Вы тут

«Ён на тое і ліпень, Каб да дзевак ліпнуць...»


Што было — было: справа жыццёвая. Мужчынка адзін захварэў, у бальніцу трапіў. Пасля выпіскі дактары санаторый параілі. Узяў пуцёўку, па дарозе да рабіна зайшоў. Кажа: «Рэбе, я ведаю, што норавы на курортах вольныя, што жанчыны агаляюцца да больш няма куды... Скажыце, мне можна ў іх бок глядзець?» — «Можна», — дазваляе рабін. «А калі на пляж пайду... Там дзяўчаты ў бікіні, а то і зусім галяком... На іх паглядзець не грэх?» — «Не, глядзі сабе». — «Рэбе, а пад забаронай што-небудзь ёсць? Ну такое, каб мне нельга было глядзець?» — «Ёсць». — «І што ж гэта?» — «Электразварка».


 

Шкодны працэс і сапраўды. Мы на яго таксама глядзець не будзем. А вось на чарговы конкурсны здымак, напэўна, варта — хоць бы таму, што чытачы склалі да яго столькі подпісаў...

Такім чынам — паехалі (як двое ў санаторый: у купэ размясціліся, шампанскага выпілі... «Шкада, што піяніна не тут!» — уздыхнула жонка. — «А навошта яно?» — здзівіўся муж. — «Ды на ім нашы пуцёўкі ляжаць»).

Гэта значыць, што прыгоды людзям гарантаваныя, як і тое, што без іх (праўда, іншага кшталту) і курорт не курорт. Як заўважае спадар Іван Астроўскі з Мінска,

Маем мужа, маем жонку —

Ўсё «чын-чынам» быццам звонку,

Бо жывём мы з імі ў згодзе.

Апынёмся ж «на прыродзе»...

І у сталыя гады

Пабяжым да маладых?!

А яны, здараецца, гэтаму і рады. З пачутага: «З той пары, як пазнаёміўся з табой, не магу ні есці, ні піць, ні курыць». — «Так закахаўся?» — «Не... Проста ні на што больш грошай няма».

Ці яшчэ: дзядок адзін з маладой распісаўся. Вечарам заходзіць да яе і пытаецца: «Табе мама не расказвала, што далей рабіць?» — «Не...» — «Вось ліха дык ліха: ты не ведаеш, я забыўся...»

На здымку, праўда, хлопец зусім не з такіх... На думку спадара Віктара Сабалеўскага з Узды, ён толькі што вырашыў:

Да русалкі прытулюся —

Незямная ж прыгажосць!

Няхай ведае Маруся:

Порах быў

і порах ёсць!

На вакзале мне казала:

«Ты ж, Васёк,

адпачывай!»

Фотку вышлю... Каб хоць знала:

Я й на моры не гультай!

Ёсць як мінімум дзве прычыны, па якіх туды трэба ехаць: мора хвалюецца раз, мора хвалюецца два. Але... марна: не едзе народ. У апошнія гады — з-за каранавіруса, а раней проста грошай не было. (Анекдот: «Сёння ў краме сваю зарплату ўбачыў: на цэнніку для пантофляў». Ці яшчэ: «У вас ёсць магчымасць адкладваць грошы?» — «Магчымасць — ёсць, грошай — няма»).

Што зрабіць, каб былі? Падказка: бяром крэсла, кладзём на яго рубель (можна еўра ці долар), садзімся — думаем, як узяць тое, што паклалі? Устаём. Забіраем... І адпаведна бачым: для таго каб займець грошы, трэба адарваць ад крэсла пятую кропку.

Варыянт, на жаль, не для ўсіх: некаму здароўе не дазваляе, некаму — адрывай не адрывай... А некаму проста не хочацца... Прычым не толькі грошай. Прыяцель некалі расказваў, як адна маладзіца яго ў госці запрашала. Што ён?.. «Як падумаю, — казаў, — што гэта ж на пяты паверх, без ліфта... Што потым пра нешта размаўляць... А то і раздзявацца... Ды ну яго!».

Па маладосці, выходзіць, ленаваўся — і ці толькі ён? Што цяпер?

Адказ на гэтае пытанне ведае спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў:

Ясь халоднаю зімой

Паглядзіць на здымак той,

Дзе з каменнаю дзяўчынай...

І...

Не грэюць успаміны!

Мо, каб потым не нудзіць,

Лепш жывую закадрыць?

Самы час, здавалася б, і самае месца: возера, лета... Як трапна заўважае спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска,

Ён на тое і ліпень,

Каб да дзевак ліпнуць.

