Вы тут

Польскія сілавікі адчуваюць беспакаранасць


Беларусы аказваюць дапамогу бежанцам, але важна вырашыць саму праблему. Аб гэтым заявіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, каменціруючы сітуацыю на беларуска-польскай граніцы, перадае БелТА. Ён адзначыў, што зараз у Цэнтральнай частцы Еўропы адбываецца такое напружанне, «калі людзі церпяць вялікі смутак, цяжкасці, а некаторыя нават гінуць». «Вельмі важна, каб менавіта тыя, хто можа ўплываць на гэту сітуацыю, пайшлі насустрач гэтым бедным людзям і вырашылі яе. Тым больш што набліжаецца Раство Хрыстова», — заўважыў мітрапаліт Веніямін.


На месцы здарэння

Тым часам Следчы камітэт праводзіць праверку па факце чарговага прымянення спецсродкаў з боку Польшчы ў адносінах да бежанцаў. Аб гэтым паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці Раман Зармаеў.

«Следствам устаноўлена, што ноччу 23 лістапада на адным з участкаў пагранічнай заставы «Такары» Камянецкага раёна група замежных мігрантаў знаходзілася каля польскай загароды. Пры гэтым людзі прасілі прыстанішча ў Польшчы, ніякай агрэсіі не праяўлялі. У адказ на гэта польскія сілавікі прымянілі ў адносінах да бяззбройных мігрантаў слёзатачывы газ, выбухпакеты, якія закідвалі на тэрыторыю Беларусі», — расказвалі ў СК.

На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група. Падчас агляду месца здарэння зафіксавана следавая карціна, якая сведчыць аб прымяненні спецыяльных сродкаў у адносінах да мірных бежанцаў. Узяты шматлікія фрагменты боепрыпасаў. Па ўсіх узятых падчас агляду месца здарэння аб'ектах назначаны ўзрыватэхнічныя экспертызы, апытаны відавочцы здарэння. Папярэдне ўстаноўлена, што па медыцынскую дапамогу ў выніку інцыдэнту на граніцы ніхто не звяртаўся. Па гэтым факце Камянецкім РАСК праводзіцца праверка.

Назіралі за пакутамі і... пасміхаліся

А сітуацыя на беларуска-польскай граніцы застаецца напружаная. І зноў з'яўляюцца паведамленні аб зверствах польскіх сілавікоў, якія насамрэч страцілі чалавечае аблічча. Яны прадаўжаюць труціць бежанцаў газам, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце. «23 лістапада двое іншаземцаў падышлі да польскіх загарод, каб папрасіць аб магчымасці падаць прашэнне атрымаць статус бежанца. Ніякіх агрэсіўных дзеянняў мужчыны не рабілі. Нягледзячы на мірныя звароты бежанцаў, польскія ваеннаслужачыя проста распылілі пярцовы газ, — расказалі ў ДПК. — Адзін з іншаземцаў, які пацярпеў пасля прымянення спецсродкаў, паспрабаваў звярнуцца па меддапамогу. У адказ польскія ваеннаслужачыя, якія назіралі за пакутамі іншаземца, проста пасміхаліся. Другі ж бежанец, здымаючы відэа, каменціраваў усё, што адбываецца, неаднаразова заклікаючы польскіх сілавікоў спыніць здзекі. А калі польскім праваахоўнікам надакучыла слухаць просьбы аб дапамозе, яны цынічна залілі чалавека, які меў патрэбу ў абароне, яшчэ раз пярцовым газам са словамі «ідзіце прэч».

Іншы выпадак адбыўся ўжо ноччу, калі група адчайных бежанцаў прыняла рашэнне самастойна прайсці на тэрыторыю Польшчы. На гэты крок людзей падштурхнула бязвыхаднае становішча, у якім яны апынуліся з-за адсутнасці легальнай магчымасці падаць прашэнне аб атрыманні аховы ў ЕС. «На гэты раз польскія сілавікі сустрэлі бежанцаў аўтаматнымі чэргамі. Для спынення магчымых правакацый гэты ўчастак быў прыкрыты беларускімі ваеннаслужачымі», — дадалі ў ведамстве.

