Вы тут

Раім схадзіць


Часовая экспазіцыя «КП — 2021», выстава «Тулуз-Латрэк. Жарсці ў Мулен Руж», выстава жывапісу і графікі «Мембрана» і іншае — штотыднёвая афіша «Звязды».


Часовая экспазіцыя «КП — 2021»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 7а

Калі: да 21 снежня

У красавіку 2021 года адзначыў 40-гадовы юбілей Літаратурны музей Максіма Багдановіча, а неўзабаве, 9 снежня, уся краіна будзе адзначаць 130-годдзе з дня нараджэння самога Максіма Багдановіча. У межах святкавання з 23 лістапада ў музеі паэта адкрыта часовая экспазіцыя «КП — 2021», на ёй будуць прадстаўлены прадметы, якімі папоўнілася фондавая калекцыя за гэты юбілейны год.

Пошукавая кампанія па выяўленні матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча і яго акружэння, вялася і самімі супрацоўнікамі, і аматарамі творчасці паэта. Наведвальнікі часовай экспазіцыі «КП — 2021» змогуць аднымі з першых убачыць адметныя экспанаты, якіх яшчэ год назад не было ў фондавай калекцыі. Сярод скарбаў — паштоўкі пачатку ХХ ст., фотаздымкі з першай экскурсіі па музейнай экспазіцыі, часопіс «Научное обозрение» за 1894 г., дзе ўпершыню былі надрукаваны раздзелы з этнаграфічнага нарыса А. Я. Багдановіча «Пережитки в миросозерцании белорусов», часопіс «Сатирикон» за 1912 г. з вершам М.Багдановіча «Городская любовь».

Запрашаем наведаць часовую экспазіцыю «КП — 2021» і на свае вочы ўбачыць скарбы, якімі маюць поўнае права ганарыцца не толькі музейшчыкі, але і кожны грамадзянін Беларусі.


Выстава «Тулуз-Латрэк. Жарсці ў Мулен Руж»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15

Калі: да 5 снежня

Колькі каштуе: 12 BYN — поўны, 10 BYN — студэнты, 8 BYN — школьнікі, пенсіянеры

Упершыню ў Мінску Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA прадстаўляюць новы выставачны праект твораў знакамітага французскага мастака Анры дэ Тулуз-Лотрэка «Жарсці ў Мулен Руж».

На выставе «Тулуз-Латрэк. Жарсці ў Мулен Руж» у прасторы мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага будуць прадстаўлены больш за 50 літаграфій знакамітага мастака з прыватных еўрапейскіх калекцый. Афішы легендарных парыжскіх устаноў, эпізоды з «цыркавой» серыі, партрэты танцорак і артыстак Кабарэ, замалёўкі з жыцця куртызанак дазволяць акунуцца ў атмасферу раскошнай і ціхамірнай пары, названай «La Belle Époque».

На выставе таксама будуць прадстаўлены работы вядомых і пачынаючых беларускіх аўтараў, якія дапоўняць асноўную экспазіцыю.

Экспазіцыя суправаджаецца інфармацыйнымі стэндамі, якія дапамогуць вам лепш разабрацца ў працах Тулуз-Лотрека. Таксама на выставе будуць дэманстравацца дакументальныя фільмы, якія бліжэй пазнаёмяць з драматычным лёсам і неардынарнай творчасцю мастака. Да таго ж кожны жадаючы зможа паспрабаваць разгадаць тэматычны квэст па выставе.

Час працы: серада-нядзеля, 12.00 — 20.00 (каса да 19.30)


Выстава жывапісу і графікі «Мембрана»

Дзе: Высокае месца, г. Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: да 5 снежня

Колькі: 4 BYN — для дарослых; 3 BYN — для студэнтаў; 2,5 BYN — для школьнікаў.

10 лістапада ў 18: 00 у Арт-гасцёўні «Высокае мѣста» адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу і графікі «Мембрана» Андрэя і Марыі Карпянковых, Аксаны Чутцавай, Дзмітрыя Чарамных.

