Вы тут

Дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ужо больш за чвэрць стагоддзя


Рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Тады, у 1995 годзе, указам Прэзідэнта Беларусі быў зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 1995—2000 гады. У ім былі прапісаны дзясяткі важных задач на найбліжэйшую пяцігодку, у тым ліку стварэнне Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення і банка дзяцей-сірот, пашырэнне сеткі рэабілітацыйных цэнтраў. І разам з гэтым — правядзенне пераднавагодніх дабрачынных акцый «Нашы дзеці».


Фота: pixabay.com

Кожны год напярэдадні навагодніх свят і Каляд кіраўнікі органаў дзяржкіравання, мясцовыя ўлады, бізнесмены, спартсмены, зоркі эстрады і проста неабыякавыя грамадзяне наведваюць дзіцячыя дамы-інтэрнаты, прыёмныя сем'і, бальніцы, каб падарыць дзецям незабыўнае свята. Сёлета традыцыйная рэспубліканская акцыя пройдзе з 14 снежня да 14 студзеня.

«Колькасць тых, хто ўдзельнічае ў акцыі, з году ў год узрастае. У многіх дзяржорганаў, прыватных структур ужо склаліся шэфскія сувязі, якія падтрымліваюцца не толькі ў перыяд
акцыі», — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка перад чарговым пасяджэннем аргкамітэта.

Традыцыйныя мерапрыемствы пройдуць у Мінску: галоўная ёлка краіны, дабрачынныя святы ў Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці, баль для навучэнцаў і студэнтаў — пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў і алімпіяд. Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, для гэтага каля 4500 дзяцей будуць запрошаны ў сталіцу. Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што ўсё будзе арганізавана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя па правядзенні санітарна-проціэпідэмічных мерапрыемстваў.

У гэтым годзе ўпершыню будзе праведзены дабрачынны збор сродкаў для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны.

«Спадзяюся, нашы грамадзяне з задавальненнем адгукнуцца на гэту ініцыятыву і прымуць удзел у зборы грашовых сродкаў», — дадаў віцэ-прэм'ер.

Не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах краіны вельмі сур'ёзна рыхтуюцца да самай папулярнай у краіне дабрачыннай акцыі. Так, напрыклад, «Беларускі дзіцячы фонд» у Магілёўскай вобласці аб'явіў аб старце 1 снежня дабрачыннага марафону «Сагрэем дзіцячыя сэрцы», які, дарэчы, з'яўляецца складнікам акцыі «Нашы дзеці».

«Галоўная мэта марафону — дапамога дзецям-сіротам, якія знаходзяцца пад апекай, дзецям-інвалідам, хворым, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў, якія маюць патрэбу, а таксама прыцягненне ўвагі да праблем гэтай катэгорыі дзяцей, — патлумачыла дырэктар Магілёўскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ірына Фісюк. — Падчас навагодніх і калядных свят для такіх дзетак пройдзе шмат розных мерапрыемстваў. Усе ўдзельнікі атрымаюць навагоднія падарункі. Летась пры падтрымцы гарадской дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Благо» падарункі атрымалі амаль 1,5 тысячы дзяцей».

Гарадскі дабрачынны марафон «Падарым дзецям казку» ў Бабруйску таксама прымеркаваны да рэспубліканскай акцыі і стартуе 14 снежня. На працягу ўсяго марафону на мясцовым тэлеканале будуць трансліравацца ролікі, дзе ўдзельнікі дабрачыннага мерапрыемства, кіраўнікі арганізацый, бізнесмены і прадстаўнікі грамадскасці будуць перадаваць падарункі дзецям. Адным з важных атрыбутаў бабруйскага дабрачыннага марафону стане незвычайная навагодняя ёлка. На ёй будуць размешчаны цацкі, у якіх схаваюць пажаданні дзяцей з сацыяльнага прытулку. Кожны госць марафону, апроч тых падарункаў і сертыфікатаў, якія ён прынёс, стане чараўніком для аднаго дзіцяці і выканае яго запаветнае жаданне.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Сагрэем дзіцячыя сэрцы!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».