Вы тут

Выстаўка «Мембрана» праходзіць у арт-гасцёўні «Высокае мѣста»


«Мембрана» — выстаўка пад такой назвай адкрылася на мінулым тыдні. Графіка і жывапіс чатырох мастакоў аднаго пакалення — Андрэя і Марыны Карпянковых, Аксаны Чутцавай і Дзмітрыя Чарамных — прадстаўлены ў сценах арт-прасторы. Міфалагічныя сюжэты, лірычныя пейзажы і таямнічыя партрэты — калі штосьці з гэтага пераліку даспадобы, абавязкова зазірніце ў арт-гасцёўню.


Аксана Чутцава «Царскі падарунак», 2021 г.

Як адзначылі арганізатары, праект — спроба разважанняў аб сутнасці чалавека і навакольнага свету. Чаму ж менавіта «мембрана», чым гэты тэрмін натхніў аўтараў? Варта звярнуцца да самога паняцця, якое мае некалькі дэфініцый. Найперш гэта ахоўны элемент, агароджа ад негатыўных фактараў. Менавіта з такой пазіцыі ў прадстаўленых мастацкіх творах разглядаецца чалавек, які выбудоўвае сваю оптыку для разумення сусвету і сваёй аўтэнтычнасці. Другая асаблівасць мембраны, на думку стваральнікаў, — усталёўваць межы, ахутваючы пэўны фрагмент матэрыялу, фарміраваць абалонку і тым самым адасабляць унутранае і вонкавае. З гэтага ракурсу ў мастацкіх творах і прырода, і горад выглядаюць тым асяроддзем, якое ўзаемадзейнічае з чалавекам на розных узроўнях, але мае аўтаномнасць і пэўныя межы.

— Чаму мы так назвалі экспазіцыю? Таму што мембрана — няпростае, шматзначнае паняцце, — адзначыў адзін з творцаў Андрэй Карпянкоў. — Мембрана — ахоўны элемент, фільтр, матэрыял… Мастака можна ўявіць як мембрану ўласных пачуццяў і эмоцый.

У экспазіцыі дэманстуецца больш як 50 твораў, у якіх графікі і жывапісцы адлюстроўваюць вобраз сусвету і прыроды, чалавека і яго эмацыянальнага стану. Вядома, што аўтараў аб’ядноўвае не толькі падобны светапогляд, але і сяброўскія стасункі. Не дзіва, што ўсе чацвёра — выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

— Мне асабіста «Мембрана» прынесла не толькі светлыя эмоцыі, але і адкрыцці, — падкрэсліла падчас прэзентацыі праекта мастацтвазнаўца, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Я ўбачыла агульную лінію, цэльнасць пакалення саракагадовых, якім удалося захаваць сябе як творцаў, абараніцца ад знешняга ўплыву. Я ўбачыла і пачула вельмі шчырае гучанне фарбаў.

Творчасць Андрэя Карпянкова прадстаўлена адмысловай серыяй, прысвечанай адлюстраванню эмоцый, а таксама шматзначнаму ланцужку «чалавек — свет», дзе першы існуе не толькі як сузіральнік, але і як стваральнік. Глядач адразу прыкмячае любімы тэхнічны прыём мастака — нанясенне фарбы пры дапамозе дрыпінгу, уласцівы для абстрактнага жывапісу. Карціны Андрэя Карпянкова нельга аднесці да гэтага кірунку ў поўнай ступені — усё ж творы будуюцца не толькі на асацыяцыях, але і на канкрэтных вобразах, падкрэсленых нават у назвах (цікавыя ў гэтым рэчышчы такія работы, як, напрыклад, «Прысвячэнне кукурузе. Ноч» і «Прысвячэнне кукурузе. Дзень» — абедзве 2021 года). Аднак такі спосаб дазваляе выявіць у прадстаўленых пейзажах-нацюрмортах псіхалагічны стан аўтара ў момант творчага імпэту. Эмоцыі — ключавы складнік работ Андрэя Карпянкова. Асабліва гэта заўважна ў змешчаных побач творах «Першая шэрань» (2021), «Раніца» (2021), «Вячэрні» (2021) і «Восеньскі» (2021).

Марыя Карпянкова «Кустоўе», 2019 г.

Пераважна светлыя і яркія творы, напрыклад, «Поле» (2021), «Лета» (2020), «Уваход — выхад» (2021), «Зараснік» (2017), «Дзівосны сад» (2021), здольны схіліць гледача да медытацыі. Яны дазволяць пабыць у меланхалічнай адзіноце і (хто ведае) могуць прапанаваць адказы прыроды на самыя галоўныя пытанні. Аднак мімаволі задумваешся: як гэтыя работы будуць глядзецца ў шэрагу такіх жа (маецца на ўвазе — у гэтым жа стылі) на іншай выстаўцы? Ці змогуць выклікаць цікавасць гледача? Ці пазмагаюцца за ўвагу гледача? І калі яны ў гэтым плане канкурэнтаздольныя, то чым запомняцца, чым вылучаць свайго аўтара? Колерам, кампазіцыяй, настроем? Пошук адказу на гэтыя пытанні займае значную частку вандроўкі па выстаўцы «Мембрана», аднак пэўны варыянт знойдзецца толькі ў канкрэтных умовах.

