Вы тут

Прыма-балерына Марына Вежнавец: Для мяне сям'я немагчымая без кахання


Прыхільнікі прымы-балерыны Вялікага тэатра заслужанай артысткі Беларусі Марыны Вежнавец пішуць, што іх самыя любімыя спектаклі менавіта тыя, калі яна танцуе ў пары з мужам — уладальнікам такіх жа тытулаў Юрыем Кавалёвым. Так, яны прыгожыя і па-акцёрску пераканаўчыя. Створаныя імі вобразы не пакідаюць публіку абыякавай. Але, як прызналася сямейна-балетная пара, работа — тое, з-за чаго яны могуць паспрачацца.


— Вы абодва — выпускнікі Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа. Ці не ў тых сценах пачаўся ваш раман?

Марына Вежнавец: Не, але я звярнула ўвагу на Юру — вельмі яркі вучань.

Юрый Кавалёў: У каледжы Марына была мне не пад густ (усміхаецца. — Аўт.). А вось у тэатры ўбачыў яе іншымі вачыма ці што... Зараз не разумею, што мне тады было не так.

— Раскажыце, якой парай вы сталі спачатку: балетнай або сямейнай?

М. В.: Балетнай. Мы сустрэліся на рэпетыцыі, калі рыхтавалі прэм'еру балета «Дон Кіхот», я танцавала Мерсэдэс, а Юра — Эспада. І вось літаральна з першай рэпетыцыі зарадзіліся нашы адносіны. Хоць спачатку я гнала ад сябе пачуцці, бо была вельмі захоплена работай.

— Колькі доўжыўся перыяд заляцанняў?

М. В.: Праз паўгода мы сталі жыць разам, а вяселле згулялі праз чатыры гады.

— Відавочна, што вы яшчэ да вяселля размеркавалі ролі ў сям'і, хто за што адказвае, хто — галоўны?

Ю. К.: Неяк натуральным чынам вызначылася, што галоўны — я. І гэтая роля не заключаецца ў тым, каб стукнуць кулаком па стале, маўляў, я сказаў, а ў тым, каб узяць на сябе адказнасць за сям'ю. На самай справе, мы разам галоўныя, у нас у сям'і раўнапраўе.

М. В.: Мы дакладна не дзялілі, хто будзе мыць посуд, хто — выносіць смецце. Звычайна гэта робіць той, у каго ёсць час у дадзены момант. Неяк сам па сабе склаўся такі класічны варыянт, калі жонка гатуе, а муж косіць траву на нашым участку.

— Вы жывяце за горадам?

Ю. К.: Так, недалёка ад Мінска. Першапачаткова гэта было лецішча. Нам вельмі спадабалася прырода, і мы зразумелі, што хацелі б там жыць пастаянна, а не толькі летам. Таму задумалі будоўлю капітальнага дома. Гэта, вядома, заняло нямала часу. Жыццё ў прыватным доме прымушае многія рэчы навучыцца рабіць самастойна. У мяне ў гаражы шмат рознага інструменту, і я ўмею ім карыстацца.

— Хто ў вашай сям'і фінансіст?

М. В.: Буйныя пакупкі — гэта да Юры. Ён умее спланаваць, выбраць. Частку грошай мы складваем у сямейную скарбонку, астатнім кожны распараджаецца самастойна.

—- Тое, што вы сям'я — дапамагае ў рабоце?

М. В.: Да свайго чалавека больш патрабаванняў, хочацца станцаваць бездакорна. Мне прыемна, калі гледачы кажуць, што яны імкнуцца выбіраць менавіта тыя спектаклі, на якія мы заяўленыя як выканаўцы галоўных роляў.

Ю. К.: З жонкай на сцэне больш паразумення, лягчэй танцаваць, таму што ведаеш, на што яна здольная па максімуме. Але менавіта з-за гэтага мы можам на рэпетыцыі паспрачацца. Аднойчы ў Пецярбургу педагог спытаў у нас: «Разам танцуеце?». Пасля станоўчага адказу сцвярджальна так заявіў: «Сварыцеся на рэпетыцыях». Мабыць, усе балетна-сямейныя пары падобныя.

— Вы свядома адкладалі нараджэнне дзіцяці на потым або так склаліся абставіны?

М. В.: Мы заўсёды хацелі, каб у нас было дзіця, але абставіны складваліся па-рознаму. Ліза — любімая і доўгачаканая. Цяпер нам здаецца, што яна з'явілася на свет у самы ўдалы час для нашай сям'і.

Ю. К.: Усё наша жыццё цяпер круціцца вакол дачкі, і гэта выдатна. Магу сказаць, што рэальнасць перасягнула нашы мары пра дзіця.

— Марына, вы досыць хутка выйшлі з дэкрэту. Ліза расла ў балетным класе або вам з дзіцем дапамагалі?

— У класе Ліза ніколі не расла. Яна такая доўгачаканая не толькі намі, але і ўсімі роднымі, што бабулі, дзядуля і мая сястра імкнуцца дапамагаць нам наперабой. Ліза вельмі любіць праводзіць час з маім татам. Але калі я дома, то ўсе астатнія сыходзяць на другі план. Родныя часам нават раўнуюць (усміхаецца. — Аўт.).

