Вы тут

Калі гаворка ідзе пра жыццё і здароўе, мы не дзелім людзей на сваіх і чужых


​Парламенцкая дэлегацыя Беларусі на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай прыняла ўдзел у Міжнароднай парламенцкай канферэнцыі на тэму «Усеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя і мэты ў галіне ўстойлівага развіцця». Мерапрыемства прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў сумесна з Еўрапейскім Рэгіянальным бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.


Напачатку свайго выступлення Наталля Качанава падзякавала Старшыні Савета Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў Валянціне Мацвіенцы за ўключэнне ў парадак такой актуальнай тэмы, як «Усеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя і мэты ў галіне ўстойлівага развіцця».

Паводле яе слоў, пандэмія, якая ахапіла ўвесь свет, прадэманстравала наколькі важныя для кожнай краіны моцныя сістэмы аховы здароўя і гатоўнасць да дзейнасці ў надзвычайных сітуацыях. Спікер падкрэсліла: у такіх умовах крытычна неабходныя нарошчванне патэнцыялу процідзеяння новым выклікам і неадкладны пошук шляхоў для забеспячэння ўсеагульнага ахопу паслугамі аховы здароўя.

— З самага пачатку Беларусь ідзе сваім шляхам. Наш выбар мы зрабілі свядома і ўзважана, бо ўпэўненыя: беларуская сістэма аховы здароўя з гэтым выклікам справіцца, — пераканана Наталля Качанава.

Спікер верхняй палаты беларускага парламента акцэнтавала ўвагу на выніках нашай краіны ў справе дасягнення Мэт устойлівага развіцця, ахарактарызавала сучасную сістэму аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і меры, прынятыя на дзяржаўным узроўні ва ўмовах пандэміі, у тым ліку па ўсеагульным ахопе паслугамі аховы здароўя.

У прыватнасці, усеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя на нацыянальным узроўні прадугледжаны Дзяржаўнай праграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025 гады, якая падрыхтавана на аснове ключавых палажэнняў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2035 года, праграмных дакументаў галіновага і рэгіянальнага развіцця.

— Аснову аховы здароўя нашай краіны складае дзяржаўны сектар, — адзначыла яна. — Выбудаваная сістэма аператыўнага прыняцця рашэнняў, выразнага каардынавання і кантролю іх рэалізацыі на месцах. Створана разгалінаваная сетка арганізацый, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных і амбулаторна-паліклінічных умовах, маецца значны ложкавы фонд. Рэспубліка забяспечана медыцынскімі кадрамі практыкуючага і навуковага звяна.

Спікер нагадала, што ў Беларусі функцыянуюць шматузроўневая сістэма санітарна-эпідэміялагічных службаў, інфекцыйныя бальніцы ў кожным рэгіёне.

— Пытанні процідзеяння пандэміі знаходзяцца на асабістым кантролі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, — акцэнтавала ўвагу Наталля Качанава.

Яна праінфармавала прысутных абы тым, што для аператыўнага абмену інфармацыяй і неабходнага рэагавання ў кожнай вобласці і сталіцы арганізаваны штабы, якія ўзначальваюць старшыні абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў. Акрамя таго, перапрафіляванне ложкавага фонду праводзіцца ў залежнасці ад існуючай эпідэміялагічнай абстаноўкі. Прышчэпачныя пункты дзейнічаюць не толькі ў арганізацыях аховы здароўя, але і на прадпрыемствах, у гандлёвых цэнтрах, установах адукацыі, сацыяльнага абслугоўвання, працуюць выязныя брыгады. У краіне наладжана вытворчасць сродкаў індывідуальнай абароны і сродкаў дэзінфекцыі. Завяршаецца работа па лакалізацыі вакцыны «Спадарожнік V», працягваецца працэс стварэння ўласнай вакцыны.

Немалаважным фактарам лічыць Наталля Качанава і той факт, што сродкі масавай інфармацыі рэгулярна інфармуюць людзей аб мерах прафілактыкі, дзеяннях пры выяўленні сімптомаў захворвання, дзейнічаюць «гарачыя тэлефонныя лініі».

— Фінансаванне мерапрыемстваў па процідзеянні пандэміі забяспечваецца дзяржавай. Нашым Прэзідэнтам прыняты рашэнні аб матэрыяльным стымуляванні медработнікаў і выдзяленні сродкаў на сістэму аховы здароўя з дзяржаўнага бюджэту і Прэзідэнцкага рэзервовага фонду. За час пандэміі толькі на медыцынскія наступствы ковід-інфекцыі затрачана парадку двух мільярдаў долараў, — паведаміла Наталля Качанава.

Спікер верхняй палаты беларускага парламента адзначыла, што меры, якія прымаюцца ў краіне, дазваляюць забяспечваць магчымасць кіраваць эпідэміялагічнай сітуацыяй і нават у гэтых умовах прадстаўляць грамадзянам роўны і свабодны доступ да паслуг аховы здароўя у не залежнасці ад месца пражывання, полу, ўзросту.

— Арганізацыі аховы здароўя Беларусі працягваюць аказваць экстранную і неадкладную дапамогу, у поўным аб’ёме выконваць планавае медыцынскае абслугоўванне, ажно да правядзення высокатэхналагічных аперацый, — кажа спікер верхняй палаты парламента.

Яна падкрэсліла: пад пільнай увагай дзяржавы знаходзяцца асобныя катэгорыі насельніцтва. У прыватнасці, для людзей пажылога ўзросту, людзей з інваліднасцю забяспечана медабслугоўванне ў хатніх умовах — пачынаючы ад прыёму аналізаў да кансультацый урачоў-спецыялістаў і дастаўкі рэцэптаў. Не спыняецца таксама аказанне акушэрска-гінекалагічнай і перынатальнай медыцынскай дапамогі. Дакладна выбудавана сістэма дапамогі маці і дзецям.

