Вы тут

«Калі б Максім Багдановіч прыйшоў да Якуба Коласа, ён бы атрымаў тое, што не дадаў яму яго бацька»


У Мінску, зусім побач з тлумным праспектам Незалежнасці, але ствараючы зацішны зялёны куточак, месціцца незвычайны музей, які недарэмна завецца мемарыяльным. У гэтым доме жыў Якуб Колас з сям'ёй, тут у дэталях захавалася ўнікальная абстаноўка і атмасфера, можна сказаць, сямейная. Нядаўна дырэктарам тут стала Ірына Мацяс, якая прыйшла сюды з музея Максіма Багдановіча.


— Ірына Уладзіміраўна, праца ў літаратурным музеі — гэта жыццёвы выпадак альбо свядомы выбар?

— Будучы студэнткай 3-га курса Універсітэта культуры, я меціла на мастацкі музей... Хадзіла да Уладзіміра Іванавіча Пракапцова на кадравую сустрэчу, атрымала адказ: «Вы яшчэ трэцякурсніца, прыходзьце пазней». Я не крыўдую на выдатнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея, а, наадварот, удзячна, бо трапіла ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча. І ў гэтай працы было шмат плюсоў. Камерная ўстанова, невялікі сяброўскі калектыў, дзе праекты рыхтуюцца ўсімі супрацоўнікамі разам. І, вядома, любімы паэт Максім Багдановіч! Я ніколі не пашкадавала, што працую ў літаратурным музеі.

— Існуе стэрэатып пра музеі як месцы, дзе, як і ў бібліятэцы, «павінна быць ціха». Сёння і бібліятэкі ператварыліся ў культурніцкія цэнтры, і ў музеях віруе жыццё... Якім павінен быць сучасны літаратурны музей? Ці сустракалі ў свеце такі ўзорны музей?

— У мяне была выдатная настаўніца па беларускай мове і літаратуры. Яна і прывіла любоў да беларускіх класікаў. Я сказала ёй, што буду паступаць таксама на настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Яна стала задаваць мне больш хатніх заданняў, узялася рыхтаваць мяне да паступлення ў педагагічны ўніверсітэт. А потым лёсавызначальны выпадак: мая маці працавала ў Пастаўскай раённай бальніцы, і ў яе аддзяленне трапіла дырэктар музея, яна распавядала, якая цікавая яе праца. У той вечар мама, пераказаўшы размовы са сваёй пацыенткай, дапамагла мне пазбавіцца ў будучыні праверкі школьных сшыткаў і іншай настаўніцкай работы. Я пачала рыхтавацца да іспытаў на музейнага спецыяліста, а мая настаўніца з крыўдай сказала: «Ну і будзеш «музейным пацуком». За часы сваёй працы я ніколі сябе такой не адчувала. У музеях жыццё віруе. Гэта творчая праца, яна вучыць эстэтыцы, культуры, інтэлігентнасці. Людзі, якія наведваюць музеі па асабістым жаданні, духоўна багатыя.

Што да ўзораў, мне падабаюцца музеі Лермантава, Пушкіна, Булгакава ў Маскве, выключны літаратурна-мемарыяльны музей «Дом Аспазіі» ў Юрмале. Яны літаратурныя, але ўсе з рознымі падыходамі. Галоўнае ў іх — рознабаковая праца з наведвальнікамі. Задача любых сучасных музеяў — захапіць культурнай спадчынай, стаць зразумелым для ўсіх пакаленняў.

— Ад Максіма Багдановіча да Якуба Коласа... Наколькі гэтыя дзве асобы для вас розныя ці ёсць нейкія паралелі?

— Зусім розныя: і жыццёвы лёс, і творчыя кірункі. Агульнае — пачынальнікі беларускай літаратуры, яны яе стварылі і ўзбагацілі.

Калі пафантазіраваць і ўявіць, што Максім Багдановіч прыйшоў у госці да Якуба Коласа, я думаю, ён бы атрымаў тое, што не дадаў яму яго бацька Адам Багдановіч: увагу, добразычлівасць, слушныя парады.

— Якія артэфакты за час музейнай работы вас уразілі найбольш?

— Асабістыя рэчы пісьменнікаў, іх рукапісы, бо яны захоўваюць душу пісьменніка, «адбітак пальцаў», энергетыку чароўнасці. Напрыклад: сшытак перакладаў Багдановіча «Зеленя» — гэта почырк самога Максіма Багдановіча! Асабісты ножык для разразання паперы Максіма Багдановіча — ён трымаў яго у руках! Дарэчы, гэты артэфакт зараз часова экспануецца на выстаўцы «Пад знакам Страціма», створанай пад маім куратарствам, сам прадмет з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і прадстаўлены для публікі ўпершыню.

