Вы тут

Спатканне з кіно на вялікім экране. Чым «Лістапад» будзе здзіўляць гледачоў


Чарговы раз XXVІІ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» збярэ прыхільнікаў кінамастацтва і яго стваральнікаў з 20 да 26 лістапада ў беларускай сталіцы. У гэтым годзе ён пройдзе пад дэвізам «Кіно — сімфонія адзінства», а насычаная праграма кінафоруму прадставіць публіцы ігравыя, дакументальныя фільмы, кінастужкі для моладзі і шэраг цікавых пазаконкурсных карцін.


Працяг з новымі акцэнтамі

Перш за ўсё прыемна адзначыць, што фестываль у абноўленым фармаце зноў вяртаецца ў культурную прастору. Сёлета ў яго змяніўся арганізатар, і цяпер кінафорум ладзіць Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм». Змяніліся таксама геаграфія, лагатып і прыз. Усяго дырэкцыя фестывалю атрымала 273 заяўкі з 54 краін, сярод якіх як даўнія сябры і кінапартнёры (Расія, Азербайджан, Грузія, Сербія, Украіна), так і краіны Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Насуперак усім абставінам гісторыя «Лістапада» працягваецца, папаўняецца новымі падзеямі... Як адзначыў напярэдадні кінафестывалю кінадраматург, сцэнарыст Канстанцін Андрушачкін, пакуль рана рабіць прагнозы адносна таго, як пройдзе фестываль, але «...патэнцыял у яго добры. Па-першае, кінематограф мае больш шырокую геаграфію, чым межы заходняга свету, па-другое, як аказалася, абноўлены «Лістапад» не проста не застаўся без еўрапейскага кіно, але і атрымаў больш гучныя заходнія рэлізы, чым назіраліся ў мінулыя гады, прычым не толькі па-за конкурсам, але і ў конкурсных праграмах».

Што да іншых навін, то ўжо дакладна можна канстатаваць адмену «Нацыянальнага конкурсу», але беларускае кіно аўдыторыя абавязкова ўбачыць. Фільм «Страла» рэжысёра Галіны Адамовіч прыме ўдзел у конкурснай праграме дакументальнага кіно. А «Лістападзік» адкрыецца паказам поўнаметражнага анімацыйнага мюзікла Алены Туравай «Зоркі сёмага неба». Кінастужка распавядае прыгодніцкую гісторыю пра дзяцей і дарослых, якія развучыліся глядзець на зоркі... У конкурснай праграме «Лістападзіка» таксама пакажуць два беларускія мультфільмы — «Прэлюдыя і фуга» Ігара Волчака і «Я тайну ў глыбіні душы хаваю» Алены Пяткевіч (які адзначаны расійскай кінапрэміяй «Залаты арол»). Апошні расказвае пра Максіма Багдановіча і пра любоў да роднай мовы, культуры і творчасці. Іх мы ўбачым у палітры анімацыйных фільмаў з розных краін свету. У праграме конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі заяўлены мультыплікацыйныя фільмы «Бу!» Рэгіны Сарбекавай (Расія), «Томі і львяня» Жолта Пальфі (Венгрыя), «Поўны рот вады» Сііма Рауда (Эстонія), «Вечнае полымя» Ву Дуй Канха (В'етнам), «Нават мышы трапляюць у рай» рэжысёраў Яна Бубенічка і Дэніза Грымава (Чэхія, Францыя, Славакія, Польшча) і шэраг іншых.

Фільмам адкрыцця «Лістападу» стане «Каралеўская гульня» Шцёльцля Філіпа (Германія, Аўстрыя)... Асновай сюжэта стала «Шахматная навела» Стэфана Цвейга, дзеянне якой адбываецца ў Вене 1938 года. Юрыст Ёзэф Бартак разам з жонкай плануе пакінуць акупаваную нацыстамі Аўстрыю, але яго арыштоўвае гестапа. І пасля яго адмовы выдаць паліцыі канфідэнцыяльную інфармацыю пра кліентаў мужчыну пазбаўляюць сувязі са знешнім светам. Але аднойчы Ёзэфу ўдаецца здабыць кнігу пра шахматы, якая стала для яго і выратаваннем, і небяспечным насланнём... А да чаго прывядзе гэтая гульня чалавека з абставінамі, глядзіце на вялікім экране.