Твар Еўропы

Польшча праяўляе цынізм і антыгуманізм у адносінах да бежанцаў. Такую думку ў эфіры тэлеканала АНТ выказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Васіль Панасюк. «Еўропа праз гэты крызіс прадэманстравала нам яркую праяву антыдэмакратычных падыходаў, зневажанне міжнародных правоў. Гэта розуму проста неспасціжна, калі пачалося ўздзеянне з дапамогай вадамётаў агрэсіўнымі вадкасцямі. Тым больш размова ўжо ідзе аб элементарным парушэнні дзяржаўнай граніцы», — сказаў Васіль Панасюк. Паводле яго слоў, для вырашэння гэтай сітуацыі неабходны канструктыўны дыялог.

Захад ператварыў міграцыйны крызіс у выключна палітычны. Гэта ў эфіры «Альфа Радыё» заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч. «Заходнія палітыкі і міжнародныя арганізацыі ператварылі гэта пытанне ў выключна палітычнае. Еўрапейскія дзяржавы тысячамі знішчалі людзей па ўсёй планеце, і ім, вядома ж, усё роўна на гэту невялікую, па іх мерках, колькасць людзей, на дзяцей і цяжарных жанчын. Таму яны будуць заяўляць усё што хочаце», — лічыць дэпутат.

Ваенныя злачынствы

Польскія ўлады здзяйсняюць ваенныя злачынствы. Такую думку ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» выказаў латвійскі палітолаг Эйнарс Граўдзіньш, каментуючы сітуацыю на беларуска-польскай граніцы. «Існуе шэраг канвенцый, у першую чаргу Гаагская, Жэнеўская канвенцыі, дзе дакладна прапісаны правілы прымянення ваеннай сілы, права дэманстраваць сілу і гэтак далей. І як чалавек, які мае вышэйшую ваенную адукацыю, як былы афіцэр, я магу сказаць, што, на жаль, гэтыя канвенцыі не выконваюцца. Калі зыходзіць з пазіцый міжнароднага права, то польскія ўлады ўчыняюць ваенныя злачынствы з усімі вынікамі. Чаму польскія сілавыя структуры выкарыстоўваюць вадамёты, прымяняюць хімічныя сродкі — пытанне аб мэтазгоднасці і законнасці», — сказаў Эйнарс Граўдзіньш. Паводле яго слоў, Польшча павінна даць бежанцам гуманітарны калідор. «Згодна з міжнародным правам, бежанцы з зон баявых дзеянняў павінны бесперашкодна прымацца ў краінах, дзе яны просяць прытулак», — падкрэсліў палітолаг.

ЕС і Польшча ў адносінах да бежанцаў дэманструюць жорсткасць, бяздушнасць і двайныя стандарты. Аб гэтым заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» генеральны дырэктар міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Расія сёння». Дзмітрый Кісялёў. «Таму што самі ў рэшце рэшт вуснамі Меркель запрасілі бежанцаў да сябе, сказаўшы, што мы справімся, мы моцныя. А цяпер мы бачым, што занялі кругавую абарону, пабудавалі масавую сцяну з калючага дроту на тэрыторыі Еўропы, на тэрыторыі Шэнгенскай зоны, адгарадзіўшыся адзін ад аднаго», — сказаў Дзмітрый Кісялёў. Паводле яго слоў, Беларусь у гэтых умовах праявіла найвышэйшыя гуманітарныя стандарты. «Беларусь людзей пасяліла, поіць, корміць, сагравае. А Польшча палівала ядавітымі сумесямі на марозе. Мы ўсё гэта бачылі, гэта бачыў увесь свет, — адзначыў Дзмітрый Кісялёў. — Беларусь не бамбіла Ірак і Сірыю. Таму крызіс з мільённымі бежанцамі не быў учынены Беларуссю. Яе адкрытая прававая пазіцыя была выкарыстана, на жаль, супраць яе».

