Вы тут

Буслы і гнёзды


Аграгарадок Мілавіды, што ў Баранавіцкім раёне, можна смела называць бусліным. На вуліцах населенага пункта на слупах ЛЭП размясціліся шматлікія «кватэры» гэтых птушак. Некалькі гадоў таму іх колькасць дахо­дзіла да трыццаці.


Фота з дрона Аляксандра Вінчэўскага

Вераніка КОЛАСАВА

Але ў лютым 2019-га супрацоўнікі філіяла «Баранавіцкія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» пачалі скідаць гнёзды — усяго было знішчана каля дзесяці буслянак. Калі птушкі вярнуліся з выраю дадому, многія з іх не ўбачылі сваіх «кватэр», не паспелі пабудаваць новыя ці адгнездавацца.
Каб спыніць знішчэнне буслянак, мясцовыя актывісты — былы жыхар вёскі Кулікі брэстчанін Пётр Ула­дзі­міравіч Лазарчук і стараста аграгарадка Мілавіды Марыя Аляксееўна Саладуха — пачалі звяртацца ў розныя інстанцыі: дзяржорганы, Нацыянальную акадэмію навук і іншыя. Перапіска цягнулася амаль два гады. Дайшлі нават да Адміністрацыі Прэзідэнта. Адтуль далі даручэнне Савету Міністраў, і сітуацыя пачала вырашацца.

Старшыня Мілавідскага сельскага выканаўчага камітэта Наталля Давідовіч расказала, што да таго часу, калі пачалі разбураць буслянкі, толькі ў аграгарадку Мілавіды было каля 30 гнёздаў, і ў кожным гадаваліся па тры-чатыры птушаняці. Тут выдатная кармавая база для гэтых птушак, ёсць возера і рака. А калі людзі пачалі скі­даць гнёзды, буслы сталі пазбаўляцца ад птушанят.

Гнёзды, якія дакранаюцца да правадоў, могуць стаць прычынай кароткага замыкання.  Фота аўтара

Шкоднік ці ахвяра абставінаў?

Праблема, калі электрыкі ­скідаюць бусліныя гнёзды, існуе не толькі ў Баранавіцкім раёне. Буслянка на слупе ЛЭП — гэта небяспека для птушкі загінуць ад паражэння электрычным токам, а таксама верагоднасць кароткага замыкання на лініі.

— Калі птушка дакранаецца да неізаляваных правадоў, якія сёння яшчэ сустракаюцца як у населеных пунктах, так і за іх межамі, яна гіне, — кажа начальнік філіяла «Баранавіцкія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» Андрэй Гецэвіч. — Акрамя таго, па меры выкарыстання гняздо «разрастаецца» ўверх і ўніз і можа нават «абдымаць» правады. Памёт і іншыя парэшткі пачынаюць іх раз’ядаць, у выніку правады замыкаюцца, і адбываецца ўзгаранне.

Яшчэ адна праблема — старыя гнёзды. Па словах дырэктара грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандра Вінчэўскага, штогод пасля птушынага «рамонту» буслінае гняздо павялічвае сваю вагу на 50-80 кг. З цягам часу яно можа важыць ужо 500-600 кг, і калі перыядычна не здымаць верхні слой гэтага «шматпавярховіка», ён можа ўпасці ці зламаць апору, на якой размяшчаецца. У выніку могуць загінуць птушкі ці пацярпець людзі. Каб пазбегнуць такіх наступстваў, спецыялісты электрычных сетак вырашаюць пазбавіцца ад буслянкі, усталёўваюць спецыяльныя штыры на вяршыні слупоў. Гэта не вельмі дапамагае, таму што птушкі ўсё роўна спрабуюць будаваць там гнёзды, часам ранячы крылы аб арматуру.

Адну з платформаў размясцілі побач з Мілавідскім сельвыканкамам. Фота аўтара

Заўсёды побач

Чаму ж птушка выбірае такі складаны шлях? Па словах дырэктара АПБ, белы бусел моцна звязаны з чалавекам на працягу ўсёй сваёй гісторыі. Калі чорныя буслы, як лясныя птушкі, жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то белыя першапачаткова сустракаліся ў Паўночнай Афрыцы, Іраку, Іране, на Каўказе, на адкрытых мясцовасцях з вільготнымі лугамі, дзе можна здабыць насякомых, змей, птушак, мышэй. Калі на гэту тэрыторыю прыйшоў чалавек і пачаў высякаць лясы, ствараць сенажаці і палі, за ім прыйшлі і белыя буслы і пачалі сяліцца побач.

Сёння слупы ЛЭП для гэтых птушак застаюцца ледзьве не адзінымі прыдатнымі месцамі для гнездавання. Усё менш дрэў, дзе б яны маглі жыць, няма і саламяных дахаў ці з драніцы.

