Вы тут

Беларуска-кітайскі медыяцэнтр адкрыўся ў БДУ


Дзейнасць падраздзялення будзе накіравана на папулярызацыю БДУ сярод кітайскіх абітурыентаў і фарміраванне практычных навыкаў у студэнтаў-журналістаў. З улікам падрыхтоўкі кадраў для розных відаў СМІ цэнтр структурна падзелены на аддзелы: сеткавае ТБ, аддзел па рабоце ў сацыяльных сетках і тэхнічны.


Тут будуць праходзіць семінары, практычныя заняткі па мантажы відэа, апрацоўцы фотаматэрыялаў, падрыхтоўцы журналісцкіх і піяр-тэкстаў. Цэнтр укамплектаваны сучасным абсталяваннем, камп'ютарамі для відэамантажу і вёрсткі выданняў, інтэрактыўнай панэллю, праектарам, тэлевізарам і іншай тэхнікай. У гэтай жа аўдыторыі будуць рэалізоўвацца адукацыйныя праекты з удзелам вядучых вучоных і практыкаў дзвюх краін.

Прадугледжваецца, што цэнтр стане практычнай пляцоўкай па стварэнні студэнтамі медыйных прадуктаў для студэнцкіх СМІ. Напрыклад, кітайскія студэнты ўжо здымаюць відэасюжэты і рыхтуюць тэксты аб вучобе ў БДУ, жыцці ў Беларусі для WeChat, Іnstagram і TіkTok. Яны бяруць інтэрв'ю ў выкладчыкаў, сваіх сяброў, фатаграфуюць знакавыя славутасці Беларусі.

Адной з мэт работы цэнтра стане наладжванне сумеснай работы беларускіх і кітайскіх студэнтаў у галіне журналістыкі. Яны будуць рыхтаваць аўтарскія матэрыялы для факультэцкай газеты «ЖурФакты», дапамагаць з перакладамі матэрыялаў на беларускую, рускую і кітайскую мовы. За паўтара месяца дзейнасці пілотнай версіі цэнтра было апублікавана больш за 80 матэрыялаў у сацыяльных сетках, а колькасць падпісчыкаў публічных старонак наблізілася да 1500.

Адкрыццё кітайска-беларускага медыяцэнтра стала магчымым дзякуючы адукацыйнаму цэнтру «Яацянь» (КНР) і яго заснавальніку Ван Яацяню, які супрацоўнічае з БДУ з 2012 года. Пры яго ўдзеле адкрыты інфармацыйна-адукацыйны цэнтр БДУ ў КНР (Пекін), цэнтр даўніверсітэцкай адукацыі БДУ (Санья), Інфармацыйны цэнтр для замежных студэнтаў на ФМА, падпісана пагадненне аб выдзяленні грантаў кітайскім студэнтам за высокую паспяховасць і заняткі навуковай дзейнасцю.

Сёння ў БДУ навучаюцца 2177 грамадзян Кітая, з якіх больш за 1300 чалавек — на першай ступені.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фо­та прэс-служ­бы БДУ

Загаловак у газеце: Пра Беларусь — у Іnstagram і TіkTok

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».