Вы тут

У Магілёве падводзяць вынікі ўборкі сёлетняга ўраджаю


Сёння, напярэдадні прафесіянальнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі, Магілёўшчына ўрачыста праводзіць двухдзённы абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2021». З учарашняга дня Палац культуры вобласці і ўся пляцоўка вакол яго пераўтварыліся ў адну вялікую выстаўку дасягненняў сельскагаспадарчай галіны. Спакусліва лунаюць пахі прыгатаванай на свежым паветры ежы, ногі прытупваюць у такт песень, якія спяваюць артысты мастацкай самадзейнасці на сцэне пад адкрытым небам, а рука сама цягнецца ў кішэню па грошы, каб купіць тое-сёе па прывабнай цане. На кірмашы ўсяго багата, дзякуй працаўнікам сяла, — пастараліся.


— Год быў складаны, але нашы аграрыі зрабілі ўсё для таго, каб уборачная кампанія прайшла ў адпаведнасці з патрабаваннямі Прэзідэнта краіны — якасна і ў сціслыя тэрміны, — адзначае першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Вольга Прыстромская. — Сёлета ў лідарах Магілёўскі, Шклоўскі і Бялыніцкі раёны. Магілёўскі раён першым у вобласці пераадолеў 100-тысячную мяжу па намалоце збожжа, крыху не дацягнулі да гэтага ўзроўню Шклоўскі і Горацкі раёны. Учора ў Палацы культуры вобласці былі адзначаны пераможцы абласных спаборніцтваў за дасягненні лепшых паказчыкаў па ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых. Найлепшыя атрымалі ўзнагароды і падзякі, у гонар працаўнікоў сяла адбыўся канцэрт. Сярод тых, каму мы кажам вялікі дзякуй за працу, — адкрытае акцыянернае таварыства «Александрыйскае» і сельгаспрадпрыемства «Газавік Сіпакова» Шклоўскага раёна, «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна і агракамбінат «Зара» Магілёўскага, сельскагаспадарчае прадпрыемства «Аўсянка імя І. Мельніка» і таварыства «Копцеўская Ніва» з Горацкага раёна. Шмат асабістых залікаў. Ну хто сёння ў вобласці не ведае імёны нашых герояў ад сельскагаспадарчай нівы — механізатара Мікалая Дарэчкіна з калгаса «Радзіма», камбайнераў Аляксея Макосава ад агракамбіната «Зара» і Віктара Мільто ад таварыства «Александрыйскае». Удзельнікаў жніва на працягу ўсёй уборачнай кампаніі актыўна падтрымлівала ўся вобласць. Перадавікоў ушаноўвалі проста ў полі, уручылі каштоўныя падарункі і падзякі ад Магілёўскага аблвыканкама, абкама прафсаюза работнікаў АПК, грамадскіх арганізацый. Слоў падзякі заслугоўваюць і ўсе тыя, хто працаваў на зернесушыльных устаноўках, іншых не менш адказных месцах.

— Сёлета падчас уборачнай вельмі добра праявіла сябе моладзь. У хлебаробаў расце годная змена!

— Так. Асабліва добра спрацавалі маладзёжныя экіпажы таварыства «Світанак» імя К. Арлоўскага» Кіраўскага раёна, яны ўзялі ўсе тры прызавыя месцы. На першым — стрыечныя браты, камбайнеры Андрэй і Сяргей Дразды. Яны прадстаўнікі дынастыі, агульны стаж якой у сельскай гаспадарцы налічвае аж 168 гадоў! Знамянальна, што Андрэй і Сяргей Дразды сталі найлепшым маладзёжным экіпажам не толькі ў вобласці, але і ўвайшлі ў тройку лідараў па краіне.

Прызавое месца ў рэспубліканскім заліку заняў яшчэ адзін прадстаўнік Магілёўскай вобласці, малады кіроўца вучэбнай гаспадаркі «БДСГА» Горацкага раёна Арцемій Касцюкоў. Па рэкордах мінулых гадоў нам таксама знаёма імя маладога кіроўцы з сельскагаспадарчага прадпрыемства «Жылічы» Кіраўскага раёна Рамана Шарамета, які і сёлета на абласным узроўні дасягнуў высокіх вынікаў у рабоце. Вельмі радуе, што ў нас расце такая годная змена. Дарэчы, на Магілёўшчыне ёсць прыгожая традыцыя па перадачы працоўнай эстафеты ад старэйшага пакалення малодшаму. І ў святочнай праграме вельмі кранальна прагучаў наказ вопытных працаўнікоў сяла сваім пачынаючым калегам расціць хлеб, берагчы яго і шанаваць як найважнейшы дар на зямлі. Бо спрадвеку лічылася, што, калі на стале ёсць духмяны каравай, значыць, жыццё працягваецца.

— Вядома, вынікі ўраджаю залежаць не толькі ад працавітых рук, але і ад забяспечанасці гаспадарак тэхнікай.

— Для абнаўлення машынна-трактарнага парка сельскагаспадарчых арганізацый сёлета ў рамках прынятых кіраўніком дзяржавы рашэнняў былі набыты 267 адзінак сельгастэхнікі і абсталявання. Гэта вялікая дапамога для нашых гаспадарак. Стаўка робіцца таксама на прымяненне найноўшых тэхналогій. Тыя кіраўнікі, якія зацікаўлены ў атрыманні высокага ўраджаю, прытрымліваюцца планамернай мадэрнізацыі сваёй вытворчасці.

— Адна з цікавых фішак фестывалю-кірмашу «Дажынкі» — яго конкурсы на найлепшы каравай і падворак. Ёсць магчымасць паглядзець у разрэзе, які ўнёсак зрабіў канкрэтны раён у агульную скарбонку.

— Так, гэта традыцыйныя конкурсы, удзел у якіх бяруць усе раёны Магілёўшчыны. Падчас знаёмства кіраўніцтва вобласці з падворкамі старшыні райвыканкамаў даюць невялічкую справаздачу, чым канкрэтны раён вызначыўся і якіх поспехаў сёлета дасягнуў. Своеасаблівае падвядзенне вынікаў сваёй дзейнасці.

Ну а конкурс караваяў — вельмі прыгожая і відовішчная традыцыя. У свае творы мастацтва з мукі першага ўраджаю пекары ўкладваюць усю фантазію і натхненне.

— Ад працавітых рук селяніна цалкам залежыць наша харчовая бяспека. Наколькі яна надзейная?

— На гэты і наступны гады створана трывалая кармавая база для жывёлы, што дазволіць дасягнуць максімальнай яе прадукцыйнасці. Трэба толькі захоўваць высокую тэхналагічную, выканаўчую і працоўную дысцыпліну. Для забеспячэння ўраджаю 2022 года праведзена работа па сяўбе азімых культур з захаваннем тэхналогіі іх апрацоўкі. Павялічаны плошчы пасеву азімага ячменю як найбольш ураджайнай культуры ранняга тэрміну паспявання.

Што датычыцца нашай перапрацовачнай прамысловасці, то сёння мяса-малочная прадукцыя пастаўляецца ў 45 краін свету. Нашы прадпрыемствы прымаюць удзел у вядучых міжнародных выстаўках і кірмашах, дзе нязменна атрымліваюць узнагароды за якасць і новыя распрацоўкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Будзем з хлебам і малаком!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».