Вы тут

Плюсы і мінусы гаджэтаў у жыцці дзіцяці


Пеця ніколі не вучыўся на выдатна. Бацькі шмат працавалі, таму кантраляваць дзіця не было каму. Яны сварыліся на сына, але нічога зрабіць не маглі. Па дапамогу да псіхолагаў не звярталіся, спадзяваліся што «з часам перарасце».


У старшай школе хлопчык, як лічыла маці, трапіў у дрэнную кампанію і пачаў курыць. Аднак паабяцаў кінуць — з умовай, што яму, нарэшце, купяць камп'ютар. Пеця стрымаў абяцанне, але... пачаў прагульваць школу. Ішоў туды з раніцы, але пасля некалькіх урокаў вяртаўся дадому і садзіўся гуляць за камп'ютар.

Бацькам прыходзілася «канваіраваць» сына да школы, яны саромелі яго, пагражалі, умольвалі, клікалі на дапамогу настаўнікаў. Нічога не дапамагала. У пачатку дзявятага класа настаўнікі сказалі, што Пеця іспыты не здасць, і прапанавалі дапаможную школу. На камісію малады чалавек не пайшоў і канчаткова засеў дома, каля камп'ютара...

Такіх людзей, як Пеця, у Японіі называюць «хікікаморы» або «хікі», сама з'ява азначае добраахвотнае пустэльніцтва без усялякай сувязі з навакольным светам. Псіхолагі розных краін занепакоеныя навамоднай тэндэнцыяй, якая прымушае маладых людзей разрываць сувязь з рэальнасцю. Пакаленне хікі лічыць за лепшае бавіць час у віртуальнай прасторы сусветнага павуціння.

— Гэта новая тэндэнцыя насцярожвае і прымушае задумацца, — кажа псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Вольга Варанько. — Мінус гаджэтаў у тым, што яны развіваюць у дзяцей «віртуальны мозг», у якім фарміруюцца скажоныя, далёкія ад рэальнасці вобразы свету. У выніку ўзнікаюць паводзінскія складанасці, якія праяўляюцца, напрыклад, у тым, што дзіця дрэнна прыстасоўваецца да рэальнага свету, у прыватнасці, да школьнага асяроддзя, у яго перастаюць працаваць межы у зносінах з людзьмі і іншае.

Дзецям праз экраны закладваюцца ўжо гатовыя схемы паводзін, рэакцыі на дзеянні іншых, на сітуацыі, якія яны гатовыя прымяняць у рэальнасці. Але гэта не адзіная небяспека, якую нясуць сучасныя аксесуары. Доўгае знаходжанне дзіцяці ў тэлефоне, планшэце ці за камп'ютарам уплывае на развіццё мазгавых функцый. Навукова даказана, што знаходжанне дзіцяці за гульнёй у гаджэтах адмоўна ўплывае на інтэлектуальнае развіццё. Парушае сістэмнае і паэтапнае развіццё мыслення дзіцяці, зніжае кагнітыўныя функцыі, павышае імпульсіўнасць. Спажыванне інфармацыі маленькімі порцыямі можа прывесці і да складанасцяў у канцэнтрацыі ўвагі па-за віртуальным светам. Дзіця, захопленае гульнёй у дэвайсе, менш рухаецца і не засвойвае разнастайныя рухальныя навыкі, што таксама тармозіць натуральнае развіццё.

Сацыяльныя сеткі раздражняюць цэнтры задавальнення, і малое цешыцца, калі хтосьці каментуе яго пасты і ставіць лайкі фатаграфіям. Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі даюць пастаянны прыток новай інфармацыі. І нават гэтая не вельмі якасная інфармацыя фарміруе звычку да «перажоўвання віртуальнай ежы» (гэты эфект можна параўнаць з жаваннем жуйкі). Інтэрнэт дае нібыта сховішча ад рэальнасці — стракаты кантэнт дапамагае забыцца пра сапраўдныя праблемы і заняць мозг пустымі навінамі.

Працяглае знаходжанне дзіцяці ў віртуальным свеце можа прывесці і да камп'ютарнай і інтэрнэт-залежнасці вельмі хутка. А лячэнне залежнасцяў немагчыма без прыцягнення сур'ёзных спецыялістаў у гэтай галіне.