А зімою мужычок

Шусь да жонкі пад бачок...

Бо русалка ёсць русалка:

Не абдыме гэтак палка.

Амаль тыя ж думкі і ў спадара Эльяша Банеля з Мінска:

Дзеўка —

грэх не любавацца!

Ёсць за што мужчыне ўзяцца!

Янка, маючы спадзеў,

Да нагі яе падсеў...

Дурань!

Лепей бы з пяшчотай

Ён да той,

што робіць фота.

І сапраўды, з гэтай кашы не зварыш. Як заўважае спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны:

Муж абняў русалку?

Не зважае Алка,

Бо нічога ў іх...

Наўпрост:

Там хіба што рыбін хвост

Праўда, для таго каб гэта зразумець, мала паглядзець на красуню (а тым больш здалёк). Трэба...

Аб тым, што канкрэтна, хораша напісаў спадар Мікалай Касмачэўскі з Наваполацка:

Ясь — дзяцюк немалады...

Глянуў — дзеўка ля вады

Нічыя і модная...

Ды

як лёд халодная!

Нецікава абдымаць...

Толькі і можна, што здымаць.

Прычым — паводле спадара Мікалая Старых з Гомеля — з выхаваўчай мэтай:

«Стала ты халоднай штось», —

Мовіў суджанай Антось.

Тая з ім тады кіруе

Да каменнае статуі,

Пад бачок яго саджае

І на відэа здымае,

Каб запомніў мужанёк,

Дзе сапраўдны халадок.

Здараецца, што ім мужчын не спалохаеш: як лічыць спадарыня Валянціна Гудачкова, не перавяліся яшчэ рамантыкі:

Меў вось гэты кавалер

Досыць каверзны намер:

Пылу ў вочы падпусціць,

Дзеўку тую ажывіць...

Каб пасля

усім хваліцца,

Што любіўся з вадзяніцай.

З жонкай вадзянога, трэба разумець? Паводле спадарыні Любові Чыгрынавай,

Русалку на беразе

скульптар ляпіў,

Пазіраваць

жонку сваю запрасіў.

Тая згадзілася —

Лёгка... За так...

Быў небагатым гэты мастак.

І наўрад ці разбагацее, бо, як выглядае, за фоткі «на фоне» грошай не бярэ. Хоць, напэўна, і мог бы. З дыялогаў на рынку: «Газеты! Часопісы!.. За рубель — анекдоты!» — «За рубель? Давайце!» — «Тады слухай...»

Невядома, колькі іх расказаў той гандляр, невядома і якіх, каб потым, у канцы працоўнага дня...

Ці ведалі вы, што найлепшае практыкаванне для рук — гэта пералічванне грошай: у працэсе здымаецца боль у суставах, нармалізуецца ціск, перастаюць балець галава і зубы, паляпшаецца зрок, апетыт, гардэроб, знешні выгляд і нават жыллёвыя ўмовы...

Зрэшты, мы адхіліліся — «збочылі» на грошы, а хацелі ж пра мужчын, пра жанчын, пра курортныя раманы... Тады з падачы спадара Міколы Кісяля з Мінска:

Дома быў —

і жонка міла,

З дому з'ехаў —

і... астыла:

Цягне да чужой

Хоць яна сядзіць статуяй,

Але ж гэту абдыму я!

Вось такі настрой.

Якраз пра яго заўважана, што мужчына ніколі не здрадзіць каханай жанчыне, хіба калі моцна псіхане, ці нап'ецца, ці назло ёй, ці інтыму даўно не было, ці вельмі прыгожая падкруцілася, ці сама захацела... А так — ну ніколі ў жыцці!

Гэта — прозай. Вершаваныя радкі ад спадарыні Таццяны Гнацюк:

Вабяць хлопцаў маладзіцы,

Прыгажуні — удвая!

Хай каменныя калені

Ды прыткнуўся муж Аленін —

Дзеўка ж нічыя?

Ад спадарыні Валянціны Гудачковай:

Сустракаюцца жанкі,

Як каменныя слупкі:

Ні да вока ні да бока...

Хай яны жывуць далёка!

А жаніўся хтосьці здуру,

Дык абдыме і скульптуру!

(Заўвага ад спадарыні Соф'і Кусянковай:

Ой, не вер Сярожу, Алка,

Што на здымачку русалка:

Калі ласты з яе зняць,

Можна бабу адшукаць!

