Вы тут

У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстаўка «Залатая раніца беларускага адраджэння»


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-дакументальная выстаўка «Залатая раніца беларускага адраджэння», прысвечаная гістарычнаму перыяду, знакаваму для гісторыі, літаратуры, адукацыі і культуры Беларусі.


125-годдзе Кандрата Крапівы, Майсея Кульбака, Міхася Чарота; 135-годдзе Змітрака Бядулі, 120-годдзе Міхася Зарэцкага і Віталя Вольскага, 115-годдзе Андрэя Александровіча і Алеся Салагуба, 110-годдзе Юлія Таўбіна... Гэты год аказаўся багаты на юбілеі. Супрацоўнікі музея зрабілі шмат для таго, каб ушанаваць імёны нашых творцаў. Ладзіліся шматлікія выстаўкі, у найбольш неспрыяльны эпідэмічны перыяд — віртуальныя. Адкрываліся новыя факты, збіраліся ўнікальныя фотаздымкі і дакументы.

Новая экспазіцыя — своеасаблівае падвядзенне вынікаў за год, і таму гэта сапраўды важная і адметная падзея ў жыцці горада і краіны. Тым больш што гэтым разам музейшчыкі прапануюць наведвальнікам пазнаёміцца не толькі з жыццём і творчасцю літаратараў, але і здзейсніць падарожжа ў 1920–1930-я гады, якія па праве атрымалі назву «залатой раніцы беларускага адраджэння». Дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік выказаў спадзяванне, што тут кожны наведвальнік зможа адкрыць для сябе нешта новае, пераасэнсаваць і лепш зразумець эпоху, у якой шчыравалі на літаратурнай ніве беларускія класікі.

Невыпадкова на адкрыцці выстаўкі прагучала «Купалінка», створаная паводле беларускага фальклору. Яна ўвайшла ў п’есу «На Купалле», напісаную Міхасём Чаротам. У 1920-я гады падчас спектакляў «Купалінка» прагучала са сцэны больш за 400 разоў. Ёсць на выстаўцы і нотны зборнічак кампазітара Уладзіміра Тэраўскага, які прыдумаў музыку для гэтай песні, а таксама багата працаваў з беларускім фальклорам.

Экспазіцыя дае магчымасць лепш пазнаёміцца з тэатральным жыццём згаданага часу. У 1920-я гады былі створаны 4 беларускія тэатры, польскі і яўрэйскі. Так, з Беларускага таварыства драмы і камедыі, які збіраўся ў клубе з назвай «Беларуская хатка», «паходзяць» акцёры БДТ-1. У 1926 годзе ў Віцебску запрацаваў БДТ-2, сёння гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. З 1930 года яго дырэктарам быў Віталь Вольскі. З вандроўнай тэатральнай трупы, якую ўзначальваў Уладзіслаў Галубок, вырас БДТ-3, які «асеў» у Гомелі. На жаль, у 1937 годзе тэатр быў расфарміраваны.

На выстаўцы можна паглядзець старыя публікацыі, прысвечаныя культурнаму жыццю таго часу. На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, выкарыстаны электронныя копіі часопісаў з Нацыянальнай бібліятэкі.

20-я гады мінулага стагоддзя адзначыліся неверагодным уздымам на ўсіх культурных і адукацыйных франтах. Была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, у склад якой увайшлі Янка Купала, Сцяпан Некрашэвіч, Язэп Лёсік, Уладзіслаў Чаржынскі, Мікола Шчакаціхін. Была распрацавана тэрміналогія для асноўных галін ведаў.

У 1922 годзе створаны Інстытут беларускай культуры. Пры ім працавала цэнтральнае бюро краязнаўства, якое выдавала штомесячнік «Наш край», дзе друкаваліся цікавыя артыкулы, даследаванні па гісторыі Беларусі, этнаграфічныя знаходкі. Запрацавалі новыя навучальныя ўстановы. Выходзіла шмат падручнікаў, слоўнікаў на беларускай мове. Некаторыя з іх таксама пададзены ў музейнай экспазіцыі. Тут можна нават сустрэць буквар для дарослых і слоўнік для ваенных.

І, вядома ж, выстаўка знаёміць з выданнямі і рэчамі пісьменнікаў, якіх багата прыйшло ў літаратуру ў 1920-х гадах. Сярод іх лямпа з хаты сваякоў Міхася Зарэцкага ў вёсцы Новае Сяло Талачынскага раёна, дзе пісьменнік часта бываў і, як запэўніваюць сваякі, менавіта пад гэтай лямпай пісаў «Вязьмо». Таксама тут можна ўбачыць альбом, які належаў Міхасю Чароту, ці ракавінку, якую ён прывёз са свайго адпачынку, ручнік, вытканы рукамі яго маці. Каштоўныя фотаздымкі вяртаюць нам памяць пра творчую моладзь «залатой раніцы», хоць, на жаль, дакументаў і сведчанняў пра культурныя дасягненні таго часу з-за гістарычных падзей, якія адбыліся ў далейшыя дзесяцігоддзі, засталося вельмі мала.

І да гэтага часу мы мала ведаем пра творчасць пісьменнікаў таго перыяду. Як заўважыў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры ХХ-ХХІ стагоддзя Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Анатоль Трафімчык, літаратура доўгі час замоўчвалася, сёння яна даследавана мала, і навукоўцы кожны год працягваюць адкрываць унікальныя рэчы. Матэрыялы, прадстаўленыя на выстаўцы, колькасна і якасна сведчаць пра творчыя дасягненні, якія Беларусь мела стагоддзе таму. Пра гэта трэба казаць унутры краіны і дэманстраваць як візітоўку нашай культуры ў свеце.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Зорны світанак

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.