Выстава жывапісу і графікі «Мембрана» — гэта разважанне аб сутнасці чалавека і яго навакольнай прасторы. Паняцце «мембрана», якое натхніла аўтараў на фарміраванне экспазіцыі, мае некалькі дэфініцый.

Мембрана — гэта ахоўны элемент, які транспартуе толькі пэўныя рэчы, абараняючы матэрыял ад негатыўных фактараў. З такой пазіцыі ў мастацкіх творах разглядаецца чалавек, які выбудоўвае сваю «оптыку» для разумення сусвету і сваёй аўтэнтычнасці.

На выставе жывапісу і графікі «Мембрана» прадстаўлена больш за 50 твораў чатырох мастакоў аднаго пакалення, якіх аб’ядноўваюць сяброўскія сувязі і агульны светапогляд.

Час працы: серада-панядзелак, 11:00—19:00


Класіка сусветнага кіно — у праекце Cіnemascope

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: да 17 снежня

Колькі каштуе: 7 BYN

«Анталогія» ад Cіnemascope прапануе знаёмстсва з вялікімі рэжысёрамі свету і дапаможа тым, каго цікавіць кіно, лепш разбірацца ў гэтым відзе мастацтва. Ну а кінагурманы ацэняць падбор стужак і імёнаў, каб яшчэ раз перажыць моманты дзіўных сустрэч, якія паўплывалі на фарміраванне іх поглядаў не толькі на мастацтва, але і на жыццё.

Праект стартаваў 22 кастрычніка паказам стужкі 1948 года «Вяроўка» — гэта першы каляровы фільм майстра псіхалагічнага трылера Альфрэда Хічкока, без уяўлення пра работы якога немагчыма наогул разумець гэты жанр. Усяго праект прадставіць 7 фільмаў, паказы якіх скончацца толькі ў снежні. Яле што гэта за стужкі?

Фільм «Голая выспа» японскага рэжысёра Канэта Сіндо (паказ запланаваны на 29 кастрычніка) у 1961 годзе быў адзначаны Вялікім прызам Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю. На гэтым фестывалі наогул любілі Сіндо, і ўжо ў ХХІ стагоддзі ў Маскве з'явіўся нават помнік японскаму рэжысёру.

Класік аўтарскага кіно Мікеланджэла Антаніёні неаднаразова быў трыумфатарам Канскага кінафестывалю. Напрыклад, фільм «Прыгода» (глядзім 5 лістапада) быў адзначаны ў 1960 годзе спецпрызам журы. Гэта адна са стужак з так званай трылогіі адчуджэння, пасля якой да рэжысёра прыйшла сусветная слава.

Што значыць стаць асобай у кінематографе, мог бы расказаць амерыканскі акцёр і рэжысёр Джон Касавеціс, які здымаў сваё незалежнае кіно на грошы, заробленыя ў Галівудзе. І меў рацыю! Фільм «Твары», зняты ў 1968 годзе, быў намініраваны на «Оскар» адразу ў трох намінацыях. Ужо ў той час рэжысёр адчуваў праблему распаду інстытута сям'і, пра што апавядае фільм, — а хіба цяпер гэта не актуальна?

Кіно, дзе віруюць пачуцці, не мае тэрміну даўніны. Так і фільмы Франсуа Труфо, аднаго з яркіх прадстаўнікоў французскай «новай хвалі». Напрыклад, фільм «Жуль і Джым» выйшаў у 1961 годзе, але будзе зразумелы гледачам ХХІ стагоддзя (паказ 3 снежня).

Зусім іншая сістэма адносінаў — у фільме «Выканаўца зароку» (10 снежня) бразільскага рэжысёра Анселму Дуартэ. Фільм 1962 года быў адзначаны «Залатой пальмавай галінкай» на Канскім кінафестывалі, атрымаў шэраг прызоў на іншых, у тым ліку намінацыю на «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове. Такое кіно ўваходзіць у гісторыю чалавецтва, таму што ўзнімае вечныя тэмы: што ёсць вера, як яна ўплывае на чалавека?

