Вы тут

Паэт грамадзянскай мужнасці: Памёр Мікола Мятліцкі


Вось яго кніжная паліца: «Абеліск у жыце» (серыя «Першая кніга паэта»), «Мой дзень зямны», «Ружа вятроў», «Горкі вырай», «Шлях чалавечы», «Палескі смутак», «Блаславенне», «Няправільныя санкі», «Чаканне сонца», «Бабчын», «Хойніцкі сшытак», «Жыцця глыбінныя віры», «Замкнёны дом», «На беразе маім», «Цяпло буслінага крыла», «Мой боль вырастае да зор»... А яшчэ — кнігі перакладаў твораў паэтаў розных краін і народаў... З кітайскай — дзве грунтоўных анталогіі: «Пад крыламі дракона: Сто паэтаў Кітая» і «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Паэты Кітая XX стагоддзя», зборнік вершаў Ай Ціна «Гімн святлу», пераклады ў кнігах «звяздоўскай» серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая». 


Яго руплівасці, паэтычнай працаздольнасці можна было заўжды дзівіцца. Хіба гэта не адзнака творчай сталасці — майстэрства працаваць настойліва, паслядоўна рухаючыся да ажыццяўлення галоўнай мэты. Яна — галоўная мэта — была і ў Міколы Мятліцкага: ён ствараў партрэт роднага края, быў летапісцам роднага Бабчына, роднай постчарнобыльскай Хойніцкай старонкі. На памяці ў многіх і тое, як ён заклікаў у вандроўкі на Гомельшчыну сваіх сяброў — паэтаў, празаікаў, публіцыстаў. Ён жыў усведамленнем таго, што там, у Хойніках, у чарнобыльскіх раёнах Гомельшчыны, нешта трэба зрабіць вартае для людзей. І ў маёй памяці — наша, 2009 года, паездка ў Хойнікі, у пярэдадзень Дня беларускага пісьменства ў верасні 2009 года. Утрох — Мікалай Міхайлавіч, рускі паэт Юрый Сапажкоў і я — мы патрапілі і ў адселены Бабчын, роднае паселішча Міколы Мятліцкага. Трэба было бачыць слёзы, якімі набрынялі вочы Міколы Міхайлавіча, калі мы падыйшлі да яго роднай хаты... 

Усямерна, сваёй перакладчыцкай працай, увагай да нацыянальных паэзій найперш постсавецкіх краін, ён выявіў сябе паэтам-інтэрнацыяналістам. Узрушлівай падзеяй для Казахстана стала выданне ў Мінску кнігі легендарнага Абая «Стэпавы прастор» (2010). Былі і прэзентацыі ў Беларусі, Казахстане, кніга падарожнічала па розных міжнародных выстаўках-кірмашах. Гучалі і з вуснаў беларусаў неўміручыя словы Абая: «О казахі мае! Мой бедны народ! / Жорсткім вусам няголеным прыкрыты рот./ Кроў — на правай шчацэ, а на левай — тлушч.../ Дзе ж тут праўда? Твой розум маўчыць шмат год»... Чыталі беларусы Абая — і думалі, трымалі ў памяці Купалу, Коласа... Удзячныя казахі адзначылі Міколу Мятліцкага прэстыжнай узнагародай — Міжнароднай літаратурнай прэміяй «Алаш». 

Асаблівае прыцягненне ў Міколы Мятліцкага як перакладчыка было да кітайскай паэзіі. Як вынік — анталогія «Пад крыламі Дракона». А пасля — яшчэ адзін анталагічны том «Пялёскті лотаса і хрызантэмы»... І яшчэ праз некаторы час — кніга вершаў Ай Ціна на беларускай мове. «Вітаючы ранак, зноў голасна певень прапеў./ Ад сонца і месяца далечы свету відны./Дыск сонца праменіць, і месяц сысці не паспеў./ Ды нетры дрыжаць, і душою валодае гнеў:/ Бо зноўку звіняць недалёка сякеры вайны...»

Напоўнены драматычнымі падзеямі свет падштурхоўваў Міколу Міхайлавіча быць уважлівым да тых нацыянальных паэзій, да тых народаў, дзе сіла выпрабаванняў была роўная драматычнаму лёсу беларусаў, выпрабаванням нашых прашчураў найперш у Вялікую Айчынную вайну... У рукапісе засталася анталогія в’етнамскай паэзіі, над перакладамі, падрыхтоўкай якой да друку Мікола Мятліцкі працаваў некаторы час назад. Будзем спадзявацца, што і гэтая праца ў хуткім часе прыйдзе да друкарскага варштата. Як і іншыя здабыткі таленавітага паэта і перакладчыка. Светлая яму памяць!..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».