— Паводле даных НАН Беларусі, у 2014 годзе на пробнай пляцоўцы ў Тураве каля 40 % гнёздаў буслоў знаходзіліся на апорах ЛЭП, у 2017-м — ужо больш за 70 %, — кажа Аляксандр Вінчэўскі. — Гэта значыць, што птушкі пераходзяць туды. І пераходзяць таму, што ў іх проста няма выбару. Калі буслоў выгнаць з населеных пунктаў, яны проста знікнуць.
Будаўніцтва штучных платформаў — адно з эфектыўных рашэнняў гэтай праблемы. Па словах дырэктара АПБ, такія канструкцыі прымяняюцца ў Польшчы, Славакіі, Тунісе, Грэцыі, Азербайджане і іншых краінах. Некалькі гадоў таму пачалі буда­ваць штучныя гняздоўі для буслоў і ў Беларусі.

— З 2010 года актывісты Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ разам з брэсцкімі энергетыкамі ўсталявалі 200 штучных платформаў для буслоў на слупах ЛЭП, — адзначыў Аляксандр Вінчэўскі. — Гэту ініцыятыву перанялі ў Гомельскай і Віцебскай абласцях. Але такія платформы былі зроблены не па стандартах, таму «Белэнерга» забараніла ўжываць самаробныя канструкцыі.
І вось дзякуючы настойліва­сці жыхароў Брэстчыны ў выратаванні мілавідскіх буслоў сітуацыя ­змянілася. Па ўказанні ўрада і заказе ДВА «Бел­энерга» ААТ «Белсель­электрасетбуд» распрацавала патрэбную канструктар­скую дакументацыю на стойкі 0,4 кВ і 10 кВ для гнездавання птушак з платформай (СТП 33240.20.119-20), стандарт увайшоў у сілу 3 жніўня 2020 года. Такі дакумент на сёння, магчыма, першы ў свеце. Дзякуючы гэтаму ў населеных пунктах зараз можна законна ўстанаўліваць новыя слупы ЛЭП са спецыяльнымі платформамі для гнёздаў. Такія платформы размяшчаюцца вышэй, чым звычайныя буслянкі, таму зніжаюць рызыку няшчасных выпадкаў.

Платформа ўзвышаецца над апорай і зніжае рызыку няшчаснага выпадку.  Фота аўтара

Першыя чатыры «кватэры» для буслоў, адпавядаючыя стандартам, былі ўсталяваны ў Мілавідах у мінулым годзе. Каб павысіць верагоднасць засялення птушкамі новых платформаў, энергетыкі пераносілі на іх старыя гнёзды. Часам хапала нават некалькіх галінак. Мясцовыя жыхары хваляваліся, што штучныя гняздоўі не вытрымаюць нагрузкі і неспрыяльных умоў надвор’я, але «наваселле» атрымалася ўдалым.

Канструкцыі, усталяваныя ў Мілавідах, нятанныя. Па словах Андрэя Гецэвіча, выраб адной каштуе 500 рублёў, а ўстаноўка — 1000. Калі ў далейшым апоры з буслянкамі неабходна будзе замяніць, спецыялісты змогуць уключаць такія канструкцыі ў каштарыс. Каб працягваць устаноўку канструкцый больш хуткімі тэмпамі, патрэбны значныя сродкі. Мясцовыя ўлады плануюць прыцягваць да ўдзелу ў вырабе платформаў прадпрымальнікаў і іншых людзей, неабыякавых да лёсу буслоў.

Маладая сям'я выдатна сябе адчувае ў новай кватэры.  Фота аўтара

Штраф за раскіданае гняздо

Паводле слоў намесніка начальніка Баранавіцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоля Пляшко, дзякуючы зменам у заканадаўстве цяпер захаваць буслянкі стала значна прасцей — для таго, каб зняць іх з апоры ЛЭП, патрэбна адпаведнае рашэнне раённай камісіі. Цяпер акцэнт ­будуць рабіць на пераносе гнязда на іншае месца ці ўмацаванні апоры. Пры гэтым за самавольнае знішчэнне буслянкі можна атрымаць штраф да 30 базавых велічынь.

— Калі кожны сельскі Савет, дзе ёсць бусліныя гнёзды, хаця б па чатыры платформы за год усталюе, гэта ўжо вялікая справа, — кажа Наталля Давідовіч. — Нават такой колькасці будзе дастаткова, каб птушка жыла. Калі ёсць птушка, значыць, ёсць жыццё.
Калі ў вашай вёсцы або гарадку існуе праблема з гнёздамі буслоў на слупах ЛЭП, звяртайцеся да энергетыкаў, каб у вас усталявалі адмысловыя слупы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.