Вы тут

Месцы, якія варта наведаць нават не ў самую маляўнічую пару года


Восень больш не радуе яркімі фарбамі, таму лістапад – гэта хутчэй час, калі ўсе знаходзяцца ў нейкім чаканні зімовых цудаў. Пакуль зямлю чапаюць толькі рэдкія замаразкі, мы вырашылі адшукаць месцы, якія пагружаюць ў атмасферу спакою і супакаення. Гаворка ідзе аб храмах, захавальніках нашай душы і ўнутранай гармоніі.

Вядома, што Гродзенская вобласць як ніякая іншая ў Беларусі багатая на храмы, манастыры і капліцы. Многія з іх на слыху і даўно заслужылі званне візітных картак свайго горада ці пасёлка. Сёння мы нагадаем пра пяць найбольш знакамітых з іх, дзе варта пабываць у лістападзе, каб пазбавіцца позняга восеньскага смутку.


1. Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне

Помнік праваслаўнага дойлідства ХІІ стагоддзя, Барысаглебская царква ў Гродне – жамчужына беларускай культуры. Яна не мае аналагаў ні ў старажытнарускай, ні ў балканскай архітэктуры. Гэта ўзор старажытнага мураванага дойлідства, узведзены майстрамі гродзенскай архітэктурнай школы.

Яго ўнікальная асаблівасць – мноства керамічных гаршкоў-галаснікоў, якія ўбудаваны ў скляпенні сцен і выходзяць наверх рыльцамі, дзякуючы чаму многія стагоддзі тут захоўваецца добрая акустыка і так цудоўна гучаць царкоўныя песнапенні.  Яшчэ адна знакамітая асаблівасць Каложы – аздабленне фасадаў і сцен устаўкамі з вялікіх паліраваных валуноў і шматкаляровых маёлікавых пліт у форме крыжоў. Унутранае ўбранне Каложскай царквы ўпрыгожвалі ўнікальныя фрэскі, фрагменты якіх былі знойдзены ў 1970-х на алтарным скляпенні і ў нішах.

Разам з комплексам помнікаў замкавай гары аб'яўлена гісторыка-архітэктурным запаведнікам. Уваходзіць у лік аб'ектаў, прапанаваных урадам Беларусі ў якасці кандыдатаў на ўнясенне ў Спіс аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.


2. Царква Святога Архангела Міхаіла (Міхайлаўская царква) у Сынкавічах

Зэльвенскі раён

Царква ў Сынкавічах лічыцца адным з найстарэйшых абарончых храмаў Беларусі. Па легендзе царкву заснаваў князь Вітаўт. Нібыта, у 1382 годзе, уцёкшы ад пераследаў свайго брата Ягайлы з Крэўскага замка, ён нейкі час хаваўся ў мясцовых жыхароў і ў падзяку за выратаванне загадаў закласці храм.

Паводле менш рамантызаванай версіі, царква будавалася на мяжы XV-XVI стагоддзяў на сродкі гетмана ВКЛ Канстанціна Астрожскага. Міхайлаўская царква з'яўляецца прыкладам беларускай готыкі. У міжваенны перыяд Сынкавічы сталі цэнтрам уніяцкай парафіі. У савецкі час царква была зачынена.

Сёння храм з'яўляецца дзеючым: вернікам ён быў перададзены яшчэ ў 1990 годзе, пасля перажыў знешнюю і ўнутраную рэстаўрацыю.


3. Царква Раства Багародзіцы (вядомая таксама як Маламажэйкаўская царква) у Мураванцы

Шчучынскі раён

Таксама, як і Міхайлаўская царква ў Сынкавічах, з'яўляецца храмам абарончага тыпу і помнікам гатычна-рэнесанснай архітэктуры. Асвечана ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы.

