Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Ні ў якім разе нельга зменшыць абароты


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам намесніка прэм’ер-міністра Аляксандра Субоціна і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко. На парадку дня – сітуацыя ў аграпрамысловым комплексе.


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што вынікі дзейнасці аграрна-прамысловага комплексу яшчэ неаднойчы будуць абмяркоўвацца. Цяпер варта засяродзіцца на будучыні. “Мяне больш за ўсё хвалюе будучая стратэгія, бягучая ўжо зразумелая: недапрацоўкі, добрае мы бачым. А вось будучыня… Мы з вамі неаднаразова абмяркоўвалі тактычныя і стратэгічныя пытанні», – адзначыў ён.

Па словах Прэзідэнта, стратэгія АПК адна – трэба хутчэй выходзіць на экспарт прадукцыі ў сем мільярдаў долараў. Асабліва гэта важна на фоне крызісу харчавання ў свеце. «Гэты крызіс толькі пагаршаецца, попыт на прадукты харчавання будзе расці і, натуральна, цэны на прадукты харчавання будуць расці. Вось гэта нашая стратэгія. І ні ў якім разе не зменшыць абароты», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка. І адразу папярэдзіў, нельга забывацца, што свой рынак – гэта святое. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія ў сувязі з гэтым ёсць розначытанні паміж сельскагаспадарчай галіной і гандлем, губернатарамі і мэрам Мінска. І даручыў забяспечыць напаўненне стабілізацыйных фондаў.

«Адны кажуць, трэба цяпер прадаць прадукцыю, пакуль кошты высокія. Іншыя кажуць пра тое, што трэба, каб стабілізацыйныя фонды былі сто працэнтаў», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў, што вытворцы і перапрацоўшчыкі, і гандаль адкажуць за цэнаўтварэнне на сельскагаспадарчую прадукцыю, на прадукты харчавання.

Людзі павінны быць апранутыя і накормленыя

Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што галоўнае — каб людзі, якія маюць адносна невысокую заработную плату, маглі купіць прадукты харчавання: «Людзі павінны быць апрануты і накормлены. Я не кажу пра нейкія верталётныя грошы, пра тое, што мы будзем кагосьці апранаць. Чалавек павінен сам пра сябе паклапаціцца». Аднак, ён заўважыў, што і адказнасць дзяржавы тут ёсць. Інфляцыя, рост коштаў на прадукты харчавання (кантроль за гэтымі працэсамі. — Заўв. аўт) — гэта і задача ўрада ў цэлым.

Прэзідэнт звярнуў увагу на сярэднетэрміновыя задачы, сярод якіх – рамонт тэхнікі, асабліва энерганасычанай. «Мы ж не будзем за сялян рамантаваць усю тэхніку. А складаную тэхніку, энерганасычаную, трэба рамантаваць, дапамагчы ім па мінімальных коштах. Трэба вызначыцца, у якіх месцах нашы флагманы – МТЗ, Гомсельмаш, Амкадор – і іншыя дапамогуць аднавіць тэхніку на працягу зімы да вясны», – падкрэсліў ён.

Дзяржаўнай задачай Аляксандр Лукашэнка лічыць меліярацыю і павышэнне ўрадлівасці глебы. Звярнуў ён увагу і на сучасныя інавацыйныя гаспадаркі такога тыпу як малочнатаварны комплекс «Усце» Нацыянальнай акадэміі навук у Аршанскім раёне. Падобныя комплексы — гэта новы напрамак у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.

«Мы дамовіліся, што вы паглядзіце, ці трэба нам гэта ўвогуле шырока ўкараняць і дзе мы будзем асвойваць гэтыя тэхналогіі. У сувязі з гэтым хацелася б, каб вы сказалі пра Віцебскую вобласць. Як там наш эксперымент, атрымаўся ці не. Ужо другі год працуем у гэтых умовах, ці атрымала Віцебская вобласць тое, чаго мы ад яе чакалі. І ў гэтыя месяцы мы пабудзем у такіх інтэграцыйных аб’яднаннях і паглядзім, як яны працуюць», — пацікавіўся Прэзідэнт.

Трэба карміць як мае быць

На парадак дня былі вынесены і іншыя канкрэтныя пытанні: лён, рапс, азімы ячмень і іншыя культуры, якія дазволяць у будучым годзе пачаць уборку ў чэрвені і скончыць яе крыху раней.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што трэба годна правесці зімне-стойлавы перыяд. Гэта неабходна, каб атрымаць прадукцыю на тых кармах, якія ёсць, хоць і знізіўшы адну кармавую адзінку.

Проста трэба карміць як мае быць. Трэба арганізаваць утрыманне жывёлы так, каб на гэтых кармах атрымаць не менш прадукцыі, чым летась. Самае галоўнае — захаванасць жывёлы. Аб чым мы часта казалі — падзёж жывёлы. На якім узроўні знаходзімся да адпаведнага перыяду мінулага года, як мы выглядаем. Яшчэ раз хачу паўтарыць — гэтае пытанне найважнейшае з майго пункту гледжання. Тут трэба калёным жалезам выразаць усе недахопы", — канстатаваў ён.


Каментарый у тэму

Дэфіцыту не будзе - гэта аксіёма

Пасля даклада Прэзідэнту віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін, які курыруе аграрна-прамысловы комплекс, адказаў на пытанні журналістаў.