Увогуле, у праграме ігравога кіно адбудуцца паказы 13 фільмаў. Сярод іх — кінастужкі з Расіі, Францыі, Ірана, Узбекістана, Кітая, Венесуэлы і г. д. Так, будзе прадстаўлена кінааматарам франка-іранская карціна Асгара Фархадзі «Герой», якая сёлета была адзначана Гран-пры журы Канскага фестывалю. А фільм «Вуліца» На Джазіа (Кітай) — магчымасць убачыць гісторыю Донгзі, які з-за хваробы бацькі стаў зборшчыкам даўгоў, каб выжыць. Жыццё на вуліцы, складаныя адносіны бацькоў і дзяцей і неадназначныя ўзаемаадносіны з маладой жанчынай — усё гэта рэчаіснасць дваццацігадовага юнака, які шукае адказы і выхады з сітуацый. Кінастужка «Дзень мёртвых», якую мінская публіка ўбачыць напрыканцы фестывалю, расійскага рэжысёра Віктара Рыжакова распавядае пра адносіны пакаленняў ужо зусім з іншых ракурсаў. Падарожжа сына і маці (Аляксандр Паль і Агрыпіна Сцяклова) да магіл продкаў ускрывае вялікі пласт тэм, эмоцыі і высноў як для саміх герояў, так і для гледача. Яшчэ ў праграме ігравога кіно ўбачым кінаработы «Мая ноч» Антуанэты Була (Францыя, Бельгія), «Сем маленькіх супадзенняў» Петэра Готара (Венгрыя, Румынія), «Рака» Гасана Салаба (Ліван, Францыя, Катар, Германія), «Агонь» Айжан Касымбек (Казахстан) і іншыя. На вялікім экране пакажуць і ўзбекскую ваенную драму «Ілхак» Жахангіра Ахмедава, знятую ў Беларусі.

Кіно, якое ўражвае і не адпускае

Праграма конкурсу дакументальнага кіно таксама падабралася вельмі насычаная. Як адзначаюць арганізатары, хоць заявак было і не так шмат, як звычайна, але адбор рабілі амаль са 150 карцін-заявак. Паколькі «Лістапад» па часе свайго правядзення лічыцца «фестывалем фестываляў», то сярод іншага тут шукалі фільмы, якія раней удзельнічалі і былі высока адзначаны на іншых кінафорумах.

— Мы сфарміравалі праграму конкурсу дакументальнага кіно не толькі з тых фільмаў, што дасылалі нам, але і з канкрэтных карцін-прызёраў, якія і самі запрыкмецілі. Хоць у нас па рэгламенце павінна быць 12 карцін з 10 краін, але я папрасіў пашырыць гэтыя рамкі да 17, таму што шкада было губляць добрыя фільмы альбо аддаваць іх на пазаконкурсную праграму, — распавядае праграмны дырэктар конкурсу дакументальнага кіно ММК «Лістапад» Сяргей Кацьер.

 — Вызначаць найлепшых будзе міжнароднае журы, але мне яны ўсе падабаюцца. Фільмы зроблены якасна, прафесійна і маюць мастацкі складнік, таму па сваім узроўні не саступаюць ігравому кіно і яго найлепшым узорам. Тут адабраны карціны, у якіх спалучаюцца выдатная драматургія, рэжысура і аператарская праца. І, што самае галоўнае, пасля іх прагляду застаецца прыемны смак. Гэтае кіно прымушае вас думаць, суперажываць і працяглы час не адпускае. Тэмы, якія закранаюцца ў кожнай кінастужцы, не імгненныя, а агульначалавечыя і пазачасавыя, таму што суправаджаюць нас па жыцці. Любоў, смерць, адзінота, сяброўства, павага да бліжняга (як бы ні адрозніваліся вашы погляды на нешта), узаемаадносіны пакаленняў і жаданне разабрацца ў самім сабе і знайсці сваё месца ў гэтай рэчаіснасці — вось асноўныя напрамкі таго, што знайшло адлюстраванне ў гэтых дакументальных фільмах.