Але стагоддзе інфармацыйных тэхналогій прынесла ў жыццё сучасных дзяцей не толькі небяспеку. Гаджэты могуць стаць выдатным сродкам развіцця, галоўнае, ведаць меру і ўважліва падыходзіць да пытання напаўнення гаджэта. Яркія візуалізацыі, выразныя выявы, змена дэкарацый, рухомасць прадметаў, магчымасць узаемадзейнічаць з героямі і вобразнымі мадэлямі захапляюць дзіця і стымулююць пазнавальную актыўнасць.

Існуе мноства сайтаў і навучальных дадаткаў, накіраваных на развіццё дробнай маторыкі, рэакцыі, логікі, памяці і іншых важных навыкаў. Малым значна больш падабаецца вучыцца ў гульнявой форме, і пад наглядам бацькоў такія заняткі могуць быць вельмі эфектыўныя. Дзіця школьнага ўзросту цалкам можа карыстацца такімі праграмамі, як графік спраў, расклад урокаў, вядзенне дзённіка і г. д. Гэта развівае навыкі самастойнасці і вучыць здабываць карысць з гаджэтаў, а не разглядаць іх толькі як забаўку.

Для падлеткаў смартфоны ўвогуле адыгрываюць больш значную ролю. Яны дапамагаюць адаптавацца ў грамадстве праз сацыяльныя сеткі і месенджары, падштурхоўваюць да самарэалізацыі.

— Электронныя дэвайсы ўжо трывала ўвайшлі ў наша жыццё, і няма сэнсу поўнасцю забараняць дзецям іх выкарыстанне, — гаворыць Вольга Варанько. — Але трэба дакладна кантраляваць час, які дзіця будзе праводзіць за інтэрактыўнымі забаўкамі, а таксама вучыцца здабываць выгаду з дзіцячых навучальных праграм. Так, на базе Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей працуе служба інтэрнэт-кансультавання KІDS.POMOGYT.BY. Гэта добрая магчымасць для бацькоў і дзяцей з дапамогай паведамленняў у чат ананімна задаць любыя пытанні, напрыклад, як засцерагчы дзіця ў сетцы, што рабіць, калі крыўдзяць у школе, і многае іншае.


Парады псіхолага бацькам, якія заўважылі, што іх дзіця шмат часу праводзіць за дэвайсам.

Важна, каб абодва бацькі прытрымліваліся адзінага меркавання аб камп'ютарнай і інтэрнэт-залежнасці дзіцяці і ставіліся да гэтай праблемы абсалютна сур'ёзна. Бацькам неабходна быць гатовымі да супраціўлення, а менавіта да таго, што дзіця, адстойваючы свае інтарэсы, будзе спрабаваць выклікаць у іх пачуццё віны ці вывесці з сябе.

Пагаварыце з дзіцем аб праблеме адкрыта, скажыце, што вас турбуюць змены ў яго паводзінах: тое, што яно выглядае стомленым, закінула вучобу і хобі, аддалілася ад сяброў.

Дамоўцеся аб дакладнай колькасці часу, які яно будзе праводзіць за камп'ютарам штодня. Шчыра скажыце, што вы хацелі б кантраляваць час, праведзены ім у інтэрнэце, і ведаць, якія сайты яно праглядае. Дазваляйце дзіцяці выходзіць у сетку прыблізна гадзіну ўвечары, а таксама ў выхадныя.

Кантралюючы актыўнасць дзіцяці ў сетцы, паступова ўстанаўлівайце з ім даверныя адносіны. Калі дзіця адмаўляецца супрацоўнічаць ці хлусіць, хутчэй за ўсё, яно не прызнае сваю інтэрнэт-залежнасць.

Развівайце і свае навыкі інтэрнэт-карыстальніка і інфармацыйнай гігіены ў дзіцяці.

Усталюйце камп'ютар так, каб ён быў у вас навідавоку. Ён не павінен знаходзіцца ў дзіцячым пакоі!

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Трапілі ў сетку...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.