Вы тут

Лётчыкам Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенку пасмяротна прысвоілі званне «Герой Беларусі»


Адпаведны ўказ сёння падпісаў кіраўнік дзяржавы. Гэта найвышэйшая ўзнагарода, якая існуе ў нашай краіне, прысвойваецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам. Разам з адважнымі ваеннаслужачымі сярод уганараваных — усяго 13 чалавек.


На жаль, гэтыя маладыя, поўныя сіл і прагі да жыцця хлопцы, атрымалі такую высоку ўзнагароду пасмяротна. Гэта быў подзвіг. Подзвіг у мірны час. У той майскі сонечны дзень нічога, як кажуць, не прадвяшчала бяды. Звычайныя вучэбна-трэніровачныя палёты. Як раптам самалёт Як-130, у якім знаходзіліся камандзір звяна вучэбна-баявой эскадрыллі 116-й Лідскай штурмавой авіябазы маёр Андрэй Нічыпорчык і лётчык звяна лейтэнант Мікіта Куканенка, пачаў страчваць вышыню. Пілоты, як потым пакажа расшыфроўка бартавых самапісцаў, выразна ўсведамлялі: падзення не пазбегнуць. І ў долю секунды прынялі рашэнне не пакідаць самалёт, бо пад ім быў горад. Праявіўшы выключную мужнасць і гераізм, лётчыкі імкнуліся адвесці самалёт ад Баранавічаў. Пераканаўшыся, што траекторыя падзення знаходзіцца па-за жылымі дамамі, катапультаваліся. Аднак было вельмі позна...

Як пасля паведамілі ў Следчым камітэце, прычына трагедыі — адмова сістэмы кіравання самалётам. 

У воінскай часці, дзе служылі афіцэры, з вялікай радасцю і хваляваннем успрынялі навіну аб высокай узнагародзе сваіх баявых таварышаў. Хоць, як прызнаюцца вайскоўцы з Ліды, для іх гэтае рашэнне было чакаемым.

— Мы ні на секунду не сумняваліся ў правільнасці прыняцця рашэння нашымі хлопцамі і ў той жа час з разуменнем адносіліся да таго, колькі часу спатрэбілася для разгляду ўсіх аспектаў, якія склаліся на той момант, калі адбылася катастрофа, — расказаў «Звяздзе» намеснік камандзіра 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы па ідэалагічнай рабоце гвардыі падпалкоўнік Эдуард ЖМАКІН. — Рашэнне, прынятае Галоўнакамандуючым, Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, не паддаецца ніякаму сумневу, і іншага мы, як ваеннаслужачыя Узброеных Сіл, не чакалі. Для нас гэта найвышэйшы гонар. 

Нягледзячы на тое, што з моманту трагедыі ўжо прайшло больш чым паўгода, саслужыўцы яшчэ канчаткова не змірыліся з тым, што Андрэя Нічыпорчыка і Мікіта Куканенкі з імі няма. «Іх нам ніхто не заменіць, — перакананы Эдуард Жмакін. — Прыходзячы на службу, мы часта ўзгадваем хлопцаў. Гэтыя ўспаміны прыходзяць і калі ляціш у самалёце, і калі глядзіш на парты, за якімі яны сядзелі. Прайшло яшчэ вельмі мала часу, каб нешта сцерлася з памяці. І ці ўвогуле гэта магчыма!?»

Воінская часць, дзе служылі лётчыкі, плануе хадатайнічаць аб тым, каб загінулых пілотаў навечна залічылі ў спісы вучэбна-баявой авіяцыйнай эскадрыллі. У пакоі баявой славы неўзабаве будзе створана месца, прысвечанае героям. А 9-я школа горада Ліда, дзе вучыўся Андрэй Нічыпорчык, атрымае яго імя. На дамах, дзе ў Лідзе жылі маладыя людзі, з’явяцца памятныя дошкі. Ужо паднятае пытанне і аб тым, каб назваць імёнамі авіятараў лідскія вуліцы. Такое рашэнне ўжо прынята ў Баранавічах, дзе загінулі лётчыкі На месцы падзення самалёта з’явіцца памятны знак экіпажу, які паляцеў у вечнасць.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.