Для нагляднасці прапаную пазнаёміцца з некаторымі сюжэтамі кінастужак. Уругвайска-італьянскі фільм «Боска» Аліцыі Кано Меноні пазнаёміць нас з сямейным партрэтам праз калектыўныя ўспаміны, любоў і смутак. Дзед Арланда некалі эмігрыраваў ва Уругвай з італьянскай вёскі Боска, а потым распавядаў пра гэтае месца сваёй унучцы. І Аліцыя, рэжысёр кінастужкі, адправілася ўбачыць тыя мясціны, пра якія ёй так прыгожа расказвалі... А вось «Кадакушы» Янзара Алтая (Турцыя) — фільм, які ўдастоіўся шэрагу міжнародных узнагарод, з'яўляецца аповедам пра адзіноту і яе адценні. Нарахіта працуе ў кампаніі, якая спецыялізуецца на прыбіранні кватэр нядаўна памерлых людзей. Адзінокія смерці, з якімі ён сутыкаецца, падштурхоўваюць яго да асэнсавання ўласнай сямейнай траўмы. Аднак усё не так проста, як можа здавацца. Калі ж звернемся да зместу дакументальнай кінаработы «Спяцы» расійскага рэжысёра Ганны Драніцынай, то даведаемся гісторыю пра дзяцей і іх выхавальнікаў са спецшколы для цяжкіх падлеткаў. Яны спатыкаліся і памыляліся ў жыцці, таму цяпер знаходзяцца ў школе закрытага тыпу і вучацца жыць па-іншаму. Гэтае чорна-белае кіно яскрава ілюструе рэальнасць герояў, у якой не так проста знайсці сілы і веру, каб убачыць і іншыя колеры. Фарбаў у палітры праграмы дакументальнага кіно сёлета шмат. Акрамя ўжо згаданых, увазе гледача будуць прадстаўлены кінастужкі «Я вольны» Лауры Парцьер (Францыя, Бельгія), «Роварам да Месяца» Георгія Харэбава (Грузія), «Ціхая спадчына» Пеці Накавай (Балгарыя) і г. д.

Новыя погляды і чаканыя прэм'еры

«Кіно маладых» — гэта конкурсная праграма, у якую сёлета трапіла больш чым 20 кінастужак. Геаграфія прадстаўленых фільмаў ахапіла Францыю, Чэхію, Кубу, Расію, Аўстралію, Індыю, Кітай... Мы ўбачым «Дарогу» беларускага рэжысёра Кірыла Халецкага, «Што мы бачым, калі глядзім на неба?» Аляксандра Каберыдзэ (Германія), «Нявінна сіні» Сяояй Ню (Кітай), «Маякоўскі» Вікторыі Няфёдавай (Расія), «Сын» Нушына Міранджы (Іран) і шэраг іншых цікавых работ. Так, швейцарскі фільм «Дзяўчына і павук» братоў Рамона і Сільвана Цюрхераў знаёміць з рэжысёрскім поглядам на сумеснае пражыванне людзей, гісторыяй іх узаемаадносін, канфліктаў, што дае магчымасць рэфлексаваць і спазнаваць сябе.

У праграме пазаконкурснага кіно таксама ёсць з чаго выбіраць. Тэматычны блок «Беларуская анімацыя ХХІ стагоддзя» прадэманструе мультыплікацыйныя фільмы «Паданне пра Гадзіву» Ірыны Кадзюковай, «Беларускія прымаўкі» Міхаіла Тумелі, «Дзед» Аляксандра Ленкіна, «Лыжка для салдата» Ірыны Тарасавай, «Паданне пра гуслі» Таццяны Кубліцкай, «Цацка» Рыты Шаграй, «Лагодны воўк» Наталлі Дарвінай, якія варта глядзець і абмяркоўваць усёй сям'ёй. Акрамя гэтага, гледачоў чакаюць рэтраспектыва грузінскага кіно, паказ ваеннай драмы Віктара Турава «Праз могілкі», высокарэйтынгавага франка-бельгійскага дэтэктыўнага трылера «Чорная скрыня». І ўбачым нават сёлетняга пераможцу Берлінскага фестывалю — фільм «Вар'яцкае кіно для дарослых» Раду Жудэ. Пакажуць і чаканы многімі фільм «Залатыя суседзі», у акцёрскім складзе якога задзейнічаны Міхаіл Баярскі, Святлана Немаляева,

Сяргей Шнураў, Іван Ахлабысцін і іншыя вядомыя артысты расійскага кінематографа. Варта не абмінуць увагай і кінаработу Аляксея Казлова «Сумленне» (Расія), што была адзначана ў гэтым годзе на Шанхайскім кінафестывалі. Дзеянне фільма адбываецца ў Петраградзе ў 1920-я гады.

У цэнтры гісторыі — следчы Барыс Летуш, які не можа больш трываць беззаконне. І вось калі забіваюць яго брата, то ён пачынае ўласнае расследаванне, але ў ім герою давядзецца пайсці супраць самога сябе.

Гучна анансавалі і пазаконкурсны паказ дакументальнага праекта «Qazaq. Гісторыя залатога чалавека» рэжысёра Ігара Лапаценкі, які базіруецца на інтэрв'ю амерыканскага рэжысёра Олівера Стоўна (ён у фільме выступіў яшчэ і ў якасці выканаўчага прадзюсара) з першым прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Прэзентавалі работу на Рымскім кінафестывалі, і вось зусім хутка і беларуская публіка зможа ўбачыць фільм на вялікім экране. У цэлым больш за трыццаць фільмаў трапіла ў пазаконкурсную праграму, таму кожны пры жаданні знойдзе штосьці цікавае для сябе.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.