Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў галоўным цэнтры размяшчэння бежанцаў


Сапраўдныя маштабы гуманітарнай катастрофы можна ацаніць, толькі прыехаўшы ў лагер бежанцаў. Людзі за 10 дзён знаходжання ў паходных умовах выглядаюць знясіленымі, у вачах — неразуменне. Чаму так адбываецца? І колькі яшчэ будзе цягнуцца ўся гэта сітуацыя? Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў галоўным цэнтры размяшчэння бежанцаў у Гродзенскай вобласці.


Мы прыехалі ў лагер раніцай. Ноч на сераду большая частка людзей, якія пакінулі сваю радзіму, правяла ў транспартна-лагістычным цэнтры пагранперахода «Брузгі». Яны выстраіліся ў калону на вуліцы, бо чакаюць падвозу прадуктаў. Побач разгорнуты дзве вялікія палаткі, дзе ўсталяваны сталы. Тут будуць раздаваць ежу. Хутка павінен прыехаць транспарт з гарачым харчаваннем і сухімі пайкамі. Прадстаўнікі Таварыства Чырвонага Крыжа і валанцёры атрымліваюць распараджэнні па арганізацыі харчавання. Трэба сказаць, што людзі ў калоне стаяць спакойна, рэдка хто размаўляе, у асноўным стаяць моўчкі. Многія, на мой погляд, адзеты не па надвор'і — вопратка даволі лёгкая, а на вуліцы ўсяго тры градусы цяпла.

— Тут знаходзяцца дзеці, жанчыны... Іх літаральна пазалівалі вадой з сумежнай тэрыторыі, многія моцна змерзлі. Мы за ноч сабралі цёплыя рэчы, прадукты — рыс, кансервы, прадметы асабістай гігіены, — каб ім дапамагчы, — расказвае намеснік старшыні БСТ «Дынама» па Гродзенскай вобласці Яўген Дудко, які прывёз гуманітарны груз.

У хуткім часе пачынае працаваць генератар, які абагравае палаткі і забяспечвае ў іх святло. Пад'ехала некалькі бусаў з прадуктамі. Гучыць каманда валанцёрам аб разгрузцы. Бежанцам растлумачана, што напачатку ўсе атрымаюць сухія пайкі ў пакетах, потым пад'едзе гарачая ежа з чаем. Непадалёку знаходзяцца два аўтамабілі хуткай дапамогі, у гэты час якраз праходзіць агляд пацыента. Адна з брыгад дзяжурыла і ноччу, пасля прыбыцця ў лагер была зроблена тэрмаметрыя і аказвалася дапамога на месцы. За апошнія суткі медыцынская дапамога аказана 15 бежанцам, некалькі чалавек шпіталізаваны. Зарэгістраваны звароты з апёкамі і наступствамі прымянення слёзатачывага газу. Як стала вядома, чацвёра дзяцей знаходзяцца на лячэнні ў Гродзенскай абласной дзіцячай бальніцы. У тым ліку маці з двума малымі, аднаму з якіх 4 месяцы. Усім аказана неабходная медыцынская дапамога, іх жыццю нічога не пагражае.

Тым часам працягваецца раздача сухіх пайкоў. Сабраныя крупы, макарону завязуць у воінскую часць, каб прыгатаваць кашу і прывезці потым у катлах сюды, у лагістычны цэнтр. Цёплыя рэчы, якія сабраны, павязуць у лагер бежанцаў каля польскай граніцы. Дарэчы, у бусах разам з прадуктамі загружаны стосы коўдраў. Яны прызначаны на выпадак непрадбачных і экстранных сітуацый. І гэта зараз вельмі запатрабавана.

Валанцёры, а гэта пераважна прадстаўнікі Таварыства Чырвонага Крыжа, прыехалі з усіх абласцей Беларусі. Яны прайшлі спецыяльную падрыхтоўку для работы ў надзвычайных сітуацыях. Зараз сочаць за тым, каб людзі заходзілі ў палаткі арганізавана, невялікімі партыямі, каб не было таўкатні. У першую чаргу прапускаюць дзяцей і жанчын з дзецьмі.

