Вы тут

Ясная мова — яшчэ адзін крок да інклюзіі


Каця любіць бываць сярод людзей... і ласавацца цукеркамі. Яна ўжо паўналетняя і наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі ТЦСАН Маскоўскага раёна Мінска. Нягледзячы на тое, што дзяўчына не здольная выкарыстоўваць мову для паўнавартасных зносін, яна лёгка знаходзіць агульную мову з супрацоўнікамі цэнтра з дапамогай альтэрнатыўных спосабаў камунікацыі — піктаграм. Гэта такія знакі, якія адлюстроўваюць найважнейшыя рысы любога аб'екта, прадмета або з'явы, часцей за ўсё ў схематычным выглядзе.


Вось на картцы намалявана цукерка. Каця не ўтойвае радасці. Яна разумее, што дзякуючы гэтай картцы атрымае сапраўдную карамельку. Супрацоўнік усміхаецца: спачатку заняткі — потым цукерка. Кацюша моршчыцца, але згаджаецца.

На спецыяльнай дошцы развешаны фота падапечных аддзялення. Насупраць фатаграфій маладых людзей — некалькі піктаграм. Пасля таго як іх прывезлі бацькі, падапечныя ідуць да гэтай сцяны, каб даведацца пра распарадак свайго дня. Вось насупраць фота Каці намаляваны людзі, якія сядзяць у коле. Значыць, зараз час сабрацца разам. Падчас такога своеасаблівага сходу хлопцам і дзяўчынам нагадваюць, які сёння дзень тыдня, якая пара года за акном. Маладым людзям такія рэчы неабходна прамаўляць, бо гэта дапамагае сістэматызаваць для іх пачатак дня. Потым картка з намаляваным магнітафонам — час паслухаць музыку. Пасля — прагулка, мыццё рук, абед... Зрабіў справу — картку зняў. У кожным пакоі аддзялення ёсць такія піктаграмы. Яны дапамагаюць маладым людзям не губляцца і разумець, што ад іх чакаюць. Так, у ванным пакоі на картцы намаляваны кран і схема, як ім карыстацца, на кухні — карткі з посудам.

— У нашым аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў на абслугоўванні знаходзіцца 88 чалавек, — расказвае загадчыца аддзялення ТСАН Маскоўскага раёна Наталля ШЧАРБАКОВА. — Падапечных з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі, якім неабходна індывідуальнае суправаджэнне, тут 14 чалавек. Да кожнага з падапечных супрацоўнікі шукаюць індывідуальны падыход, каб праводзіць заняткі для развіцця і падтрымкі кагнітыўных функцый і фізічнага стану. Камунікацыю выбудоўваюць з дапамогай картак і простых слоў, што мы называем «яснай мовай».

«Ясная мова» — мова, даступная людзям, якія адчуваюць цяжкасці ў чытанні і разуменні тэксту, і прадугледжвае яна, як правіла, выкарыстанне спрошчанай структуры выказванняў, слоў, якія найбольш часта ўжываюцца, без спецыяльнай лексікі, замежных запазычанняў і слоў у пераносным значэнні, а таксама спецыяльныя прыёмы (размяшчэнне тэксту і знакаў на старонцы, памер і асаблівасці шрыфту і іншае).

«Ясная мова» — інструмент, што дазваляе стварыць безбар'ернае камунікатыўнае асяроддзе не толькі для інвалідаў і пажылых, але і для замежнікаў.

Адной з задач мерапрыемстваў Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі ў Рэспубліцы Беларусь палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017—2025 гады з'яўляецца распрацоўка асноў «Яснай мовы» і ператварэнне інфармацыі ў сімвалы.

На базе ТЦСАН Маскоўскага раёна праходзілі курсы па спецыяльнай адукацыйнай праграме ў рамках другога этапу праекта «Ясная мова». Ініцыятарам гэтага праекта па стварэнні безбар'ернага камунікацыйнага асяроддзя для людзей з разумовымі абмежаваннямі стала грамадскае аб'яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам». Мерапрыемствы праекта дапамаглі распрацаваць методыку выкарыстання «яснай мовы» на аснове міжнароднага вопыту ў партнёрстве з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя М. Танка і ўкараніць выкарыстанне такой мовы ў дзейнасць дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый сферы сацыяльнай абароны і адукацыі рэгіёнаў.

