Вы тут

Ці ўсё мы ведаем пра майстроў і куміраў?


У эфіры тэлеканала «Беларусь 3» да дня нараджэння класіка Уладзіміра Караткевіча (26 лістапада) падрыхтавалі тэматычны эфір. Таксама святочны акцэнт тут зробяць на юбілейныя даты народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч і савецкага кампазітара Аляксандра Зацэпіна.


Пра Уладзіміра Караткевіча, здаецца, усе мы ведаем ужо не так і мала, але заўсёды карысна і цікава аднавіць у памяці гісторыю яго жыцця, а можа, і разгледзець раней невядомыя старонкі асабістай ці літаратурнай біяграфіі. Таму прыхільнікам творчасці пісьменніка, перакладчыка, крытыка Уладзіміра Караткевіча варта паглядзець выпускі тэматычных праектаў. Пра майстра слова будуць распавядаць у аўтарскай праграме Уладзіміра Арлова «Люблю і памятаю» 26 лістапада, і ў «Запісках на палях». Уладзімір Караткевіч: трафей «Дзікага палявання» — 27 лістапада. А для тых, каму падабаецца ўвасабленне літаратурных твораў у кіно альбо на тэатральнай сцэне, на сацыякультурным тэлеканале зладзяць паказ спектакля «Леаніды не вернуцца на зямлю» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

У нядзельным эфіры 28 лістапада «Беларусь 3» аўдыторыю чакае выпуск праграмы «Майстры і куміры», прысвечаны 85-годдзю актрысы, педагога, народнай артысткі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Марыі Захарэвіч. ...Таленавітая дзяўчына з Мядзельскага раёна Міншчыны ў свой час пасля заканчэння вучобы была залічана ў трупу Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дзе ўвасобіла дзясяткі яркіх роляў. Сярод яе сцэнічных вобразаў — Ганна («Людзі на балоце» І. Мележа), Паліна Іванаўна («Апошні шанц» В. Быкава), Алена («Дзеці сонца» М. Горкага) і шэраг іншых. Сярод кінафільмаў у яе творчай біяграфіі значацца такія стужкі як, напрыклад, «Чужая бацькаўшчына», «Руіны страляюць...», «Я, Францыск Скарына...». Акрамя таго, Марыя Георгіеўна вядомая і як выкладчык сцэнічнай мовы ў Беларускім універсітэце культуры. А ў фондах Беларускага радыё зберагаюцца сотні радыёпастановак і іншых матэрыялаў з удзелам артысткі. Адзначылася яна і як рэжысёр спектакляў «Апошняя ахвяра» паводле Астроўскага, «Характары» паводле Шукшына, эксперыментальнай пастаноўкі «Я не пакіну цябе». Таму не прапусціце чарговы выпуск праграмы «Майстры і куміры», каб бліжэй пазнаёміцца з гэтай таленавітай актрысай.

Пасля можна паглядзець канцэрт «Гэты свет не намі прыдуманы» да 95-годдзя кампазітара Аляксандра Зацэпіна. Ім напісаныя мелодыі, у прыватнасці, да такіх папулярных фільмаў як «Зямля Саннікава», «Іван Васільевіч мяняе прафесію», «Аперацыя Ы і іншыя прыгоды Шурыка». Аднак шлях да творчасці пачаўся ў Аляксандра Сяргеевіча, калі ён падчас службы ў войску самастойна навучыўся іграць на музычных інструментах. А першым фільмам, да якога ім была створана музыка, стала камедыя «Наш мілы доктар»... У канцэртнай праграме на «Беларусь 3» пачуем у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча найбольш вядомыя творы маэстра са знакамітых камедый Леаніда Гайдая «Каўказская палонніца», «Брыльянтавая рука», шэдэўры з рэпертуару Алы Пугачовай «Да пабачэння, лета», «Чараўнік-недавучка» і многія іншыя. Далучайцеся і згадвайце свае любімыя мелодыі!

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.