— Вельмі многа такіх, хто дапамагае ў арганізацыі быту бежанцаў, бо таксама няпроста выбудаваць ланцужок дапамогі. Гэта і раздача гуманітарнага грузу, і кармленне людзей, і забеспячэнне парадку. Мы раздалі людзям, якія знаходзяцца ў лагістычным цэнтры, вялікую колькасць матрацаў, коўдраў, падушак. Раздалі сродкі гігіены, дзецям — памперсы. Зараз раздаём сухія пайкі, ваду, дзецям — ёгурты, малочныя сумесі. Ствараюцца ўмовы для спрыяльнага, наколькі магчыма, знаходжання вялікай колькасці людзей, ёсць дзе памыцца, — пракаменціраваў сітуацыю генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

Ён таксама зазначыў, што ўнутры бокса забяспечана зарадка мабільных прылад. Многія звязаліся са сваімі роднымі і блізкімі, глядзелі навіны са сваіх краін.

Між тым чарга паціху памяншаецца, людзі выходзяць з палатак з гарачым чаем, хлебам і яйкамі. На абед будзе раздавацца салдацкая каша, якая гатуецца ў воінскай часці.

— З раніцы арганізавана раздача прадуктовых набораў, у абед будзе гарачая каша, наладжаны бесперабойны агляд медыцынскімі работнікамі, — паведаміў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. — Мы паглядзелі, якая сітуацыя ў лагеры, дзе людзі знаходзяцца на вуліцы і ў палатках, абаграваюцца вогнішчамі. Яны не хочуць адыходзіць ад граніцы. Яны будуць працягваць спробы трапіць па той бок граніцы, каб нагадваць аб сабе. Нашы пагранічнікі разумеюць, што мы не можам дапускаць ніякіх правакацый, эскалацыі. Вядома, пастаянна ўгаворваем, каб жанчын і дзяцей адправілі сюды, у лагістычны цэнтр, але людзі не хочуць разлучацца з сем'ямі. І наогул адыходзіць ад граніцы.

Многія беларусы прапусцілі, што называецца, праз сябе складаны лёс людзей, якія вымушаны пакутаваць на граніцы. Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк назваў сітуацыю шокам для многіх беларусаў. Разам з тым паступае мноства званкоў з жаданнем аказаць дапамогу. Гэта і грамадскія аб'яднанні, і мясцовыя ўлады, і проста нераўнадушныя грамадзяне. Дзякуючы гэтаму, становішча бежанцаў значна палепшылася.

— Усе сілы скіраваны на тое, каб забяспечыць нармальныя чалавечыя ўмовы для бежанцаў, — зазначыў Віктар Пранюк. — Мы не кажам пра сур'ёзны бытавы камфорт, але цёплыя рэчы, матрацы, магчымасць знаходзіцца ў цёплым памяшканні, атрымаць медыцынскую дапамогу гэтыя людзі маюць. Варта сказаць, што сярод бежанцаў няма ніякіх правапарушэнняў, эксцэсаў, мы рыхтуем дадатковыя месцы, каб была магчымасць размясціць тут і тых, хто зараз знаходзіцца каля граніцы.

Таксама прадстаўнік абласной вертыкалі паведаміў, што тыя, хто пажадае застацца на тэрыторыі Беларусі, могуць атрымаць тут прытулак і застацца. У сваю чаргу ўлады гатовы забяспечыць мігрантам пражыванне, працу, а дзеці змогуць наведваць навучальныя ўстановы.

У лагер бежанцаў прыехалі прадстаўнікі дэпутацкага корпуса. Імі сабраны сродкі і пералічаны на разлік Чырвонага Крыжа, якім, у сваю чаргу, закуплены неабходныя гігіенічныя наборы і прадукты. Дэпутатамі выказана спадзяванне, што сітуацыя нарэшце вырашыцца і будзе прынята правільнае палітычнае рашэнне. Бо людзі знаходзяцца ў вельмі складаных умовах і перажываюць не выдуманыя, а рэальныя пакуты.

Маштаб гуманітарнай катастрофы становіцца відавочным пры наведванні самога лагістычнага цэнтра. Больш за тысячу людзей размясцілася на падлозе вялікага памяшкання. І хоць ўсе яны маюць коўдры, матрацы, але ў многіх у вачах нібы застыла пытанне: калі гэта скончыцца? Відавочна, што яны ў роспачы. Малады іракскі бежанец расказаў, што ён у ліку іншых трапіў на граніцы пад вадамётны струмень, усе былі мокрыя і вельмі змерзлі. Але потым, калі яны апынуліся тут, удалося сагрэцца. Зараз у іх усё адзенне прапахла слёзатачывым газам, і гэта вельмі непрыемны пах. Яшчэ ён расказаў, што яму 10 дзён таму ўдалося прайсці на польскі бок, але яго там злавілі польскія пагранічнікі, забралі грошы, мабільны тэлефон і выпхнулі назад у Беларусь.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БелТА

Загаловак у газеце: «Для беларусаў гэтая сітуацыя стала шокам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?