Вы тут

Друкаванае слова ці інтэрнэт — што выбірае сучасная моладзь?


Усе друкаваныя СМІ, не толькі ў нашай краіне, канстатуюць адток маладзёжнай аўдыторыі. Маладыя людзі ўсё радзей звяртаюцца да прэсы, каб даведацца пра апошнія навіны. Яны крэатыўна будуюць сваю медыярэальнасць, якая ўключае анлайнавыя СМІ з іх мультымедыйнасцю і інтэрактыўнасцю ў падачы інфармацыі, сацыяльныя сеткі і месенджары, блогі, фота-, аўдыя- і відэакантэнт...


Перыёдыка страчвае мэтавую аўдыторыю, а моладзь не атрымлівае неабходныя каштоўнасныя арыенціры. Развіццё дзіцячай і маладзёжнай прэсы ва ўмовах лічбавізацыі абмеркавалі падчас круглага стала, які прайшоў у грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы.

Гісторыі поспеху

— Маладыя людзі аддаюць перавагу інфармацыі з інтэрнэт-рэсурсаў, — канстатуе начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна СІМАНОЎСКАЯ. — Таму хацелася б, каб тыя выданні, якія існуюць у нашай краіне, удзялялі больш увагі падрастаючаму пакаленню. У сферы маладзёжнай палітыкі робіцца многае, і хацелася б, каб пра гэта ведалі ўсе. Гэта і ёсць асноўная пазіцыя аднаго з напрамкаў Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Беларусі да 2030 года — развіццё інфармацыйнага поля для работы з моладдзю. У гэтым напрамку акцэнт зроблены на тое, каб усебакова паказваць жыццё, дасягненні, уменні нашых маладых грамадзян. Адлюстроўваць цікавыя бакі іх жыцця і разам з тым не пазбягаць праблемных пытанняў, якія існуюць. Трэба больш цікавых рубрык, якія стваралі б атмасферу імкнення да поспеху і стымулявалі жаданне дабівацца сваіх мэт.

«Перад урадам і рэдакцыямі стаіць задача — прыцягнуць цікавасць дзяцей і моладзі да таго, што мы выдаём і пра што гаворым, каб данесці тое пазітыўнае, што адбываецца ў нашай краіне. Не закрываецца нейкімі вузкімі тэмамі, якія падаюцца з трансфармацыяй і няправільнай трактоўкай. Бо моладзь хапае тое, што ляжыць на паверхні, і ёй трэба ў даступнай форме вельмі простай мовай даносіць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў краіне, якія ў яе ёсць прэферэнцыі», — акцэнтавала ўвагу Таццяна Сіманоўская.

Паводле яе слоў, нядаўна ў міністэрстве прааналізавалі, як рэалізоўваецца ў краіне дзяржаўная маладзёжная палітыка. Высветлілася, што ў кожным раёне і населеным пункце ёсць цэлы блок работы, прысвечаны гэтым пытанням. Для ініцыятыўнай моладзі існуе вялікая колькасць сацыяльных ільгот і форм падтрымкі.

«Наша дзяржава падтрымлівае маладзёжных лідараў і стварае магчымасці, каб мэтанакіраваны чалавек мог пабудаваць кар'еру і ўнесці ўклад у развіццё і грамадскую дзейнасць. Колькі ў нас у краіне праводзіцца розных мерапрыемстваў для таленавітых і адораных людзей... Колькі канцэртаў і творчых пляцовак арганізавана... Так, выходзяць вялікія раздзелы ў нашых друкаваных выданнях, але не заўсёды моладзь іх чытае. На жаль, колькасць падпісчыкаў на газеты паступова падае. Нездарма нашы буйныя выданні перайшлі ў электронную форму і ўжо такім чынам даносяць да насельніцтва тыя пытанні, якія хацелася б адлюстраваць», — заключыла Таццяна Сіманоўская.

Медыяадукацыя і важныя навыкі

— Мы не можам сёння забараніць знаходжанне дзяцей і падлеткаў у сацыяльных сетках, аде мы павінны яго карэкціраваць, — разважае начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр МАЦЮШОНАК. — Трэба развіваць медыяадукаванасць у падрастаючага пакалення. Размова не ідзе пра нейкі асобны прадмет у школе, настаўнікі могуць гэта рабіць і ў рамках сваіх прадметаў.

