Вы тут

Павел Сарока: «Карціны — як удары камертона»


Сваю творчасць ён называе полівалентнай, а работы параўноўвае з ударамі камертона. Для мастака ўласныя карціны не што іншае, як ментальнае самабудаўніцтва без нейкіх пэўных значэнняў. «Я часта тлумачу сутнасць сваіх работ гледачам, аднак гэта толькі адна з варыяцый. У кожнага асобнага чалавека могуць узнікаць іншыя перажыванні, уяўленні і разуменні», — тлумачыць наш герой. Ён упэўнены: яго карціны, нібы жывыя істоты, працуюць з існасцю кожнага чалавека па-свойму.


«Чым больш сэнсаў, перажыванняў работа выклікае, тым больш гэта дасканалы і надзвычайны твор...» — з гэтага пачалася наша размова з Паўлам. На яго думку, шчыры твор мастацтва — гэта як усё для ўсіх — можна параўнаць з рэлігійнымі тэкстамі, у якіх чалавек шукае і заўсёды знаходзіць свой сэнс ды тлумачэнне.

З малога ўзросту Павел займаецца вершаскладаннем. Да цяперашняга часу ў маладога чалавека ляжаць стосы спісаных сшыткаў. Гэты перыяд ён называе асаблівым. Незвычайную прыцягальнасць хлопец адчуваў і да выяўленчага мастацтва. Дзякуючы маме Ніне Міхайлаўне яго навучанне праходзіла ў сталічнай сярэдняй школе № 147 з мастацкім ухілам. Як расказвае сам герой, у першай палове дня ён пісаў вершы, а пасля ішоў працаваць у майстэрню. Школьніка так захапляла маляванне, што ў 10-11 класах ён нават прагульваў заняткі. Павел усміхаецца і прыгадвае, як на выпускным экзамене дырэктар прамовіў, маўляў, што трэба было б прапісаць Паўла ў майстэрні. «А ўвогуле па выяўленчым мастацтве былі такія выключныя настаўнікі, як Таццяна Вадзімаўна Дзмітровіч, з якой я падтрымліваю стасункі па сённяшні дзень. Яна бегала да іншых настаўнікаў — ратавала мяне, каб не выключылі са школы, згладжвала пэўныя вострыя вуглы», — расказвае хлопец.

Для яго было балюча, што школа з цягам часу фактычна перастала быць установай з мастацкім ухілам. Аднак заставаліся майстэрні і працавалі настаўнікі, якія вялі заняткі па мастацтве выключна ў факультатыўным ключы. «Мне вельмі пашанцавала, што сустрэліся педагогі, якія сапраўды могуць насіць гэтае званне», — дадае мастак і параўноўвае настаўніка з садоўнікам, які чакае парасткаў, росту і раскрыцця.

Пасля дзявятага класа Павел спрабаваў паступаць у Глебаўскае вучылішча. Аднак пісаў як чуў. «Я здаў экзамены — па малюнку, жывапісе, кампазіцыі, а вось экзамен па рускай мове быў цалкам завалены», — расказвае хлопец.

Тады, згадвае ён, педагогі па выяўленчым мастацтве прапанавалі мне паступаць у наступным годзе. Настаўніца на падрыхтоўчых курсах з аднаго боку, падтрымлівала жаданне хлопца пісаць, як падказвала душа, а з іншага — казала, што трэба звяртацца да чагосьці прадыктаванага. «Я даведаўся, што так рабіць мне прыйдзецца ўвесь час вучобы ў вучылішчы, мне здалося гэта катаргай. Чым больш на падрыхтоўчых курсах былі задаволены мной і ў цэлым станоўча выказваліся аб рабоце, тым менш я быў задаволены вынікамі сваёй работы, і ў нейкі момант мне станавілася балюча ад гэтага. Неяк натуральна я прыняў рашэнне, што не буду вучыцца ў гэтай установе», — тлумачыць свой выбар наш герой.

Павел Сарока з тых свабодных мастакоў, якія лічаць, што неабавязкова абсалютную чыстую свабоду вытрымліваць у пэўных формах, канонах. Малады мастак мяркуе, што асноўныя класічныя правілы мастацтва, вядома, добра было б ведаць, мець у сваім інструментарыі, але дыдактыку, так званую дыктатуру, якая насаджаецца, вытрымліваць — не ў яго характары.

Пасля заканчэння 11 класа творца выбраў прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М. А. Кедышкі. Вучоба па спецыяльнасці «Ганчарства, мастак-афарміцель» давала навучэнцу пэўную свабоду. «Куратар-майстар казаў, што я выкарыстоўваю памяшканне каледжа як уласную майстэрню, — смяецца герой. — Пакуль мае аднакурснікі ў Год авечкі ляпілі па 40 баранаў у ганчарнай майстэрні, я ляпіў незвычайную такую кветку свядомасці, пялёсткі якой былі як розныя станы чалавека, такі, так бы мовіць, кветнік, што распускаецца рознымі псіхічнымі станамі. Натуральна, гэта не ва ўсіх знаходзіла адабрэнне», — гаворыць мастак. Аднак былі і тыя, хто разглядзеў у Паўле выключны талент. Студэнт Сарока там адразу пасябраваў са сваім выкладчыкам пластычнай анатоміі. Павел Эдуардавіч Куніцкі — вядомы айчынны скульптар. «Цяпер мы вельмі блізкія, — дзеліцца малады творца. — Сяброўства з гэтым чалавекам — мой дзіўны набытак адтуль».