І яшчэ — з таго ж канверта, пра тых самых сужэнцаў:

Каля рэчкі неяк Алка

Мужа сфоткала з русалкай

І, вядома ж, не стрывала,

Хвост ёй мігам адарвала:

Хоць і рыбіна яна

Хай не лезе, дзе «жана»!

Бо зараз і стаць ёй вельмі няпроста («Любы, мы з табой паўгода жывём. Можа, пазнаёміш са сваімі роднымі?» — «Не... Жонка з дзецьмі ў вёсцы, цешча на заробках»)... І быць таксама не лягчэй.

Зрэшты, песню «Замуж выйсці трэба знаць...» вы чулі. Зараз чытайце подпіс да здымка ад спадара Віктара Сабалеўскага:

У адстаўцы...

Афіцэр...

І не зломак быццам...

Ды, як польскі кавалер,

Не бяжыць жаніцца.

За жыццё ён перабраў

Маладзіц нямала

«Вось такую б, кажа, узяў,

Каб яшчэ

Йі маўчала».

Трэба разумець, як рыба? Ці русалка?

З дыялогаў жанчын: «Ты свайго мужа песціш калі-нікалі?» — «Вядома ж!» — «А як?» — «Маўчу...»

У Оксфадскім універсітэце неяк конкурс правялі: папрасілі мовазнаўцаў адной фразай перадаць ідэю міру, спакою і шчасця. Перамог аўтар, на думку журы, проста геніяльнай: «Жонка спіць». Бо калі прачнецца...

З таго ж канверта, ад спадара Сабалеўскага:

«Трэба футра!»

«Хачу боты!»,

Купі «смарцік

і пярсцёнак...»

Набірае абароты,

Як капрызны той дзіцёнак!..

Пасля сёмага жадання

Муж цярпенне ўжо губляе:

«Яшчэ трошкі і...

расстанне —

Я ж не рыбка залатая!»

З дыялогаў. Жонка — мужу: «Мне заўтра кроў трэба здаць — нашча... Напомні, калі ласка». — «Як піць яе нашча, дык ты не забываешся, а як здаць, дык табе напомні».

Адчулі? Муж не сварыцца, не скардзіцца, бо, ведае, што на жонку і машыну — нельга: сам выбіраў. (Дыялог — на гэты раз дзеда з унукам — на пляжы... «Табе падабаецца вунь тая бландзінка ў чырвоным купальніку?» — пытаецца старэйшы. «Яшчэ і як!» — адказвае маладзён. «А вунь тая брунетка з пышным бюстам?» — «Таксама!» — «І шатэнка вунь тая нішто сабе?!» — «Праўду кажаш, дзядуля!» — «...Дык ты, унучак, запомні: будзеш добра вучыцца — будзеш мець выбар». (Ад сябе дададзім — не толькі па знешнасці).

А таму, відаць, і гэты подпіс да здымка ад спадара Сабалеўскага цалкам лагічны:

Белапенная красуня

Зноў на бераг узышла —

Без мадыстак і цырульняў

Многіх з розуму звяла:

Бацькі дзетак пакідалі,

Кавалеры — сваіх дам...

Хвалі Нарачы змаўчалі,

Колькі слёз праліта там...

Вось на гэтай па-восеньску сумнай ноце і завяршыць бы чарговы конкурсны агляд, але ж трэба падвесці вынікі: нагадаць, што на мінулым конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» за 29 верасня) быў, скажам так, дзіцячы «кансіліум» каля старых «Жыгулёў», а заадно паведаміць, што найлепшыя радкі пра яго, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, склалі сужэнцы Астроўскія, спадары Мікалай Старых з Гомеля, Віктар Сабалеўскі з Узды, спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны і Зоя Наваенка з Глыбоччыны.

Вось з гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2022 года накіроўваецца ў Глыбокае.

Хочаце, каб «родная газета на роднай мове» пяць разоў на тыдзень прыходзіла і да вас, тады варыянтаў два: першы — аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс (можна некалькі, але трапных, дасціпных, кароткіх — максімум восем радкоў) і даслаць у рэдакцыю.

Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа: шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не прайшлі строгага конкурснага адбору. Затое наступным разам...


P. S. Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, у рэдакцыю прыйшло яшчэ некалькі ўдалых радкоў ад спадара Кулікова з Мінска:

На курорт ад'ехаў Даня,

Думаў, жонка не дастане.

І яшчэ:

Абдымае Ясь чужую,

а Яніна не раўнуе?

Значыць, нехта з трох —

статуя...

Што ёсць, тое ёсць. Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.