— Паверце, што мы — самыя верныя вашы чытачы і аўтары, — запэўніла, звяртаючыся да прадстаўнікоў дзіцяча-юнацкіх і маладзёжных СМІ загадчык дзіцяча-юнацкай тэлестудыі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Алена АРЭШКА, — таму што нашы выхаванцы вельмі зацікаўленыя ў публікацыі сваіх матэрыялаў. Вы не можаце сабе ўявіць, якая радасць для іх — убачыць сваё прозвішча ў друкаваным выданні. Кожны год Палац дзяцей і моладзі праводзіць конкурс для юных журналістаў «Зменім свет да лепшага!». Творчае спаборніцтва ладзіцца па чатырох намінацыях: «Найлепшы медыястартап» (удзельнічаюць сайты, паблікі ў сацсетках (відэаканалы, блогі і г. д.), «Найлепшая газета», «Найлепшы аўтарскі матэрыял» і «Найлепшы відэафільм». І роля прафесійных СМІ ў правядзенні конкурсу вельмі важная, таму запрашаем усіх далучацца ў якасці ментараў ці членаў журы.

Алена Арэшка ўпэўнена, што сёння ў клубах юных журналістаў больш важна вучыць рабоце з інфармацыяй, а не проста рыхтаваць будучых «акул пяра». Трэба займацца медыяадукацыяй і развіццём у дзяцей медыякампетэнцый. А журналістыка якраз і факусіруе ўсе гэтыя карысныя веды. Яна дапамагае адбіраць, знаходзіць патрэбную інфармацыю, аналітычна да яе падыходзіць, адрозніваць непраўдзівую ад праўдзівай.

— Фактычна сёння мы ўсе — журналісты, таму што пастаянна ствараем інфармацыйны кантэнт. Але ці нясём мы за яго адказнасць? Я, як прадстаўнік дзіцяча-юнацкай непрафесійнай журналістыкі, лічу, што клубы журналістыкі павінны стварацца ў кожнай школе і ў кожнай установе дадатковай адукацыі, — падкрэсліла Алена Арэшка. — Але тут ужо паўстае пытанне з кадрамі. У сістэме адукацыі дзіцячай журналістыкай займаюцца сацыяльныя педагогі і педагогі-філолагі. Хацелася б звярнуцца да міністэрстваў адукацыі і інфармацыі, а ці можна стварыць нейкі адзіны партал у дапамогу педагогам, дзе б прафесійныя журналісты дзяліліся ў відэароліках сакрэтамі свайго майстэрства, расказвалі пра жанры ў журналістыцы, аб стварэнні газеты ці тэлестудыі. Каб кожны ахвотны мог прайсці гэты курс, навучыцца сам і навучыць дзяцей, як правільна працаваць з інфармацыяй і ствараць якасны медыякантэнт. Так, мы праводзім шмат конкурсаў для юных журналістаў, але наспела неабходнасць правядзення журналісцкіх кампусаў. Можна было б на тры-пяць дзён збіраць дзяцей з усіх рэгіёнаў і арганізоўваць для іх майстэрні, дзе іх будуць вучыць працаваць з інфармацыяй. Гэта архіважнае ўменне, вы не ўяўляеце, якая бывае каша ў іх галовах, як ім складана аддзяліць чорнае ад белага, і з гэтым павінны працаваць прафесіяналы.

Мы ўсе ведаем, што кіно і тэлебачанне ствараюць віртуальны свет, і калі за гэта бяруцца «дрэнныя людзі», то такі свет можа быць вельмі небяспечны. А вось адкрыццё ў школах сваіх тэлестудый дапамагло б дзецям апынуцца па іншы бок экрана і даведацца пра законы і нябачныя бакі стварэння віртуальнага свету.

Ідучы на круглы стол, я пацікавілася ў нашых выхаванцаў, што яны думаюць пра друкаваныя СМІ. Дык вось дзеці прапанавалі іх рэдакцыям стварыць навінавы канал у інтэрнэце, дзе штодзённа ці штотыднёва адаптавана да ўзросту дзяцей даваліся б навіны культуры, мастацтва, грамадска-палітычнага жыцця. Каб яны затым маглі гэту інфармацыю выкарыстоўваць на інфармацыйных гадзінах у сваіх школах. Таксама высветлілася, што дзецям малодшага школьнага ўзросту не хапае ў друкаваных СМІ інфармацыі пра апошнія дасягненні навукі, але такая інфармацыя павінна падавацца ў лёгкай форме і даступнай мовай.

