Вы тут

Эксперты расказалі пра асноўныя напрамкі работы з адходамі, якія рэалізоўваюцца ў краіне


Эксперты расказалі пра асноўныя напрамкі работы з адходамі, якія рэалізоўваюцца ў краіне.


Супраць этыкетак і пакетаў

Цяпер у нас выкарыстоўваецца больш за 80 % другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), якія ўтвараюцца ў складзе адходаў вытворчасці, а вось узровень выкарыстання камунальных адходаў пакуль не перавышае 30 %, але паступова расце. У рэестры аб'ектаў па выкарыстанні адходаў зарэгістравана каля дзвюх тысяч такіх аб'ектаў і ствараюцца новыя, абазначыў Максім ТАРАСАЎ, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды.

Аднак самая актуальная экапраблема — пластыкавая. У Беларусі штогод ствараецца 150 тысяч тон пластыкавага смецця ў складзе адходаў вытворчасці і 280 тысяч тон — у складзе камунальных адходаў. На сённяшні дзень рэалізоўваецца план па паэтапным замяшчэнні пластыкавай упакоўкі экалагічна бяспечнай.

З гэтага года забаронена, напрыклад, выкарыстанне пластыкавага посуду на аб'ектах грамадскага харчавання. А патрэба ў такіх вырабах у гэтым сектары — 200 млн адзінак, заўважыў эксперт. Замест пластыку для стварэння відэльцаў, нажоў, лыжак, трубачак для напояў выкарыстоўваецца драўніна. Кубачкі, упакоўкі для піцы, палачкі для размешвання, латкі таксама робяцца з экалагічна бяспечных матэрыялаў.

А ў межах ЕАЭС Мінпрыроды разам з усімі зацікаўленымі працуе над унясеннем змяненняў у Тэхрэгламент Мытнага саюза аб бяспечнасці ўпакоўкі. У прыватнасці, над абмежаваннем выкарыстання поліхларыраванай этыкеткі на ўпакоўцы з поліэтылентэрэфталату (простымі словамі — ПЭТ-бутэлькі). А таксама абмежаваннем выкарыстання тонкіх поліэтыленавых пакетаў таўшчынёй да 50 мікрон і ўжываннем замест іх оксіраскладальнай упакоўкі і ўпакоўкі з успененага полістыролу.

Раслінны грунт, стрэйч-плёнка і шклабой

Сёлета ў Беларусі было сабрана амаль 600 тысяч тон ДМР, якія пойдуць на перапрацоўку. Працягваецца і работа над стварэннем новых тэхналогій, якія змогуць даць другое жыццё смеццю, што дагэтуль не перапрацоўвалася. Так, напрыклад, распачата работа над утылізацыяй камбінаванай упакоўкі тыпу тэтрапак, а ў сталіцы на прадпрыемстве «Зелянбуд» створана вытворчасць па выкарыстанні арганічнай часткі смецця. На выхадзе тут мяркуюць атрымліваць 28 тысяч «кубоў» карыснага расліннага грунту ў год. А на заводзе «Краснасельскбудматэрыялы» ўсё гатова для выкарыстання RDF-паліва са смецця, абазначыла Наталля ГРЫНЦЭВІЧ, дырэктар прадпрыемства «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Пастаянна прымаюць ад насельніцтва і нарыхтоўваюць ДМР таксама і ў арганізацыях спажыўкааперацыі, падкрэсліла Аксана СКІНДЭР, начальнік упраўлення нарыхтовак Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў «Белкаапсаюз»:

— Прынамсі, летась людзям было выплачана 153 млн рублёў за прынесеныя рэсурсы, а за няпоўны 2021-ы — ужо 230 млн.
А ў агульным аб'ёме нарыхтоўкі ДМР нашы таварыствы забяспечваюць чвэрць.

Створана інтэрактыўная карта, на якой пазначана схема размяшчэння нарыхтовачных пунктаў, нумары іх тэлефонаў.

У Беларусі дзейнічае класіфікатар адходаў, згодна з якім у краіне можа ўтварацца больш за 2100 найменняў адходаў. Пры гэтым на шэсць з прыведзеных пазіцый прыходзіцца каля дзвюх трацін ствараемага ў краіне прамысловага смецця, а перапрацоўваецца — каля 800 пазіцый, заўважыла Кацярына БАЦЯН, загадчыка аддзела абыходжання з адходамі БелНДЦ «Экалогія»:

— Летась у краіне ўтварыўся 61 млн тон адходаў, з якіх дзве траціны — буйнатанажныя. Больш як 80 % адходаў вытворчасці ў краіне перапрацоўваецца. Існуе звыш 300 унікальных тэхналогій па выкарыстанні адходаў.

Каля 10 тысяч тон адходаў палімераў на год, у тым ліку моцна забруджаных, у краіне перарабляюць на Барысаўскім заводзе пластмасавых вырабаў і прадпрыемстве «Белдругпалімер» у Гродне. На «Белдругпалімеры» завяршаецца мадэрнізацыя існуючых магутнасцяў з павелічэннем іх на 2000 тон, што дазволіць праводзіць аптычную сарціроўку адходаў палімераў, расказаў Гадад ГАЛІМАЎ, намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Белрэсурсы»:

— Сёлета мы набылі комплекс па вытворчасці стрэйч-плёнкі і сталі рабіць імпартазамяшчальную прадукцыю. Паралельна на гэтым прадпрыемстве ствараюцца магутнасці для перапрацоўкі адходаў палімераў, каб рабіць там гранулят. А на «Гомельхімгандаль» працуе вытворчасць па перапрацоўцы адходаў шын (адна тысяча тон на год).

Працягваецца сарціроўка на прадпрыемствах холдынга і 90 тысяч тон шклабою (усяго ў краіне летась утворана 411 тысяч тон адходаў шкла). З часам прадугледжана стварэнне новых магутнасцяў па сарціроўцы змяшанага шклабою, запатрабаванага за межамі краіны.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Пластык: выкарыстаць нельга замяніць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».