Вы тут

Злачынства супраць чалавечнасці


Сучасны свет знаходзіцца на стадыі пастаяннай трансфармацыі, выкліканай крызісам светапарадку, яго інстытутаў і арганізацый, а міжнародная сацыяльна-палітычная абстаноўка характарызуецца з'яўленнем новых выклікаў і пагроз, абвастрэннем канфліктаў і супярэчнасцяў, якія ўяўляюць сур'ёзную небяспеку на нацыянальным і глабальным узроўнях. Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні ўдзельнікам ІX Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Бяспека ва ўмовах трансфармацыі пагроз: актуальныя праблемы і рашэнні»: «Кіруемы звонку хаос распаўсюджваецца шляхам «каляровых рэвалюцый», гібрыдных войнаў і інфармацыйнай агрэсіі. Процістаяць гэтаму магчыма толькі пры ўмове кансалідацыі намаганняў, выпрацоўкі адзіных падыходаў да абароны нацыянальных і рэгіянальных інтарэсаў», — падкрэсліў беларускі лідар.


Гібрыдныя войны, кіберпагрозы, тэрарызм

Міжнародная архітэктура бяспекі разбураецца на вачах, заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Ён узяў удзел у ІX Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах гарантавання нацыянальнай бяспекі «Бяспека ва ўмовах трансфармацыі пагроз: актуальныя праблемы і рашэнні», перадае карэспандэнт БелТА. Маштабнае мерапрыемства праводзіць інстытут нацыянальнай бяспекі Беларусі сумесна з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, канферэнцыя прымеркавана да 75-годдзя інстытута.

«Сёння мы сутыкаемся з новымі рызыкамі і выклікамі ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Рэаліі цяперашняга часу такія: першае, што прыходзіць, — гэта гібрыдныя войны, кіберпагрозы, пытанні, звязаныя з біялагічнай небяспекай, ваенныя канфлікты, міжнародны тэрарызм, выкарыстанне штучнага інтэлекту ў злачынных мэтах. Гэтыя і іншыя пагрозы ўздзейнічаюць на ўсе дзяржавы, і з імі даводзіцца змагацца, выпрацоўваць эфектыўныя рашэнні. Гэтым пытанням прысвечана навукова-практычная канферэнцыя. Акрамя таго, міжнародная архітэктура бяспекі сёння разбураецца на вачах. У арсенал сродкаў націску ўваходзяць такія метады, як палітычныя, эканамічныя санкцыі, ваенная актыўнасць на тэрыторыях сумежных дзяржаў. Беларусь, на жаль, таксама зведвае на сабе ўвесь арсенал гэтых сродкаў націску. Тое, што адбываецца на сумежных тэрыторыях, не можа не выклікаць неспакой. Гэта нарошчванне актыўнасці блока НАТА, павелічэнне колькасці вучэнняў», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

За мінулы год больш чым 50 значных вучэнняў прайшло на тэрыторыі сумежных дзяржаў, у тым ліку каля граніц Рэспублікі Беларусь. «Сёння праходзіць 5 вучэнняў на тэрыторыях Польшчы і Латвіі. Групоўка войскаў, якая ў іх задзейнічана, перавышае 14 тысяч чалавек. Многа гэта ці мала? Напэўна, дастаткова для таго, каб развязаць нейкі пагранічны канфлікт або справакаваць сумежную краіну для прыняцця адэкватных мер рэагавання. Зыходзячы з гэтага, утрыманне ў пастаяннай баявой гатоўнасці не толькі Узброеных Сіл, а наогул усіх сіл і сродкаў сістэмы нацыянальнай бяспекі з'яўляецца найважнейшым фактарам. Напэўна, таму гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі Прэзідэнта краіны, галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі. Удзяляецца вялікая ўвага будаўніцтву і развіццю Узброеных Сіл як ядру ваеннай арганізацыі дзяржавы. Ажыццяўляецца набыццё новых самалётаў, верталётаў, браніраваных аўтамабіляў, рэактыўных сістэм залпавага агню, сродкаў назірання, прыцэльвання, аўтаматызаваных сістэм кіравання войскамі. На кантролі ў Прэзідэнта знаходзяцца і пытанні падрыхтоўкі асабовага складу, праводзім адпаведныя камандна-штабныя вучэнні, — адзначыў дзяржсакратар. — Іншы важны вектар, які будзе разглядацца, у тым ліку на канферэнцыі — ваенна-палітычны. Для нас гэта СНД, АДКБ, узаемадзеянне і супрацоўніцтва з нашымі стратэгічнымі партнёрамі. Акрамя Расійскай Федэрацыі, гэта Кітайская Народная Рэспубліка. Толькі разам можна выпрацаваць комплекс мер, якія дадуць магчымасць рэагаваць на пералічаныя пагрозы».

