Вы тут

На чым грунтуецца работа па выхаванні патрыятызму ў Бярозаўскім раёне


Са старшынёй Бярозаўскага райвыканкама Сяргеем БАРТАШАМ мы размаўляем пра асаблівасці работы па патрыятычным выхаванні моладзі, а таксама пра помнікі, музеі, святы вёсак, сустрэчы ў працоўных калектывах — словам, пра той падмурак, на якім будуецца ідэалагічная і выхаваўчая работа.


— Сёння ў Здзітаўскай школе мне расказвалі, як беражліва там захоўваецца памяць пра воінаў-вызваліцеў, ветэранаў вайны, землякоў — воінаў-інтэрнацыяналістаў. Тое, што зрабілі мясцовыя краязнаўцы, уражвае. На Бярозаўшчыне таксама ёсць нямала памятных месцаў, якія ўвасабляюць гісторыю нашага краю і служаць напамінам, перасцярогай цяперашнім пакаленням...

— Сапраўды так, — гаворыць Сяргей Іванавіч. — Крыху больш за два месяцы таму мы адкрылі мемарыял на месцы канцлагера «Бяроза-Картузская», праз які з 1934 да 1939 года прайшло каля 10 тысяч зняволеных. На гэтым месцы быў абеліск, пастаўлены яшчэ ў 1962 годзе. І вось на пасяджэнні круглага стала па пытаннях увекавечання памяці маладзёжны парламент прапанаваў стварыць мемарыял, які б нагадваў пра адзін з самых жорсткіх лагераў для палітзняволеных ХХ стагоддзя. Як вядома, пазней фашысты пры ўзвядзенні сваіх канцлагераў скарыстоўвалі вопыт Бярозы-Картузскай.

Мы знайшлі падтрымку ў Міністэрстве культуры, іншых ведамствах, і 17 верасня мемарыял быў урачыста адкрыты. У Чырвоных казармах цяпер з'явілася музейная экспазіцыя на гэтую тэму. Праходжу міма і заўважаю, што каля падножжа помніка ляжаць жывыя кветкі. Значыць, людзі прыходзяць сюды, ушаноўваюць памяць. Лічу, што мы неапраўдана забыліся пра гэтую старонку гісторыі, а цяпер выпраўляем памылку. У нас ёсць дастаткова матэрыялаў на гэтую тэму, дакументальных сведчанняў. Ды што там дакументы! Людзі, сведкі жывыя ёсць. Напрыклад, на мітынгу падчас адкрыцця мемарыялу выступаў сын вязня лагера, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Сцяпанавіч Труцько. Калі дазваляе здароўе, ён сустракаецца з моладдзю, выступае ў школьных калектывах. Былы рэдактар раённай газеты Яўген Сяленя мае багаты матэрыял пра лагер у Бярозе. Ёсць і другія краязнаўцы, што займаліся гэтай тэмай. Нездарма ж кажуць, што трэба памятаць, каб не паўтарылася. Памятаць — значыць напамінаць, чаму і служыць мемарыял. Днямі назіраў, як падышла група падлеткаў, спыніліся каля помніка, прачыталі надпіс і ўзяліся за тэлефоны. Значыць, гугляць, шукаюць інфармацыю ў інтэрнэце, каб больш даведацца пра падзеі таго часу, калі людзі з Заходняй Беларусі пакутавалі пад польскай акупацыяй.

Ну а самая трагічная і страшная старонка гісторыі раёна ваеннага часу — гэта Бронная Гара. Больш за 50 тысяч чалавек было знішчана на гэтым месцы. Цяпер вось, калі ў Стасіне Столінскага раёна адкрывалі мемарыял, мы вырашылі, што ў нас ён павінен быць абавязкова. Тут адных толькі дзяцей забіта па розных звестках ад 12 да 17 тысяч. Вязняў з Брэста, Пінска, Кобрына падвозілі эшалонамі, людзей падводзілі да траншэй, укладвалі тварам уніз і расстрэльвалі. Пры гэтым хто паміраў адразу, а хто, паранены, доўга канаў пад цяжарам цел і пяску, прысыпанага зверху. Больш зверскага спосабу расправы над мірнымі, ні ў чым не вінаватымі людзьмі цяжка і прыдумаць. Акрамя таго, пры адступленні гітлераўцы паспрабавалі замесці сляды злачынстваў, прыводзілі сюды ваеннапалонных, людзей з найбліжэйшых вёсак, загадвалі адкопваць і спальваць астанкі. А тых, хто рабіў гэта, пазней расстрэльвалі, каб не пакідаць сведак... Адным словам, гэта месца павінна быць дастойна ўвекавечана. І райвыканкам хутка зоймецца ўзгадненнем пытанняў з чыгункай, энергетыкамі, лясной гаспадаркай. У першую чаргу звернемся па падтрымку да Міністэрства культуры. Тут патрэбны маштабныя работы па добраўпарадкаванні, пракладцы дарог і вырабе мемарыялу. Сюды павінны ездзіць экскурсіі, бываць школьнікі, моладзь. Такія трагедыя не могуць адыходзіць на другі план з гадамі, нават са стагоддзямі.

