Вы тут

Вольга Мігдалёва: Важна, каб у спорце была здаровая канкурэнцыя


Беларускія спартыўныя рэаліі такія, што практычна ўвесь вялікі спорт засяроджаны ў Мінску. У сталіцы найлепшая інфраструктура, больш трэнераў і магчымасцяў. А што, калі б не было ў іншых гарадах дзіцяча-юнацкіх спартыўных груп, у якіх адданыя сваёй справе трэнеры выхоўваюць маладое пакаленне? Пытанне рытарычнае.

Шорт-трэк — амбіцыйны і належным чынам пакуль не раскрыты спорт, таксама імкнецца ў сталіцу. Але яго вытокі — у рэгіёнах, у прыватнасці ў Віцебскай вобласці. Славіцца сваімі традыцыямі і поспехамі Віцебская школа. Не адстае і Аршанская. І, як усюды, усё залежыць ад людзей, здольных развіваць свой спорт. Трэнер па шорт-трэку Вольга Мігдалёва распавяла «Звяздзе», чым жыве аршанская школа шорт-трэка і што чакае гэты від спорту ў будучыні.


У 2019 годзе Вольгу Мігдалёву прызначылі галоўным трэнерам нацыянальнай юніёрскай каманды. Але здарылася парадаксальная сітуацыя: з пасады спецыяліст сышла, каб дапамагчы развіццю роднага спорту: «Пабываўшы на шматлікіх міжнародных стартах, убачыўшы, як выступаюць іншыя спартсмены і як нашы, я зразумела, што Беларусь таксама можа выглядаць дастойна. Для гэтага нам усім трэба мяняць сістэму падрыхтоўкі. І я вырашыла, што з юніёрскай каманды пайду, каб на сваёй групе праверыць уласнае бачанне працы і сваю сістэму падрыхтоўкі. Я разумела, што не магу рызыкаваць усёй юніёрскай камандай, і ўзяла самаадвод», — тлумачыць Вольга.

Трэнер лічыць, што галоўнае ў падрыхтоўцы спартсменаў — рухацца наперад і не баяцца спрабаваць новае. Нельга працаваць па адным шаблоне — такім чынам спартыўных поспехаў не дасягнуць. І вынікі працы такой сістэмы — у пратаколах спаборніцтваў. У мінулым сезоне аршанскія шорт-трэкісты дастойна выступілі на міжнародным старце Baltіc Cup, 15-гадовы спартсмен выканаў нарматыў на майстра спорту, яшчэ пяць чалавек сталі кандыдатамі ў майстры спорту.

Цяпер у групе аршанскага спецыяліста каля 20 спартсменаў, працуе яна адна, без памочнікаў. І ў іх падрыхтоўцы трэнер робіць акцэнт на хуткасную вынослівасць. А гэтая база закладваецца летам. Як адзначае Вольга, што летам закладзеш, на тым сезон і праездзіш. Але, на жаль, праверыць закладзеную ўдарным летам базу ў гэтым сезоне будзе складана: пандэмія не дазваляе актыўна выязджаць на замежныя старты. А асноўнай мэтай падрыхтоўкі да сезона былі менавіта міжнародныя турніры. «Мы ўзялі вельмі высокую планку. Спартсмены прадукцыйна папрацавалі летам. Шчыльна супрацоўнічаем з камандай па шорт-трэку Санкт-Пецярбурга. Яны правялі ў нас два вучэбна-трэніровачныя зборы. Да нас на збор прыязджала каманда Калінінграда. І гэта гаворыць аб узроўні», — адзначае трэнер.

З камандным духам ёсць праблемы

У Оршы шорт-трэк развіваецца з 2014 года. Для горада з вялікай спартыўнай гісторыяй сем гадоў — няшмат. Але за гэты час шорт-трэк стаў тут папулярным. Каля 20 спартсменаў перададзена ў вышэйшае звяно, для школы гэта добры вынік. З кожным годам у секцыі прыходзіць усё больш дзяцей. І часам набор ператвараецца ў адбор. У 2019 годзе ў Спартакіядзе школ Орша была трэцяй, у 2020 годзе — другой. На якое месца аршанцы прэтэндуюць зараз, напэўна, зразумела. Базу гарадской лядовай арэны шорт-трэк дзеліць з хакеем. І ў іх цудоўна атрымліваецца разам існаваць у той час, як многія лядовыя віды спорту скардзяцца, што ўвесь лёд забірае хакей. Вольга Мігдалёва адзначае, што кіраўніцтва арэны ідзе насустрач, справядліва дзеліць лёд і ўсяляк падтрымлівае з абсталяваннем і інвентаром. Адсюль лагічны вынік.

Як бы ні імкнуліся Вольга Мігдалёва і яе вучні, у іх адных не атрымаецца вывесці спорт на якасна новы ўзровень. Патрэбны агульная сістэма і ўнутраная канкурэнцыя. А з гэтым у беларускім шорт-трэку пакуль праблемы. «Сёння варта ўдзяліць увагу дзіцяча-юнацкаму спорту. Важна, каб у спорце была ўнутраная здаровая канкурэнцыя, каб дзецям было цікава спаборнічаць і каб мы маглі іх выгадаваць да дарослага ўзроўню. Сёння ў нацыянальнай камандзе мы трымаем тых спартсменаў, што ў нас ёсць. А калі б іх было чалавек 15 і яны паміж сабой канкурыравалі — вынік стаў бы зусім іншы. Хочацца захаваць нашых дзяцей і падвесці іх да вялікага дарослага спорту», — адзначае трэнер.

