Вы тут

Батут любіць беларусаў


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем цікавыя спартыўныя навіны.


Героі тыдня. Беларусы выступілі на чэмпіянаце свету па скачках на батуце, дзе заваявалі тры медалі. Алег Рабцаў і Андрэй Буйлаў узялі «золата» ў сінхронных скачках. Суддзі ацаналі іх выступленне на 52,930 бала. Другое і трэцяе месца раздзялілі паміж сабой прадстаўнікі Германіі і Францыі адпаведна.

Беларусы сталі чэмпіёнамі свету і ў камандным турніры. Краіну ў гэтым відзе праграмы прадстаўлялі Іван Літвіновіч, Алег Рабцаў, Андрэй Буйлаў і Аляксей Дудараў. Алімпійскі чэмпіён Іван Літвіновіч выдатна справіўся са складанай праграмай і атрымаў адзнаку 61,225 бала. Добры старт падтырмаў і Алег Рабцаў — 60,290 бала. Завяршыў выступленне Андрэй Буйлоў — 59,175 бала. У суме беларускія батутысты набралі 180,690 бала. Сярэбранымі прызёрамі сталі спартсмены з Японіі, бронзавымі — з Расіі.

У індывідуальных спаборніцтвах Алег Рабцаў заваяваў «бронзу». Яго адзнака — 60,385 бала. У васьмёрцы наймацнейшых выступленняў — яшчэ адзін беларус Андрэй Буйлаў. Ён з ацэнкай 60,200 бала заняў чацвёртае месца.

З выдатным выступленнем батутытсаў павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Гэта было ідэальнае спалучэнне маладосці, вопыту і таленту. І сёння, заняўшы высокія месцы ў асабістых спаборніцтвах, вы яшчэ раз пацвердзілі першакласныя традыцыі айчыннай школы скачкоў на батуце. Прыемна, што нашы батутысты з гонарам нясуць сцяг беларускага спорту, праяўляючы вялікі прафесіяналізм, волю да перамогі і любоў да Радзімы. Дзякуем за гэта ўсёй камандзе і трэнерскаму штабу на чале з Вольгай Уласавай», — сказана ў віншаванні.

Гераіня тыдня. Крысціна Фяклістава выйграла этап Кубка свету па фехтаванні на калясках у Пізе (Італія), заняўшы першае месца ў спаборніцтвах шпажыстак (катэгорыя Б). У фінальным паядынку беларуска ўпэўнена перамагла італьянскую спартсменку Разану Паскуіна — 7:3.

Адкрыццё тыдня. Беларускі форвард «Вашынгтон Кэпіталз» Аляксей Протас адкрыў лік ачкоў у Нацыянальнай хакейнай лізе. Важная падзея ў кар'еры хакеіста адбылася на трэцяй хвіліне матча супраць «Сан-Хасэ Шаркс». Менавіта пасля паса Аляксея Протаса Конар Шыры закінуў шайбу ў вароты «Акул». Паядынак завяршыўся з вынікам 4:0 на карысць «Вашынгтона».

Поспех тыдня. Алімпійская чэмпіёнка біятланістка Дзінара Алімбекава заняла трэцяе месца ў чарговай перадсезоннай кантрольнай гонцы ў аўстрыйскім Аберціліяхе. Пераможніцай стала нямецкая спартсменка Францыска Пройс, якая прайшла дыстанцыю за 30 хв. 03,2 сек. пры адным промаху на чатырох агнявых рубяжах. Дзінара Алімбекава тройчы прамахнулася на стрэльбішчы і ўступіла пераможніцы 58,7 секунды.

Няўдача тыдня. Зборная Беларусі па міні-футболе не змагла прабіцца ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы 2022 года. У зваротным матчы плэй-оф беларусы ўступілі камандзе Сербіі з вынікам 2:3. У першым матчы 15 лістапада ў Сербіі беларусы таксама ўступілі з вынікам 1:3.

Медалі тыдня. Беларускія таэквандысты заваявалі чатыры ўзнагароды на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы. Найбольшага поспеху дасягнуў Максім Бандарэвіч (59 кг), ён стаў сярэбраным прызёрам турніру. Кірыл Дудараў (68 кг), Віталь Лазута (63 кг) і Валерыя Смычкова (52 кг) заваявалі бронзавыя медалі. Такі вынік дазволіў беларусам заняць 130-е месца ў медальным заліку турніру.

Назначэнне тыдня. Беларуская тэнісная федэрацыя правяла справаздачна-выбарную канферэнцыю. У ходзе работы канферэнцыі разгледжаны пытанні дзейнасці федэрацыі, дадзена ацэнка выступлення беларускіх гульцоў на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Адно з асноўных пытанняў — выбары новага старшыні БТФ. На дадзеную пасаду абраны вядомы ў мінулым гандбаліст Сяргей Рутэнка.

Валерыя СЦЯЦКО

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.