Трэба помніць пра ўсе ахвяры, якімі здабыты Перамога і мір на нашай зямлі. Так, напрыклад, як помняць у Здзітаве. Там працуюць людзі, якія любяць сваю школу, сваю краіну, сваю работу. Школьным музеем можа ганарыцца ўся вёска, нават раён. Музей падтрымлівае перапіску са сваякамі герояў-вызваліцеляў. Школа не губляе сувязяў з выпускнікамі, ладзяцца цікавыя мерапрыемствы, дзеці прыцягваюцца да краязнаўчай, работы, так па крупінках і выхоўваецца патрыятызм, любоў да малой радзімы.

— Наколькі я ведаю, у сваёй рабоце вы вялікую ўвагу ўдзяляеце сустрэчам у працоўных калектывах, па месцы жыхарства. Якія праблемы хвалююць людзей, якія падказкі для іх вырашэння знаходзіце на такіх сустрэчах?

— Здавалася б, такіх сустрэч у нас дастаткова ў працоўных калектывах, на днях вёсак, на сельскіх сходах. Але нядаўна, падчас гутаркі ў новым мікрараёне, я прыйшоў да высновы, што мы недаацэньвалі гэтую форму стасункаў з насельніцтвам. Дык вось, на сустрэчу ў раёне новай забудовы прыйшла пераважна моладзь. Іх хвалявалі пытанні добраўпарадкавання, камфортнага пражывання. Ніякіх завоблачных праблем яны не ўздымалі, не патрабавалі імгненнага вырашэння пытанняў. Людзі выказвалі разуменне, пагаджаліся з тым, што асобныя пытанні могуць быць вырашаны ў перспектыве. Многія былі рады таму, што іх паслухалі, пра іх патрэбы ведае мясцовая ўлада. Навасёлы пазнаёміліся адно з адным. Падумалася тады, што праз адну-дзве падобныя сустрэчы яны арганізуюцца і самі засыплюць тую яму альбо прыбяруць камень, які перашкаджае. Важна бывае не толькі дапамагчы, але і даць кірунак, падштурхнуць на добрую справу.

Яшчэ выкарыстоўваем такую форму работы, як месячнік сельскіх Саветаў. Гэта цэлы комплекс мерапрыемстваў, у які ўваходзяць прыёмы грамадзян, сустрэчы з людзьмі на сельскім сходзе. Уздымаюцца праблемы, вызначаюцца шляхі іх вырашэння. Ідзе дыялог з сельскімі жыхарамі на карысць тэрыторыі.

— Ведаю, што ў арсенале ідэалагічнай работы шырока выкарыстоўваеце сацсеткі, тэлеграм-канал. Ці эфектыўныя такія спосабы?

— Надзвычай эфектыўныя. Працуем разам з рэдакцыяй раённай газеты, якая і вядзе тэлеграм-канал. Скажам, запусцілі апытанне, як лепш выкарыстаць сродкі, заробленыя на суботніку. І большасць апытаных выказалася за ўпрыгажэнне горада, фарбоўку фасадаў будынкаў па цэнтральных вуліцах райцэнтра. Былі прапановы, напрыклад, набыць дзіцячую пляцоўку, паставіць у адным з жылых мікрараёнаў. Але ж апошняе выклікала б нараканні жыхароў іншых раёнаў, дзе такая пляцоўка не з'явілася б. Таму найлепшым выглядала калектыўнае рашэнне ўпрыгожыць горад, абнавіць яго. Налета пасля суботніка зноў параімся з гараджанамі, як лепш выкарыстаць сродкі.

— У аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі мне расказалі, што нядаўна была вялікая нарада па пытаннях ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў. Якія цікавыя кірункі ў гэтай рабоце вызначаны?

— Адзін з іх прадугледжвае вызначэнне памятных месцаў, славутасцяў, гістарычных асобаў — выхадцаў з Бярозаўшчыны, пра якія выпускнік любой школы мог бы з гонарам расказаць, куды б ні закінула яго ў далейшым жыццё. Для гэтага кожны школьнік павінен наведаць славутыя мясціны, паслухаць кваліфікаванага экскурсавода, замацаваць атрыманыя веды на ўроку. З моладдзю трэба гаварыць таксама пра перавагі і дасягненні нашай краіны, раскладваць усё па палічках: на прыкладах паказваць роўныя магчымасці для ўсіх, сацыяльную справядлівасць, даступнасць медыцыны і адукацыі, гарантыі якасці жыцця. Любоў да сваёй малой радзімы, да краіны ў цэлым пачынаецца з ведаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Любоў да Радзімы пачынаецца з ведаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.