Работы Марыі Карпянковай, як, дарэчы, адзначаюць многія мастацтвазнаўцы, пабудаваны на інтуітыўна-экспрэсіяністычных прынцыпах. Лірычнасць, тонкія каларыстычныя спалучэнні, лаканічнасць кампазіцыі — асноўныя характарыстыкі ў нечым празрыстых твораў мастачкі. Ёй удаецца сузіраць і пераасэнсоўваць прыродную прыгажосць з дапамогай спакойных, часам нават прыглушаных адценняў. Найбольш характэрныя — «Кветкі» (2019), «Кустоўе» (2019), «Мурог-1» (2021) і «Мурог-2» (2021). Толькі на апошняй з названых глядач убачыць чалавека: гэта выява жанчыны, хутчэй за ўсё, сучасніцы, якой, здаецца, складана дасягнуць гармоніі з прыродай — ахоўніцай усяго жывога. Крыху асобна стаіць «Персона» (2019) — карціна, на якой можна ўгледзець мноства сімвалаў, і, здаецца, многія будуць дарэчы. Першае ж, што хочацца адзначыць, — на паверхні. Гэта яйка, сімвал зараджэння новага жыцця, працягу роду. Форма яйка, яркі міфалагічны вобраз, зразумела, нясе глыбокую філасофскую і псіхалагічную нагрузку. Нельга адкінуць і паняцце мембраны яечнай шкарлупіны, і тут могуць узнікаць ужо іншыя асацыяцыі, асабліва калі разглядаць іх у спалучэнні з разнастайнымі колерамі неба, выкарыстанымі мастачкай. Нельга не згадаць і вобраз Мадонны, да якога звяртаецца Марыя Карпянкова ў «Персоне», — погляд, звернуты да гледача, невымоўны сум, вечны клопат…

Дзмітрый Чарамных «Жабрак», 2019 г. — копия

Між тым у прапанавых на выстаўку работах Марыі Карпянковай вылучаецца серыя «Схаваныя», даволі невыразная стылістычна, аднак адметная інтанацыйна. Якраз у ёй і «занатавана» адна з канцэпцый выстаўкі: схавацца — і абараніцца, адгарадзіцца — і супакоіцца, зліцца з наваколлем, стаць ценем — і захавацца.

Аксана Чутцава працуе з міфалагічным матэрыялам, аднак гэта не толькі сусветна вядомыя гісторыі: яна ўкрапвае ў знаёмыя сюжэты аўтарскую міфалогію. Графіка вельмі прыкметная і даволі экспрэсіўная, бо і тэмы не могуць пакінуць гледача раўнадушным. Жыццё і смерць, дзень і ноч, каханне і насычэнне — невычарпальная крыніца для роздумаў. Мастачка не перагружае карціну шырокімі лініямі і рознымі колерамі. Фон практычна ўсіх работ белы, што ў сукупнасці з чорнымі тонкімі абрысамі прыводзіць да асацыяцыі з аўтарскімі накідамі на палях казачнай кнігі. Аднак кніга тут — самі карціны. Перад гледачом — «Выкраданне Еўропы» (2020), «Сонечны хлопчык» (2021), работы серый «Стары запавет» (2021), «Сатырыкон» (2021), «Антычныя героі» (2020), «Вячэра з д’яблам» (2020)…

Найбольш цікавымі для таго, хто завітаў на адкрыццё эспазіцыі, сталі творы Дзмітрыя Чарамных, загадкавыя і ў пэўнай ступені трывожныя. У кожнай карціне, а гэта як амаль рэалістычныя, так і ледзь не цалкам абстрактныя, — складаная кампазіцыя, прыглушаныя фарбы, схаваныя сэнсы… Тут варта адзначыць і «Жабрака» (2019) — адну з найвыдатнейшых работ мастака, і «Дырыжора» (2019), і «Дзяўчыну з мундштуком» (2019). Відавочна, галоўным героем жывапісца застаецца чалавек, адлюстраваны з дапамогай шырокіх і густых мазкоў. Яго персанажы імкнуцца выбрацца з прасторы палатна, быццам хочуць нешта расказаць гледачу, і, здаецца, яны максімальна наблізіліся да гэтага. Кожны перадае няўлоўнае адчуванне тых самых імгненняў, якія складаюць само жыццё: сумных і забаўных, штодзённых і нязвыклых, абсалютна шэрых і яркіх.

Андрэй Карпянкоў «Бабіна лета», 2021 г.

Важным складнікам твораў Дзмітрыя Чарамных з’яўляецца эратызм, даволі прамалінейны і адначасова таямнічы (напрыклад, «У гамаку» 2019-га і «У палоне» 2015-га). Постаці, рухі, пэўныя знакі — усё гэта прымушае не толькі адчуваць тое ж, што і героі, але і сумнявацца ў рэальнасці ўбачанага, як бы гэта ні гучала ў дачыненні да экспрэсіянізму — кірунку, які мастак выбраў даўно. Гэта відаць па больш ранніх, калі параўноўваць з датаваннем работ іншых аўтараў на выстаўцы, карцінах «Зацьменне» (2014), «Які шукае» (2015) і дыптыху «Пераўвасабленне» (2017). Справядлівай тут будзе заўвага наведвальніка экспазіцыі: а дзе ж свежанькія работы? Магчыма, яны існуюць, аднак у канцэпцыю не ўпісаліся… Магчыма, аўтар вырашыў прадставіць тое, што ўжо ацэнена гледачом… А можа, апошнім часам нічога не стваралася і Дзмітрый Чарамных шукае натхненне ў складаны пандэмічны час. Бо менавіта зараз тое ж паняцце мембраны можна разглядаць з розных бакоў, пераасэнсоўваць і рабіць адкрыцці. На жаль, мастакі выстаўкі пакуль не акцэнтуюць на гэтым увагу.

«Мембрану» ў арт-гасцёўні «Высокае мѣста» можна наведаць да 5 снежня.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.

Грамадства

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук: Марым аб брыльянтавым вяселлі

Уладзімір Мішчанчук — заслужаны артыст БССР, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар.

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.