Вы тут

Пракладваць сумесную дарогу


Зноў Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» сабраў аматараў кіно і яго стваральнікаў. Падчас сёлетняга кінафоруму прайшлі паказы амаль сотні карцін, і паглядзець іх у Мінску можна было ў пяці кінатэатрах. Галоўнай конкурснай пляцоўкай для дэманстрацыі стужак асноўнага конкурсу стаў кінатэатр «Цэнтральны». Цырымонія закрыцця пройдзе сёння ў «Маскве».


Дэвіз 27-га «Лістапада»: «Кіно — сімфонія адзінства». Гэтая сімвалічная назва — ідэя новага арганізатара. Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» прадставіла фестываль у абноўленым фармаце: з адметнай геаграфіяй, лагатыпам, прызам і чатырма конкурснымі праграмамі: ігравое кіно, дакументальнае, кіно маладых творцаў, кіно для дзяцей «Лістападзік». Нават пазаконкурсная праграма стала насычанай.

Усяго дырэкцыя фестывалю атрымала 273 заяўкі з 54 краін, сярод якіх як даўнія кінапартнёры, так і новыя — з Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Арганізатары спадзяюцца, што кіно стане адным з масткоў паміж людзьмі розных краін. І такая мэта вартая ўхвалення.

У самым пачатку цырымоніі адкрыцця «Лістапада» была ўручана спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый і духоўнасці ў кінамастацтве». Прэмію атрымаў майстар айчыннай анімацыі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Ігар Волчак.

— Усе намаганні былі б абсалютна бескарысныя, калі б не наш цудоўны калектыў — студыя анімацыйных фільмаў і тыя людзі, якія дапамагалі мне рабіць іх, — адзначыў творца. — Я прыйшоў на «Беларусьфільм» 53 гады таму. Мне вельмі пашанцавала, бо гэта было світанне беларускага кінематографа. Цяпер сам нясу гэтую эстафету і перадаю яе маладым. Жадаю ад усёй душы, каб моладзь праявіла сябе, каб здымаліся цудоўныя фільмы, каб мы маглі ганарыцца створаным і атрымліваць такія прызы.

Доўгачаканым госцем цырымоніі адкрыцця стаў народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў. Акцёр, рэжысёр, грамадскі дзеяч, заснавальнік форуму «Залаты Віцязь» нагадаў аб непарушных духоўных сувязях славянскай культурнай прасторы, прачытаў верш Фёдара Цютчава «Пасланне славянам».

— Я вельмі рады, што мы зноў тут пасля доўгіх гадоў расстання, — падкрэсліў творца. — 27 гадоў разам пракладалі сумесную дарогу. Быў перыяд, калі «Лiстапад» стаў больш глядзець на Захад, але, прайшоўшы пэўны шлях, зноў вярнуўся да сваіх духоўных асноў. Для мяне гэта пераломны момант. Сёння мы не цікавыя Захаду, а цікавыя толькі адно аднаму. Мы павінны арыентавацца на высокую, адзіную і непадзельную культуру Русі. На фільмы, якія здымалі Тураў, Пташук, Міхалкоў ды іншыя выдатныя беларускія і расійскія майстры. Цяпер, калі каштоўнасці нашага хрысціянскага свету аказаліся пад пагрозай, веру, што «Лістапад» пойдзе правільнай дарогай і будзе сцвярджаць высокія маральныя ідэалы. Час збіраць камяні і разам ствараць цудоўныя фільмы.

Фестываль сапраўды часта адчуваў на сабе шмат змен. Без іх не абышлося і ў 2021-м. Так, пасаду старшыні заняў народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў. Падчас адкрыцця яму выпала правесці рытуал — разбіць талерку з аўтографамі ўдзельнікаў мінулых гадоў. У прывітальным слове Аляксандр Яфрэмаў успомніў пра Расціслава Янкоўскага, які доўгі час быў старшынёйфестывалю і ствараў атмасферу адзінства, аб якой зараз кажуць арганізатары 27-га «Лістапада».

— У кінафоруму сапраўды выдатны слоган, што актуальна ў наш бурны час, з улікам аспектаў, звязаных з пандэміяй, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. — Мы хочам, каб дзякуючы фестывалю людзі сталі яшчэ дабрэйшыя. Ёсць розныя традыцыі, культуры, але існуе адно, што аб’ядноўвае, — імкненне жыць у згодзе, сяброўстве і камфорце. Каб творчы складнік быў накіраваны на стварэнне, а сімфонія кіно аб’ядноўвала, каб было менш розных супярэчнасцей, войн, канфліктаў. Менавіта мастацтву павінна несці людзям праўду. Дакументалістыцы трэба адлюстроўваць аб’ектыўную рэальнасць, глядач павінен бачыць і ведаць, што і як адбывалася.