Падчас вучобы наш герой заседжваўся за работай падоўгу — сыходзіў з майстэрні, калі на змену дзённаму вартаўніку прыходзіў начны. Некаторыя настаўнікі адносіліся да яго з паразуменнем, давалі ключы ад майстэрань, аднак не ўсе. «Я быццам бы кідаў ім выклік, — кажа мастак, — хоць ніколі не дазваляў сабе кагосьці абражаць, проста заўсёды рабіў тое, што мне падабаецца. І я быў выключаны з праграмы, мог бы аднавіцца ў каледжы, аднак не стаў гэтага рабіць», — дзеліцца хлопец.

Неяк у малодшай школе з Паўлам здарыўся такі выпадак: ён адчуў, што яго не любіць настаўніца: «Памятаю, яна адвяла мяне ўбок і сказала: мы тут для таго, каб вучыцца, а не для таго, каб любіць». Пазней, калі Павел займаў у старшых класах першыя месцы ў конкурсах па літаратуры і аратарскім майстэрстве, ён жадаў сустрэцца з той настаўніцай. «Хацеў сказаць, што нельга нечаму навучыцца, не палюбіўшы тое, а палюбіўшы, чалавек імгненна гэтаму вучыцца, бо любоў і навучанне — сінонімы».

Сапраўдны мастак, па меркаванні героя, гэта заўсёды нейкае новае вымярэнне эстэтыкі, сэнсаў. Ён, як Сталкер у Таркоўскага, ідзе за межы невядомага. «На мой погляд, любое паўнавартаснае мастацтва мае свае законы, свой макракосмас, сваё ўнутранае ўладкаванне і, натуральна, карціны самабытнага мастака нельга зводзіць да жанравасці. Мажліва, падабенства і пэўныя ўплывы магчыма заўважыць, аднак у фундаментальным сэнсе ў кожнага мастака аб жанры гаворка ісці не можа — гэта прамы шлях у нікуды», — упэўнены наш герой.

Мастацкія работы Паўла Сарокі напісаныя алеем, ёсць і графіка, але ў цэлым апошнія гады аўтар эксперыментуе. У яго маюцца карціны і маштабныя, як, напрыклад, твор «У пошуках запаветнай зямлі» (2,5 метра), і невялікія, гэта звычайна што датычыцца графікі. «Я ў залежнасці ад задач выкарыстоўваю розныя матэрыялы, — гаворыць мастак. — У прыватнасці, у маштабных работах выкарыстана аэраграфічная тэхніка. Мне важна перадаць у жывапісе спачатку розную дзейнасць згушчанага жыцця, а пасля ўжо ўнутры змяшчаць фармальныя аб'екты ў выглядзе вобразаў, фігур і г. д. На першым узроўні — субстанцыі жыцця, якія перадаюцца праз ушчыльненыя жывапісныя слаі, з чаго ўтвараецца такі своеасаблівы крышталь. Менавіта метад аэраграфікі дазваляе паветрана, амаль эфірна, снападобна наносіць на гэтую крышталічную жывапісную структуру пэўныя вобразы», — расказвае мастак.

Для творцы важна, каб у яго карцінах прысутнічала жыццё. Павел тлумачыць, што яго работы — як жыццёвы факт, як успышка, у якой чытаюцца пэўныя вобразы, аб'екты, выводзяцца пачуццёвыя элементы. Работы Паўла Сарокі выстаўляліся ў сталічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у «Грай-кафэ», на розных калектыўных выстаўках, напрыклад падчас Тыдня дызайну на Кастрычніцкай, паэтычных вечароў на Зыбіцкай. «Мне блізкія кінематаграфічныя і славесная формы, інтэгральная, інклюзіўная прастора, дзе выяўленчае мастацтва існуе побач з вершаскладаннем, так бы мовіць, уяўляючы сабой пэўны корпус — як тэкст каля карцін», — расказвае Павел.

У планах мастака — зладзіць выстаўку, у якой будзе месца і ўласным вершам, і тэатральным пастаноўкам, і музыцы, з якой Паўлу гатовыя дапамагчы сябры-музыканты. «Іншымі словамі, гэта будзе тэрыторыя пачуццяў, каб у чалавека, які прысутнічае на выстаўцы, узнік вопыт перажывання. Будучая выстаўка мне ўяўляецца вельмі маштабным мерапрыемствам. Цяпер галерея ў класічным сэнсе сябе зжыла, мне здаецца, трэба распрацоўваць іншыя формы», — падагульніў ён.

Малады творца раіць будучым мастакам шукаць крыніцы, якія наталяюць, чытаць кнігі, што натхняюць, дабратворных людзей. На яго думку, у справе мастацтва неабходны энтузіязм, а яшчэ трэба рухацца ў той бок, дзе ёсць Божая сіла.

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?