Смяротныя граніцы

Граніцы ЕС — самыя смяротныя ў свеце. Прынамсі 22 853 чалавекі загінулі ў Міжземным моры з 2014 года, спрабуючы дабрацца да берагоў ЕС. У апошнія месяцы мы назіраем за пакутамі бежанцаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз польскую граніцу. Аб гэтым заявіў генеральны дырэктар міжнароднай арганізацыі Oxfam Іreland, член выканаўчага савета Агенцтва ЕС у асноўных правах (FRA) Джым Кларкен, паведаміла выданне The Journal.

«Палітыка ЕС у галіне міграцыі і атрымання прыстанішча, якая прыводзіць да такіх гуманітарных пакут, і рэакцыя ЕС на трагедыю дэманструюць, што Еўрасаюз павінен змяніць падыход да міграцыі і міжнароднай абароны. Невыкананне гэтага патрабавання можа прывесці да паўтарэння трагічных падзей і ў канчатковым выніку да падрыву Канвенцыі ААН аб статусе бежанцаў 1951 года», — лічыць Джым Кларкен.

Мігранты і бежанцы, якія пакідаюць Сірыю, Ірак і іншыя ахопленыя вайной краіны, праводзяць халодныя дні і ночы на граніцы ЕС з Беларуссю. «Яны спадзяваліся трапіць у Еўрасаюз, які аб'явіў сябе абаронцам правоў чалавека. Замест гэтага польскія ўлады прымянілі супраць гэтых людзей слёзатачывы газ і вадамёты і адмовілі НДА ў доступе з гуманітарнай дапамогай. Гэта відавочнае парушэнне гуманітарных прынцыпаў», — гаворыць кіраўнік Oxfam Іreland.

«ЕС выдзеліў гуманітарнае фінансаванне для падтрымкі тых, хто заблакіраваны на граніцы Беларусь — ЕС, але яго асноўны падыход быў у тым, каб ухіляцца ад адказнасці за бежанцаў і мігрантаў на сваіх граніцах», — адзначае Джым Кларкен. «ЕС з'яўляецца адным з найбагацейшых рэгіёнаў свету, і пры наяўнасці палітычнай волі 27 дзяржаў-членаў могуць прыняць адносна невялікую колькасць бежанцаў, якія прыбываюць да граніц ЕС, замест таго каб перакладваць адказнасць на «краіны-партнёры», — лічыць кіраўнік Oxfam Іreland. Ён заўважыў, што «ўсе дзяржавы — члены ЕС павінны дамовіцца аб справядлівых умовах падзелу адказнасці, абароне асоб, якія шукаюць прыстанішча, і размяшчэнні іх у дастойных умовах. У адваротным выпадку трагічныя смерці на граніцах ЕС будуць прадаўжацца».

Пётр ДУНЬКО

Фота БелТА

Тым часам

У зоне ўдару

ЗША разгарнулі на граніцы Польшчы з Беларуссю не менш як 30 самаходных артылерыйскіх установак Paladіn, паведаміла інфармацыйнае агенцтва Avіa.pro. Паводле даных агенцтва, пасля перакідкі некалькіх дзясяткаў танкаў, браніраваных аўтамабіляў і некалькіх тысяч ваеннаслужачых НАТА на граніцу з Беларуссю стала вядома, што ЗША дадаткова перакінулі да польска-беларускай граніцы не менш за 30 самаходных артылерыйскіх установак M109A7 Paladіn калібру 155 мм. Узбраенне было дастаўлена некалькімі чыгуначнымі саставамі з тэрыторыі Германіі. Пры гэтым з улікам далёкасці САУ M109A7 Paladіn тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў зоне ўдару амерыканскіх ваенных. Амерыканскі бок пакуль не каментуе перакідку свайго ўзбраення і ваеннай тэхнікі да граніц Беларусі.

Загаловак у газеце: Слёзатачывы газ і кулямётныя чэргі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.