Ён запэўніў, што дэфіцыту ў сельскагаспадарчай прадукцыі не будзе, гэта аксіёма. “Таму што мы вырабляем у шмат разоў больш, чым нам трэба. І таму што ў нас першае - гэта наша ўласная харчовая бяспека і ўнутраны рынак. Гэта канстанта, аксіёма», - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Аляксандр Субоцін папярэдзіў, што росту цэн не пазбегнуць. І гэта звязана з сусветнай кан'юктурай, якая расце.  «Калі мы пачнем перакрываць, неяк душыць цэны на ўнутраным рынку, а цікавейшым будзе кошт у Расійскай Федэрацыі, людзі будуць там купляць тавар, і аўтобусамі, машынамі яго перавозіць. Ператок будзе ў любым выпадку», - растлумачыў ён. Тым больш растуць цэны на тавары, якія так ці інакш уплываюць на канчатковы кошт сельгаспрадукцыі, уключаючы ўгнаенні, некаторыя імпартныя камплектуючыя, запчасткі і многае іншае.

 «Усё аб'ектыўна расце. Таму мы не зможам дзесьці ўтрымаць кошт, не наносячы шкоды вытворцу. Але існуе вялікая колькасць механізмаў, якія нівеліруюць гэтыя скачкі. У тым ліку і адрасная падтрымка бедных слаёў насельніцтва, і недзе абмежаванне маржынальнасці, абмежаванне рэнтабельнасці гандлёвых сетак. Усе гэтыя механізмы вядомыя ва ўрадзе, мы іх актыўна выкарыстоўваем. І мы стараемся максімальна стрымліваць рост цэн», - адзначыў Аляксандр Субоцін.

Экспарт павялічваецца

Паколькі Беларусь не толькі забяспечвае сябе актуальнымі таварамі, але і пастаўляе вялікія аб'ёмы на экспарт, рост сусветных цэн на прадукты харчавання мае для Беларусі і адваротны, пазітыўны, бок. Аляксандр Субоцін разглядае даручэнне Прэзідэнта дасягнуць 7 мільярдаў экспарту, як напружаную задачу: «За 9 месяцаў гэтага года мы ўжо зрабілі 112, 6% (у адносінах да мінулага года). Гэта каля 4,7 млрд долараў. У гэтым годзе мы перавысім 6 млрд долараў. Ну а 7 мільярдаў – ужо як кан'юктура будзе складвацца.  Але мы пастараемся як мага хутчэй. Мы ідзем да гэтага».

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што беларускія вытворцы нарошчаюць экспарт як за кошт павелічэння аб'ёмаў прадукцыі, якая пастаўляецца, так і, за кошт павышэння цэн. Аляксандр Субоцін лічыць, гэта аграрны сезон для Беларусі быў адным з самых цяжкіх у суверэннай гісторыі краіны. «Тым не менш, нягледзячы натое, што адбываецца вакол, нягледзячы на ​​палітычную, фінансавую нестабільнасць, скачкі цэн (энергія, угнаенні даражэюць ва ўсім свеце), мы пакрысе прыбаўляем", - сказаў ён.

2021 год склаўся нядрэнна

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко падкрэсліў, што хоць 2021 год быў цяжкі праз умовы надвор'я, але склаўся нядрэнна і многія фінансава-эканамічныя паказчыкі выраслі.Паводле яго слоў, аб'ёмы вытворчасці прадукцыі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі на 100% забяспечваюць патрэбнасці ўнутранага рынку і загрузку перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Экспарт прадукцыі аграпрамысловага комплексу за 9 месяцаў гэтага года склаў $4,7 млрд, што на 12,6% вышэй за ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года. Выручка павялічылася на 14 працэнтаў, дасягнуўшы Br12,2 млрд. і забяспечыўшы рэнтабельную работу АПК на ўзроўні 6,3 працэнта (у мінулым годзе было на 0,6 працэнта менш). Сельскагаспадарчая галіна атрымала прыбытак у памеры Br778 млн. (плюс 24 працэнты да паказчыкаў за 9 месяцаў 2020 года). Міністр звярнуў увагу, што за кошт нядрэнных фінансава-эканамічных вынікаў удалося забяспечыць рост заработнай платы.

Іван Крупко расказаў, што 2020 год быў вельмі ўдалым для ўраджаю збожжавых, таму не варта параўноўваць кожны год з тымі высокімі паказчыкамі. І ў разрэзе пяцігодкі 2021 таксама быў удалым. «Калі браць аб'ём збожжа (каласавых і кукурузы) у сярэднім за пяцігодку, гэта 7,3 млн т, а за апошні год - 7,5 млн т. Гэта дае поўнае забеспячэнне дзяржзаказу на зерне і забеспячэнне грамадскай жывёлагадоўлі на ўзроўні 86 працэнтаў», - сказаў міністр.

Аграрыі ўжо зараз пачалі падрыхтоўку да наступнага сезона, каб у 2022 годзе павялічыць ураджай па шэрагу культур. Напрыклад, азімага ячменю пасеялі ў два разы больш - на плошчы 600 тыс. га, на 40 тысяч га павялічылі плошчу пасеву пшаніцы. У наступным годзе стаіць задача выйсці на ўраджай збожжа ў 8 млн т у свірнавай вазе (або 9,5 млн т у бункернай вазе), забяспечыць прырост вытворчасці малака і мяса на ўзроўні 104 працэнты, насыціўшы не толькі ўнутраны рынак, але і павялічыўшы экспартны патэнцыял. Акрамя таго, у гэтым годзе будуюцца або праходзяць рэканструкцыю каля 100 аб'ектаў АПК.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.