Цяпер спецыялісты ТЦСАН, якія навучаліся на курсах, складаюць і перакладаюць на «ясную мову» інфармацыйныя буклеты. Так, напрыклад, буклет аб тым, як атрымаць адрасную дапамогу, будзе зразумелы ўсім без выключэння. Дарэчы, экспертамі, якія ацэньваюць, наколькі ясная мова, на якой складзены буклеты, выступаюць самі людзі з інваліднасцю. Спецыялісты ТСАН распрацоўваюць на гэтай мове і індывідуальныя маршруты для сваіх падапечных, каб яны маглі дабрацца ад дома да Цэнтра ці ў патрэбныя ім крамы. Чалавек з такім маршрутам на руках не згубіцца — у ім дакладна і простымі словамі пазначана, колькі прыпынкаў ехаць ад канкрэтнага месца і на якім транспарце.

Так, на базе Цэнтра спецыяльна для людзей з інваліднасцю распрацавалі курс на «яснай мове» па прафілактыцы гвалту. Маладым людзям на курсах патлумачылі, што можна называць гвалтам, куды звяртацца, калі аказаўся ў такой сітуацыі. Хлопцы і дзяўчаты прагаворвалі дзеянні, якія абазначаюць крыўду, пазначалі для сябе кола людзей, якім яны давяраюць і могуць расказаць, што іх нехта пакрыўдзіў ці здарылася нешта непрыемнае. Яны расказвалі на курсах свае гісторыі і самі прыводзілі зразумелыя для іх прыклады.

— На курсах мы заклікаем падапечных быць больш адкрытымі і гаварыць аб сваіх цяжкасцях, — расказвае Наталля Шчарбакова. — Нашы спецыялісты вельмі пасябравалі з маладымі людзьмі, і таму шмат хто з іх называў даверанымі асобамі, акрамя сваіх сваякоў, яшчэ і нас. Я лічу гэта нашым дасягненнем. І калі здарыцца нейкая сітуацыя гвалту з нашым падапечным, то мы нават па прыкметах змены паводзін зможам вызначыць, што адбылося нешта нядобрае, і акажам дапамогу.

Маладых людзей вучаць і правілам паводзін на вуліцы і дома — гэта неабходная частка адаптацыі людзей з інваліднасцю ў соцыуме. На занятках ім тлумачаць, што рабіць, калі згубіўся на вуліцы, як правільна пераходзіць дарогу, чаму трэба выключаць ваду ў кранах і святло, калі сыходзіш з дому.

Адным з найцікавейшых курсаў для маладых інвалідаў, распрацаваным на «яснай мове», сталі заняткі па фінансавай адукаванасці. Прычым гэта не толькі лекцыі — усе неабходныя дзеянні замацавалі на практыцы.

— Многія нашы падапечныя могуць жыць самастойна, — гаворыць загадчыца аддзялення. — Мы дапамагаем іх бацькам навучыць сваіх дарослых дзяцей самастойнасці. Напрыклад, каб спячы бліны, падапечны спачатку складзе спіс прадуктаў для гэтага. Потым ён разлічвае прыкладную суму грошай, якая можа спатрэбіцца ў краме. У суправаджэнні нашага супрацоўніка малады чалавек ідзе ў краму, сам накладвае сабе ў кошык неабходныя прадукты, сам разлічваецца на касе і вязе прадукты ў цэнтр. Вядома, нягледзячы на тое, што побач з ім суправаджальнік, малады чалавек усё робіць сам.

На базе цэнтра спецыялісты дапамагаюць і тым, каму неабходна перакласці на «ясную мову» разнастайныя заканадаўчыя, банкаўскія, прававыя, сацыяльныя дакументы. Паколькі ў аддзяленні суправаджальнага пражывання знаходзіцца на абслугоўванні яшчэ і 119 інвалідаў па слыху, то ў цэнтры аказваецца такая сацыяльная паслуга, як «пераклад з мовы жэстаў» для інвалідаў па слыху.

— Наша задача з дапамогай «яснай мовы» — спрасціць доступ да інфармацыі ў сферы сацыяльнай абароны для людзей з разумовымі абмежаваннямі, а таксама садзейнічаць фарміраванню адпаведнага інфармацыйнага поля, — гаворыць Наталля Шчарбакова. — Супрацоўнікі ТЦСАН пераўтвараюць буклеты, інфармацыйныя ўлёткі і дамовы для людзей з цяжкасцямі ў навучанні і разуменні інфармацыі, у тым ліку пажылых. Ініцыятыва «Ясная мова» дае магчымасць людзям самастойна прымаць рашэнні ў адносінах да ўласнага жыцця. Такая мова робіць неабходную інфармацыю даступнай для ўспрымання, і ў выніку чалавек можа не толькі рабіць выбар, але і разумець яго наступствы. Гэта яшчэ адзін крок да інклюзіі, якое зрабіла наша грамадства.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».