Маламажэйкаўскі храм, будучы пабудаваны як праваслаўны, пасля не раз падвяргаўся перабудове ў адпаведнасці з патрэбамі чарговых «гаспадароў». Усе гэтыя перамены ў яе лёсе прывялі да таго, што ад першапачатковага ўнутранага строя да нашых дзён захаваліся толькі элементы, якія не маглі быць змененыя. Перш за ўсё размова ідзе пра нервюрныя скляпенні. У еўрапейскай гатычнай архітэктуры такія скляпенні называлі “кветкавымі” або “карункавымі”.

Сёння гэта цэнтр парафіі, які аб'ядноўвае восем вёсак. Царква Раства Багародзіцы належыць да ліку аб'ектаў, прадстаўленых да ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – у комплексе з іншымі храмамі абароннага тыпу, якія захаваліся на сучасных беларускай, літоўскай і польскай тэрыторыях. У сувязі з гэтым храм у Мураванцы зрабіўся аб'ектам пільнай увагі даследчыкаў.


4. Свята-Успенскі манастыр у Жыровічах

Слонімскі раён

Гісторыі Жыровіцкага манастыра больш за 550 гадоў. Храм узнік на месцы, дзе, паводле падання, цудоўным чынам з'явіўся абраз Маці Божай. Манастыр быў заснаваны ў канцы XV ст. як праваслаўны. Цяпер у Жыровіцкім комплексе ёсць братэрскія карпусы і некалькі цэркваў — старажытныя будынкі, якія захоўваюць сваю частку гісторыі гэтага месца.

Царква Узвышэння крыжа Хрыстова — неад’емная частка архітэктурнага ансамбля Свята-Успенскага манастыра ў Жыровічах. Асаблівасцю пабудовы храма з’яўляецца месца яго размяшчэння — ён быў збудаваны на самай высокай пляцоўцы з усёй тэрыторыі манастыра. Такое размяшчэнне — гэта сімвалічны знак, што адлюстроўвае гару пакут.

У цяперашні час манастыр прыцягвае да сябе шмат экскурсій. Вялікая колькасць людзей прыязджаюць сюды штогод 20 траўня, у дзень святкавання з'явы Жыровіцкай іконы Божай Маці, калі па прынятым у манастыры звычаі, пасля літургіі ва Успенскім саборы хросны ход накіроўваецца да дзвярэй Яўленскага храма для здзяйснення набажэнства з акафістам Жыровіцкай іконе.


5. Галоўная сінагога ў Слоніме

У гістарычным цэнтры горада Слонім знаходзіцца галоўная сінагога – жамчужына яўрэйскай культуры. Гэты храм з'яўляецца абарончым збудаваннем. Будынак мае магутныя сцены без адметных дэкаратыўных элементаў. Архітэктура вытрыманая ў стылі барока. Знешняе аблічча сінагогі простае, але за непрыметнымі сценамі схаваныя старадаўнія роспісы з выявай яўрэйскай сімволікі. Тут таксама захавалася Біма – месца для публічнага чытання Торы.

Па сваім прамым прызначэнні сінагога праслужыла аж да 1940 года. Пасля вайны тут знаходзіўся спачатку склад, пазней – гандлёвае памяшканне.

Тры гады таму Фонд яўрэйскай спадчыны аплаціў рамонт даху закінутага будынка. Летась сінагога была выстаўлена на аўкцыён, таргі не адбыліся з-за адсутнасці заявак. Не так даўно Слонімская сінагога ўвайшла ў чацвёрку самых значных еўрапейскіх храмаў. Зараз гаворка ідзе аб стварэнні гісторыка-культурнага цэнтра, музея. У абноўленым выглядзе гэта будзе адно з найпрыгажэйшых месцаў горада з багатай культурнай спадчынай.

Дарэчы, на тэрыторыі Гродзенскай вобласці сфармавалася амаль чатырыста пяцьдзясят рэлігійных суполак і васямнаццаць канфесій. Гэта адзіны ў Беларусі рэгіён, дзе сярод вернікаў дамінуе рымска-каталіцкая царква.

Аліса СКІБА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».