Вы тут

Наталля Качанава: Наша моц — у адзінстве і кансалідацыі


Старшыня Савета Рэспублікі сустрэлася з прадстаўнікамі Маладзёжнага парламента.


Фота БелТА.

Падчас гутаркі з маладымі людзьмі абмяркоўвалася бягучая сітуацыя ў краіне, задачы, якія стаяць перад маладымі парламентарыямі і змены ў структуры гэтай арганізацыі.

Актыўна і ініцыятыўна

Нагадаем, што такія сустрэчы праходзяць рэгулярна. На іх маладыя людзі, якія прадстаўляюць усе рэгіёны нашай краіны, маюць магчымасць з першых вуснаў пачуць важную інфармацыю з актуальнага парадку дня. Гэтая сустрэча не стала выключэннем. Распачынаючы яе, спікер верхняй палаты парламента звярнула ўвагу на сітуацыю, якая складваецца на беларуска-польскай граніцы і разварочваецца вакол нашай краіны:

— Фэйкі, хлусня запаланілі цалкам усё, што толькі можна, — адзначыла яна і акцэнтавала ўвагу моладзі на тым, што трэба праяўляць больш ініцыятыўнасці ў зносінах з аднагодкамі і данясенні да маладзёжнай аўдыторыі актуальнай, праўдзівай і цалкам аб’ектыўнай інфармацыі. 

— Вы, як ніколі, павінны быць актыўнымі, сустракацца з людзьмі, даносіць праўду, асабліва ў маладзёжнай аўдыторыі, бо як кажуць, моладзь не глядзіць тэлебачанне і не чытае газеты, і толькі можна меркаваць, якую інфармацыю яны атрымліваюць з інтэрнэта, — звяртае ўвагу спікер Савета Рэспублікі.

Яна пераканана, калі інфармацыю можна данесці да людзей непасрэдна ў гутарцы — трэба карыстацца такой магчымасцю.

— Неабходна прыцягваць моладзь у вашы праекты для таго, каб створаны вамі рух ("Рух наперад! — Аўт.) стаў прыкладам для іншых, — нацэльвае моладзь Наталля Качанава. — Вас бачаць і ведаюць, таму вы павінны працаваць больш эфектыўна і згуртавана.

Звёны аднаго ланцугу

Спікер яшчэ раз звярнула ўвагу прадстаўнікоў Маладзёжнага парламента на няпростую сітуацыю, якая разварочваецца вакол Беларусі:

— Сітуацыя, якая была ў 2020-м годзе, і зараз — гэта звёны аднаго ланцуга, — пераканана яна. — Не атрымалася тады, потым былі розныя правакацыі, якія перараслі ў цяперашнюю сітуацыю. Заўтра будзе іншая. Таму наша моц — у адзінстве і кансалідацыі.

Старшыня Савета Рэспублікі звяртае ўвагу маладых людзей на тым, што дзяржава, якая стаіць на абароне людзей, кажа абсалютную праўду, імкнецца жыць па ўласных прынцыпах і традыцыях, якія склаліся на яе тэрыторыі, задавальняе далёка не ўсіх. Яна пераканана, што аб гэтым трэба часцей казаць у маладзёжных аўдыторыях, таму маладым парламентарыям у гэтай справе — зялёнае святло.

Расказала Наталля Качанава юным калегам і аб рабоце гуманітарнай місіі, якую курыруе па даручэнні Кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, беларускі бок ужо перадаў 40 тон гуманітарнага грузу, яшчэ 10 тон чакаюць адпраўкі. Усё, што неабходна для забеспячэння жыццядзейнасці людзей, якія захраслі на беларуска-польскай мяжы, беларускі бок выконвае і працягне гэта рабіць да тых пор, пакуль будзе ў гэтым патрэба. І гэта датычыцца забеспячэння ежай, вадой, медыцынскай дапамогай і гэтак далей. Толькі спачатку месяца за медыцынскай дапамогай звярнуліся каля 60 бежанцаў. Менавіта гэтую інфармацыю, а не правакацыйныя фэйкі, якія з’яўляюцца ў інтэрнет-прасторы, трэба даносіць да маладзёжнай аўдыторыі, пераканана спікер верхняй палаты парламента. 

