Вы тут

Сабрацца разам нам даўно, даўно пара!


У восеньскае перадзім’е Бацькаўшчына збірае да сябе супляменнікаў ды суайчыннікаў з розных краін — нібы птушак з далёкага выраю. І адаграваюць яны тут, на святой зямлі продкаў, свае душы перад зімой.


Магчыма, не ўсе пра тое ведаюць, але ж ні на дзень звычайна не перапыняецца супраца дзяржустаноў, шматлікіх грамадскіх арганізацый, творчых калектываў, школ і вну Беларусі з супляменнікамі ды суайчыннікамі за мяжой. Далучана, моцна падключана да такіх кантактаў і рэдакцыя газеты «Голас Радзімы». Бываюць і «пікавыя нагрузкі» ў той энергасетцы, па правадах якой пульсуе ток жыцця між «мацярынскаю дзяржавай» і беларускай дыяспарай. А цяпер якраз такі час.

Удзельнікі творчай стажыроўкі ў Магілёве ўсё ўважліва слухаюць і фіксуюць

Дзве важныя падзеі апошніх дзён даюць нагоду для роздумаў пра беларускае адзінства не толькі ў краіне — па ўсім свеце. Гэта чарговае, шостае па ліку пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа ў Міністэрстве замежных спраў з удзелам Міністра Уладзіміра Макея. Пасяджэнне прайшло 19 лістапада. І другая падзея: Міністэрства культуры ды «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» (якім цяпер кіруе Вольга Антоненка) з 21 па 27 лістапада праводзяць чарговую — традыцыйную, можна сказаць — творчую стажыроўку для кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці. Прычым з улікам ранейшых пажаданняў суайчыннікаў праходзіць стажыроўка як у Мінску, так і з выездамі ў іншыя месцы (Магілёў, Ракаў, Івянец) на базе арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, прафесійных калектываў мастацкай творчасці Беларусі.

Здымак беларусаў Латвіі на памяць з землякамі ў Глыбокім. Верасень 2021

Варта ўдакладніць: згаданае выслоўе «мацярынская дзяржава» — моцнае, глыбокае, з асацыяцыямі пра род, народ і нашае месца ў сённяшнім свеце — прагучала у Міністэрстве замежных спраў на згаданым пасяджэнні КС з вуснаў Сяргея Кандыбовіча, аднаго з яго сяброў, старшыні грамадскай арганізацыі Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі. Калі па шчырасці, хочацца мне з вялікіх літар абодва словы пісаць: Мацярынская Дзяржава. Бо сам трохі ведаю, што такое туга па Радзіме: вучыўся ў свой час ва ўніверсітэце ў Ленінградзе. Адным розумам, толькі логікай не спазнаць настальгічныя пачуцці. Як і тое, чаму яны, беларусы замежжа, сэрцам, эмоцыямі адгукаюцца на ўсе «мацярынскія» болькі ды клопаты. Каб разумець іх — згадаем, як самі пакідалі матуліну хату, ішлі ў свет.

Майстар-клас. Госці вучацца рабіць анёльчыка з саломкі.

Хваляванне за іх, за нашых матуль, нас нідзе не пакідае. І як не ўспомніць багдановіцкі зварот-покліч: «Маці родная, Маці-Краіна!» У Мінску, дарэчы, напісаны: у 1916-м, калі цяжкая хвароба высушвала сілы ды вымагала ў паэта гранічнай шчырасці думак і пачуццяў. Максім Багдановіч таксама ж быў, па сутнасці, беларусам у замежжы. Хоць і не жыў за мяжой. І язык не павернецца казаць, што Багдановіч — не наш... Але ж вось калега нядаўна спрабаваў мне давесці, што вядомыя касманаўты, Героі Расіі Антон Шкаплераў, Алег Арцем’еў — не нашы. Дык бацькі ж у абодвух беларусы: адпаведна з Быхаўскага і Верхнядзвінскага раёнаў. Не, асдстойваў сваю пазіцыю, не нашы, бо «не тут нарадзіліся». Вось дык логіка! Давялося нагадаць, з гумарам і жалем: калі чалавек нараджаецца ў канюшні — то ад таго ён жа не становіцца канём... За савецкім часам і пра тое, што першая ў свеце жанчына-касманаўтка Валянціна Церашкова мае моцныя беларускія родавыя карані таксама не надта пісалі: ну, чаго дзяліць герояў на сваіх і чужых, адзін жа, савецкі народ... І пра тое, што і ў Аляксандра Твардоўскага, Аляксандра Грына, Юрыя Алешы ды соцень іншых вядомых у свеце людзей ёсць крэўныя ці духоўныя повязі з Беларуссю — варта нам памятаць, пісаць. Варта імі — як роднымі — ганарыцца. Бо, напрыклад, пра вядомага суайчынніка, ураджэнца Нясвіжа, знакамітага этнографа, даследчыка казахскай культуры Адольфа Янушкевіча (1803 — 1857) ужо ў Казахстане пішуць: «славный сын польского народа»... Між тым адна з вуліц у гонар Янушкевіча ў Нур-Султане названая — па ініцыятыве ягонага земляка Паўла Атрушкевіча: з Нясвіжчыны, з вёскі Мархачоўшчыны родам. Дарэчы, Павел Аляксандравіч быў, як кажуць, правай рукой Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, калі стварался, набірала моцы Асамблея народа Казахстана.