Артэфактам можна лічыць сам музей Якуба Коласа. Бо дом мемарыяльны, класік тут жыў, тварыў, сустракаўся з пісьменнікамі, з простымі людзьмі. Мемарыяльныя пакоі, мемарыяльныя рэчы ўнікальныя і захоўваюць энергетыку самога Якуба Коласа.

— У свой час шмат шуму ўзнікла з-за «Дзённікаў» Максіма Багдановіча, якія не выносілі на агульнае сузіранне. Магчыма, гэта быў не проста акт маральнасці, але і ўдалы піяр-ход? Якая была ваша пазіцыя на гэты конт? Ці змянілася? І ці ёсць у спадчыне Якуба Коласа падобныя артэфакты?

— Я да гэтага стаўлюся больш як музейшчык, які ахоўвае асобу, на папулярызацыю якой працуе. Ёсць тое, да чаго лепш «рукамі не датыкацца». «Дзённік» выстаўляўся ў 2011 годзе ў музеі Максіма Багдановіча, а наведвальніка зацікаўленага так і не з'явілася пры тым, што пра выстаўку тэлебачанне рабіла сюжэты. Мне здаецца, самі людзі робяць з гэтага шуміху. Маё пажаданне: спачатку добра вывучыце біяграфію, творчасць пісьменнікаў, і тады дарасцяце да ўспрымання асабістага, інтымнага жыцця класікаў.

— У дзейнасці літаратурнага музея ёсць важны аспект — работа са спадчыннікамі... У Максіма Багдановіча блізкіх сваякоў не засталося. У Коласа — вялікая сям'я, яго прамыя нашчадкі маюць дачыненне да работы музея... Гэта накладае на вас пэўныя абмежаванні ці спрыяе?

— Канешне, спрыяе. Па-першае, музей стварыў старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч. Унучкі Якуба Коласа — Марыя Міхайлаўна і Вера Данілаўна, робяць шмат дзеля захавання і папулярызацыі жыцця і творчасці выдатнага класіка. Яны займаюцца даследчай дзейнасцю, прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах музея, робяць справу за цэлы навуковы аддзел, але на грамадскіх пачатках. Дзякуючы ім папаўняюцца фонды музея, узбагачаюцца новымі кнігамі пра Якуба Коласа і яго акружэнне бібліятэкі. І святы, прысвечаныя вялікаму класіку, з удзелам сям'і набываюць статуснасць і ўзрушальнасць. У самім музеі галоўным захавальнікам працуе Васіліна Міцкевіч, праўнучка Якуба Коласа: хто, як не сям'я, будзе з павагай і асцярожнасцю ставіцца да спадчыны свайго геніяльнага продка?

— Праца музейшчыка непрадказальная... Ці даводзілася калі пераўвасабляцца ў літаратурнага героя або міфалагічнага персанажа? Калі не — ці ёсць такое жаданне?

— Здаралася такое, падчас музейных свят «Ноч музеяў» была русалкай з верша Максіма Багдановіча, іспанкай, прынцэсай, прыходзілася для антуражу пераўтварацца, і мне гэта падабалася. І наведвальніку таксама цікава, калі з ім праводзяць інтэрактыў з элементамі акцёрскай гульні. Акцёрскае жаданне рэалізавала ў нейкай ступені, зараз хачу быць рэальнай сабой.

— Літаратурны музей — гэта і работа з архівамі, навуковы пошук... Якія цікавыя праекты на вашым рахунку?

— Я прымала ўдзел у розных навуковых міжнародных канферэнцыях. Больш за ўсё любіла ствараць выстаўкі і шукаць для іх прадметы. Так адкрываеш для сябе новы свет унікальных музейных прадметаў. Найбольш значныя выставачныя праекты пад маім куратарствам: «Максімаў сад» — па творы Максіма Багдановіча «Мушка-
зелянушка», «Я — Маці», прысвечаны юбілею маці Максіма Багдановіча, «Пад знакам Страціма» — апошні мой доўгатэрміновы выставачны праект у музеі Максіма Багдановіча да 130-годдзя з дня нараджэння паэта. У 2011-м да 120-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Смоліча, сябра Багдановіча, мною была створана маленькая выстаўка «Чалавек — крыніца сілы», інфармацыя пра яе трапіла ў інтэрнэт, і да нас звярнуўся ўнук Аркадзя Смоліча — Віталій Маос, які з Кіева прывёз архіў дзеда. Мая выстаўка мела цудоўны вынік — папаўненне фондаў і сяброўства музея з гэтай сям'ёй.