Корань зла

Беларусь не вінавата ў тым, што сёння адбываецца на беларуска-польскай граніцы, заўважыў Аляксандр Вальфовіч. «Тут трэба разглядаць корань зла і прычыны, якія справакаваў той жа калектыўны Захад у краінах Блізкага Усходу, Азіі», — перакананы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі.

Паводле яго слоў, Беларусь процідзейнічае нелегальнай міграцыі. «Толькі за гэты год у нас затрымана звыш 11,5 тысячы нелегальных мігрантаў. Каля 5 тысяч адпраўлены за межы краіны і прыцягнуты да розных відаў адказнасці. Таму мы процідзейнічаем гэтаму, — адзначыў дзяржсакратар. — І органы пагранічнай службы сёння нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме. Мы маглі б, вядома, гэтак жа зрабіць, як нашы заходнія суседзі, прыцягнуць туды Узброеныя Сілы, нейкія іншыя групоўкі. Але зразумейце, сапраўды, можа ўспыхнуць пагранічны інцыдэнт. Таму мудрае рашэнне — кіраўнік дзяржавы сёння не даў каманды разгарнуць нейкія групоўкі войскаў, хоць яны знаходзяцца ў нас у пастаяннай боегатоўнасці паблізу граніц Рэспублікі Беларусь. Абарона дзяржаўнай граніцы ажыццяўляецца органамі пагранічнай службы сёння ва ўзмоцненым рэжыме, зыходзячы з гэтага патоку мігрантаў і прыняцця адпаведных мер», — адзначыў дзяржсакратар.

Інфармацыйная правакацыя

Уся гісторыя з міграцыйным крызісам — класічная заходняя інфармацыйная правакацыя. Аб гэтым заявіў прафесар МДУ імя М. В. Ламаносава палітолаг Андрэй Манойла. «Уся гісторыя з міграцыйным крызісам — гэта класічная заходняя інфармацыйная правакацыя. Наогул, гэта аперацыя заходніх спецслужбаў. Дарэчы, не польскіх, палякі там працуюць у якасці выканаўцы. Гэта тыповая аперацыя амерыканскай разведкі, якая выкарыстоўвае палякаў для работы пад чужым сцягам, ёсць такі тэрмін, — сказаў Андрэй Манойла. — Гэта звычайная правакацыя, каб стварыць інцыдэнт, які дазволіў бы абвінаваціць Беларусь і яе кіраўніцтва ў правядзенні агрэсіўнай палітыкі. Гэты інцыдэнт быў створаны. Ён пэўным чынам пачаў асвятляцца. Адпаведна польскія ўлады правакавалі, каб нервова паводзілі сябе мігранты, якія спрабавалі прарвацца праз граніцу, іх сустракалі вадамётамі і труцілі слёзатачывым газам, але гэтыя моманты не здымалі, а здымалі выключна агрэсіўнасць мігрантаў і казалі, што іх штурхае нехта ззаду, што рускія і беларусы гэта ўсё арганізавалі».

Польшча ў сітуацыі з бежанцамі паказала сваю крывадушнасць, пераканана старшыня Навукова-кансультатыўнага савета пры Антытэрарыстычным цэнтры дзяржаў — удзельніц СНД доктар юрыдычных навук Мар'яна Качубей. «Беларуская пазіцыя абсалютна бездакорная з прававога пункту гледжання. Ніводнай нормы права парушана не было, а тое, што сумежная дзяржава паказала сябе бясконца крывадушным суб'ектам, гэта факт. Паслухайце, бо не Беларусь бамбіла тэрыторыі тых дзяржаў, адкуль прыйшлі гэтыя людзі. Калі Польшча пасылала свой кантынгент у НАТА, ну і прыміце гэтыя 2 тысячы чалавек. Гэта было б справядліва», — лічыць Мар'яна Качубей.

У крывавай пастцы

Сітуацыя з бежанцамі на польскай граніцы кваліфікуецца як злачынства супраць чалавечнасці. Аб гэтым заявіла легенда польскай «Салідарнасці», былая падпольшчыца Данута Куронь, паведаміла Gazeta Wyborcza. Паводле яе слоў, выканаўцамі палітыкі польскай дзяржавы ў адносінах да бежанцаў з'яўляюцца афіцэры пагранічнай службы. Іх падтрымліваюць розныя фарміраванні Войска Польскага, паліцэйскія фарміраванні, а таксама тыя жыхары прыгранічных тэрыторый, якія пайшлі на супрацоўніцтва з уладамі.