У тры гады мы адвялі Лізу ў садок. Пакуль яна там адаптуецца, праводзіць па паўдня. Ёй цяжка даецца момант расстання з намі, але потым яна з задавальненнем добра гуляе з дзецьмі.

Ліза нарадзілася ў верасні. Праз паўгода, калі ў дачкі выпрацаваўся рэжым, я пачала займацца дома, а вясной выйшла на сцэну. Рада, што ўсё ўдала склалася, разумею, што ў мяне не так шмат часу засталося танцаваць.

— А як прыняць гэтую сітуацыю, што людзі яшчэ маладыя, але як артысты ўжо павінны сысці на пенсію?

М. В.: Гэта няпроста, але лягчэй, калі ты разумееш, чым будзеш займацца, калі сыйдзеш са сцэны. У мяне ёсць свая балетная школа, таму я дастаткова спакойна гляджу ў будучыню.

Ю. К.: У мяне таксама ёсць планы. Я хачу неяк шырэй паглядзець на свет, выйсці за рамкі тэатра. Пакуль працуем, жывём у такім своеасаблівым свеце, калі нам здаецца, быццам ёсць толькі мы: артысты, тэатр і наша публіка. Думаю, што захаваю месца выкладчыка ў школе Марыны, так што і балет у нейкай ступені застанецца ў маім жыцці.

— Марына, ваша школа — падрыхтоўчы клас для паступлення ў харэаграфічны каледж?

М. В.: Балет — вельмі рэдкая прафесія, таму не кожны стане артыстам. Але мэта школы, перш за ўсё, у тым, каб дапамагчы дзецям гарманічна развівацца. Балет — гэта музычнасць, пластычнасць.

Мы набіраем дзяўчынак з 3 гадоў, хлопчыкаў — з 4-х. Усе заняткі праводзяцца ў гульнявой форме. Наша Лізавета таксама пайшла ў школу, ёй вельмі падабаецца, і я разумею: калі б не было сваёй школы, шукала б нешта падобнае для сваёй дачкі.

У школе ў нас моцны касцяк педагогаў, якія самі вучыліся ў выдатных артыстаў балета, ужо маюць свой вопыт і ўсім гэтым гатовыя падзяліцца з дзецьмі.

Немалаважна, што мне самой падабаецца выкладаць, бо гэта таксама творчы працэс. Зараз у тэатр прыйшла працаваць мая пляменніца, яна вельмі таленавітая, і мне хочацца ёй дапамагчы, каб яна стала паспяховай балерынай.

— Напэўна, бацькі некаторых дзяцей пытаюцца ў вас, якія перспектывы ў дзіцяці, ці атрымаецца з яго зорка балета?

М. В.: Ніколі не даю прагнозаў. У нашай прафесіі столькі розных нюансаў... Бывае, што ў дзіцяці ёсць здольнасці і яно не асабліва напружваецца, таму павольней рухаецца наперад, чым тыя дзеці, якім даводзіцца шмат працаваць. Нярэдка прымамі становяцца тыя, у каго ў дзяцінстве не было выбітных дасягненняў. Але я дакладна ведаю, што нікому не перашкодзяць заняткі музыкай і харэаграфіяй нават на аматарскім узроўні.

— Як любіце адпачываць?

М. В.: З нараджэннем Лізаветы самы цудоўны час — той, які мы праводзім з ёй. Улетку аддаём перавагу адпачынку на прыродзе, ездзім на Нарач і ў іншыя прыгожыя месцы Беларусі. У халодны час года любім сядзець каля каміна.

Ю. К.: Дзякуючы гастролям удалося павандраваць. Прычым за час пандэміі нават не паспелі засумаваць па выездах. Вядома, сумяшчэнне работы і турызму накладвае некаторыя абмежаванні: перад ранішняй рэпетыцыяй не пойдзеш на начную дыскатэку, але свет, менавіта з пазнавальнага пункту гледжання, мы ўбачылі.

— Вельмі часта, калі пытаюся пра сакрэты доўгага сямейнага жыцця, людзі кажуць: быць разам — гэта праца. А што вы можаце сказаць пра вашы васямнаццаць сумесных гадоў?

Ю. К.: Думаю, нам пашанцавала, што мы сустрэліся. Калі гэта твой чалавек і ты хочаш быць менавіта з ім, то нават у нейкай праблемнай сітуацыі будзеш шукаць магчымасці, кампрамісы, каб заставацца разам.

М. В.: Мы з ім адно цэлае, без Юры не ўяўляю сваё жыццё. З нараджэннем дачкі я ўпэўнілася, што Юра — вельмі добры бацька, а гэта каштоўная якасць. Для Лізы вельмі важна, што яна бачыць далікатныя адносіны бацькоў і адчувае проста лавіну нашай любові да яе. Для мяне сям'я немагчымая без кахання.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва Юрыя Кавалёва і прэс-службы Вялікага тэатра Беларусі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.