Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «Мы не варвары, мы не хочам супрацьстаяння, нам яно не патрэбна»


Прэзідэнт Беларусі Аляксанр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Гродненскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка і памочніка Прэзідэнта-інспектара па Гродненскай вобласці Юрыя Караева. На парадку дня — актуальныя пытанні жыцця рэгёна. 


Фота: БелТА

«Мы ўсё можам вырабіць»

Першым пытаннем кіраўнік дзяржавы назваў вынік у сельскай гаспадарцы. «Год скончыўся. Паглядзі сёння зводку, якую я атрымліваю штодня: вы адстаеце па аб’ёме зябі ад іншых. Калі стукне мароз, вы з плугам у поле не ўвойдзеце. Наколькі гэта магчыма вам трэба актывізавацца. Я чаму на гэтым настойваю, бо гэта будучы ўраджай. Нам трэба як мага раней кінуць зерне ў глебу вясной. Надвор’е ўвосень добрае, назапашванне вільгаці прыстойнае. Трэба гэта мець на ўвазе, трэба актывізавацца і трэба зямлю араць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу і на рэальны сектар эканомікі. Паводле яго слоў, трэба ўлічваць, што санкцыі ніхто не адмяняў: «Нас усё душаць, спрабуюць зацягнуць пятлю, якую на шыю накінулі».

Асобна кіраўнік дзяржавы засяродзіўся на экспарце. Ён падкрэсліў, што сітуацыя на знешніх рынках складваецца нядрэнна для Беларусі. У тым ліку, дзякуючы правільнай палітыцы падчас пандэміі. «Калі б зачыніліся, не было б гэтага. Еўропа зараз пачала зноў лакдаўны ўводзіць. Няхай уводзяць. Тое, што ў нас ёсць прадаць, мы прададзім. Я не злараднічаю ў гэтым плане. Трэба людзям дапамагаць, нікуды не падзенешся. Сёння мы дапамаглі некаму, заўтра нам дапамогуць. Таму трэба дапамагаць», — адзначыў Прэзідэнт.

Гаворачы пра новыя праекты і інвестыцыі беларускі лідар спыніўся на лесаапрацоўчай галіне. Ён нагадаў, што некалькі гадоў таму пачалася актыўная мадэрнізацыя гэтай сферы, нядаўна ўраду было даручана адпрацаваць варыянты будаўніцтва новых прадпрыемстваў. «Мы ўсё можам вырабіць. Увесь свет карыстаецца прадукцыяй дрэваапрацоўкі. Нам трэба перапрацаваць усё, што трэба сёння перапрацаваць. Лес перастойвае і такога лесу нямала. Трэба развіваць дрэваапрацоўку, тым больш мы гэта ўмеем рабіць добра і, попыт на гэта ёсць і будзе заўсёды, і сыравіна ў нас свая», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Апрануць, абуць, абагрэць, накарміць»

Адной з самых злабадзёных праблем для Гродзеншчыны застаецца крызіс з бежанцамі на беларуска-польскай мяжы. Прэзідэнт падкрэсліў, што Уладзімір Каранік і Юрый Караеў добра забяспечваюць побыт бежанцаў, якія сканцэнтраваныя ў лагістычным цэнтры. Ён таксама падзякаваў уладальнікам гэтага цэнтра, якія аддалі яго пад патрэбу людей. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прыватную асобу, якая падставіла сваё плячо, трэба падтрымаць, бо бізнес губляе грошы. 

Беларускі лідар звярнуў увагу і на гуманітарную дапамогу, якая аказваецца бежанцам. «Малайцы, што адкрылі перасоўныя магазіны. Кантралюйце цэнаўтварэнне, каб там не сваволілі некаторыя прыватнікі. Апрануць, абуць, абагрэць, накарміць і медыцынскае суправаджэнне. Паўднёвыя людзі правялі ў нас у лесе 10-13 дзён, вядома, цяжка. Дзяцей трэба глядзець, каб не захварэлі, жанчыны цяжарныя і так далей», — падкрэсліў ён. 

«Мы самі справімся з гэтымі людзьмі»

Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра рэакцыю еўрапейскіх палітыкаў пра падзеі на беларуска-польскай мяжы. «Еўрапейцы настойвалі, і Меркель у размове са мной казала: „Спадар Прэзідэнт, дапусціце Міжнародную арганізацыю па міграцыі, Упраўленне вярхоўнага камісара ААН“. Я сказаў: „У нас няма праблем“. Але я ўжо бачу, што некаторыя асобы ў чарговы раз прыехалі сюды. Чаго яны сюды ездзяць? Каб пакрасавацца на фоне гэтых бежанцаў», — расказаў ён.

