Вы тут

Часовая «аддалёнка» і выхадны для паходу да доктара. Якія змены могуць унесці ў Працоўны кодэкс?


Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапануе ўнесці чарговыя змяненні ў Працоўны кодэкс. Сярод іх — новаўвядзенні па дыстанцыйнай рабоце, у прыватнасці, яе хочуць зрабіць не толькі пастаяннай, але і часовай. Таксама прапануецца даваць работніку выхадны для дыспансерызацыі, які будзе аплачвацца. Шматдзетным бацькам хочуць даць магчымасць выбіраць або адзін дадатковы выхадны на тыдзень, або скараціць рабочы дзень на гадзіну. А тым, хто заняты на шкодных і небяспечных работах, могуць дазволіць замест малака атрымліваць грашовую кампенсацыю. Мы паглядзелі, што можа змяніцца ў Працоўным кодэксе.


Чаргаваць «аддалёнку» з работай у офісе

Дыстанцыйную работу, якая з'явілася ў Працоўным кодэксе адносна нядаўна ў адказ на пандэмію, могуць чакаць некаторыя змены. Прапануецца зрабіць яе не толькі пастаяннай, але і часовай. Праўда, калі на дыстанцыйны рэжым работнік пераходзіць часова, гэта абмежавана тэрмінам — не больш за шэсць месяцаў на год.

Яшчэ адна прапанова — чаргаваць «аддалёнку» з работай у офісе. Напрыклад, тры дні на тыдзень работнік працуе на сваім рабочым месцы, а два — дыстанцыйна. Такі камбінаваны графік работы павінен быць замацаваны ў працоўным дагаворы. Дамовіцца аб фармаце работы з наймальнікам можна будзе як пры прыёме на работу, так і падчас яе.

— Выкананне дыстанцыйнай работы на часовай аснове не патрабуе ўнясення змяненняў у працоўны дагавор і будзе ажыццяўляцца на аснове загада наймальніка. Умова аб выкананні камбінаванай работы мусіць уключацца ў працоўную дамову, — растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Выхадны на дыспансерызацыю

Дадатковыя меры, накіраваныя на клопат пра здароўе работнікаў, таксама прапануецца ўключыць у Працоўны кодэкс. Можна будзе атрымаць выхадны з захаваннем сярэдняга заробку па месцы работы для праходжання дыспансерызацыі. Такім чынам з'явіцца магчымасць не адкладваць да апошняга візіт да доктара з-за занятасці на рабоце, а прайсці неабходныя абследаванні ў любы зручны час. Колькасць свабодных ад работы дзён прапануюць вызначаць у залежнасці ад узросту работніка.

Для таго каб атрымаць такі выхадны, дастаткова будзе напісаць заяву. Праўда, у які дзень можна атрымаць такое вызваленне ад работы, варта будзе ўзгадніць з наймальнікам.

Скарочаны рабочы дзень для шматдзетных

Бацькам, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей да шаснаццаці гадоў ці дзіця-інваліда да васямнаццаці гадоў, таксама прапануюцца больш гнуткія падыходы да гарантаванага Працоўным кодэксам выхаднога. Цяпер гэта адзін дадатковы выхадны дзень на тыдзень, які аплачваецца. Аднак шматдзетным бацькам і тым, хто выхоўвае дзіця-інваліда хочуць прапанаваць выбар: або такі выхадны, або скарочаны на гадзіну рабочы дзень.

— Прадугледжваецца магчымасць па заяве работніка і па ўзгадненні з наймальнікам замест аднаго свабоднага дня на тыдзень устанаўліваць скарочаную працягласць рабочага дня ці змены на адну гадзіну з захаваннем заработнай платы, — паведамілі ў міністэрстве.

Грошы замест малака

Работнікам, якія працуюць на шкодных і небяспечных вытворчасцях, хочуць таксама на выбар даваць або малако, або грашовую кампенсацыю. Каб атрымаць замест малака ці раўнацэнных харчовых прадуктаў грошы, трэба будзе напісаць заяву наймальніку.

Усе навацыі замацаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносін», які і прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Працоўны кодэкс.

Мінімальны заробак з 1 студзеня могуць падняць да 457 рублёў

З такой прапановай выступіў Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях. Менавіта па яго прапановах Савет Міністраў устанаўлівае «мінімалку».

Цяпер мінімальны заробак складае 418 рублёў 18 капеек. Гэта той мінімум, які павінен плаціць наймальнік работніку, калі ён працуе на стаўку і выконвае свае службовыя абавязацельствы ў поўным аб'ёме.

Мінімальны заробак пераглядаюць раз на год, з 1 студзеня. Сёлета з прычыны інфляцыі ён быў індэксаваны двойчы — за верасень і за кастрычнік.

Нагадаем, што сёлета з 15 лістапада яго разлічваюць па-новаму згодна з законам «Аб змяненні законаў па пытаннях сацыяльных нарматываў і мінімальнай заработнай платы». Цяпер памер «мінімалкі» устанаўліваецца з 1 студзеня не ніжэй за 30 % ад прагнознага значэння сярэдняй зарплаты па краіне.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.