Вы тут

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў


Нягледзячы на тое, што колькасць злачынстваў у сферы інфармацыйных тэхналогій апошнім часам знізілася, расслабляцца не варта. Як не трапіць на хітрасці кіберзлачынцаў, абараніць сваю банкаўскую карту і як паводзіць сябе ў сацыяльных сетках і мэсенджарах, расказалі падчас брыфінгу «Дэкада кібербяспекі: лічбавая адукаванасць і процідзеянне віртуальнай злачыннасці», які адбыўся ў Міністэрстве ўнутраных спраў.


Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па процідзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі МУС Андрэй КАВАЛЁЎ, сёння лічбавая адукаванасць, або чалавечая бестурботнасць, — самая галоўная прычына, па якой нашы грамадзяне становяцца ахвярамі кіберзлачынцаў. «Махлярства з дапамогай сеткі інтэрнэт — найбольш распаўсюджаны від злачынстваў у свеце, — заўважыў палкоўнік міліцыі. — Гэта добра спланаваная, арганізаваная злачыннасць, у якую, на жаль, уцягваюцца нашы непаўналетнія грамадзяне і моладзь. Мы неаднаразова казалі пра такі тэрмін, як лічбавая гігіена. Сёння ёсць неабходнасць увесці і паняцце «лічбавае выхаванне». Найбольш падвяргаюцца атакам кіберзлачынцаў непаўналетнія і пенсіянеры. І калі дзеці ледзь не нараджаюцца з тэлефонам у руках, то людзі сталага ўзросту незаўсёды паспяхова і хутка могуць авалодаюць гаджэтамі і інфармацыйнымі тэхналогіямі, і гэтым карыстаюцца махляры».

— За апошнія тры гады колькасць кіберзлачынстваў павялічылася ў 10 разоў, — заявіў старшы следчы па асабліва важных справах упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці Следчага камітэта Іван СУДНІКОВІЧ. — Аднак мы змагаемся з гэтым ростам тымі ж сіламі, якія і былі. Усё дзякуючы прымяненню сучасных методык, удасканаленню заканадаўства, развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства, аб'яднанню суб'ектаў процідзеяння кіберзлачыннасці не толькі на нацыянальным, а і на міжрэгіянальным, міжнародным узроўнях. Злачынствы, якія сёння фіксуюцца, масавыя злачынствы, трансгранічныя, бо грошы выводзяцца ў іншыя краіны. І атака на нашых грамадзян ідзе адтуль. Задача — спыніць гэта. Праваахоўны блок у супрацоўніцтве з банкаўскім сектарам, інтэрнэт-правайдарамі, мабільнымі аператарамі, іншымі суб'ектамі выпрацавалі комплекс і стратэгію барацьбы з кіберзлачынствамі, якія планамерна рэалізоўваюцца.

На дадзены момант, расказаў следчы, рэалізаваны прынцып «нулявой адказнасці». «Гэта азначае, што калі банк вінаваты ў тым, што вашы даныя атрымалі ўцечку, пасля чаго быў ажыццёўлены крадзёж, банк аддасць грошы пацярпелай асобе, — патлумачыў Іван Судніковіч. — Банкі сёння ўкараняюць сур'ёзныя аналітычныя сістэмы, якія дазваляюць выявіць пэўныя нестандартныя паводзіны кліентаў і карыстальнікаў банкаўскіх сістэм для таго, каб убачыць, што карыстальнік рахункам ужо не ўладальнік, а ашуканец, і заблакіраваць або доступ да рахунку, або правядзенне аперацыі. Асноўная прычына злачынстваў — нядбайнасць грамадзян пры рэгістрацыі фінансавых інструментаў, падчас доступу і карыстання імі пры выкананні аперацый, узаемаадносіны з махлярамі».

— Максімальна эфектыўна змагацца з такога роду злачынствамі ў цяперашні час толькі мерамі, якія прымаюцца з боку дзяржавы, не атрымаецца, — акцэнтаваў увагу начальнік упраўлення па процідзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксей НОВАШ. — Ахвярай кіберзлачынства ў большасці выпадках пацярпелая асоба становіцца з-за сваіх бестурботных паводзін. Злачынцы часта мяняюць спосабы, падыходы да нашых грамадзян. Тут варта дакладна разумець: кім бы ні прадстаўляўся чалавек, з якім адбываецца гутарка, у тым ліку анлайн, перадаваць ідэнтыфікацыйныя даныя ні пры якіх абставінах і ўмовах нельга. Калі ўзнікае пытанне з перамяшчэннем і захоўваннем грашовых сродкаў, ёсць банкаўская ўстанова, куды можна заўсёды патэлефанаваць і ўдакладніць любыя пытанні. Пры гэтым супрацоўнік банка не будзе задаваць пытанні, звязаныя з непасрэдным доступам да рахунку, а запросіць чалавека ў банк для вырашэння любога віду пытанняў.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».