Прэзідэнт заявіў, каб на мяжы не было нагі тых, хто прыязджае туды піярыцца на фоне бежанцаў. Калі прыехалі дапамагаць — няхай дапамагаюць. «Не можаце гуманітарны калідор арганізаваць — скажыце, чаму не можаце. Дапамагчы чымсьці ў побыце для людзей — калі ласка, вопыт жа ёсць. У гэтых міжнародных арганізацыях вялізныя фінансы сканцэнтраваны.

Апроч беларускага Чырвонага крыжа, нашых дэпутатаў, прадстаўнікоў нашай улады, ніхто канкрэтна гэтым не займаецца», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы абурыўся, што гэтыя міжнароднікі не могуць адказаць на пытанні журналістаў, што яны тут робяць. А чаго тады прыехалі? Не трэба парыцца наконт гэтага. Прыехалі, дапамогі канкрэтнай няма — да пабачэння, няма чаго там рабіць. Няхай да палякаў едуць і з боку Польшчы займаюцца гэтымі пытаннямі. А мы самі справімся з гэтымі людзьмі«, — заявіў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што беларускі бок пастараецца зрабіць усё, чаго захочуць гэтыя людзі, бежанцы. Іх жаданне — закон. Жадаюць у Ірак і Сірыю вярнуцца — ужо арганізавалі рэйс, рыхтуецца яшчэ адзін рэйс на канец месяца, калі людзі набяруцца. 

«Жадаюць у Германію, Польшчу, мы будзем усяляк старацца ім дапамагчы. Мы будзем казаць, мы будзем патрабаваць, каб іх прапусцілі ў Германію. Цяпер ужо адкрылася галоўнае — яны ж туды едуць не толькі, каб нармальна жыць, гэта таксама, пытанне ўз’яднанне сем’яў. Там у іх сваякі, родныя, блізкія, таму яны з дзеткамі, сем’ямі туды ідуць. І вось атрымалі — ядахімікатамі ў твар. Таму мы будзем рабіць усё, што пажадаюць гэтыя людзі», — заявіў ён. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што чакае, калі Еўрапейскі саюз адкажа на пытанне па дзвюх тысячах бежанцаў. Паводле яго слоў, ён прасіў, каб Еўрасаюз (у прыватнасці Германія) іх забралі. Падчас тэлефоннай размовы выконваючая абавязкі канцлера Германіі Ангела Меркель абяцала, што на ўзроўні Еўрасюза будзе разгледжана гэтая праблема. 

«Так не разглядаюць нават. І тое, што яна мне паабяцала — кантактныя асобы. Яны на кантакт нават не выходзяць. Міністр замежных спраў ім тэлефануе: „Давайце будзем працаваць у гэтым ключы“. І ніякай рэакцыі», — расказаў кіраўнік дзяржавы. 

У сувязі з гэтым, кажа ён, не трэба нікога чакаць. Адмовіліся, значыць, ім уезд у Беларусь будзе закрыты, няма чаго тут рабіць. Прэзідэнт падкрэсліў, што будзе такая ж самамя сітуацыя, як з тымі міжнароднымі візіцёрамі, якія прыязджаюць пакрасавацца. 

«Мы самі справімся з гэтымі людзьмі, калі іх Германія не забярэ да сябе. А куды дзявацца, нам дзявацца няма куды. Але мы павінны патрабаваць ад немцаў, каб яны іх узялі, бо там іхнія сваякі, родныя блізкія. І некаторыя едуць туды, каб прадоўжыць лячэнне. Калі б яны маглі там, у Іраку, лячыцца, яны б не ішлі праз Беларусь у Германію», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы будзем падтрымліваць іх патрабаванні»

Беларускі лідар адказаў на пагрозы польскіх палітыкаў. Увесь час раздаюцца пагрозы ад гэтых дзікіх палітыкаў — мяжу закрыем, пагранпераход чыгуначны і гэтак далей. 

«Я ў гэтым плане магу сказаць: закрыюць — калі ласка. Але найперш трэба падумаць, як яны будуць мець зносіны з Кітаем, з Расіяй, з Усходам. Паедуць праз Данбас. А там хлопцы рэзкія, хутка іх адстрояць. Гэта я вобразна кажу, іх там ніхто не чакае. Там мяжа з Украінай у Расіі закрыта», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Паводле яго слоў, падобныя заявы польскага боку накіраваны на тое, каб запалохваць і абвастрыць сітуацыю. Польшча імкнецца вырашыць свае ўнутраныя і знешнія праблемы за кошт ціску на Беларусь і паказаць, хто вінаваты ў праблемах Польшчы. Ён нагадаў, што ў Польшчы назапасілася мноства праблем ад тэмы абортаў да праблем фермераў. 