Тым не менш Вольга ўпэўнена, што ў найбліжэйшай перспектыве можна вырасціць баяздольную дарослую нацыянальную каманду. Добрыя спартсмены растуць у Жодзіне, Наваполацку, Оршы. Спецыяліст упэўнена, у беларускім шорт-трэку не ўсё страчана: «Цяпер трэба максімум намаганняў прыкласці для захавання рэзерву, юніёраў. Канешне, атрымліваецца не адразу. Павінна прайсці мінімум чатыры гады. Узяць, напрыклад, канькабежны спорт — колькі яго хавалі. Але на пасаду галоўнага трэнера прыйшоў Сяргей Мінін, прайшоў доўгі шлях, прарабіў вялікую працу, і ўжо відаць вынікі. І яны яшчэ будуць, мы зараз бачым толькі пачатак».

І хай шорт-трэк — спорт індывідуальны, для развіцця тут гэтак жа патрэбна каманда з адзіным поглядам. Да таго ж нацыянальная каманда павінна падаваць прыклад маладому пакаленню. «Такое адчуванне, што кожны трэнер, кожная каманда баяцца паказаць адно аднаму, як яны працуюць. І гэта вялікая праблема нашага шорт-трэка. Няма адзінства, вялікай сям'і, а ўсе спаборнічаюць паміж сабой. Канешне, здаровая канкурэнцыя неабходна, але ўсе павінны быць адзінай камандай», — дзеліцца Вольга Мігдалёва. Паводле яе слоў, трэба перагледзець і падыход да трэнерскай працы. Не ўсе спецыялісты хочуць аддаваць сваіх вучняў на наступны ўзровень, бо гэта іх заробак. Нават калі размова ідзе аб юніёрскай зборнай.

Мы разам расцём і развіваемся

Поспех лёгкіх шляхоў не шукае, спартыўны — тым больш. І нярэдка іх ускладняюць знешнія фактары. Для аршанскай школы шорт-трэка адзін з іх — адток кадраў. Спартсмены заканчваюць школу і з'язджаюць вучыцца ў іншыя гарады. Вучань Вольгі Іван Кісліцын выканаў «майстра спорту», але пасля школы з'ехаў вучыцца ў Мінск, і яго спартыўныя вынікі сталі на паўзу. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат. «Гэта вельмі вялікая праблема. Мы гадуем спартсменаў да пэўнага ўзроўню, яны з'язджаюць у Мінск і губляюцца. Максімум можам іх пратрымаць да 11 класа, таму што ў нас у горадзе няма вышэйшых навучальных устаноў. У мяне ў групе займаецца Ілья Дзмітрэнка, вельмі перспектыўны хлопчык, майстар спорту. Але ён заканчвае 11 класаў і з'язджае. Канешне, шкада. Калі б яны мелі магчымасць вучыцца ў Оршы, яны б тут заставаліся, трэніраваліся, умовы ёсць. У будучыні маглі б займацца трэнерскай дзейнасцю. Многія наракаюць, што ў нас мала трэнераў. А спартсмены да 17 гадоў трэніруюцца, з'язджаюць вучыцца, і многія заканчваюць са спортам, проста губляюцца, знаходзяць новыя захапленні. У гэтым плане, нам вядома, цяжка», — прызнаецца трэнер.

Цяпер Вольга Мігдалёва са сваімі вучнямі рыхтуецца да зімовага Еўрапейскага юнацкага Алімпійскага фестывалю, які пройдзе ў сакавіку. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, яны не апускаюць рук. Трэнер гаворыць, што з-пад палкі нікога на спаборніцтвы не заганяе. Спартсмены самі ведаюць, чаго жадаюць, бачаць свае мэты і працуюць для іх дасягнення. У многім дзякуючы прыкладу трэнера. Вольга Анатольеўна прызнаецца: галоўнае для яе — дысцыпліна, парадак і вынік: «Натуральна, жаданне рухацца наперад сваім спартсменам задаю я як трэнер. Працаваць з 20 дзецьмі вельмі няпроста. Яны растуць на маіх вачах, да кожнага трэба знаходзіць падыход, адкрываць матывацыю. Я таксама нямала памылак зрабіла, але мы разам расцём і развіваемся. І калі я бачу іх шчаслівыя вочы, мне больш нічога не трэба. На дадзеным этапе тое, што раблю, — сэнс майго жыцця. Бачу, куды рухаюся, чаго я хачу, і што для гэтага раблю. І спартсмены гэта разумеюць. Некаторыя абяцаюць, што праз чатыры гады будуць на Алімпіядзе. Многія хвалююцца, калі застаюцца без медаля. У іх ёсць асэнсаванне, навошта яны трэніруюцца. Усведамляю, што гадоў у 18 яны змогуць памяняць сваё меркаванне. І вельмі важна захаваць у вучнях запал і патэнцыял. Я з усіх сіл імкнуся гэта рабіць, але вельмі хочацца падтрымкі ад Беларускага саюза канькабежцаў. Жаданне ў дзяцей ёсць, але яго цяжка трымаць, калі няма падтрымкі і стымулу».

Аршанская школа сёння — адзін з лідараў беларускага шорт-трэка. І, як заўважае Вольга Мігдалёва, у іх усё нядрэнна. Але ж сутнасць спорту ў тым, каб заўсёды развівацца і станавіцца лепшым.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.