Вы тут

Чаруе накцюрн паэта


Грамадзянская лірыка, лірыка кахання слыннага паэта Змітрака Марозава заўсёды кранае душу, уражвае, вымушае з ім суперажываць, хаця не заўсёды выклікае ўзнёслы настрой. У гэтым пераканаўся пасля таго, як прачытаў новы зборнік вершаў «І жаўранка накцюрн у паднябессі…», які сёлета пабачыў свет у сталічным выдавецтве «Чатыры чвэрці».


Скажу шчыра: многае давялося чытаць раней. І такую выснову зрабіў пасля азнаямлення з першымі творамі раздзела «Мне даўно не снілася матуля», бо менавіта маці яшчэ ў далёкім дзяцінстве наказала сыну паважаць працу, і ён прытрымліваецца таго незабыўнага наказу па сёння. Як і святой любові да Радзімы, яе свабоды і незалежнасці, загінулых абаронцаў у крывавыя гады Вялікай Айчыннай вайны, аб чым сведчыць верш «На вышыні ля Лудчыц». Многім гэтая вышыня невядомая, тым больш што паэт не тлумачыць значэння названай вышыні. Проста паказвае тутэйшыя жытнёвыя палі ды як раннія зязюлі адлічваюць гады, як ідуць сюды здаля салдацкія матулі, каб услаць квятамі дол, і люляюць у душы надзею:

 

Мо і табе, сыночак,

Хто-небудзь прыкладзе

Рамонкавы вяночак

Да маладых грудзей?..

 

На гэтай легендарнай вышыні ў Быхаўскім раёне часам бываю і я, ведаю, што напрыканцы 70-х — пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя Змітрок Марозаў, выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, пачаў працаваць у гэтай мясцовасці калгасным аграномам. Ён памятае, як у чэрвені 1984 года тут адбыўся шматтысячны мітынг з нагоды адкрыцця мемарыяла Вайсковай славы з увасобленымі на ім гарэльефамі шасці Герояў Савецкага Саюза розных нацыянальнасцей, якія атрымалі гэтае высокае званне ў асноўным пасмяротна ў баях на подступах і непасрэдна за вышыню ў вызваленчым 1944 годзе. Тады тут склалі свае галовы тысячы байцоў і камандзіраў Савецкай Арміі. Паэт радуецца ўсталяванаму мірнаму, вольнаму жыццю, услаўляе ў аднайменным вершы сваё Мацярынскае поле з жытняй калыханкаю, дзе сталеў з вёснамі і цёплымі барознамі, быў некалі сагрэты ім, якое не засмягне. І тут жа паказвае, як жывуць у вёсцы жанчыны — Алесі, Алёны, Мальвіны. Яны ідуць да зямелькі з паклонам, песцяць лянок кучаравы і косяць духмяныя травы. Сціплыя, ніколі не просяць у долі спачыну, а моляцца сонцу як Богу, доўга глядзяць на дарогу…

А як проста і ў той жа час дакладна паэт малюе вясковы ранак, калі маці жыве па сонцы, разам з ім устае. Потым будзіць жывёлу ў хляве, «танцуе» каля печы, як рыхтуе на цэлы дзень стравы, шчыруе на градах, дзе поле гуркі. І так дапазна. А ноччу ёй не спіцца, бо ломіць спіну і рукі, надакучаюць думкі:

«Як гэта заўтра ўстаць, сонейка не праспаць?» Таму і нізка кланяецца матчыным парэпаным рукам, што кармілі ды паілі, бацькавай крыніцы, вузкай палявой сцяжынцы, усім добрым, шчырым людзям, без якіх не спазнаў бы сапраўднага жыцця. Ім за гэта кланяецца тройчы. Вось чаму адразу звяртаеш увагу на мудры «Маналог маці аб зямлі»:

 

«Аддаць ці не аддаць?

Вярнуць ці не вярнуць?..»

Зноў заклікі гучаць,

А праўдачкі не чуць.

Ды гэта да пары.

Шкада, гады ляцяць…

Як скажуць нам: «Бяры!» —

Не будзе каму браць.

 

Жыццёвы матчын маналог вельмі ўдала дапаўняе верш «Маня», у якім мядункавым раннем бабуля Маня ледзьве махае няклепленай касой. Яна вядзе свой пракос з мінулай вайны, дзе скасіла мужа куля, а потым некуды з’ехалі сыны. Яна на свой цяперашні бядовы лёс праз клопаты і глядзіць: «Жыву дзеля каровы. Інакш навошта жыць?»