Ну і як жа такая падборка без Федэрыка Феліні? Яго фільм «Амакорд», зняты ў 1973-м, быў адзначаны прэміяй «Оскар». Але для Феліні, які выступіў тут яшчэ і як сцэнарыст, гэта фільм-успамін пра італьянскі горад, дзе ён рос у 30-я гады ХХ стагоддзя, калі складаныя для чалавецтва часы былі наперадзе... 17 снежня кожны можа адчуць той час, згадаць горад свайго дзяцінства і яго атмасферу.

Наогул, усе фільмы нібыта пра нас — без спаслыкі на месца і час. Хіба што сучасная атмасфера паказаў будзе адметная абавязковым маскавым рэжымам. Але атмасфера саміх фільмаў захаваецца: кіно дэманструецца на мове арыгінала з субцітрамі і з выкарыстаннем бесправадных слухавак. Глядзіце добрае кіно, яно дапамагае зразумець жыццё.

Ларыса ЦІМОШЫК


 Выстава «1 вобраз – 100 ідэй»

Дзе: Галерэя Шчамялёва, Мінск, ул. Рэвалюцыйная, 10

Калі: да 19 снежня

Колькі: 5 BYN — дарослым; 3 BYN — студэнтам; 2,5 BYN — школьнікам

З 18 лістапада ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л. Д. Шчамялёва працуе выстава дзіцячага малюнка «1 вобраз — 100 ідэй» вучняў творчай майстэрні «Залаты птах» Юліі Шаціла.

Творчая майстэрня «Залаты птах» заснавана мастаком-графікам, сябрам Беларускага саюза мастакоў Юліяй Шаціла ў 2019 годзе. Асновай навучання выяўленчаму мастацтву з’яўляюцца асабісты светапогляд, веды і вопыт мастака.

Навучэнцы майстэрні сфакусаваны на творчасці, а іх эстэтычнае выхаванне — гэта першачарговая задача. Неабмежаваная дзіцячая фантазія, упэўненасць у сваіх сілах, адсутнасць страха і адсутнасць штампаў прыводзяць да нараджэння неверагодна цікавых малюнкаў.

Выстава дзіцячага малюнка «1 вобраз — 100 ідэй» вучняў творчай майстэрні «Залаты птах» — яскравы прыклад, як «маленькі струменьчык натхнення» разліваецца ў акіян творчасці. Юныя мастакі не заціснутыя ў рамкі праграм або светапогляду педагога, свободныя ў выбары тэмы, кампазіцыі, фармату паперы. Яны выкарыстоўваюць самыя розныя матэрыялы: гуаш, алейную пастэль, маркеры, змешаныя тэхнікі, а таксама калаж.

Асноўная мэта і ідэя праекта — паказаць, як з аднаго «сыходнага матэрыяла» можна прыдумаць бясконцую колькасць ідэй, як нечакана і смела можна іх камбінаваць.

На выставе прадстаўлена больш за 40 твораў дзяцей ад 4 да 14 гадоў, выкананыя ў перыяд з 2019 па 2021 гг. Сем прадметаў, сем вобразаў у дзіцячай інтэрпрэтацыі ператварыліся ў самадастатковыя творы мастацтва.

У некаторых работах першапачатковы лейтматыў гучыць на ўсю моц, а ў некаторых — мы чуем ужо толькі яго рэха, узнікаюць ужо новыя выявы, новыя вобразы. У экспазіцыі прадстаўлена і дарослая інтэрпрэтацыя тых жа сямі вобразаў у выкананні педагога і кіраўніка майстэрні «Залаты птах» Юліі Шаціла.

Юныя таленты з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі многіх конкурсаў дзіцячага малюнка рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Працы вучняў выстаўляліся ў ЗША, Японіі, Францыі, Італіі.


