Вы тут

Беларуская праваслаўная царква налета адзначыць 1030-годдзе


Традыцыйна ў канцы года ў Беларусі праходзяць «Калядныя чытанні». Гэта маштабны царкоўны форум у галіне адукацыі, культуры, сацыяльнага служэння і духоўнай асветы, які праводзіцца ва ўсіх епархіях і экзархатах Рускай праваслаўнай царквы. Заключныя мерапрыемствы ў Маскве збіраюць больш за 5 тысяч удзельнікаў, якія абмяркоўваюць новыя тэндэнцыі і фарматы ў адукацыйных, духоўных працэсах, што адбываюцца ў жыцці грамадства і царквы.


Фота: church.by

Беларускія «Калядныя чытанні» заўсёды ўлічваюць спецыфіку нашага рэгіёна. Сёлета яны прайшлі пад назвай «Ад купелі хрышчэння — да вяршынь рэлігійнай думкі: 1030-годдзе заснавання Полацкай епархіі і 200-годдзе з дня нараджэння Фёдара Міхалавіча Дастаеўскага».

VІІ Беларускія калядныя чытанні ладзіліся Беларускай праваслаўнай царквой у партнёрстве з міністэрствамі адукацыі, культуры, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі, а таксама з Нацыянальнай акадэмія навук.

Пункт адліку

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі, аб значным юбілеі беларускага праваслаўя гаворыць так:

«Менавіта з праваслаўем звязана станаўленне народа з разрозненых плямёнаў. Праваслаўная вера забяспечыла духоўнае сталенне, вызначыла маральныя асновы народа і ў прынцыпе прадвызначыла гістарычны шлях развіцця. І сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што праваслаўе з’яўляецца асновай нашых каштоўнасных арыенціраў. Ён заўважыў, што, вывучаючы гісторыю Полацкай епархіі, нельга абмінуць асобу князя Уладзіміра. Часта даследчыкі не звяртаюць увагу на духоўныя аспекты асэнсавання таго, што адбывалася з Уладзімірам. Звычайна разглядаюць яго ўчынкі і дзеянні толькі як негатыўныя, хоць такі лад жыцця і паводзіны былі характэрныя для тагачасных насельнікаў нашых земляў. У 988 годзе князь Уладзімір прымае хрышчэнне, пасля чаго моцна мяняецца яго мысленне, і ён пачынае клапаціцца аб тым, каб пашыраць веды на іншых. Пашырэнне праваслаўя на полацкіх землях спрыяла іх развіццю. Змянілася культура чалавечых адносін. Можна сказаць, што ў той час закладваліся духоўныя каштоўнасці народа.

Гісторыя

Распаўсюджванне хрысціянства на беларускіх землях пачалося раней за афіцыйнае хрышчэнне Русі ў 988 годзе. Але, як заўважыў старшыня Сінадальнай гістарычнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы, протаіерэй Аляксандр Раманчук, на жаль, пісьмовыя крыніцы не ўтрымліваюць пра тое дастатковых сведчанняў, можна толькі гаварыць аб пашырэнні пазіцый хрысціянства на нашых землях з часоў хрышчэння па абрадзе Усходняй Царквы княгіні Вольгі (на думку большасці даследчыкаў — у 957 годзе), пасля чаго на вызначаных ёй месцах пачалі будавацца храмы.

У 1992 годзе пад старшынствам мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі, адбываліся навуковыя дыспуты на тэму, калі ўсё ж была створана епархія на беларускіх землях. Тады была ўзгоднена дата — 992 год (праз чатыры гады пасля прыняцця хрышчэння князем Уладзімірам). І менавіта ад гэтай даты вядзецца адлік гісторыі праваслаўнай царквы на нашых землях. У 1992 годзе ўрачыста было адзначана яе 1000-годдзе. Але і сучасны юбілей мае вялікае значэнне, бо апошняе 30-годдзе — значны этап у гісторыі развіцця беларускага праваслаўя. У гэтыя гады адбылося адраджэнне царкоўнага жыцця, вяртанне беларусаў да духоўных асноў, якія былі важныя для нашых продкаў. 1030-годзе — нагода асэнсаваць наноў гістарычны шлях праваслаўя на беларускіх землях і асабліва паразважаць аб працэсах, якія адбываліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.

Ужо вызначана дата для святкавання юбілею — 7 верасня 2022 года. На працягу года пройдзе шэраг разнастайных мерапрыемстваў: урачыстыя богаслужэнні, хрэсныя хады, круглыя сталы, міжнародныя канферэнцыі з удзелам вучоных Акадэміі навук, асветніцкія акцыі.

Адукацыя

«На сучасным этапе найбольшую актуальнасць набывае пытанне ўзаемадзеяння царквы і дзяржавы з мэтай павышэння ўвагі агульнаадукацыйнай сістэмы да выхавання высокамаральнай асобы навучэнца, якое павінна быць заснавана на традыцыйных каштоўнасцях нашага народа — на хрысціянстве, — заўважыў старшыня Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі Беларускай праваслаўнай царквы, протаіерэй Фёдар Поўны. — Патрыётам немагчыма быць, калі не ведаеш духоўных правілаў свайго народа. Гэта аксіёма. Абстрактна любіць Радзіму — гэта тое ж самае, што любіць усё чалавецтва ўвогуле і нікога канкрэтна». Таму сёлета ў чытанні была дададзена яшчэ адна тэма — супрацоўніцтва царквы з установамі адукацыі. Царква прапануе пазнаёміць дзяцей з агульначалавечымі каштоўнасцямі, якія былі сфарміраваны тысячагоддзі таму, па якіх да гэтага часу, недзе па інерцыі, недзе дзякуючы традыцыі і веры, жыве наша грамадства. Невыпадкова росквіт Полацкага княства прыпадае на часы, звязаныя з прыняццем хрысціянства. Усяго праз сто гадоў пасля заснавання полацкай кафедры ў нашай гісторыі з’явілася такая асоба як Ефрасіння Полацкая — найадукаванейшы чалавек свайго часу, і яе манаскі сан і шчырае служэнне Богу не перашкодзілі ёй быць грамадскім дзеячам і міратворцам, спрыяць асвеце народа. Не трэба забываць, што хрысціянства сфарміравала і матэрыяльную культуру нашага народа. Гэтыя тэзісы закладзены ў школьны факультатыў «Духоўнасць і патрыятызм», створаны па ініцыятыве праваслаўнай царквы з блаславення Экзарха Уладыкі Веніяміна ў супрацоўніцтве са свецкімі спецыялістамі і прадстаўнікамі канфесій, якія з’яўляюцца традыцыйнымі на тэрыторыі краіны. «Гісторыя стварэння Полацкай епархіі сведчыць пра тое, што рэлігійныя погляды на мараль і жыццё ў цэлым маюць вялікае значэнне ў станаўленні нацыянальнай самасвядомасці і вызначаюць вектар развіцця народа. Таму дзецям важна разумець свае духоўныя вытокі», — адзначыў Фёдар Поўны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Вытокі дзяржаўнасці і не толькі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.