Тым часам жыццё працягваецца. Паэт не сумняваецца, што дзеці нас перажывуць, няхай толькі як памяць зберагуць дабрыню і чалавечнасць. Прынамсі павінны, абавязаны зберагчы. Значыць, не варта шкадаваць, што дні ляцяць. Мы ведаем смак жыцця як смак хлеба, а дзеці няхай нясуць наступнікам усё, што ім пакідаюць бацькі. Яны ж сваё абавязкова дажнуць, даспяваюць.

У сваіх шчымлівых вершах творца бачыць маці маладою, выказвае стаўленне да матчынай мовы, якую любіць да болю, да слёз уваччу, верыць, што беларускае слова заблішчыць яшчэ ярчэй. А ў вершы «Я адгэтуль аднойчы паеду» шчыра прызнаецца, што «ў сталічнай кватэрцы начной будзе Блоку маліцца і Фету, а не матчынай песні жывой». І робіць нечаканую выснову:

 

«Я аднойчы адгэтуль паеду…

Буду вольна і праведна жыць…

І чаму ж гэта памяць па следу,

Як жабрачка, за мною бяжыць?»

 

Менавіта памяць аб вёсцы, дзе засталася маці, дарагія яму людзі, не дае спакойна жыць, працаваць, тварыць.

Гэта вынікае з дасланага матуляю ліста, з допісу сына на яе ліст, які назваў «Адказ матулі». Ён настолькі прасякнуты болем па малой радзіме, што міжволі ўспамінаеш родную маці, вёску, дзе нарадзіўся і вырас. Таму сынава просьба да яе шкадаваць сэрца з вераю ў тое, што ён ніколі і нікому не прадасць сваю душу, бо душа не прадаецца, успрымаецца быццам асабістая. Як і вырак: «Калі ж цябе не ўбачу я, прад сконам пажадаю: // Хай пухам стане мне зямля твая, а не чужая».

Далей ідуць вершы «Матчына суцяшэнне», «Матчына сляза», «Прызнанне маці», «Гаворыць маці», «Ліст ад маці», «Маці», шэраг безназоўных твораў, напоўненых бязмежнай удзячнасцю, любоўю да самага роднага чалавека, якога з намі ўжо няма і якога ён, сын, ніколі больш не зможа абняць, пацалаваць, шчыра пагаманіць, параіцца. Вось і просіць у аднайменным вершы даравання:

 

За самыя светлыя словы,

Якія ў дзяцінстве сказаў,

А потым на веях жыццёвых

Я іх незваротна губляў.

За дні, калі ў родныя вочы

Глядзеў абыякава я,

За ўсе твае чорныя ночы

Даруй мне, матуля мая.

 

Цыкл вершаў «Жывых трымае памяць на зямлі» з’яўляецца своеасаблівым працягам папярэдніх твораў, прысвечаных любай маці, усім вясковым жанчынам цяжкага пасляваеннага пакалення.

Вершы, трыялеты, санеты, вянкі вянкоў санетаў са зборнікаў паэзіі 1988—2017 гадоў склалі раздзел «Баравік на пагосце», які пачынаецца з «Анкеты паходжання» самога творцы: «Я — з вёскі // Я — свойскі // Язбоўскі // Сялянскі // Славянскі // Зямны // Ад плуга // Ад лугу…» Такім чынам ён падкрэслівае сваю прыналежнасць да сялянскага роду, да роднай зямлі-карміцелькі, адказнасць за яе стан, трывогу за лёс суайчыннікаў. Усё гэта трывала знітавана, выразна праходзіць праз вершы «Мне богам дадзена Радзіма», «Удовы», «Салавецкая балада», «Чытаючы вечную кнігу», «Калі шукаюць вінаватых», «Абяцаюць хуткі рай народу…», «Пра халопства», «Чарнобыльская эра», «Пенсія», іншыя творы грамадска-сацыяльнай накіраванасці.

Не маю маральнага права абмінуць верш «Паэт», які прысвечаны светлай памяці Аляксея Пысіна, бо, як і Змітрок Марозаў, лічу Аляксея Васільевіча сваім настаўнікам. Чытаю гэты верш-успамін і адразу ўяўляю, як у зялёным пачаткоўцу ён імкнуўся ўбачыць дзіўны дар, як «…Па людных вулках Магілёва // Ён ціха крочыў раніцой // Душой адбеленае слова // Жывой свяцілася слязой // І ажывала ў нашых сэрцах // Радкамі светлага дабра… // Адплыў паэт, а ў вечнасць льецца // Яго вячэрняя зара».

