Вы тут

«Золата «Лістапада» паедзе ў Ташкент


Завяршыўся ХХVІІ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Цырымонія закрыцця прайшла ў кінатэатры «Масква». Саветам журы было адзначана шмат стужак, якія ўдзельнічалі ў конкурснай праграме. Больш падрабязна раскажам аб пераможцах.


— За час работы фестывалю спецыялісты правялі грунтоўную работу: яны не толькі абмяняліся меркаваннямі, падыходамі, але і выпрацавалі напрамкі далейшага супрацоўніцтва. Прыемна адзначыць, што дыскусіі ўвасобіліся ў канкрэтныя дакументы, якія дазволяць нам актыўна развіваць кінематаграфічнае мастацтва, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка падчас цырымоніі закрыцця.

Спецыяльны прыз Прэзідэнта «За гуманізм і духоўнасць у кіно» Ігар Петрышэнка ўручыў рэжысёру ўзбекскага фільма «Ілхак».

— Журы было няпроста, паколькі трэба было непрадузята і грунтоўна ацаніць работы і быць адзінымі ў ацэнках. Жадаю, каб мы працягвалі любіць і паважаць кіно. Давайце падтрымліваць нашых кінематаграфістаў, артыстаў, усіх тых, хто робіць наша жыццё больш грунтоўным і дынамічным, — дадаў намеснік прэм’ер-міністра.

Падчас цырымоніі было ўручана адразу некалькі спецыяльных прызоў. Фільм «Лётчык» рэжысёра Рэната Даўлецьярава атрымаў прыз Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта за ўвасабленне духоўнасці ў мастацтве. Стужка «Qazaq. Гісторыя аднаго чалавека», створаная з удзелам прадстаўнікоў ЗША і Казахстана, была адзначана Спецыяльным прызам Садружнасці Незалежных Дзяржаў «Кіно без межаў» за развіццё культурнага супрацоўніцтва і ўмацаванне сяброўства паміж народамі. Рабоце грузінскага рэжысёра «Роварам да Месяца» была прысуджана спецыяльная ўзнагарода «Мова кіно — мова дружбы».

Кіно маладых

Сёлета ў секцыі «Кіно маладых» удзельнічалі 23 работы.

Найлепшым анімацыйным фільмам была прызнаная аўстралійская стужка «Жывапіс па нумарах» рэжысёра Джэгатхевы Радхэі. Дыплом за шчырасць у асвятлені праблем чалавечай годнасці прысудзілі рабоце французскага рэжысёра Каміра Айноўза «Мядовая цыгара». Дыплом за найлепшую рэжысуру атрымаў Манзаралі Шэралі з Таджыкістана за стужку «Абуза». Спецыяльны прыз журы прысудзілі французскаму фільму «Лулу» рэжысёра Юбера Віля.

За найлепшае ўвасабленне тэмы фестывалю «Кіно — сімфонія адзінства» ўзнагароду атрымаў індыйска-афганістанскі фільм «Ад дзвярэй да дзвярэй». Дыплом за дакладную кінаіронію дастаўся расійскаму рэжысёру Глебу Росу «Белы гетэрасексуальны мужчына». Дыпломам за дзёрзкасць задумы адзначылі кубінскі фільм «Сіняе сэрца». Найлепшым дэбютам стала расійская стужка «Маякоўскі». А прыз за найлепшы фільм конкурсу імя рэжысёра Віктара Турава дастаўся іранскаму фільму «Сын» рэжысёра Нушына Мераджы: гэта гісторыя чалавека, які пасля смерці маці спрабуе наноў выбудаваць свае адносіны са светам.

Дакументальнае кіно

Кінафестываль падарыў нам 17 стужак у секцыі дакументальнага кіно.

Адразу некалькі прызоў атрымаў фільм «Страла» беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч пра трох жанчын з вясковага ансамбля, якія аднаўляюць старажытны абрад. Стужцы прысудзілі прыз глядацкіх сімпатый за найлепшы дакументальны фільм, а таксама прыз за адлюстраванне гісторыка-культурных і цывілізацыйных кодаў нацыянальнай ідэнтычнасці.

Прыз рэжысёру за найлепшае ўвасабленне вобраза выдатнага дзеяча культуры і мастацтва, які прысвяціў сябе служэнню Айчыне, атрымаў расіянін Антон Нікалаеў за фільм «Іншым я ўжо не буду». Фільм распавядае пра вядомага акцёра, кінарэжысёра, грамадскага дзеяча Нікалая Бурляева. Спецыяльны прыз журы прысудзілі балгарскай стужцы «Ціхая спадчына».

Гран-пры ў дадзенай секцыі атрымаў расійскі фільм «Далёкі план» рэжысёра Уладзіміра Галаўнёва — тры эпізоды з жыцця расійскай глыбінкі пра з’яўленне 3D-кінатэатраў і лёсы простых людзей.

Гульнявое кіно

У секцыі гульнявога кіно было прадстаўлена 13 карцін.

Некалькімі прызамі адзначылі нямецка-аўстрыйскую стужку «Каралеўская гульня» рэжысёра Філіпа Шцёльцля, створаную па навэле Стэфана Цвейга. Фільм атрымаў наступныя ўзнагароды: прыз глядацкіх сімпатый за найлепшы гульнявы фільм, прыз за найлепшую аператарскую работу, а таксама прыз за найлепшую мужчынскую ролю.

Сярод лідараў па ўзнагародах вылучылася яшчэ адна стужка, казахстанскага рэжысёра Айжан Касымбек. Фільм «Агонь» атрымаў дыплом за найлепшае музычнае рашэнне і прыз за найлепшую рэжысуру. Лёс героя фільма, простага кур’ера, які спрабуе ў вялікім горадзе будаваць дабрабыт сваёй вялікай сям’і, узрушыў гледачоў.

Прыз за найлепшы сцэнарый і прыз журы кінапрэсы прысудзілі іранскаму фільму «Герой» рэжысёра Асгару Фархадзі. Гэтая стужка, дарэчы, сёлета атрымала і Гран-пры журы на Канскім фестывалі.
Спецыяльны прыз журы за жаночую ролю атрымаў французскі фільм «Мая ноч». Яшчэ адзін прыз за найлепшую жаночую ролю атрымала стужка «Ідучы за яе ценем».

Гран-пры «Золата «Лістапада» за найлепшы фільм было прысуджана ўзбекскай стужцы «Ілхак» рэжысёра Джахангіра Ахмедава. Кінакарціна выйшла на экраны ў 2020 годзе і прысвечана 75-годдзю Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Мастацкі фільм заснаваны на рэальных падзеях. У ім паказаны боль і пакуты няўцешнай маці Зульфіі Закіравай, якая, у адзіночку выгадаваўшы пяцярых сыноў, страціла іх на вайне. «Ілхак», праект кінастудыі «Узбеккіно», зняты пры падтрымцы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Арына КАРПОВІЧ

Загаловак у газеце: «Золата «Лістапада» паедзе ў Ташкент

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».