Вы тут

Момант ісціны


Сітуацыя на беларуска-польскай граніцы стала своеасаблівай лакмусавай паперкай, якая праявіла шэраг важных адметнасцяў. Напрыклад, высветлілася, што несур'ёзныя дзяржавы займаюцца несур'ёзнымі справамі, а з тым хаосам, які яны стварылі, імкнуцца разабрацца сур'ёзныя геапалітычныя гульцы. Няма нічога дзіўнага ў тым, што калі на польска-беларускай (а значыць, еўрапейска-беларускай) граніцы склалася патавая сітуацыя, яны падключыліся да справы. Аб гэтым у сваім аналітычным артыкуле для выдання Mysl Polska піша гісторык, прэзідэнт польскага Нацыянальнага фонду імя Рамана Дмоўскага Пшамыслаў Пяста, паведаміў інтэрнэт-партал «ИноСМИ».


Варшава супраць

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон абмеркаваў тэму па тэлефоне з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным, а канцлер Германіі Ангела Меркель, якая пакідае сваю пасаду, але ўсё яшчэ карыстаецца павагай, паразмаўляла з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. «Зацікаўленыя бакі пачалі ювелірную дыпламатычную гульню. Дзякуючы гэтаму яны, напэўна, даб'юцца часткі сваіх палітычных мэт», — піша Пшамыслаў Пяста.

Чым займалася тым часам Польшча? Прэзідэнт гэтай краіны ўжо паспяшаўся заявіць, што Варшава не падтрымае прапанаваныя Берлінам і Мінскам шляхі выхаду з міграцыйнага крызісу. Замест пошуку выйсця з сітуацыі яшчэ больш узмацняецца надзвычайны рэжым на граніцы. Сейм прыняў чарговую папраўку да закона аб абароне дзяржаўнай граніцы, паведаміла польскае радыё RMF24. Папраўка прызначана забяспечыць «эфектыўнасць дзеянняў, прыманых пагранічнай службай для абароны граніцы ў выпадку пагрозы дзяржаўнай бяспецы або грамадскаму парадку». Пры гэтым сейм фактычна падзяліўся: за змяненні прагаласавалі 245 дэпутатаў, 167 выказаліся супраць, 25 устрымаліся.

Папраўка прадугледжвае часовую забарону на знаходжанне ў прыгранічнай зоне на падставе пастановы міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі. У гэтай пастанове будуць пазначаны вобласць і працягласць забароны. Пастанова не будзе распаўсюджвацца на жыхароў забароненай зоны, людзей, якія працуюць там на аплатнай рабоце, а таксама на студэнтаў або грамадзян, якія карыстаюцца пагранічнымі пераходамі. Згоду на прысутнасць у забароненай зоне іншых людзей, у прыватнасці журналістаў, можа даць начальнік мясцовай пагранічнай службы.

Новыя правілы таксама пашыраюць пералік прымусовых мер, якія ваенныя могуць прымяніць у адносінах да парушальнікаў. У прыватнасці, супрацоўнікі пагранічнай службы могуць выкарыстоўваць ранцавыя балоны са спецсродкамі. Як вядома, Польшча ў сувязі з міграцыйным крызісам у пачатку верасня ўвяла надзвычайнае становішча ў прыгранічных рэгіёнах. У забароненую зону не пускаюць прадстаўнікоў СМІ, а таксама валанцёраў і прадстаўнікоў гуманітарных арганізацый, якія маглі б аказаць дапамогу бежанцам.

Польшча ўсё ж не сядзіць склаўшы рукі, іранізуе Mysl Polska. Нацыянальны банк, напрыклад, збіраецца выпусціць калекцыйную банкноту ў гонар перамогі польскіх пагранічнікаў над групай асабліва непрыемных імігрантаў. Гэта вікторыя, відаць, пераўзыходзіць па сваім бляску трыумф у Хоцінскай бітве 1671 года, гадавіну якой палякі нядаўна адзначалі, паколькі тая спецыяльнай банкноты не была ўдастоена, заўважыў на старонках Mysl Polska Пшамыслаў Пяста.

У сваю чаргу генеральны сакратар італьянскай арганізацыі «Няма міру без справядлівасці» (NPWJ) Нікола Фіга-Таламанка заявіў, што дзеянні Польшчы ў сітуацыі з бежанцамі на граніцы супярэчаць міжнароднаму праву, паведаміла Euronews. Паводле яго слоў, Варшава парушае палажэнні Канвенцыі аб бежанцах. Ён адзначыў, што людзі маюць права шукаць прыстанішча ў іншай краіне. Гэта прадугледжана артыкулам 3.1 Канвенцыі аб бежанцах. І тое, пры якіх умовах бежанцы трапілі на тэрыторыю іншай краіны, не пазбаўляе іх права на прыстанішча. «Часта асобы, якія шукаюць прыстанішча, вымушаны прыбываць або пранікаць на тэрыторыю без дазволу, таму што яны бягуць з-за праследаванняў», — адзначыў Нікола Фіга-Таламанка.

Праз чырвоную рысу

Тое, што ўчыняецца Польшчай на граніцы, выклікае пачуццё грэблівасці і агіды. «Увесь свет у дзеяннях польскіх сілавікоў у рэальным часе ўбачыў садызм, дзяржаўны тэрарызм, гестапаўскія метады і ўпэўненасць у сваёй беспакаранасці. Польскае кіраўніцтва перайшло чырвоную рысу, і дарогі назад для іх ужо няма. Прымяненне крывавым рэжымам Дуды супраць няўзброеных бежанцаў спецсродкаў, у тым ліку святлошумавых гранат, газу і хімікатаў, на беларускай тэрыторыі трэба расцэньваць як адкрытую агрэсію ў адносінах да Беларусі», — заўважыў БелТА загадчык аддзела сацыялогіі дзяржаўнага ўпраўлення Інстытута сацыялогіі НАН кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін.