Падчас адкрыцця арганізатары прэзентавалі гасцям фестывалю і творчыя выступленні. Напрыклад, са сцэны «Масквы» прагучала песня з тэлесерыяла Валерыя Тадароўскага «Адліга» ў выкананні Аляксандры Гайдук і Руслана Чарнецкага. Выступіў арт-гурт «Беларусы».

Фільмам адкрыцця «Лістапада» стала «Каралеўская гульня» Шцёльцля Філіпа (Германія, Аўстрыя). Аснова сюжэта — «Шахматная навела» Стэфана Цвейга, дзеянне якой адбываецца ў Вене 1938 года. Па парадзе сябра юрыст Ёзэф Бартак разам з жонкай плануе тэрмінова пакінуць акупаваную нацыстамі Аўстрыю, аднак яго арыштоўвае гестапа. І пасля адмовы выдаць паліцыі канфідэнцыяльную інфармацыю пра кліентаў мужчыну пазбаўляюць сувязі са знешнім светам. Але аднойчы Ёзэфу ўдаецца ўкрасці кнігу пра шахматы, з якой пачынаецца самае галоўнае...

Сёлета ў праграме ігравога кіно 13 фільмаў: кінастужкі з Расіі, Францыі, Ірана, Узбекістана, Кітая, Венесуэлы і іншых краін. Сярод намінантаў — франка-іранская карціна Асгара Фархадзі «Герой», якая была адзначана Гран-пры журы Канскага фестывалю. На вялікім экране паказалі і ўзбекскую ваенную драму «Ілхак» Жахангіра Ахмедава, знятую ў Беларусі. Кінастужка «Дзень мёртвых» расійскага рэжысёра Віктара Рыжакова распавядае пра адносіны пакаленняў, але з нязвыклых ракурсаў. Таксама ў праграме ігравога кіно — «Мая ноч» Антуанеты Була (Францыя, Бельгія), «Вуліца» На Джазіа (Кітай), «Сем маленькіх супадзенняў» Петэра Готара (Венгрыя, Румынія), «Рака» Гасана Салаба (Ліван, Францыя, Катар, Германія), «Агонь» Айжан Касымбек (Казахстан) і іншыя. Журы ўзначальвае расійскі рэжысёр і прадзюсар Рэнат Даўляцьяраў.

Дакументальнае кіно прадстаўлена 17 фільмамі: за рэдкім выключэннем усе яны сёлета ўжо пабывалі на фестывалях. Прэм’ернымі можна назваць два фільмы: беларускі «Страла» Галіны Адамовіч — пра ўдзельніц фальклорнага калектыву з вёскі Стаўбун на Гомельшчыне і расійскі «Іншым я ўжо не буду» Антона Нікалаева, створаны да 75-годдзя Мікалая Бурляева. Старшыня журы — Наталля Марынава, дырэктар тэлеканала «Беларусь 3».

Найбольшы па колькасці фільмаў конкурс «Кіно маладых»: на прызы прэтэндуюць 22 стужкі, пераважна дэбютныя. Беларусь  прадстаўлена 8-хвілінным фільмам «Дарога» Кірыла Халецкага, які ўжо атрымаў шэраг узнагарод на айчынных і міжнародных кінафестывалях. Журы «Кіно маладых» узначальвае расійскі рэжысёр і прадзюсар Аляксей Цяльноў.

У змест праграмы пазаконкурснага кіно ўвайшоў блок «Беларуская анімацыя ХХІ стагоддзя» («Паданне пра Гадзіву» Ірыны Кадзюковай, «Беларускія прымаўкі» Міхаіла Тумелі, «Дзед» Аляксандра Ленкіна, «Лыжка для салдата» Ірыны Тарасавай, «Паданне пра гуслі» Таццяны Кубліцкай, «Цацка» Рыты Шаграй, «Лагодны воўк» Наталлі Дарвінай), рэтраспектыва грузінскага кіно, а таксама паказ ваеннай драмы Віктара Турава «Праз могілкі», франка-бельгійскага дэтэктыўнага трылера «Чорная скрыня», стужкі «Вар’яцкае кіно для дарослых» Раду Жудэ — сёлетняга пераможцы Берлінскага фестывалю. І гэта далёка не ўвесь пералік…

А пакуль асэнсоўваем убачанае і чакаем вынікаў!

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».