Вы тут

Людзі з запасной душой


У аўторак Брэст убачыў першы снег. А некалькі дзён таму ехала з Бярозы ў электрычцы, а ў вокны зазірала позняе вячэрняе сонца. Так хораша было — і таму, што сонейка паказалася пасля панурага шэрага дня, і таму, што чытала ў дарозе Янку Брыля, зборнік «Яшчэ раз пра вечнае». Зачапілася вокам за мініяцюру, якая пачынаецца словамі «Людзі з запасной душой»...


У Івана Антонавіча выраз мае пазітыўнае значэнне. Аўтар згадвае пра мастака і пісьменніка, якія ў ХІХ стагоддзі ў выгнанні пачыналі працаваць у чужой культуры, а калі з'явілася магчымасць, вярнуліся на радзіму. Маецца, відаць, на ўвазе, што душа была нібы закансерваваная, зберагалася, каб адгукнуцца родным вобразам і родным словам. Задумалася, стала разважаць над тым, якая можа быць запасная душа ў чалавека. Разважанні перарваў тэлефон — ён «заспяваў» мелодыяй Аляксандры Пахмутавай «Белавежская пушча» ў пасажыркі, што сядзела якраз перада мной. І хоць яна не вельмі гучна апісвала сяброўцы ці сваячцы сямейную гісторыю дачкі, давялося слухаць, вушы ж не заткнеш.

Адчувалася, што жанчына вельмі перажывае за сваё дзіця, ды не ведае, што параіць, якое выйсце знайсці. З яе расказу вынікала, што зяць істотна старэйшы за дачку, пры пасадзе (немалой), не п'е, не б'е, але і жыцця ніякага няма. Дачка жыве нібы адпаведна з раскладам, які той аднойчы склаў і патрабуе дакладнага выканання ўсіх пунктаў. Гэта ў яго называецца выхаваннем. У доме павінна быць ідэальна прыбрана, заўсёды нагатавана свежае, дзеці дагледжаны, сама — выглядаць «на ўзроўні». А яна працуе, не сядзіць дома. Ён жа не так даўно нават машыну прадаў, яму службовай хапае, а яна павінна адвесці і забраць са школы і садка, звазіць на гурток старэйшага, малога ў басейн, бо часта хварэе. Усё не побач, жывуць у вялікім горадзе. Ёй паесці няма калі, высахла зусім, за здароўем уласным не сочыць, — ледзь не ўсхліпвала маці. Ды і гэта яшчэ, як той казаў, паўбяды, горш, што даччын муж увесь час пілуе: што б і як ні зрабіла, усё трапляе пад крытыку, усё ацэньваецца з нязменным бубненнем. І так кожны дзень, з году ў год, жыве дачка ў стане пастаяннай напружанасці. Сяброўкі яе не разумеюць: шыкоўная кватэра, магчымасці для адпачынку кожны год, капейкі да зарплаты не лічыць, а ён жа такі ўважлівы, падкрэслена выхаваны. Такім і на рабоце лічаць — разумны, дасціпны, а калі ўжо з трыбуны пачынае выступаць, то дэмакрат, інтэлектуал, якіх пашукаць. Адзеты бездакорна, чулы да чужой бяды, у калектыве першы арганізуе дапамогу, калі ў каго якое няшчасце ці сямейная праблема ўзнікла. Маладзенькія супрацоўніцы праз адну закаханыя, — каб яны ведалі, што пад гэтай авечай скурай ды воўчае нутро схаванае!

«Што рабіць, не ведаю», — нібы прасіла парады жанчына і адразу ж апраўдвалася, што ў іх з мужам кватэра малая, да таго ж ён не родны бацька яе дачушкі, не разумее. Ды і калі б тая рашылася кінуць мужа, да маці вярнуцца, ён жыцця не дасць, проста так не адступіцца. Яму для кар'еры лепш мець вонкава беспраблемную сям'ю, а не псаваць біяграфію разводамі. Ён знешнім фактарам надае надта вялікае значэнне...

Гэтая чужая сямейная гісторыя навяла на думку, што вельмі многія маюць запасную душу, а правільней сказаць, яе падабенства, што дазваляе іграць на публіку ролю цудоўнага чалавека, а ў штодзённым жыцці праяўляць сваю сапраўдную сутнасць, бо яе ж нідзе не падзенеш. Калі задумацца, то з такім сутыкаешся калі не кожны дзень, то надзвычай часта. Здаецца, ведаў чалавека гадоў дзесяць ці дваццаць, а ён раптам адкрыўся такім бокам, што лепш было б і не бачыць.

Бывае, вядома, і наадварот. Гадоў трыццаць таму, працуючы ў раённай газеце, запісвала ўспаміны пра вайну адной вясковай жыхаркі. Яна расказала гісторыю пра тое, як адзін чалавек уратаваў іх вёску ад расстрэлу. Быў жа ён вясковы дзівак, нехлямяжы, ніхто яго ўсур'ёз не ўспрымаў. Бабылём жыў, бо калі паспрабаваў пасватацца да адной, дык сказала: «Як я за цябе пайду, ты ж кароў нават пасвіць не ўмееш!»... Словам, партызаны забілі фрыца недзе побач. Немцы і старых, і малых сагналі ў цэнтр вёскі, сказалі: калі выдадуць, хто тое зрабіў, адпусцяць дадому. Інакш усіх чакае пакаранне. Хто галасіў, хто маліўся, рыхтаваліся да горшага. І тады выйшаў гэты Віцька, так яго называлі, і сказаў: «Гэта я». Яго вывелі і расстралялі перад аднавяскоўцамі. А людзей адпусцілі. І ўся вёска ведала, што гэта не ён, яго там блізка не было. Ніхто не чакаў ад яго такога, а ён змог! І захацеў.

Так што, відаць, бывае запасная душа — найчасцей такая, якую Ніна Мацяш называла «душэўным чарноццем», таму і хаваюць яе надзейна ад чужых вачэй. Але здараецца і светлая.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.