— Нельга жыць адным днём, трэба штодзённа, штогадзінна думаць аб тым, што я яшчэ павінен зрабіць для таго, каб у краіне стала лепш і голас праўды і розуму быў пачуты, — пераканана Наталля Качанава.

Навучанне і ратацыя 

У сваю чаргу старшыня Маладзёжнага савета Ягор МАКАРЭВІЧ паведаміў, што маладыя парламентарыяэі ў рамках праекта «Беларусь будучыні» працягваюць сустрэчы з навучэнцамі і студэнтамі ва ўстановах адукацыі. Адной з актуальных тэм цяперашніх сустрэч — крызіс на беларуска-польскай мяжы, выкліканы наплывам бежанцаў з краін Бліжняга Усходу. У студэнцкіх калектывах арганізованы сустрэчы, на якіх тлумачыцца сутнасць праблемы. 
Што датычыцца дзейнасці маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Рух наперад», было праведзена абнаўленне ўпраўленчага складу гэтай моладзевай арганізацыі, расказаў Ягор Макарэвіч. 

Сёлета ў верасні быў запушчаны адукацыйны модуль у рамках лідарскай платформы «Каманда будучыні». Старт навучання маладых лідараў адбыўся 9 кастрычніка ў прэс-цэнтры Савета Рэспублікі, дзе ў фармаце «дэбатаў» яго ўдзельнікі абмеркавалі пытанні канстытуцыйнай рэформы, механізму фарміравання Усебеларускага народнага сходу, смяротнага пакарання, як вышэйшай меры пакарання, а таксама бяспекі моладзі ў сацыяльных сетках.

Трэба дадаць, што лідарская платформа «Каманда будучыні» — праект па пошуку, папулярызацыі і навучанні маладых лідараў Беларусі тэарэтычным і практычным навыкам ў сферы лідарства і дзяржаўнага кіравання.

У рамках дзейнасці тэматычнай платформы прайшлі чатыры навучальныя семінары. Другі набор плануецца правесці ў студзені 2022-га.
Не абмінуў старшыня Маладзёжнага савета і тэму ратацыі кадраў. 

— Арганізавана работа па стварэнні адзінай сістэмы органаў маладзёжнага парламентарызму і ўніфікацыі падыходаў да іх дзейнасці, — патлумачыў сутнасць падыходаў ён. 

Паводле яго слоў, у склад Маладзёжнага парламента замест раней выбылых прадстаўнікоў абласцей дэлегавана 25 чалавек, большасць — навучаюцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі, ёсць прадстаўнікі працоўнай моладзі, адзін —курсант інстытута памежнай службы.

— У нашым складзе з’явяцца прадстаўнікі такіх прадпрыемстваў і арганізацый, як Беларускі металургічны завод, «БелАЗ», цэнтра «Нацыянальная школа прыгажосці» і іншых, — патлумачыў Ягор Макарэвіч.

Ад ТikTok да аналітыкі

Інфармацыйная прастора таксама актыўна асвойваецца маладымі парламентарыямі. Адным з цікавых праектаў па асвятленні дзейнасці членаў Маладзёжнага парламента з’яўляецца супрацоўніцтва з патрыятычным блогерам Сцюшай Тайм, які транслюецца ў ранішнім блоку на тэлеканале «РТР-Беларусь», а таксама размяшчаецца ў сацыяльнай сетцы TikTok. На дадзены момант ужо выйшлі ў эфір 14 выпускаў праекта.

Са жніўня на тэлеканале «СТБ» транслюецца аўтарская інфармацыйна-аналітычная рубрыка «Сенат», у якой падрабязна асвятляецца дзейнасць Савета Рэспублікі, яго членаў, а таксама Маладзёжнага парламента. 

— На сённяшні дзень у эфір выйшла 7 выпускаў. У планах — пашырыць рубрыку па хранаметражы, запусціць рэгіянальныя ўключэнні членаў Савета Рэспублікі і дэпутатаў мясцовых Саветаў, а таксама размясціць яе ў эфірнай сетцы вяшчання рэгіянальных тэлеканалаў, — патлумачыў аўтар і вядучы праграмы Пётр АРЛОЎ, старшыня камісіі Маладзёжнага парламента па міжнародным і рэгіянальным супрацоўніцтве.

Аднак, лічыць моладзь, гэта толькі пачатак, і спыняцца на дасягнутым не трэба. Наперадзе — новыя выклікі і новыя дасягненні.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?