«Яны гавораць аб нашых выбарах. А ўзнагайце, як перамог Дуда, там жа ў некалькі галасоў перавага. І гэта была поўная фальсіфікацыя. І калі б амерыканцы не ўмяшаліся, там была б бойка горшая, чым у нас у 2020 годдзе. Але амерыканцы ўмяшаліся, а нас папракаюць. А ў чым нас папракаць? Сфальсіфікавалі выбары, паставілі на чале гэтага Дуду, які пабег ужо па краінах Балтыі кааліцыю збірае «ад можа да можа». Не будзе «ад можа да можа», — заявіў Прэзідэнт.

Беларускі лідар канстатаваў, што Польшчы неабходна выбіць з Еўрасаюза мільярды долараў. А іх не даюць, паколькі гэтая краіна не адпавядае стандартам Еўрасаюза. І другое, паводзіны Польшчы ў адносінах да міграцыйнага крызісу маюць мэтай адцягнуць увагу польскага насельніцтва ад унутраных праблем краіны. 

«Я шчыра і адкрыта кажу, што я даў распараджэнне па ўсіх каналах, каб не даць ім магчымасць пагуляцца на Беларусі, на тэме мяжы і мігрантаў. Яшчэ раз кажу шчыра — усіх, хто хоча вярнуцца дадому, мы будзем вяртаць дадому. Хто хоча туды — мы будзем падтрымліваць іх патрабаванні», — канстатаваў ён. 

Палітыка Беларусі застаецца нязменнай

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што на фоне праблем з бежанцамі нельга забывацца пра сітуацыю на мяжы ў цэлым. А праз граніцу бежанцы як ідуць, так і ішлі, па 200-300-400-600 чалавек па ўсёй мяжы з Польшчай, Літвой, Латвіяй. 

«Што яны робяць у Еўрасаюзе, яны іх ловяць на нямецкай мяжы ці ў цэнтры Польшчы, прывозяць на мяжу і выштурхваюць на нашай частцы мяжы. Вось на сёння я ўдакладніў, ужо значна менш засталося, недзе каля паўтары сотні чалавек уздоўж усёй мяжы», — расказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўжо народ Польшчы абураецца, што бежанцам не даюць прайсці. «Ужо пагранічнікі не разумеюць кіраўніцтва Польшчы. Яны на нас выходзяць і кажуць „Браты-беларусы, давайце жыць, як жылі раней“. Калі ласка, мы не супраць. Мы бачым паводзіны польскага народа, яны змяняюцца. Яны ж таксама людзі. А далей будзе горш, людзі зразумеюць, што не Лукашэнка з’яўляецца прычынай гэтага зыходу бежанцаў», — сказаў ён. 

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, польскаму кіраўніцтву патрэбныя абвастрэнні на мяжы, яны на гэтым гуляюць, каб адцягнуць увагу сусветнай супольнасці. «Мы такога шанцу ім не дадзім. Мы будзем па-людску разбірацца з гэтымі бежанцамі. Не такая гэта вялікая праблема. Няхай глядзяць, што ў Міжземным моры, колькі там гіне людзей. У іх трафікі, праз Балканы, праз іншыя краіны, праз Міжземнае мора — там тысячы людзей ідуць — маўчаць. А вось Беларусь абвінавачваюць, зразумела чаму», — сказаў Прэзідэнт.

Беларусі лідар заявіў, што наша палітыка да міграцыйнага крызісу застаецца нязменнай. 

Мы наўмысна спецыяльна нікога цераз мяжу не перакідваем. Гэтага рабіць не будзем. Людзі ідуць туды. Чаму ідуць ужо тысячу разоў сказана. Таму ў гэтым плане трэба дагрукацца да палякаў і паказаць ім, што мы не варвары, мы не хочам супрацьстаяння, нам яно не патрэбна. Мы разумеем, калі мы палку перагнём, вайны не пазбегнуць. А гэта будзе катастрофа, і мы гэта цудоўна разумеем і не хочам ніякага абвастрэння. Але гэтых небарак мы будзем абараняць настолькі, наколькі гэта магчыма. Вось на сёння пазіцыя Беларусі«, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт падзякаваў Уладзіміру Караніку і Юрыю Караеву за тое, што далучыліся да рашэння гэтай праблемы. 

«Я вельмі рады, што вы далучыліся да гэтай праблемы, таму што з Мінска вельмі складана было ўсё гэта рабіць», — сказаў ён. 


Пасля даклада Прэзідэнта старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік расказаў журналістам пра эканамічную сітуацыю ў рэгіёне. 

