Вы тут

У «Цэнтральным» адбылася сустрэча з грузінскім рэжысёрам


На трэці дзень працы Мінскага міжнароднага кінафестываля «Лістапад» у кінатэатры «Цэнтральны» можна было пазнаёміцца з конкурснай праграмай дакументальнага кіно. Стужкі прывезены з мноства краін: Грузіі, Расіі, Азербайджана, Іспаніі. Спіс, вядома, не канчатковы. У наступныя дні гледачоў чакае партугальская, балгарская і, канешне ж, беларуская дакументалістыка. Зараз жа хацелася б засяродіць увагу на фільме «Роварам да Месяца», які зрабіў грузінскі рэжысёр Георгій Харэбава. Разам са сваёй камандай Харэбава прыехаў на «Лістапад» і распавёў гісторыю стварэння стужкі. Галоўны герой фільма — грузінскі спартсмен і рэкардсмен Джумбер Лежава, які здейсніў кругасветнае падарожжа на ровары. Доўжылася гэтае падарожжа дзесяць гадоў без перапынкаў. Вядомы кібернэтык і вынаходнік у 46 гадоў перажыў клінічную смерць, і адратаваў сябе сам, прыдумаўшы адмысловыя методыкі і вярнуўшыся ў спорт. А ў 54 гады пачаў падарожжа на ровары, маючы на мэце праехаць праз усе краіны свету.


Аб фільме

— Часам мы задаемся пытаннем, дзе мяжа чалавечых магчымасцей? А адказ такі — яе амаль няма. І герой стужкі гэта даказвае. Калі вы паставілі мэту і шчыра хочаце яе дасягнуць, то ў вас гэта атрымаецца. А «Роварам да Месяца» распавядае аб патрыятызме і сяброўстве. 

Аб гісторыі стварэння

— Я пачуў аб Джумберы ў 92-93-х гадах, калі быў студэнтам. Убачыўшы яго па тэлевізары, я зразумеў, што хачу з ім пазнаёміцца. Але доўгія гады нам не ўдавалася сустрэцца. Толькі на пачатку 2000-х мы з ім пасябравалі і пачалі прасоўваць праект, прысвечаны яму, на тэлебачанні. Спачатку мы думалі аб дакументальнай стужцы. Але Джумбер быў грандыёзным чалавекам, і мне здавалася, што распавесці ягоную гісторыю праз адзін фільм будзе немагчыма. Тады я задумаўся наконт тэлевізійнага серыяла. Гэты праект адобрылі, але не атрымалася знайсці фінансаванне... Мы паўтарылі шлях Джумбера, у якога да канца падарожжа зусім не засталося грошай. Нацыянальны кінацэнтр нам таксама не дапамог, і мы дарабілі фільм самастойна. Матэрыял быў агромністы — 260 гадзін. Уявіце сябе, чалавек пабываў ва ўсіх краінах свету, акрамя Паўночнай Карэі. 

Аб кінавытворчасці ў Грузіі

— Так склалася, што ўжо некалькі дзесяцігоддзяў у грузінскіх кінастудый адсутнічае фінансаванне з боку дзяржавы. Да гэтага часу ў студый адзіная мэта — не знікнуць. Але пры гэтым развіваюцца незалежныя кінастудыі, і ствараюцца новыя формы сумеснай працы. Так, адна студыя дае апаратуру, другая — спецыялістаў, а трэцяя рэквізіт і касцюмы. Запускаючы ў прадакшн два ці тры фільмы, можна без перашкод давесці пачатае да канца. Што датычна рэшткаў велізарнай студыі, дзе некалі працавала 3 тысячы чалавек — сёння, вядома, такія маштабы складана ўявіць. Але прадпрыемства захавалася.

Аб студэнтах-рэжысёрах і новых напрамках 

— Я працую ва Універсітэце тэатра і кіно. І на сённяшні дзень магу сказаць, што нашы студэнты займаюцца стварэннем фільмаў ужо с першых курсаў навучання. Яны дасягаюць вельмі добрых вынікаў — гэта заслуга іх уласных намаганняў, субсідзіравання, а таксама вялікай колькасці стажыровак у еўрапейскіх універсітэтах. Студэнты часта прымаюць удзел у замежных праектах, што дазваляе ім вырасці ў прафесіяналаў. Але існуе праблема, на якую я часта звяртаю ўвагу. З-за таго, што незалежныя кінастудыі імкнуцца ствараць стужкі, якія будуць ісці на вялікіх фестывалях, а фінансавання ім не хапае, яны зацыкленыя на прызах. Гэта стала новым напрамкам: здымаць драму ці сацыяльную драму, каб выклікаць у гледача і сяброў журы пэўныя эмоцыі, а ў выніку атрымаць прыз. З-за гэтага мы страцілі шмат жанраў, якія, мабыць, і не вельмі камерцыйныя, але не менш важныя. Магчыма, вы памятаеце, што грузінскае кіно славілася сваёй музыкай і танцамі. Зараз жа ў нашых фільмах вы не пачуеце музычнага суправаджэння — ідзе ўпор на мінімалізм. Але я лічу, музыка — гэта тое, што робіць фільм асаблівым. Ці можаце вы ўявіць карціны Феліні без мелодый Ніна Рота? 

Магчымасць бліжэй пазнаёміцца з грузінскім кіно яшчэ будзе. Падчас выступлення Георгій Харэбава нагадаў, што 25 лістапада на кінастудыі «Беларусьфільм» адбудзецца рэтраспектыва грузінскага кіно, дзе пакажуць адноўленыя стужкі. 

Арына КАРПОВІЧ 

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.