Санеты, вянкі санетаў, што склалі асобны раздел, каторы раз падкрэсліваюць непераўзыдзены талент у гэтым вельмі складаным жанры іх аўтара, каторы яшчэ ў 1991 годзе выдаў першым у еўрапейскай літаратуры вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы», што вытрымаў шэсць перавыданняў, у тым ліку ў перакладзе А. Цяўлоўскага на рускую мову. Свайму перакладчыку ўдзячны аўтар, дарэчы, таксама прысвяціў верш.

Кожны санет альбо вянок санетаў напоўнены любоўю да маці, да бацькоў, да Радзімы і народа, светлым і чыстым каханнем. Пра вобразнасць, цікавыя паэтычныя знаходкі, скарыстаныя ў творах, не пішу свядома, паколькі без іх не абыходзіцца бадай ніводзін верш ці санет. Такі, напрыклад, як «Жаўрук»:

 

Ён раніцою будзіць сорак сёл.

Цымбальны дожджык

                                нотак серабрыстых

Ліецца з высяў светла і ўрачыста

У збажынова-травяны прыпол.

І ажывае ўсё тады наўкол:

Сцяблінка, колас,

                                гурт дубоў вячыстых,

Занебны спеў крылатага саліста

Да сонца набліжае цёмны дол…

Яму не трэба славы і ўхвалення,

Знаходзіць ён у песнях спаталенне…

Паэт падобны ў нечым з жаўруком:

Ад мітусні

                     і ад будзённай прозы

Загойвае людскія сэрцы, розум

Натхнёна-разняволеным радком.

 

Змітрок Марозаў прысвяціў санеты Максіму Багдановічу, Адаму Міцкевічу, ахвяраваў «Вянок Беларусі» сябру Аляксея Пысіна і свайму даўняму сябру, 94-гадоваму магілёўскаму пісьменніку Віктару Арцем’еву, а трэці вянок «З вянка вянкоў санетаў» прысвяціў светлай памяці Анатоля Сербантовіча. Упрыгожвае ж іх «Санет маці». Яго скарыстаў творца для плаўнага пераходу ў раздзел «Пярынка з воблачных нябёс», складзены з новых вершаў дзеля светлай памяці жонкі Таццяны.

Вершы гэтыя самай рознай тэматыкі, ды ў кожным з іх паэт па-ранейшаму асэнсоўвае наша супярэчлівае жыццё, яго сутнасць, прыроду і яву чалавечых пачуццяў:

 

Жыццё — нядоўгае спатканне

З усім, што радуе, баліць.

Пражыты дзень —

                        крок развітання…

Дайсці б да вечнасці… Дажыць!

 

І не проста дажыць, а дажыць годна, памятаючы, што «Верлібр не мае ланцугоў // Дакладней рыфмы і сюжэта // Затое на крыжы радкоў // Распятая душа паэта».

Зноў і зноў захапляюся трапнымі чатырохрадкоўямі паэта, у якія ўкладзены не толькі душа і сэрца, а і ўсё той жа глыбінны філасофскі сэнс:

 

Чалавечае вока

Бачыць далёка,

Акрамя сябе самога…

І — Бога!

 

Кароткія вершы «Бяссонне», «Твае вочы», «Грэх», «Я вярнуся», «Паэты», «Бяда», «Плач», «Як многа мудрасці ў прыродзе…», «Твой вобраз», «І жаўранка накцюрн у паднябессі...», назва якога стала назваю кнігі, радуюць неардынарнасцю: «На гарадскім асфальце мітусня // Прамовы, звады і пустыя песні // А ў хлебным полі згода, цішыня // І жаўранка накцюрн у паднябессі».

Радкі з Бібліі «Час раскідваць камяні, час збіраць камяні» паэт-сучаснік асэнсоўвае па-сучаснаму:

 

Жыццё — кароткае імгненне,

Дзе кроплі праўды не відаць…

Настане час збіраць каменне тое,

Ды будзе некаму збіраць.

 

І ўсё ж хочацца верыць, што наш шматпакутны народ перажыве нягоды

і цяжкасці, якія выпалі на яго лёс, зной-

дзе сілы сабраць раскіданыя нядобразычліўцамі камяні.

Мікола ЛЕЎЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».