«Мы можам многае даведацца аб ахвярах канфлікту, калі захочам. У СМІ з'яўляюцца паведамленні пра людзей, якія ўжо чацвёрты месяц днём і ноччу дастаўляюць ахвярам гуманітарную і юрыдычную дапамогу. У асноўным гэта людзі з арганізацый, якія гадамі дапамагаюць бежанцам... Ёсць таксама жыхары пагранічнай зоны, як жанчыны, так і мужчыны, якія далучаюцца на розных этапах, а таксама актывісты з усёй Польшчы», — распавяла Данута Куронь.

Аднак на працягу апошніх дзён, па меры ўзмацнення мілітарызацыі ў рэгіёне, актывісты і валанцёры перадаюць усё менш інфармацыі, і гэта маўчанне ўсё больш палохае. Данута Куронь звярнула ўвагу на «сістэматычна ўзрастаючую мілітарызацыю грамадскага жыцця» ў Польшчы, што прыводзіць да «зацягвання петляў» вакол людзей. «Сказаць, што прысутнасць сілавых структур разбурае штодзённае жыццё, — нічога не сказаць... Іх прысутнасць стварае ўмовы, якія пагражаюць жыццю», — заявіла Данута Куронь. У якасці прыкладу яны прывяла сітуацыю з грамадскай арганізацыяй «Урачы на граніцы», якая аказвала ў Польшчы бясплатную меддапамогу бежанцам. Валанцёры арганізацыі падвергнуліся нападзенню, іх аўтамабілі былі разбіты.

Але яшчэ больш шакуе інфармацыя аб мабілізацыі польскай лясной варты для дапамогі сілавым структурам на граніцы. У сувязі з гэтым Данута Куронь адзначае, што многія бежанцы, якія ў апошнія месяцы спрабавалі прабрацца праз польскія лясы і балоты, або былі злоўлены, або загінулі. «Гэта і магло быць сапраўднай прычынай мабілізацыі лясной аховы. Целы жанчын, мужчын і дзяцей, якія загінулі ад знясілення і холаду, хтосьці з набліжаных да ўлад павінен знайсці ў зоне і ціха, без сведак, прыхаваць», — заўважыла актывістка.

Пётр ДУНЬКО

У тэму

Ніводнага плацяжу для дапамогі бежанцам ад ЕС не паступіла

Аб гэтым заявіў журналістам прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. «У сухім астатку ад Еўракамісіі акрамя заяў аб намерах нічога няма. Тэхнічныя эксперты ў час наведвання ТЛЦ з бежанцамі так і не паразмаўлялі», — адзначыў ён. Таксама паводле слоў Анатоля Глаза, бежанцам, якія жадаюць вярнуцца дадому, перашкод няма. Наадварот, аказваецца садзейнічанне, у тым ліку і ў афармленні дакументаў. Аднак іх пазіцыя застаецца нязменная, зазначыў прэс-сакратар МЗС. Бежанцы не жадаюць вяртацца дадому, яны ўсе маюць намер ісці на Захад.

«У свеце назіраецца глабальны міграцыйны крызіс. Бежанцы, якія тут знаходзяцца, уцякаюць не ад добрага жыцця. Уцякаюць яны з краін, дзе ў свой час добра павесяліўся Захад, са сваімі эксперыментамі, у тым ліку і «каляровымі рэвалюцыямі», пакінуўшы ў шэрагу краін хаос, — адзначыў Анатоль Глаз. — І Беларусь у гэтых авантурах ніякага ўдзелу не прымала. Мы — краіна транзіту, краіна, якая нясе з-за гэтага выдаткі», — звярнуў увагу прэс-сакратар МЗС.

«З красавіка мы неаднаразова прапаноўвалі Еўракамісіі абмеркаваць сітуацыю на граніцы, але атрымалі адмову», —- сказаў ён. Тады ж ЕС ініцыятыўна прыпыніў усе праграмы тэхнічнай дапамогі памежнага супрацоўніцтва. Сярод іх была, у прыватнасці, праграма будаўніцтва цэнтра для размяшчэння бежанцаў.

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

Самы паспяховы сезон! З Аўгустоўскага канала сплылі цеплаходы

У некаторыя выходныя цеплаход здзяйсняў па канале дванаццаць рэйсаў.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на нядзелю (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

РАК. Надыходзіць дастаткова актыўны, напоўнены падзеямі тыдзень.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на суботу (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.