Паводле яго слоў, польскае кіраўніцтва канчаткова паставіла сябе па-за законам і стала ваеннымі злачынцамі. «Варшава ўсімі сродкамі і метадамі спрабуе тарпедаваць і сарваць пагадненні (нават прамежкавыя дамоўленасці Мінска і Еўропы), тым самым падкрэсліваючы поўнае ігнараванне міжнароднага права», — падкрэсліў эксперт. Аналізуючы абстаноўку на граніцы, перагаворы па вырашэнні крызісу, ён робіць выснову, што прынцыповае рашэнне па бежанцах ужо, магчыма, прынята. «Хочацца верыць, што ў найбліжэйшы час ім будзе дадзена магчымасць пакінуць тэрыторыю Беларусі. У той жа час праблема больш глыбокая, трагічная і небяспечная. Неабходна вырашаць пытанне ў прынцыпе і стратэгічна. Міграцыйны крызіс толькі пачынае набіраць абароты. Разважлівая частка Захаду павінна разабрацца з прычынамі і знайсці прымальнае рашэнне па дээскалацыі напружанасці ў тых краінах, якія былі ім разбураны і абрабаваны, і выпрацаваць для сябе комплекс мер па недапушчэнні такіх крызісаў», — лічыць Мікалай Шчокін.

Трэба мірна ўрэгуляваць пытанне з бежанцамі на граніцы, заявіў БелТА член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч. «Еўропа вельмі доўга не заўважала гэту праблему. Мігранты ж з'явіліся ў Беларусі не ўчора. Але разам з тым, як мы з вамі ведаем, гэтае пытанне адцягвалася. Сёння Еўропа разумее, што трэба размаўляць», — адзначыў Сяргей Клішэвіч.

Жорсткае стаўленне Польшчы да бежанцаў нікога не можа пакінуць абыякавым. Праўда, як удакладніў Сяргей Клішэвіч, у гэтых дзеяннях няма нічога незвычайнага. «Гісторыя паказвае, што палякі па сутнасці заўсёды былі «гіенамі Еўропы». Так іх называлі. Гэта гістарычны тэрмін. Сёння гэта яны пацвярджаюць сваёй палітыкай, — дадаў ён. — Што датычыцца Беларусі, то зноў гістарычна так склалася, што мы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. І так сёння чарговы раз адбываецца. Прычым гэта робіцца простымі людзьмі. Мы бачым, як грамадскасць паднялася на дапамогу гэтым бедным людзям. Немагчыма глядзець кадры з месца падзей і заставацца абыякавымі. У нас гэта ў крыві. Мы не можам проста так прапусціць міма сябе такое стаўленне да бежанцаў і ўмовы, у якіх гэтыя людзі цяпер знаходзяцца. Гэта яшчэ раз сведчыць аб нашым здаровым грамадстве, якое гатова дапамагаць іншым».

Жалезны кулак

Адна са звышзадач польскага боку — абвастрэнне ваеннай сітуацыі на граніцы з Беларуссю. Такое меркаванне выказаў ваенны эксперт Аляксандр Алесін на тэлеканале АНТ. «Відавочна, што адна са звышзадач, якія вырашае польскі бок, — абвастрэнне ваеннай сітуацыі, спроба справакаваць Беларусь на ваенныя падрыхтоўкі (можа, нават і Расію), прымусіць перамяшчаць буйныя масы войскаў, засяроджваць каля граніцы артылерыю, авіяцыю», — адзначыў Аляксандр Алесін.

Як вядома, на прыгранічнай тэрыторыі Польшча размясціла групоўку з 23 тысяч вайскоўцаў і бронетэхніку. Для іх на граніцы абсталявана 13 лагераў. На кансультацыі і запыты Беларусі Польшча ніяк не рэагуе. Тым не менш беларускі бок выверана рэагуе на гэтыя правакацыі польскага боку, у тым ліку прымяненне спецсродкаў у дачыненні да бежанцаў, зазначыў ваенны эксперт. Узброеныя Сілы Беларусі не разгарнулі на граніцы ніводнага ўзвода, аднак у арміі ёсць планы рэагавання на любое развіццё падзей на граніцы.

«Можа падацца, што мы праяўляем нейкую мяккацеласць. Але насамрэч у гэтай мяккай пальчатцы, як кажуць, жалезны кулак, — вобразна выказаўся эксперт. — Мы не зацікаўлены ў тым, каб даводзіць справу да супрацьстаяння двух ваенных блокаў: за Польшчай стаіць НАТА, за Беларуссю — АДКБ».

Польшча не проста правакуе Беларусь на граніцы, а праводзіць акты агрэсіі. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч на тэлеканале АНТ. Палітык перакананы, што Польшча спецыяльна стварыла крызіс на беларуска-польскай граніцы, каб узмацніць канфрантацыю з Беларуссю і Расіяй. Паводле яго слоў, рэакцыя беларускай дзяржавы на дзеянні польскага боку вывераная і адэкватная. «Мы не хочам канфлікту на граніцы. Мы ўсё робім, каб яго пазбегнуць», — падкрэсліў дэпутат.

Пётр ДУНЬКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.