На практычных занятках у Магілёве

І тут, мне падаецца, будзе да месца нагадаць, што словы супляменнік і суайчыннік маюць свае адценні — пра тое і на КС гаварылі. Суайчыннікі, вобразна кажучы, гэта «браты і сёстры па месцы нараджэння», супляменнікі — па роду-племені, па крыві. Таму, натуральна, не суайчынніцы нам, скажам, ні кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова, ні кіраўніца Новасібірскага Цэнтра беларускай культуры Анастасія Дзяменцьева. Нават іх маці ўжо ў Сібіры нарадзіліся — але ж у беларускіх сем’ях. І беларускія традыцыі яны, супляменніцы нашы, там збераглі, сваім дзецям любоў да зямлі продкаў, да Беларушчыны перадалі. Дык што: не нашы гэта людзі? Нашы! І не толькі ў Год народнага адзінства — на ўсе вякі, пакуль ёсць беларусы на гэтай зямлі. Больш за тое: «Мы обречены на сотрудничество», як казала на пасяджэнни КС адна з замежных беларусак. А для вызначэння гэтай духоўна-крэўнай роднасці й блізкасці беларусаў усяго свету мы ў газеце выкарыстоўваем выслоўе: Беларускі Мацярык. Вось на ім мы ўсе — суайчыннікі! Мацярык, безумоўна, выходзіць за межы зямлі-Бацькаўшчыны і ўключае ў сябе нашых суродзічаў, суайчыннікаў, супляменнікаў з розных краін і кантынентаў. Дарэчы, цяпер у інфавыпусках па тэлеканалах часам бяжыць інфарадок, нібыта «беларускія дыяспары» праходзяць у Беларусі творчую стажыроўку. Па-першае, дыяспара ў нас — адна, хоць і рассеяна па свеце. А да нас прыехалі яе прадстаўнікі: каля 30 чалавек. Калі ж улічыць, што цяпер нават паводле афіцыйных падлікаў жыве за межамі Беларусі каля трох з паловай мільёнаў (!) беларусаў, то стане зразумелым: увага і павага беларускай дзяржавы да гэтых людзей — цалкам заканамерная.

На сустрэчы ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы.

Больш падрабязна пра чарговае «веча дыяспары», як называюць Кансультатыўны савет пры МЗС, пра сустрэчы ў ходзе творчай стажыроўкі — раскажам у снежаньскім нумары газеты «Голас Радзімы». Якая, дарэчы, уваходзіць у ВД «Звязда» і мае на партале zviazda.by сваю інтэрнэт-версію, да таго ж усе нумары выкладаюцца ў ПДФ-фармаце. А ў першы дзень стажыроўкі для курсантаў, як іх яшчэ называюць, у Нацыянальнай бібліятэцы прайшоў семінар-практыкум. Ладзіў яго Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры падтрымцы Мінінфармацыі ды Мінкультуры. Кіраўніца профільнага сектара апарата Упаўнаважанага Алена Бязручка расказала, як падтрымліваецца праца беларускіх суполак і творчых гуртоў з замежжа ў інфаполі Беларусі. Мы з калегам, галоўным рэдактарам часопіса «Беларусь. Belarus» Віктарам Харковым дзяліліся досведам сваёй працы, у тым ліку й з нашымі замежнымі няштатнымі аўтарамі. Некаторыя слушныя парады пра тое, як выкарыстоўваць сучасныя інтэрнэт-магчымасці ў сваёй працы, курсантам даў дацэнт кафедры перыядычнага друку й веб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ Аляксандр Градзюшка. Пра цікавыя праекты ў сферы духоўнай, рэлігійнай тэматыкі расказаў Алег Лепяшэнкаў — намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы. У прыватнасці, гаворка ішла пра VII Беларускія Калядныя чытанні «От купели крещения — к вершинам религиозной мысли: 1030-летие основания Полоцкой епархии и 200-летие со дня рождения Фёдора Михайловича Достоевского».

Сустрэча супляменнікаў з Латвіі  з караваем у Глыбокім. Верасень 2021.

Размова на семінары-практыкуме атрымалася цікавай, выклікала жывы водгук у гасцей з замежжа. І яшчэ некалькі прадстаўнікоў беларускай дыяспары выказалі жаданне супрацоўнічаць з нашай газетай. Праўда, пыталі: ці можна пісаць па-руску? Можна, вядома ж! Бо з людзьмі, роднымі нам па духу, мы заўсёды знойдзем агульную мову.


У загалоўку тэкста выкарыстаны радок з беларускай застольнай песні «Сабрацца разам». Верш мой, а музыку напісаў Дзмітрый Астаньковіч: наш супляменнік з Казахстана, кампазітар і старшыня грамадскага аб’яднання Беларускі культурны цэнтр «Радзіма» з Нур-Султана. Дарэчы, гэтая песня ўжо ёсць ў рэпертуары падпалкоўніка міліцыі з Магілёва Віталія Астанковіча. Цяпер мы Дзмітрыем уваходзім у Кансультатыўны савет пры МЗС. І, спадзяюся, будуць яшчэ і новыя такія песні на нашым Беларускім Мацерыку.

Іван ЖДАНОВІЧ

Фота Людмілы АННУС і Віктара БАЙКАЧОВА, з архіва Саюза Беларусаў Латвіі.  

Галоўны рэдактар газеты «Голас Радзімы»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.