Акрамя таго, вядзецца будаўніцтва і рэканструкцыя аб’ектаў аховы здароўя, аснашчэнне арганізацый сучасным высокатэхналагічным медыцынскім абсталяваннем.

Нагадаем, што зусім нядаўна ў Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі завершана будаўніцтва шматпрофільнага хірургічнага корпуса з інтэлектуальнымі аперацыйнымі. У Магілёве адкрыліся кардыялагічны цэнтр і «разумная паліклініка» для дзяцей і дарослых.

Наталля Качанава расказала, што дзейснасць і мабільнасць нашай сістэмы аховы здароўя чарговы раз пацвярджаюцца ў сітуацыі на беларуска-польскай мяжы:

— Мы занепакоеныя становішчам бежанцаў, асабліва цяжарных жанчын, дзяцей, людзей сталага ўзросту. Калі гаворка ідзе пра жыццё і здароўе, мы, беларусы,

не дзелім людзей на сваіх і чужых, — падкрэсліла спікер верхняй палаты беларускага парламента. — Са свайго боку мы робім усё неабходнае для гэтых людзей, уключаючы пастаянны маніторынг брыгадамі медыцынскай дапамогі, медыцынскія агляды і кансультацыі, пры неабходнасці праводзіцца шпіталізацыя, прапанавана вакцынаванне для жадаючых. Аднак відавочна — неабходныя рашэнні палітычнага характару на міжнародным узроўні.

Яна звярнула ўвагу, што ўвага, якая надаецца дзяржавай сістэме аховы здароўя, прыносіць добрыя вынікі. У тым ліку — па дасягненню прагрэсу ў рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця.

У якасці пацвярджэння сваіх словаў Старшыня Савета Рэспублікі прыводзіць высокія пазіцыі Беларусі ў міжнародных сістэмах ацэнак: у рэйтынгу Мэт устойлівага развіцця — 24-е месца, па індэксе чалавечага развіцця — 53-е месца, узровень прагрэсу Беларусі па дасягненні Мэтаў складае амаль 80 %.

Спікер акцэнтавала ўвагу на тым, што найвышэйшую ацэнку беларускай сістэмы аховы здароўя даюць і прадстаўнікі Еўрапейскага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у тым ліку па выніках нядаўняга візіту ў нашу краіну.

— Беларусь заўсёды гатовая дзяліцца сваім вопытам. Мы адкрытыя да самага шырокага супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі партнёрамі ў інтарэсах стабільнага, здаровага і квітнеючай свету, — падкрэсліла Наталля Качанава. —Добрым прыкладам з’яўляецца наша цеснае канструктыўнае ўзаемадзеянне з Расіяй і Кітаем у барацьбе з ковід-інфекцыяй.

Старшыня Савета Рэспублікі нагадала, як беларускі бок без прамаруджання накіраваў гуманітарную дапамогу кітайскаму народу, які першым сутыкнуўся з пандэміяй.

— У сваю чаргу нашы стратэгічныя партнёры Расія і Кітай дапамагаюць нам супрацьстаяць гэтаму выкліку. І мы ўдзячныя ім за гэта, — адзначыла Наталля Качанава.

Яна падкрэсліла: ва ўмовах распаўсюджвання інфекцыйных хвароб у сучасным глабалізаваным свеце краіны не могуць дзейнічацьпаасобку. Паспяхова супрацьстаяць падобным выклікам магчыма толькі ў рамках адзінага міжнароднага падыходу.

— Разам мы павінны стварыць сістэму паўнавартаснага забеспячэння пандэмічнай гатоўнасці і рэагавання, якая здольная забяспечыць бяспеку і здароўе людзей. У прыярытэце — усталяванне ўстойлівых кантактаў і абмен лепшымі практыкамі для дасягнення мэтаў ўстойлівага развіцця і процідзеяння пандэміі COVID-19, — пераканана Старшыня Савета Рэспублікі.

Паводле яе слоў, задача парламентарыяў—- у стварэнні надзейнай

і празрыстай заканадаўчай базы для рэгулявання механізмаў рэагавання і забеспячэння эфектыўнага прымянення законаў у сферы надзвычайных сітуацый

у галіне аховы здароўя. Спікер звярнула ўвагу на неабходнасць ажыццяўлення пастаяннага абмену парламенцкімі практыкамі і развіцці міжпарламенцкіх сувязяў па гэтых пытаннях.

— Наш агульны абавязак перад цяперашнім і будучымі пакаленнямі — не дапусціць новых эпідэмій і пандэмій. Хай COVID-19 будзе апошняй пандэміяй ў гісторыі чалавецтва, — рэзюмавала свой выступ Наталля Качанава.

На пленарным пасяджэнні канферэнцыі выступілі Старшыня Савета Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД, Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянціна Мацвіенка, дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге, кіраўнікі парламенцкіх дэлегацый, кіраўнікі профільных галіновых саветаў СНД, міністэрстваў і ведамстваў дзяржаў — удзельніц СНД, кіраўнікі партнёрскіх міжнародных арганізацый і прадстаўнікі экспертнай супольнасці.

У рамках канферэнцыі таксама прайшлі пасяджэнні панэльных дыскусій па тэмах «Роля парламентаў у заканадаўчым забеспячэнні права на доступ да паслуг грамадскай аховы здароўя і медыцынскай дапамогі ва ўмовах пандэміі» і «Права на ўсеагульны ахоп паслугамі аховы здароўя: усеагульны доступ да якаснай медыка-санітарнай дапамогі і абарона ад фінансавых рызык».

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.