Ператварыць адходы ў даходы

«Рэгіён паказвае ўпэўнены рост — больш як 5 працэнтаў ВРП па выніках 10 месяцаў гэтага года. Гэта лепшы паказчык сярод рэгіёнаў. Рост ідзе за кошт прамысловасці. Быў вельмі няпросты год у сельскай гаспадарцы, але яна ўжо таксама пачынае выраўноўвацца», — сказаў губернатар.

Уладзімір Каранік расказаў, што падчас размовы з кіраўніком дзяржавы абмяркоўваліся падыходы, якія дадуць магчымасць у наступным годзе дасягнуць больш значных вынікаў у эканоміцы. Увагу ўдзялілі таксама інвестыцыйным праектам. У цэнтры ўвагі была і дрэваапрацоўка. 

«У лесакарыстанні не можа быць адходаў. Нават галінкі, якія застаюцца пасля асноўнай рубкі, павінны выкарыстоўвацца ў перапрацоўцы. Мы павінны выкарыстоўваць кожную магчымасць ператварыць адходы ў даходы», — падкрэсліў старшыня Гродзенскага аблвыканкама.

Паводле яго слоў, у цэлым у Беларусі аб’ёмы высечкі лесу меншыя, чым краіна магла б сабе дазволіць. «Мы адзіная рэспубліка былога Савецкага Саюза, якая за час незалежнасці нарасціла аб’ём лясоў. Мы выкарыстоўваем лесу менш, чым спее, чым маглі б выкарыстоўваць. Але каб ператварыць лес у дровы, шмат розуму не трэба. Асноўная задача — гэта развіццё высокамаржынальных вытворчасцяў», — растлумачыў губернатар. У сувязі з гэтым Уладзімір Каранік далажыў кіраўніку дзяржавы аб дзвюх мэблевых фабрыках, якія будуюцца ў Гродзенскай вобласці. Увядзенне іх у эксплуатацыю дасць магчымасць павялічыць перапрацоўку лесу, нарасціць экспарт не сыравіны, а гатовай прадукцыі.

Спачатку дапамагаем — потым лічым

Таксама Уладзімір Каранік расказаў журналістам, як Гродзенская вобласць дапамагае бежанцам, размешчаным на беларуска-польскай мяжы, і чаго ёй гэта каштуе. 

«Гэта, напэўна, менталітэт нашага народа: калі мы бачым, што людзі трапілі ў бяду і ім патрэбна дапамога, мы спачатку аказваем дапамогу, а потым ужо лічым, чаго нам гэта каштавала», — адзначыў ён.

Цяпер асноўную нагрузку па арганізацыі гуманітарнай дапамогі бежанцам узялі на сябе прадстаўнікі грамадскай супольнасці, бізнесу, валанцёры. Можна сказаць, што Беларусь выратавала людзей, перамясціўшы іх у бяспечныя ўмовы з вуліцы, дзе была ўжо мінусавая тэмпература. «Зразумела, што знаходжанне ў гэтых умовах патрабуе фінансавання. Тут пытанне больш да міжнародных арганізацый. Мы аказваем дапамогу бежанцам. Было задэкларавана, што Еўрасаюз на дапамогу бежанцам выдзяляе 700 тыс. еўра. Але пакуль яшчэ ніводнага долара ці еўра міжнароднай дапамогі мы не бачылі», — канстатаваў губернатар. Ён спадзяецца, што частка выдаткаў пасля будзе кампенсаваная з тых грошай, якія міжнародная супольнасць выдзеліць на дапамогу бежанцам.

Бежанцы ўдзячныя беларусам

Пра сітуацыю на мяжы прадстаўнікам СМІ расказаў і памочнік Прэзідэнта па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. Ён курыруе пытанні бяспекі і размяшчэння бежанцаў у транспартна-лагістычным цэнтры. 

«Па-ранейшаму вялікая колькасць з іх марыць трапіць у Еўрасаюз. Той, хто страціў надзею гэта зрабіць, згаджаецца вярнуцца на радзіму. Ёсць некаторыя людзі, якія ўжо гавораць: калі не Германія, то тады Беларусь. Вялікая частка не хоча сыходзіць з павестак сусветных СМІ. Адсюль трэба разумець, што яны будуць нейкім чынам пра сябе нагадваць. Задавольвацца „жыццём у ТЛЦ назаўжды“ яны таксама не збіраюцца», — адзначыў Юрый Караеў. 

Паводле яго слоў, бежанцы ўдзячны беларусам за дапамогу і падтрымку: «Разумеюць, што гэта і дзяржава, і простыя грамадзяне, арганізацыі з чалавечага жалю, спачування дапамагаюць ім усім неабходным», — падкрэсліў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі