Вы тут

З-за выпадку заражэння каранавіруснай інфекцыяй у лагеры бежанцаў адкрыты пункт вакцынацыі


Такое пажаданне выказалі самі бежанцы. Для гэтага абсталявана асобнае памяшканне, дзе будзе таксама аказвацца і першасная медыцынская дапамога. Пункт абсталяваны пад амбулаторыю. Людзям раздаюць маскі.


За мінулыя суткі па медыцынскую дапамогу звярнулася каля сарака чалавек, некалькі з іх шпіталізаваны. Адзін з бежанцаў пашкодзіў галенастоп. Яму аказана медыцынская дапамога. Але ёсць і больш сур'ёзныя выпадкі.

18 лістапада брыгада хуткай дапамогі даставіла ў прыёмнае аддзяленне з беларуска-польскай граніцы 25-гадовага грамадзяніна Ірака Закарыя Хагі Мустафу. Ён скардзіўся на болі ў вобласці паясніцы. Таксама ў яго была высокая тэмпература. Пасля таго, як урачы правялі ўльтрагукавое абследаванне, зрабілі аналіз і паставілі дыягназ, яго адразу накіравалі ў аперацыйную. Аказалася, што патрэбна неадкладнае выдаленне каменя з мачаточніка. Закарыя паспяхова прааперыравалі і ўстанавілі стэнт. Як зазначылі ў Гродзенскай бальніцы хуткай дапамогі, аперацыя была зроблена своечасова, і жыццю пацыента нічога не пагражае. Ён праходзіць лячэнне ў аддзяленні ўралогіі.

Таксама аказана медыцынская дапамога цяжарнай жанчыне, якая паступіла ў Гродзенскі абласны перынатальны цэнтр. Тут яна атрымала кансультацыю, а затым вярнулася да сваёй сям'і на граніцу. Увогуле, да медыкаў брыгады хуткай дапамогі, што дзяжураць у лагістычным цэнтры, бежанцы звяртаюцца пастаянна. Усе атрымліваюць патрэбныя кансультацыі.

Медыцынская дапамога аказваецца і дзецям. Як расказалі ў Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы, умовы, у якіх апынуліся бежанцы на беларуска-польскай граніцы, — вялізарная рызыка для іх здароўя. Зараз у бальніцы праходзяць лячэнне чацвёра дзяцей з іх ліку. Яны знаходзяцца разам са сваімі маці. З кішэчнай інфекцыяй даставілі хлопчыка ва ўзросце 2,5 года. Пацыенту з Ірака правялі неабходны комплекс дыягностыкі, вядзецца лячэнне. Як расказалі ў дзіцячай бальніцы, ёсць станоўчая дынаміка, стан маленькага пацыента здавальняльны.

Днямі паступілі ў дзіцячую бальніцу і двое брацікаў, малодшаму ўсяго чатыры месяцы, старэйшаму — няма і двух гадоў. З-за доўгага знаходжання ў халодных умовах у малодшага развіўся абструктыўны бранхіт, другі — з сімптомамі віруснай рэспіратарнай інфекцыі. Сям'я заставалася ў палатачным лагеры, хаця малодшаму дзіцяці станавілася горш. Медыкам удалося ўгаварыць маці пакінуць лагер і ехаць у бальніцу. Зараз стан пацыентаў палепшыўся, яны атрымліваюць неабходнае лячэнне.

Пад пагрозай — і жыццё дзесяцігадовага хлопчыка з Сірыі. Яго, можна сказаць, падабралі беларускія пагранічнікі зусім знясіленага. Казалі, што ён адзінока хадзіў па лагеры, а часцей ляжаў на зямлі. Аказалася, што адстаў ад сям'і, ніхто з дарослых яго не даглядаў. У хлопчыка былі ўсе прыкметы пераахаладжэння, абязводжвання і галадання. Напачатку яго агледзелі медыкі хуткай дапамогі, затым накіравалі ў стацыянар. У бальніцы аказалі медыцынскую дапамогу, а галоўнае — накармілі і сагрэлі, дзіця стала адчуваць сябе лепш. Хлопчыка выпісалі з бальніцы.

Па розных ацэнках, сярод дзвюх тысяч бежанцаў знаходзіцца больш за 500 дзяцей, многім з якіх няма і двух гадоў. Увесь гэты час дзеці праходзяць праз усе іспыты разам з дарослымі.

Не вытрымліваюць такіх умоў жыцця і дарослыя. Адна з бежанак страціла прытомнасць проста на пункце пропуску. Яна да апошняга заставалася каля КПП і не згаджалася перайсці ў лагістычна-транспартны цэнтр, куды перамясцілася асноўная частка іракскіх бежанцаў.

У чацвер стыхійны лагер каля КПП пачаў знікаць, групы мігрантаў адна за адной перасяліліся ў лагістычна-транспартны цэнтр, дзе для іх падрыхтаваны другі паверх. Ім выдаюцца коўдры і матрацы.

У лагеры бежанцаў асаблівая ўвага аддаецца сітуацыі з пандэміяй.

— Выяўлены хворы на каранавірусную інфекцыю. Яго накіравалі на лячэнне ў Гродзенскую ўніверсітэцкую клініку. Бежанцы выказалі жаданне вакцынавацца. Мы разумеем, што інфекцыя можа паралізаваць работу ўсяго лагера, таму, па ўзгадненні з Міністэрствам аховы здароўя, гатовы рабіць прышчэпкі кітайскай вакцынай, каб захаваць бяспеку для ўсіх, хто тут знаходзіцца, а таксама валанцёраў і тых, хто аказвае дапамогу бежанцам, — зазначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.

Паколькі ў цэнтры сканцэнтравана вялікая колькасць людзей, ім прапаноўваецца выкарыстоўваць маскі. Сюды прывезлі 10 тысяч медыцынскіх масак, якія раздалі бежанцам.

На тэрыторыі лагістычнага цэнтра арганізаваны пункт вакцынацыі. Для гэтага выдзелілі спецыяльнае памяшканне, тут будзе працаваць і стацыянарны пункт медыцынскай дапамогі. Ён поўнасцю абсталяваны для работы. Бежанцы атрымаюць першасную медыцынскую кансультацыю пры зваротах, а медыкі будуць прымаць рашэнні і аб адпраўцы іх у медыцынскія ўстановы. Ажыццяўляць вакцынацыю будуць супрацоўнікі гарадской паліклінікі № 7.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: Зберагчы здароўе ўсіх

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?