Майстэрства + грамадзянская пазіцыя

Цікава, што ў Мазыры ідэю, выказаную Аленай Арэшкай, ужо рэалізавалі, праўда, пакуль на гарадскім узроўні. Там падчас летніх канікул праводзяць Лясную школу журналістыкі. Пра гэта расказала кіраўнік клуба «Юны журналіст» Таццяна АНДРЫЕЎСКАЯ. Аб'яднанне па інтарэсах дзейнічае пра Мазырскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі з 2002 года. За гэты час было падрыхтавана каля 400 медыйных прадуктаў, а 17 яго выхаванцаў абралі журналістыку сваёй прафесіяй. Лагічна, што стратэгічным партнёрам юных журналістаў стала раённая газета «Жыццё Палесся», якая дае пачаткоўцам месца на сваіх старонках.

— Аб чым пішуць юныя журналісты? Аб найлепшых прадстаўніках моладзі, аб праблемах, поспехах, марах і планах сваіх равеснікаў. Артыкул Аляксандра Весялова «Адданая роднаму слову, ці Шчасце быць беларускай», прысвечаны праблеме захавання роднай мовы, быў надрукаваны сёлета ў юбілейным нумары газеты «Чырвонка. Чырвоная змена». А да стагоддзя газеты «Жыццё Палесся» быў выдадзены зборнік «Пяро юных», які ўключае публікацыі 74 юных аўтараў за ўсе гады існавання клуба. Цяпер гэта наша настольная кніга, наш падручнік, летапіс нашага клуба, — падкрэслівае Таццяна Андрыеўская. — З 2018 года юныя журналісты пачалі працаваць над выпускам інфармпраекта «Press-моладзь» на старонках раённай газеты. Таксама было прынята рашэнне стварыць раённую медыякаманду, у якую будуць уваходзіць навучэнцы ад кожнай школы горада — дзеці, якія цікавяцца журналістыкай, і праводзіць для іх чатыры навучальныя сесіі ў год.

Лясная школа журналістыкі ў палатачным лагеры стала ўжо традыцыйнай (толькі два апошнія гады пандэмія ўносіць у яе дзейнасць свае карэктывы). Хлопцы і дзяўчаты 11—17 гадоў выязджаюць на дзевяць дзён на ўлонне прыроды, каб на свежым паветры адпачыць ад гаджэтаў, інтэрнэту, шумнага горада і нацешыцца добрай кампаніяй, актыўнымі відамі спорту, пешымі паходамі, песнямі каля вогнішча і, галоўнае, навучыцца асновам журналісцкага майстэрства.

Галоўная мэта як і на гуртках, так і падчас лясной школы — развіццё журналісцкіх і камунікатыўных навыкаў і творчых здольнасцяў у хлопцаў і дзяўчат. Заняткі праводзяцца ў фармаце творчых заданняў, для навучэнцаў арганізоўваюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі.

Па словах Таццяны Андрыеўскай, лічбавізацыя станоўча паўплывала на дзейнасць клуба. Калісьці ў рэдакцыі накіроўваліся матэрыялы юных аўтараў, напісаныя імі ад рукі, потым на дапамогу прыйшла камп'ютарызацыя, у справу пайшлі дыскеты, CD-дыскі і флэшкі, цяпер жа можна проста адправіць артыкул па электроннай пошце і атрымаць хуткую зваротную сувязь. «А размяшчэнне інфармацыі ў сацыяльных сетках і ў чаце нашага клуба спрыяе прыняццю хуткіх рашэнняў і распаўсюджванню заданняў сярод юных журналістаў. Кожная публікацыя, кожная ўзнагарода (а іх набралася за гады існавання клуба шмат) тут жа знаходзіць адлюстраванне ў нашым чаце і стымулюе ўсіх на творчы пошук, — кажа кіраўнік клуба. — Удасканальваць журналісцкае майстэрства, друкавацца і займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю — шчырае імкненне юных журналістаў сёння.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.