выключна санкцыйныя меры, але і паспрабаваць вырашыць сямейную сітуацыю іншым шляхам пры дапамозе псіхолагаў, сацыяльных работнікаў, іншых зацікаўленых асоб. Аднак гэты механізм недасканалы. Ужо прынятыя ў першым чытанні змены ў законе «Аб прафілактыцы правапарушэнняў», якія датычацца папярэджання гвалту ў сям'і. Сёння на гэтую праблему трэба рэагаваць аператыўна. Мы прапанавалі канкрэтызаваць функцыі ўсіх суб'ектаў прафілактыкі, а таксама ўвесці новую працэдуру, як карэкцыйная праграма, якая прадугледжвае аказанне дапамогі грамадзяніну, які здзяйсняе хатні гвалт. Спадзяёмся, што парламентарыі нас падтрымаюць.

— Участковы павінен быць і добрым псіхолагам...

— Ён проста абавязаны ім быць. Стандартных сітуацый, на жаль, не бывае. І часта правільнае слова або дзеянне інспектара можа спыніць той ці іншы бок, каб канфлікт не развіўся ў крытычную сітуацыю. Нашы супрацоўнікі рэагуюць на ўсе паведамленні, злачынствы і здарэнні, а на тым баку — людзі, з якімі трэба размаўляць. І трэба дакладна разумець, як гэта рабіць.

— Наколькі падрыхтаваныя супрацоўнікі да сустрэч з неадэкватнымі асобамі?

— Каб пазбегнуць непрыемных сітуацый, наведваць жылыя памяшканні інспектар абавязаны разам з напарнікам. Участковы павінен быць адпаведным чынам і экіпіраваны. Сёння ўсе нашы супрацоўнікі маюць пры сябе відэарэгістратары, якія ўключаюць пры рэагаванні на пэўную канфліктную сітуацыю.

— А ці гэтак жа добра абсталяваны тэхнічнымі сродкамі сельскія ўчастковыя?

— Усе правілы распаўсюджваюцца і на інспектараў, якія працуюць у сельскай мясцовасці. Больш за тое, вясковыя ўчастковыя нават у некаторай ступені выйграюць: у многіх ёсць яшчэ і службовы аўтатранспарт. Для гарадскіх участковых гэта хутчэй выключэнне.

— Многія супрацоўнікі міліцыі скардзяцца на вялікую колькасць папяровай работы...

— Лічбавізацыя работы ўчастковага інспектара міліцыі — адна з перспектыў нашай дзейнасці. У найбліжэйшай будучыні той масіў работы, які праводзіць інспектар, ён выканае з дапамогай планшэта. Пад рукой у яго будуць і базы даных.

— Ці шмат сярод участковых жанчын?

— Улічваючы той кантынгент, з якім у большасці выпадках даводзіцца працаваць участковым інспектарам, гэта не зусім жаночая прафесія. Участковаму часта трэба і характар праявіць, а дзесьці — і сілу. Жанчыны-ўчастковыя ёсць, але іх няшмат: мы іх беражом.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Сучасныя Аніськіны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».