У 2012 годзе я прадстаўляла музеі Беларусі ва Ульянаўску на святочных мерапрыемствах да 200-годдзя з дня нараджэння Івана Ганчарова. І прывезла адтуль сувязі з іншымі музеямі Расіі. Так Літаратурны музей Максіма Багдановіча заключыў дагавор аб супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Дабралюбава. Музеі супрацоўнічаюць і па сёння.

— Нядаўна прайшлі «Каласавіны», першыя з вашым удзелам у якасці дырэктара музея Якуба Коласа. Якія ўражанні?

— На мой сорам, я наведала сядзібы Якуба Коласа ў Стаўбцоўшчыне ўпершыню. Упершыню была на такім свяце. Таму цікава было ўсё. Мясцовыя жыхары ўлюбёныя ў сваю малую радзіму, ганарацца земляком Якубам Коласам, гэта адчувальна і натхняльна. Пасля наведвання філіялаў уражанні мае розныя і як наведвальніка, і як музейнага калегі, і як дырэктара. Не хопіць месца распавесці, адзінае — буду вырашаць праблемы паступова.

— Падзяліцеся ў якасці кіраўніка музея планамі: што цікавага адбудзецца, якія кірункі плануеце развіваць, якая аўдыторыя для вас прыярытэтная?

— Наступны год юбілейны — 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа. Планаў шмат: унікальныя выстаўкі, музейныя святы, цікавыя сумесныя праекты з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча, з музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, з бібліятэкамі. Музей Якуба Коласа праводзіць мерапрыемствы для рознай аўдыторыі: экскурсіі, заняткі, інтэрактыўныя гульні. Мы будзем працягваць гэтую працу, ствараць новыя праграмы, магчыма, накіраваныя больш на сямейную аўдыторыю. Дом Коласа адкрыты для ўсіх.

— І ў музеі Багдановіча, і ў музеі Коласа ёсць філіялы... Якое месца для вас было ўлюбёным у музеі Багдановіча і ў яго філіялах і чаму, а якое пакуль падаецца найбольш прыцягальным у музеі і філіялах Коласа?

— Мне даспадобы музейныя фестывалі, якія праходзяць у філіялах: гэта не толькі праца, але і адпачынак на прыродзе, новыя знаёмствы з творчымі людзьмі, новыя адкрыцці. Коласаўскія мясціны шыкоўныя: прырода ўнікальная, дубы, ліпы такія велічэзныя — адзін не абдымеш. Гэта месца сілы для беларусаў, туды хочацца прыязджаць і адпачываць душою, адпачываць ад шумнага горада. У розную пару года яны па-свойму прыгожыя, і гэтым трэба прыцягваць наведвальніка. Можа, створым новы фестываль ці адновім былыя.

— У вас незвычайная сям'я... Творчыя людзі, творчы асяродак. Як вы пазнаёміліся са сваім мужам, вядомым тэлежурналістам Аляксандрам Мацясам? Ці шмат падарожнічаеце разам, ці шмат абмяркоўваеце дома працоўныя моманты?

— Нас аб'яднала культура. У музеі і пазнаёміліся. Аляксандр узяў інтэрв'ю, яму спадабаўся мой эмацыянальны аповед, гэта было на адкрыцці выстаўкі, прысвечанай 100-годдзю з дня выхаду адзінага зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок». Цяпер вандруем разам, сям'ёй, прывучаем да гэтага маленькую дачушку. Абавязкова ва ўсіх месцах, дзе бываем, наведваем музеі. Саша няспынны ў гэтым, мне хоць і цікава, але часам хочацца адпачыць ад інфармацыі. Сябры жартуюць, што мужчыны жонак у вандроўках водзяць на шопінг, а мой муж — у музей. Але я за гэта і ўдзячна свайму мужу, ён напаўняе мяне новымі ведамі, адкрыццямі, развівае. Мы з ім разам жывём сваёй працай, і размовы больш пра яе. Ён дае слушныя парады, дапамагае, падтрымлівае. Мы працуем там, дзе нам падабаецца, і, напэўна, гэта не праца — а вобраз жыцця.

— Пералічыце, калі ласка, не задумваючыся, шэраг рэчаў, аб'ектаў, з'яў, якія для вас асацыіруюцца з музеем Багдановіча, а пасля — з музеем Коласа?

— Музей Багдановіча: маладосць, зоркі, лёгкасць, каханне.

Музей Коласа: мудрасць, спакой, прырода, псіхалогія, разважлівасць.

Паводле гэтых адказаў, напэўна, я пасталела!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.