​Музей кіно адзначыць 200-годдзе з дня нараджэння Фёдара Дастаеўскага

kinopoisk.ru

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: першая праграма  3–19 лістапада, дургая 1–24 снежня

Рэтраспектыва, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння класіка рускай і сусветнай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, пройдзе ў Музеі гісторыі беларускага кіно. Гледачам прадставяць 14 экранізацый твораў пісьменніка, знятых у розных краінах.


Выстава «Дынастыя»

Дзе: галерэя ДК, Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: да 31 снежня

Колькі: 7 BYN — поўны; 5 BYN — ільготны

Кажуць, талент не перадаецца па спадчыне. На выставе «Дынастыя» ў вас будзе магчымасць абвергнуць гэта сцвярджэнне. У мастацкай прасторы «Галерэі ДК» з 19 лістапада вашай увазе будзе прадстаўлены жывапіс трох пакаленняў сям’і Сямілетавых: Аляксандра (1926 г. н.), Барыса (1956 г.н.) і Івана (1980 г. н.).

Нечаканыя рашэнні для сваіх твораў праз глыбінны свет свядомасці прадставіць Іван Сямілетаў. Аўтар карыстаецца казачна-сюррэалістычнымі прыёмамі ў жывапісе, працуе з філасофскай катэгорыяй часу, даследуе сферы несвядомага і ірацыянальнага.

Барыс Аляксандравіч у сваёй творчасці ўдыхае жыццё ў неадушаўлёныя прадметы. Мастак лічыць, што мастацтва павінна быць прадуманым, выбудаваным.

Творчасць Аляксандра Сямілетава парадуе ўсіх знаўцаўў лірычнага пейзажу. У працах аўтара гучаць эмоцыі, а прырода становіцца люстэркам душы. Радасць, сум, меланхолію і настальгію даруе мастак сваім гледачам цераз прызму свайго бачання.

Агульны пачуццёвы пачатак напоўніць выставу напругай і ўнутранай энергіяй.

Час працы: чацвер-субота, 12:00—20:00; нядзеля, 12:00–16: 00


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 31 снежня

Беларусь — суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх.

Ці ведаеце вы, калі першыя людзі з’явіліся на нашых землях? Калі на Беларусь прыйшла пісьменнасць і якім алфавітам запісвалася? А тое, што нашая зямля — краіна замкаў і незлічоных скарбаў? Што апраналі нашыя продкі, з чаго складваецца нацыянальная кухня і як гучаць «галасы» Беларусі?..

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця Беларусі, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Праект прапануе выправіцца ў захапляльнае падарожжа, згадаць важныя даты, натхніцца нашай спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы — літаральна дакрануцца да гісторыі.

Выстава складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Першая паказвае лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага развіцця Беларусі (ад старажытных часоў да сучаснасці); наступная адлюстроўвае асобныя тэмы, прысвечаныя адметнасцям самабытнай беларускай культуры.

Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2021 г.

Партнёры праекта: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, фатографы Ганна Кіпель, Анатоль Андрэеў.


Скарбонка памяці

Дзе: Тэрыторыя Лошыцкага паркава-сядзібнага комплексу, праезд Чыжэўскіх, 8–2

Калі: да 31 снежня

Колькі каштуе: 3 BYN — для дарослых, 2,5 BYN — для студэнтаў, 1,5 BYN — для школьнікаў

У музеі «Лошыцкая сядзіба» пачынае працу выставачны праект «Скарбонка памяці: выстава народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Традыцыйная народная творчасць − адзін з найбольш дзейсных спосабаў самавыяўлення народа, магчымасць заявіць пра сябе ўсяму свету. Беларусы да сённяшніх дзён захавалі многія віды і формы народнай традыцыйнай творчасці: разьбярства, ганчарства, кавальства, ткацтва, роспіс, пляценне з прыродных матэрыялаў.

На выставе прадстаўлена больш за 500 прадметаў сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Артэфакты сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Міхайлавічам Сахутай у экспедыцыях, праведзеных па ўсёй Беларусі. У 2019 годзе частка калекцыі была перададзена ў фонды Музея гісторыі горада Мінска.

Многія даўбана-разьбяныя, ганчарныя, плеценыя, каваныя вырабы, якія экспануюцца на выставе, уражваюць першабытнай суровасцю, прастатой і магутнасцю формаў. У дэкоры драўлянага і керамічнага посуду, вышываных і тканых вырабах пераважаюць старажытныя геаметрычныя матывы, якія маюць даўняе сімвалічнае паходжанне. Да старажытных таксама адносяцца зааморфныя матывы драўлянай і глінянай пластыкі, цацак-свістулек.

Сярод найбольш каштоўных і цікавых прадметаў − саламяныя коні, чаплі і буслы, разнастайнае керамічнае начынне, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, выцінанка.

Экспанаты, сабраныя на выставе, створаны майстрамі не аднаго пакалення з усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі і з’яўляюцца адлюстраваннем шляху жыцця. За кожным прадметам, за кожным вырабам – ці жыццёвая сітуацыя, ці шчаслівая сустрэча, ці роздум у адзіноцтве. Магчыма, і ў наведвальніка яны закрануць запаветныя струны душы, адгукнуцца радасцю, разварушаць пачуцці і ўспаміны з дзяцінства.


Выстава «"Боская камедыя" Дантэ»

Дзе: Музей кнігі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: да 16 студзеня

Колькі: бясплатна па чытацкаму білету або білеце сацыякультурнага цэнтра

4 лістапада ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстава «Боская камедыя «Дантэ», прымеркаваная да 700-годдзя сусветнага паэтычнага шэдэўра Дантэ Аліг’еры.

«La commedia» (1307–1321), вядомая нам як «Боская камедыя» — манументальны эпічны твор, сапраўдная паэтычная энцыклапедыя навуковых, палітычных, філасофскіх і багаслоўскіх ведаў эпохі ранняга Адраджэння. Менавіта гэты твор Дантэ стаў вяршыняй яго літаратурнай дзейнасці.

На выставе таксама будзе прадстаўлены арыгінал аднаго з першых і найлепшых ілюстраваных выданняў твора, які выйшаў у родным горадзе паэта — у Фларэнцыі ў 1481 годзе. Гравюры для выдання створаны па творах вядомым італьянскім мастаком эпохі Адраджэння Сандра Батычэлі.

Можна будзе ўбачыць шэдэўр кніжнай графікі XIX стагоддзя — цыкл гравюр вядомага французскага майстра Гюстава Доры да першай часткі паэмы «Пекла» (1861), а таксама іншыя прыклады мастацкай інтэрпрэтацыі несмяротнага твора.

Рэжым працы: аўторак, серада, пятніца з 10: 30 да 19: 00. Чацвер, субота, нядзеля з 10: 00 да 18: 00. Панядзелак — выхадны.


Выставачны праект «Музей ёлачных цацак»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей РБ, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 23 студзеня

Колькі: дарослым — 10 BYN; пенсіянеры, школьнікі, дзеці з 5 гадоў — 8 BYN; дзеці да 5 гадоў — бясплатна

У прадчуванні навагодніх святаў і зімовага чараўніцтва з 29 кастрычніка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае працу навагодні выставачны праект «Музей ёлачных цацак».

Выстава — частка найбуйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак. Кожны год «Музей» абнаўляе свае фонды, што дазваляе наведваць выставу як у першы раз. Увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены навагоднія дэкарацыі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музеі.

Наведвальнікі музея змогуць даведацца ўсе сакрэты вытворчасці ёлачных цацак на адзінай у Беларусі спецыялізаванай фабрыцы, а таксама пад кіраўніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе навагодніх упрыгожванняў (кошт — 10 руб.), і не толькі.

Самыя маленькія госці выставы змогуць убачыць інтэрактыўны мініяцюрны калядны гарадок. У рамках праекта будзе працаваць фірменны магазін фабрыкі «ГРАЙ», дзе ўсе жадаючыя змогуць набыць святочную прадукцыю па фабрычных цэнах.

Музей працуе штодня з 11: 00 да 19: 00.


Літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння»

Дзе: «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры», г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 31 студзеня

23 лістапада 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Залатая раніца беларускага Адраджэння», прымеркаванай да 110-годдзя Юлія Таўбіна, 115-годдзяў Андрэя Александровіча і Алеся Салагуба, 120-годдзяў Міхася Зарэцкага і Віталя Вольскага, 125-годдзяў Кандрата Крапівы, Майсея Кульбака, Міхася Чарота, 135-годдзя Змітрака Бядулі.

Дзесяцігоддзе 20-30-х гадоў ХХ ст. — адна з самых яскравых старонак у гісторыі Беларусі. На хвалі часу шырокага рэвалюцыйнага ўздыму ў беларускую літаратуру ўліваецца цэлая плеяда маладых пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў. Гэты час быў вельмі спрыяльны для развіцця нацыянальнай культуры і навукі, яго называюць «залатой раніцай» беларускага адраджэння.

У 1920 годзе быў адкрыты Беларускі педтэхнікум — «сад-гадавальнік» беларускіх пісьменнікаў. У 1921 годзе адчыніліся дзверы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэты час былі арганізаваны вядучыя тэатры — беларускія, польскі і яўрэйскі. У 1926 годзе па аповесці Міхася Чарота «Свінапас» здымаецца першая беларуская кінастужка «Лясная быль».

Развіццё перыядычнага друку ў Беларусі аказала значны ўплыў на станаўленне літаратуры і мастацтва. У газетах «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Звязда», «Літаратара і мастацтва» «Беларуская вёска» і іншых друкаваліся творы выдатных беларускіх пісьменнікаў. Сярод супрацоўнікаў рэдакцый было нямала паэтаў і празаікаў. Папулярныя часопісы тых гадоў: «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», «Іскры Ільіча», «Штэрн» і інш.

Наведвальнікі пазнаёмяцца з беларускім друкам таго часу, мастацкімі творамі юбіляраў, даведаюцца пра тое, як «віравала» тэатральнае жыццё.

На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, а таксама выкарыстаны электронныя копіі часопісаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Кантактныя тэлефоны: +375 17 363-56-21, +375 17 395-44-47.


Мастацка-дакументальная выстава «Пад знакам Страціма»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, д. 7а

Калі: да 30 сакавіка 

Для Літаратурнага музея Максіма Багдановіча 2021 год насычаны на юбілейныя даты: 130-годдзе з дня нараджэнне паэта, 105-годдзе вяртання Максіма Багдановіча на радзіму, а таксама 105-годдзе напісання твора «Страцім-лебедзь».

Аднаму з апошніх твораў Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь» літаратуразнаўцы не могуць вызначыць форму: паэма, балада, верш. А самога аўтара называюць Страцімам-лебедзем беларускай літаратуры.

У вершы раскрываецца біблейская тэма сусветнага патопу: міфічная птушка Страцім-лебедзь загінула з-за свайго ганарлівага нораву, і ад яе не засталося нашчадкаў. Прамых нашчадкаў ад шлюбу Адама і Марыі Багдановічаў не засталося. Велізарны патэнцыял быў закладзены прыродай у слаўны род Багдановічаў. Шмат у чым ён быў рэалізаваны ў асобе нашага выдатнага паэта. Максім Багдановіч у справе нараджэння беларускай паэзіі мае статус гераічнага Страцім-лебедзя, ад твораў якога пачаў адлічвацца час класічнай літаратуры Беларусі.

На выставе «Пад знакам Страціма» можна ўбачыць упершыню ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча мемарыяльныя рэчы сям’і Багдановічаў. Тыя прадметы, якія захоўваліся ў іншых установах Беларусі.

Шкатулка маці Максіма з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мемарыяльныя рэчы бацькі паэта з Нацыянальнага гістарычнага музея РБ, сямейны фотальбом з Беларускага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва. А дамінантай выставы з’яўляецца асабістая рэч Максіма Багдановіча — ножык для разразання паперы (з фонду НГМРБ).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».